24-гадовы юнак прасіў сваіх знаёмых пазычаць яму грошы, браць крэдыты і купляць дарагія рэчы – папаліся 42 чалавекі.
Пачынаючы з ліпеня 2020 года па верасень 2022 года, малады хлопец пераканаў сваіх знаёмых перадаць яму грошы і маёмасць у пазыку, атрымаць крэдыты ў банкаўскіх установах Бабруйска і Асіповіч, а таксама набыць розныя тавары ў крэдыт і лізінг з афармленнем растэрміноўкі плацяжоў у гандлёвых аб’ектах і інтэрнэт-краме. Пры гэтым сам юнак і не збіраўся вяртаць сродкі, альбо разлічвацца па крэдытах – пішуць “Магілёўскія ведамасці”.
Усяго ад махляра пацярпелі 42 чалавекі, а агульная сума не вернутых сродкаў склала 618 тысяч рублёў. За махлярства ў асабліва буйным памеры маладому чалавеку прызначана сем гадоў пазбаўлення волі, але прысуд яшчэ можа быць абскарджаны.
Традыцыйны чайны фестываль сямейнага адпачынку і здаровага ладу жыцця “Гарбата па-сваякоўску” пройдзе ў аграгарадку Усход Магілёўскага раёна 17 чэрвеня, піша “Прыдняпроўская ніва”.
Mogilev.media рабілі рэпартаж з мінулагодняга фестываля – атрымалася душэўна. Сёлета зноўку чакаецца масавае чаепіцце, конкурсы і выступы фальклорных калектываў.
Спецыяльна запрошнаныя госці фестывалю – артыстка беларускай эстрады Ульяна Шэлах, народны арт-гурт “Горад М”, народны шоу-балет “Крычэс”.
Да месца правядзення фестывалю ад аўтавакзала ходзіць аўтобус №238. Пачатак свята а 12-й гадзіне.
Разам з капітальным рамонтам дома нумар 4 па вуліцы Інтэрнацыянальнай у Горках зрабілі ўкладку новага асфальта – распавядае рэсурс horki.info. Вось толькі любы дождж увесь двор гэтага дома ператварае ў басейн.
Мясцовыя жыхары скардзяцца, што прайсці па заасфальтаваным двары пасля кожнага дажджу немагчыма – прыходзіцца хадзіць па газонах, па траве.
– Пасля дажджу каля дома не прайсці ні праехаць. – расказаў выданню адзін з жыхароў – Тыя, хто выконваў рамонт, ад пачатку ведалі, што тут трэба было праектаваць зліўную сістэму. І абяцалі гэта зрабіць. Але, як відаць, не зрабілі.
Да 1 верасня плануецца адрамантаваць усе фельчарска-акушэрскія пункты ў Магілёўскай вобласці, а да 1 лістапада – таксама і ўсе амбулаторыі. Такія планы старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Ісачанкі агучвае БелТА.
Прычым многія работы плануецца выканаць гаспадарчым спосабам або з прыцягненнем спонсарскіх сродкаў, а чакаць выдзялення вялікіх грошай з абласнога бюджэту чыноўнік не рэкамендуе – прыводзіць яго словы БелТА.
На гаротны стан сельскіх фельчарска-акушэрскіх пунктаў на Беларусі ў свой час звярнула ўвагу Генеральная пракуратура. Пракуроры праверылі больш за 900 ФАПаў і амбулаторый, і ў кожным трэціх з іх былі знойдзены парушэнні.
– Дзесьці не было лекаў, дзесьці лекі былі, але ўмовы захоўвання не выконваліся, была адсутнасць вады, столя абрушвалася і гэтак далей. – пракаментаваў сітуацыю намеснік начальніка ўпраўлення Генеральнай пракуратуры Вячаслаў Дземідовіч – І быццам бы трэба прымаць меры, каб ФАПы працавалі, людзям дапамогу аказвалі, але летась пару дзясяткаў ФАПаў у краіне зачынена. На гэты год па планах некалькі дзясяткаў зачыненняў.
На сённяшні дзень у Магілёўскім рэгіёне 239 ФАПаў. Праблему з пошукам сродкаў Анатоль Ісачанка пракаментаваў так: галоўнае – індывідуальны падыход. Напрыклад, няма медыка ў канкрэтным ФАПе – заўсёды можна арганізаваць падвоз з іншай установы, і гэта толькі адзін з варыянтаў рашэння праблемы. “Трэба прывесці ў парадак тое, што ў нас ёсць, тым больш у кожнай раённай бальніцы ёсць гаспадарчая група.”
Аўтаномныя апавяшчальнікі ў доме былі, але дапамаглі не яны – пажарная сігналізацыя нават не спрацавала, бо селі батарэйкі. Пра пажар у Касцюковічах, які ледзь не стаўся трагедыяй, паведамляе прэс-служба МНС.
11 чэрвеня суседзі заўважылі, што загарэўся дом на вуліцы 2-ой Вакзальнай і выклікалі ратавальнікаў. Тыя знайшлі ў доме гаспадыню – яна спакойна спала на канапе і была дома адна. Жанчыну вывелі на вуліцу, яна не пацярпела, бо пажр адбыўся на паддашку.
Як высветлілася, дом быў абсталяваны ажно двума пажарнымі апавяшчальнікамі, але яны не спрацавалі – гаспадары не памянялі своечасова батарэйкі. Прычына пажару высвятляецца.
Вечарам 11 чэрвеня на вуліцы Якубоўскага ў Магілёве насмерць разбілася дзяўчынка палутара гадоў. Яна засталася разам з бабуляй у кватэры на шостым паверсе. Бацькі былі ў ад’ездзе. У нейкі момант бабуля выйшла на кухню, каб прыгатаваць ежу.
Падчас адсутнасці дарослай, дзяўчынка забралася праз канапу на падваконне, адчыніла вакно і выпала ўніз. Ад атрыманых траўмаў яна загінула – паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.
У наступную суботу, 17 чэрвеня, у Парку культуры і адпачынку Бабруйска будзе праходзіць адкрыты конкурс “Пой, гітарная струна”. Выступленні будуць запланаваны ў наступных катэгорыях: класічная гітара – сола, класічная гітара – дуэты і электрагітара – сола.
Заяўкі на ўдзел прымаюцца ў адміністрацыі парка. Выступленні пачнуцца ў 12.00 на малой сцэне парка – паведамляе “Камерцыйны кур’ер”.
На працягу новага рабочага тыдня ў Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць у асноўным воблачнае з дажджамі, цёплае надвор’е. Будуць пераважаць вятры паўночна-усходнія і паўночныя.
Удзень чакаецца да +15, +24°С, начныя тэмпературы падрастуць да +11 +16°С. Працягласць дня з панядзелка да пятніцы падрасце і дасягне 17 гадзін і 7 хвілін – не хапае ўсяго 2 хвілін да макісмальнай велічыны дня. Ужо ў канцы працоўнага тыдня сонца ўзыдзе ў 4:27, зойдзе ў 21:34.
Сінаптычны прагноз на панядзелак, 12 чэрвеня.
У ноч з нядзелі на панядзелак да +11°С, раніцай +14°С, увечары да +16°С. У дзённыя гадзіны паветра прагрэецца месцамі да +20°С. На працягу сутак будзе воблачна, пераважна без ападкаў. Вятры на працягу сутак паўночна-усходнія, хуткасцю да 4 м/с, пры парывах да 9 м/с. Геамагнітнае поле няўстойлівае. Убываючы Месяц.
У аўторак, 13 чэрвеня будзе воблачна, без ападкаў.
Будуць панаваць паўночна-ўсходнія вятры хуткасцю да 4-6 м/с. Уноч і раніцай ад +12°С да +14°С, днём тэмпература падрасце да +18°С, месцамі і да +20°С. Да вечара слупок тэрмометра ўтрымаецца на рысцы не ніжэй за +17°С. Геамагнітнае поле спакойнае. Убываючы Месяц.
Серада – воблачная
У сярэдзіне рабочага тыдня, 14 чэрвеня, прагназуецца воблачнае надвор’е, пераважна з дажджамі. Начныя і ранішнія тэмпературы да +16°С, у другой палове дня да +22°С. На працягу сутак прагназуюцца паўночна-усходнія вятры хуткасцю 3-5 м/с. Геамагнітнае поле спакойнае. Убываючы Месяц.
Чацвер – дажджы
У чацвер, 15 чэрвеня, сіноптыкі прагназуюць воблачнае з дажджамі надвор’е. Вецер паўночны, хуткасцю 4-5 м/с. Ноччу і ўранні да +15°С, у абед і на працягу другой паловы дня +15° +17°С. Месяц убывае.
Пятніца, 16 чэрвеня
У апошні дзень працоўнага тыдня, 16 чэрвеня, па папярэдняму прагнозу будзем чакаць у асноўным воблачнае, з ападкамі ноччу і ў першай палове дня надвор’е з панаваннем заходніх вятроў хуткасцю да 3 м/с. У другой палове дня воблачна, без істотных ападкаў, з паўночнымі вятрамі 3-4 м/с. Уноч і ў ранішнія гадзіны да +13°С, удзень і ўвечары да +24°С. Маладзік.
У Мсціславе раніцай мясцовы жыхар убачыў на ўскраіне горада перавернуты аўтамабіль і выклікаў міліцыю.
Высветлілася, што машыну ноччу ўгналі з двара аднаго з дамоў. 22-гадовы жыхар адной з вёсак Мсціслаўскага раёна ў п’яным выглядзе хадзіў па двары і тузаў за ручкі прыпаркаваных аўто.
Такім спосабам ён змог пранікнуць ў пяць з іх. У салоне красовера Volkswagen ён знайшоў амаль 20 тысяч рублёў, якія забраў з сабой, а ў бардачку легкавога Peugeot знайшоў ключ ад машыны і вырашыў пакатацца. Але далёка з’ехаць не змог – неўзабаве не справіўся з кіраваннем, з’ехаў у кювет і перакуліўся. Юнак сам выбраўся з салона і пайшоў дахаты.
Зараз яму прад’яўлена абвінавачванне ва ўгоне і крадзяжы – паведамляе прэс-служба абласнога УУС.
Жанчыны з фальклорнага калектыва “Астранка” правялі абрад заклікання дажджу ў вёсцы Стары Дзедзін Клімавіцкага раёна.
Узяўшы з сабой саху і пугу, жанчыны сабраліся ля ракі Асцёр. Спачатку прачыталі малітву «Ойча Наш», перахрысціліся і згодна з абрадам вымавілі такія словы: «Дай, Госпадзі, дапамажы, Госпадзі, прынясі вятры, прынясі нам хмары, арашы зямельку, напаі травы, поле, лясы, дай жыцця нашай зямельцы, каб благадатна ўрадзіла, і ўсіх напаіла…».
Затым у святочных кашулях жанчыны зайшлі ў ваду і сталі цягнуць па беразе ракі плуг – “аралі ваду”. Прычым дзве цягнулі плуг, трэцяя ішла за ім, а яшчэ адна пугай паганяла, а астатнія спявалі абрадавую песню. Рухаліся ўдзельніцы ансамбля ўздоўж берага, старанна аралі раку – паведамляе клімавіцкая раённая газета “Родная ніва”.
Дарэчы, вынікам абраду сапраўды стаўся дожджык, хоць увесь дзень у Старым Дзедзіне свяціла сонца. Але трэба адзначыць, што і дождж намячаўся, паводле сіноптыкаў.
Абрад “Зазыванне дажджу” ў 2016 годзе быў унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Традыцыя мае яркую лакальную спецыфіку і з’яўляецца часткай традыцыйнай культуры вескі Стары Дзедзін, хоць характэрны звычай для ўсяго Магілёўскага Пасожжа.
Абрад не мае пэўнай даты правядзення, бо праводзіцца аказіянальна – толькі тады, калі няма больш тыдня дажджу і гіне ўраджай збожжавых на палях і на гародах вяскоўцаў. У аснове магічных дзеянняў, песень, пераворвання дна рэчкі знаходзіцца ахоўная магія ад засухі, каб выкліканы дождж садзейнічаў росту збожжавых і іншых культур не толькі на палетках і агародах вяскоўцаў, але і на палетках сядзіб.
Дадзены абрад з’яўляецца адным з тых нямногіх, якія захаваліся ў жывым бытаванні са старажытных часоў, і існуюць ў рэальнай традыцыі.