Жара крыху спадзе, магчымы начныя замаразкі – надвор’е на ўікенд

На выходныя ў Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць ваганне тэіператур ад +1°С да +10°С ноччу, і ад +13°С да +21°С днём.

Будзе пераважаць пераменна воблачнае, месцамі з ападкамі надвор’е. З суботы 27 мая, на нядзелю 28 мая месцамі магчымы замаразкі да 0 -2°С. Працягласць дня вырасце да 16 гадзін 36 хвілін 28 мая. У нядзелю сонца ўзыйдзе ў 4:39, зойдзе ў 21:16.

Сінаптычны прагноз надвор’я на найбліжэйшыя выходныя наступны.

Перадвыходны дзень, 26 мая, пятніца. Надвор’е абяцае быць воблачным з праясненнямі, ноччу пераважна без ападкаў, днём месцамі магчымы кароткатэрміновыя дажджы, навальніцы. Уноч да +8 +13°С, днём тэмпература падрасце да +21°С, месцамі да +26°С. На працягу сутак будуць паступаць паветраныя масы з паўночнага захаду, хуткасць вятроў 2-5 м/с. Месяц расце. Магнітнае поле неўстойлівае.

У суботу, 27 мая, воблачна, месцамі кароткатэрміновыя дажджы. Уноч +5 +10°С, месцамі да +12°С. Днём малавоблачна і з тэмпературай да +13 +18°С, месцамі да +21°С. На працягу сутак будуць паступаць паветраныя масы з паўночнага захаду, хуткасць вятроў 4-7 м/с. Месяц расце. Магнітнае поле няўстойлівае.

У нядзелю, 28 мая, ноччу ясна, +1 +6°С, месцамі магчымы замаразкі і тэмпература 0  -2°С. Раніцай да +5 +7°С, удзень паветра прагрэецца да +14 +19°С, месцамі да +21°С. Воблачна, пераважна без ападкаў. З рання і да вечара вызначаць надвор’е будуць паўночна-заходнія вятры хуткасцю 2-3, месцамі да 5 м/с. Месяц расце.

Ранак панядзелка 29 мая пачнецца з воблачнага надвор’я, пераважна без ападкаў, з паўднёва- ўсходнімі вятрамі хуткасцю да 3 м/с, тэмпературай каля +6°С. Днём паветра прагрэецца да +21°С.

Фота: mogilev.media 

Парк каля Святога возера ў Магілёве пачалі крыху акультурваць – фота

Пакуль усё абмежавалася новай дарожкай уздоўж вуліцы Астроўскага з паўночнага боку ад парка 60-годдзя Вялікага Кастрычніка. 

Дарожка пракладзена ад перакрыжавання з праспектам Шміта, ад рэстарана “Ясень” і новага касцёла Святога Антонія да перакрыжавання з вуліцай Сіманава, да паліклінікі №8, дзіцячай паліклінікі №4, абласнога ДАІ.

Уздоўж новай дарожкі з’явіліся і новыя дрэўцы да раней пасаджаных.

Саракапяцігадовы парк – сумны сум на твары горада. Чэзлыя дрэўцы пад пякучым сонцам, пыльныя дарожкі, што вядуць да Святога возера. Занядбанасць і пустазелле.

Фот: mogilev.media

З-за пажару, у Магілёве эвакуявалі 90 чалавек з інтэрната

Пажар здарыўся сёння раніцай, каля 06:30 на вуліцы Касманаўтаў у Магілёве – загарэўся швейны цэх, прыбудаваны да інтэрната. Сігнал пра ўзгаранне падала аўтаматычная сістэма апавяшчэння “Маланка” – паведамляе прэс-служба МНС. 90 чалавек, у тым ліку 30 дзяцей былі эвакуяваныя з будынка інтэрната. Пацярпелых няма, прычына пажару высвятляецца.

Фота: МНС

У Магілёве ўключылі яшчэ адзін фантан – фота

У Магілёве працягваецца ўключэнне гарадскіх фантанаў. Гэтым разам, услед за агульным уключэннем фантанаў, пра якое пісалі mogilev.media, запрацаваў фантан на вуліцы Крупскай каля гандлёвага цэнтра Форум.

Фота: mogilev.media

Заўтра апошні званок, а значыць – дзень цвярозасці, вадзіцелям трэба ўключаць бліжняе святло

25 мая ў беларускіх школах прагучыць апошні званок, і з гэтай нагоды ў Магілёўскім рэгіёне ўводзіцца шэраг абмежаванняў. Традыцыйна ў гэты дзень абмяжоўваецца продаж алкагольных напояў. Пасля 25 мая наступны “дзень цвярозасці” прызначаны на дату выпускных баляў у старшакласнікаў – 10 чэрвеня.

Таксама, паводле правілаў дарожнага руху, з 25 мая па 5 чэрвеня кіроўцы павінны ў светлы час сутак уключаць бліжняе святло на сваіх аўтамабілях падчас руху. За невыкананне гэтага прадпісанне пагражае штраф да 3 базавых велічынь.

Фота ілюстрацыйнае

На вуліцы Каштанавай у Магілёве зацвілі каштаны – фота

Чытачы mogilev.media дзеляцца доўгачаканай майскай радасцю – зацвілі каштаны.

Вуліца Каштанавая знаходзіцца на самым паўночным ускрайку горада.

Фота: чытачы mogilev.media

Пад Магілёвам знайшлі падпольны мясакамбінат

Жыхар Магілёўскага раёна абсталяваў у сваім прыватным доме падпольны мясакамбінат – выявілі супрацоўнікі арганізацыі па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. 38-гадовы мужчына набываў мяса ў Магілёўскай і Віцебскай абласцях і ў сваім доме займаўся яго раздзелкай, замарозкай, прыгатаваннем кансерваў. Пры гэтым анітарна-эпідэміялагічным нормам яго “цэх” не адпавядаў. Сваю прадукцыю жыхар Магілёўскага раёна рэалізоўваў у Беларусі і Расіі.

Праваахоўнікі выявілі ў доме тэхналагічнае і халадзільнае абсталяванне, а таксама фасаванае ў блокі па 12-20 кг мяса ялавічыны агульнай вагой больш за 16,5 тон і звыш тысячы слоікаў тушонкі. Ветэрынарных дакументаў на прадукцыю не было.

Фота: прэс-служба УУС

Паглядзіце, у якіх умовах возяць дачнікаў з Магілёва ў Сідаравічы – відэа

У сацсетках пашырылася відэа, знятае ў аўтобусе, які перавозіць людзей з Магілёва ў дачны кааператыў “Хімік” каля вёскі Сідаравічы. На відэа бачна, як людзі літаральна захлынаюцца ад пылу ў салоне аўтобуса.

На відэа, верагодна, трапіў рэйс прыгараднага аўтобуса, які запусцілі зімой, у снежні мінулага года – пра новы маршрут пісалі mogilev.media. Таксама ў дачны кааператыў з вясны па восень ходзіць аўтобус ад прадпрыемства “Хімвалакно”.

На фота: скрыншот відэа, з сацыяльных сетак

Пад Магілёвам на пажары загінуў мужчына

Трагедыя адбылася апоўначы ў аграгарадку Раманавічы Магілёўскага раёна. Пажар узнік у кватэры шматпавярховіка на вуліцы Фабрычнай. Ратавальнікамі на месцы ўзгарання было знойдзена цела мужчыны 1973 года нараджэння, які нідзе не працаваў. Прычыны пажару высвятляюцца – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота ілюстрацыйнае

Ад заўтра ў Казіміраўку пачнуць хадзіць тралейбусы і электробусы

З панядзелка 22 мая ў тэставым рэжыме ў Магілёве ўводзяцца маршруты электрычнага транспарту №16 і №16д, якія будуць хадзіць ад Пераезда ў мікрараён Казіміраўка – паведамляе Магілёўскі “Тралейбусны парк №1”.

Маршрут №16 будзе прытрымлівацца маршрута: “Завулак Ватуціна – праспект Міру – Казіміраўка”. Маршрут № 16 д – “Гарадская ветэрынарная станцыя – завулак Ватуціна – праспект Міру – Казіміраўка”.

Маршрут 16. 

Маршрут 16 д

Па дадзеных маршрутах будуць працаваць тралейбусы з аўтаномным ходам і электробусы.

Фота з адкрытых крыніц