Юнак у Мсціславе дзёргаў ручкі машын шукаючы незапертыя

Юнак у Мсціславе дзёргаў ручкі машын, шукаючы незапертыя – знайшоў 20 000 рублёў і ключы ад Peugeot

У Мсціславе раніцай мясцовы жыхар убачыў на ўскраіне горада перавернуты аўтамабіль і выклікаў міліцыю.

Высветлілася, што машыну ноччу ўгналі з двара аднаго з дамоў. 22-гадовы жыхар адной з вёсак Мсціслаўскага раёна ў п’яным выглядзе хадзіў па двары і тузаў за ручкі прыпаркаваных аўто. 

Такім спосабам ён змог пранікнуць ў пяць з іх. У салоне красовера Volkswagen ён знайшоў амаль 20 тысяч рублёў, якія забраў з сабой, а ў бардачку легкавога Peugeot знайшоў ключ ад машыны і вырашыў пакатацца. Але далёка з’ехаць не змог – неўзабаве не справіўся з кіраваннем, з’ехаў у кювет і перакуліўся. Юнак сам выбраўся з салона і пайшоў дахаты.

Зараз яму прад’яўлена абвінавачванне ва ўгоне і крадзяжы – паведамляе прэс-служба абласнога УУС.

Фота: скрыншот з відэа УУС