Бабруйскі прагулачны цеплаход прадаюць з аўкцыёна

Цеплаход “Мара” на 120 чалавек пасажыраў пачынаючы з 2010 года прапаноўваў жыхарам горада на Бярэзіне водныя прагулкі. Звычайна сезон прагулак пачынаўся з мая месяца, аднак апошнія два гады з-за падзення ўзроўню вады яны прыпыніліся – піша бабруйскае выданне “Камерцыйны кур’ер”.

Цяпер жа ўласнік цеплахода, прадпрыемства “Магілёўаблвадаканал” размясціла аб’яву пра продаж карабля з аўкцыёна. Стартавы кошт – 308 382 рублі 45 капеек. Для ўдзелу ў гандлі неабходна ўнесці залогавую суму 61 600 рублёў.

Судна пабудавалі ў 1958 годзе, у Бабруйску яно знаходзіцца з 2010 года. Апошні раз у фармаце прагулачнага цеплахода «Мара» выходзіла на вялікую ваду ў 2021 годзе. Летась для яго падышоў тэрмін праходжання чарговага тэхнічнага агляду, без якога выхад на ваду немагчымы. Каб атрымаць допуск, новы ўласнік павінен будзе выканаць працы, неабходныя для бяспечнай навігацыі і эксплуатацыі.

Фота: komkur.info

 

У Крычаве адміністрацыя забараняе жыхарам садзіць агароды ўшчыльную з дамамі

На пад’ездах шэрагу дамоў мікрараёна Камсамольскі з’явіліся аб’явы-звароты да жыльцоў пяціпавярховікаў, у якіх пазначаюцца змены ў выкарыстанні прылеглай тэрыторыі да шмакватэрных будынкаў. 

У аб’явах напісана, што для бесперабойнага абслугоўвання дома і пад’езда спецыялізаванай тэхнікай, забараняецца распрацоўваць зямлю для пасеву пладова-агароднінных культур за домам бліжэй за пяць метраў.    

Адзначым, што агароды, якія знаходзяцца ўсутыч з шматпавярховымі дамамі, з’яўляюцца досыць распаўсюджанай з’явай на тэрыторыі мікрараёна. Цяпер жа сотні жыхароў Крычава пазбаўляюцца магчымасці садзіць агародніну і садавіну на ўласных зямельных участках побач з домам. 

Фота: mogilev.media

Зноў атрута на прылаўках – 100% правераных гандлёвых кропак парушылі санітарныя нормы

Спецыялістамі санітарнай службы Магілёўскай вобласці ў бягучым красавіку абследавалі 73 крамы сетак “Санта”, “Еўраопт”, “Тройка”, “Ноеў каўчэг”, “Суседзі” і іншых. Парушэнні патрабаванняў санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства пры вырабе і рэалізацыі прадукцыі ўласнай вытворчасці выяўлены на кожным наведаным аб’екце – паведамляе Магілёўскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. 

40 найменняў прадукцыі і сыравіны былі са скончаным тэрмінам прыдатнасці, больш за 90 найменняў прадукцыі без дакладнай маркіроўкі,  31 найменне прадукцыі з парушэннямі тэмпературных рэжымаў захоўвання. 

Выяўлены 82 пробы харчовай прадукцыі, якая не адпавядае гігіенічным нарматывам. У некаторых салатах выяўлены бактэрыі групы кішачнай палачкі, стафілакок і дрожджы. Не адпавядалі гігіенічным нарматывам па мікрабіялагічных паказчыках шматкампанентныя салаты, бліны з начынкамі, курыная прадукцыя грыль, пірожныя і тарты.

Кантроль працягваецца, але і працягваюцца і шматлікія парушэнні.

Фота за адкрытых крыніц, мае ілюстрацыйны характар

Месцы для купання вызначаны ў Магілёўскім раёне

На 2023 год на тэрыторыі Магілёўскага раёна вызначаны два месцы для купання: на пляжы ракі Дняпро аграгарадка Палыкавічы і на пляжы сажалкі вёскі Вільчыцы – паведамляе “Прыдняпроўская Ніва”. 

Іншыя водныя аб’екты не адпавядаюць прад’яўляным патрабаванням. Да 15 мая тут будуць устаноўлены стэнды з надпісам “Купацца забаронена!”

Да 1 мая ў раёне будуць абследаваны зоны адпачынку на водных аб’ектах, пляжы на прадмет гатоўнасці да купальнага сезона.

Пачынаецца купальны сезон пасля ўсталявання тэмпературы паветра не ніжэй +20  +25°С, вады – +18 +20°С

У перыяд купальнага сезона пасты таварыства ратавання на водах на пляжах будуць працаваць з 10:00 да 21:00. У перыяд высокіх кліматычных тэмператур рэжым працы выратавальных пастоў усталююць па асобным графіку.

Фота з адкрытых крыніц, ілюстрацыйнае

У Чэрыкаве затрыманы буйны “металіст”

У Чэрыкаве міліцыянеры затрымалі грузавік з больш чым 16 тонамі лому чорных металаў – паведамляе прэс-служба УУС Магаблвыканкама. 

50-гадовы мясцовы дырэктар прыватнага унітарнага прадпрыемства збіраў метал па раёне, скупляў яго ў насельніцтва для наступнай здачы ў пункт прыёму, але пры гэтым не меў дзяржаўнай рэгістрацыі і ліцэнзіі. Пры аглядзе тэрыторыі яго дома выяўлена яшчэ больш за 16 тон лому і адыходаў чорных металаў.

Металалом на агульную суму амаль 22 000 рублёў канфіскаваны.

У дачыненні чэрыкаўскага бізнесмена складзены два пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні за нарыхтоўку і перавозку металу і яго захоўванне. У суме яму пагражае штраф да 7 400 рублёў.

Фота мае ілюстрацыйны характар

Будзе рэзкае пахаладанне напрыканцы тыдня, ноччу месцамі ніжэй за 0°С.

Напрыканцы тыдня, па папярэдняму прагнозу сіноптыкаў Магілёўаблгідрамета, чакаецца зніжэнне сярэднесутачных тэмператур, днём да +8 +15°С, уноч ад -2°С да +3°С, пераважна без ападкаў.

28 красавіка, у пятніцу, чакаецца  воблачнае з праясненнямі, пераважна без ападкаў надвор’е. Уначы тэмпературы ад -1°С да +4°С, днём да +8  +13°С. Будуць пераважаць вятры заходніх напрамкаў, хуткасцю да  4-9 м/с.

У суботу, 29 красавіка, па папярэдніх прагнозах, будзе воблачна з праясненнямі. Пераважна без ападкаў. Уначы і раніцай у асобных раёнах слабы туман. Вецер пераменных напрамкаў хуткасцю 3-8 м/с. Ноччу тэмпературы ад -2°С да  +3°С, днём паветра прагрэецца да +10   +15°С.

Фота з адкрытых крыніц

Пад Быхавам прайшоў рытуал “адмыкання крыніц”

Каля вёскі Гамарня Быхаўскага раёна, на каскадзе крыніц “Захарынка” работнікі мясцовага цэнтра культуры апускалі на ваду крыжык з воска, дарылі калодзежу манеткі і цукеркі. Таксама яны ўмываліся вадой, павязалі новы ручнік на крыжы каля крынічкі і прачыталі малітву. Усё гэта стала рэканструкцыяй абрада “адмыкання крыніц”, пра які работнікам культуры распавяла мясцовая жыхарка, пенсіянерка Г. Касцова. У дзяцінстве яна сама назірала, як гэты рытуал праводзілі дарослыя жанчыны.

Малітва ў гэтым абрадзе служыць для таго, каб вада ў крыніцах не перасыхала і не разлівалася, падтапляючы пасевы. Паввешаны на крыж каля крыніцы новы ручнік  азначае, што ў гэтым месцы б’е крыніца.  Пакінутыя каля крыніцы цукеркі неабходныя, каб вада заўсёды была салодкай – распавядае “Маяк Прыдняпроўя”.

Фота: “Маяк Прыдняпроўя”

У Чавускім раёне знайшлі пенсіянера

У раёне вёскі Нова-Аляксандраўка Чавускага раёна ў лесе заблукаў пенсіянер – паведамляе прэс-служба МНС. 25 красавіка ён згубіўся і ў той жа дзень быў выратаваны.

А мы нагадваем, што акрамя бярозавіка, у красавіку ў лесе можна збіраць грыбы смаржкі, радоўкі, а таксама лекавыя расліны.

Фота ілюстрацыйнае

Вакол Бабруйска адключаць тэлебачанне, але ўсяго на два дні

З 26 па 28 красавіка ў Бабруйску не будзе працаваць эфірнае тэлебаанне – паведамляе “Камерцыйны кур’ер”. Гэта звязана з працамі на радыётэлевізійнай станцыі ў Ясным Лесе. Бабруйская РТПС забяспечвае эфірным тэлебачаннем і радыёвяшчаннем некалькі раёнаў Магілёўскай і Гомельскай абласцей.

У палавіне раёнаў Магілёўскай вобласці забаронена наведваць лясы

У сувязі з пажаранебяспечнай абстаноўкай у адзінаццаці раёнах Магілёўскай вобласці цалкам забаронена наведванне лясоў. Пад забарону трапілі лясы ў Магілёўскім, Шклоўскім, Чавускім, Мсціслаўскім, Крычаўскім, Чэрыкаўскім, Слаўгарадскім, Клімавіцкім, Краснапольскім, Касцюковіцкім і Хоцімскім раёнах – паведамляе прэс-служба Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі.