Фотафакт. У Магілёве ад дому адваліўся кавалак тынку і ім прыціснулі цырату, каб не знесла ветрам

Жыхар Магілёва заклікае землякоў трымацца на адлегласці ад сценаў будынку на рагу вуліц Першамайскай і Лазарэнкі. У гэтым доме некалі месціўся магазін «Тэатральны», а цяпер «Наш выбар».

Магілёвец цвердзіць, што час ад час ад фасаду дому адвальваюцца кавалкі тынку. Па ягоных словах адзін з іх на дасланым фота. Камлыгаю прыціснутая цырата, каб яе не знесла ветрам, удакладняе ён.

«Увесну і падчас дажджу трымаюся падалей ад сценаў дому, бо страшна. Ад яго адвальваюцца кавалкі, але мне першы раз давялося пабачыць, каб іх выкарыстоўвалі для нечага. Звычайна выкідаюць», – адзначыў аўтар ліста.

Магілёў ушаноўвае свайго нябеснага заступніка – святога Антонія. Напярэдадні некалькі сот мясцовых каталікоў узялі ўдзел у працэсіі Божага Цела

Вернікі традыцыйнае шэсьце зладзілі ад катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава да капліцы святога Антонія, што на каталіцкіх могілках. Імпрэза адбылася 12 чэрвеня. 

13 чэрвеня магілёўскія каталікі ўшаноўваюць нябеснага заступніка гораду – святога Антонія. У ягоны гонар раней таксама ладзіліся хросныя хады ў цэнтры гораду.

Святы Антоні стаў апекуном Магілёва ў канцы XVI стагоддзя. Ягоны цудатворны абраз прынеслі ў горад францішканскія прапаведнікі. Сцвярджаецца, што абраз знік у часе Другой сусветнай вайны.

Учорашняя працэсія рушыла па адной з цэнтральных гарадскіх магістраляў – вуліцы імя Лазарэнкі. Інцыдэнтаў падчас шэсьця не было зафіксавана.

У святочнай імшы ўдзельнічалі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, а таксама Генеральны вікарый архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі ды Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек.

«Эўхарыстыя – гэта адзінства, супакой і прабачэнне, якіх так не хапае сучаснаму свету», – падае словы арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, багаслаўляючы працэсію каталіцкі рэсурс Catholic.by.

фота:catholic.by

Праект новага музея на Буйніцкім полі – у палоне гігантаманіі і пафасу. Было складана, але мы знайшлі прыкметы грамадскай дыскусіі праекту

Пра планы пабудовы на Буйніцкім полі пад Магілёвам новага музейнага комплексу ў 2023 – 2024 гадах мы нядаўна паведамлялі. Аналізавалі таксама, што ў выніку рэалізацыі праекту ў такім выглядзе, як гэта падаюць чыноўнікі і праўладныя гісторыкі музейны комплекс стане месцам паказнога патрыятызму з ідэалагізаванай экспазіцыяй, засяроджанай на тэме рускай зброі.

 

Экспазіцыя магла б мець скіраванасць на ансамблевы тып экспазіцыі

Да 23 чэрвеня Магілёўскі райвыканкам праводзіць грамадскае абмеркаванне праекту будучага музею. Прыкмет прафесійнага, узважанага і зацікаўленага абмеркавання гэтага безумоўна важнага праекту, на старонках галоўных інфармацыйных рэсурсаў Магілёўшчыны намі выяўлена не было. А, абмяркоўваць сапраўды ёсць што.

Было б цікава прааналізаваць меркаванні спецыялістаў, як варта арганізаваць праблему ўзаемадзеяння наведніка з музейнай экспазіцыяй – адну з цэнтральных праблем у сучасным музеязнаўстве.

Савецкія салдаты аглядаюць падбітую нямецкую тэхніку на Буйніцкім полі

Размяшчэнне музею непасрэдна на месцы вядзення баявых дзеянняў падштурхоўвае да думкі, што экспазіцыя магла б мець скіраванасць на ансамблевы тып экспазіцыі. Гэта дало б магчымасць на дакументальнай аснове рэканструяваць рэальную баявую абстаноўку і жыццёвы свет чалавека, які апынуўся па Буйніцкім полі 11 ліпеня 1941 года.

 

Мала шанцаў пабачыць на Буйніцкім полі музей, экспазіцыю вольнай ад ідэалагічнага пафасу

Нам прыйшлося пашукаць, каб выявіць прыкмету хоць нейкага абмеркавання праекту новага музею на старонках «Прыдняпроўскай нівы». Але, лепш слова «абмеркаванне» тут узяць у двукоссі.

Матэрыял, апублікаваны на сайце выдання не мае прыкмет дыскусіі. Усе ўдзельнікі апытання паўтараюць адзін за адным наборы фраз з клішэ і штампамі.

Дадаюць яўнае перабольшванне – так, старшыня ветэранскай арганізацыі Магілёўскага раёну Віктар Пінчук выказаўся, што пад Буйнічамі чырвонаармейцы і народнае апалчэнне сарвалі бліцкрыг. Заўважым – калі б бліцкрыг быў сарваны менавіта пад Буйнічамі, нямецкай арміі не ўдалося б дайсці да Масквы.

wikimedia.org

«Новы музей знойдзе вялікі водгук у сэрцах жыхароў і гасцей Магілёва, стане яшчэ адным знакавым месцам памяці і славы, сімвалам гонару і яднання». – кажа вучаніца 8 «Б» класа Раманавіцкай школы, Настасся Жданко.

«Музей на Буйніцкім полі стане сэрцам мемарыяльнага комплексу, цэнтрам патрыятычнага выхавання насельніцтва і наглядным увасабленнем памяці, якую захаваюць будучыя пакаленні». – працягвае Вячаслаў Арлоўскі, дырэктар школы ў Вендаражы.

Як бачым з характару выказванняў, у магілёўцаў вельмі мала шанцаў пабачыць на Буйніцкім полі музей, экспазіцыя якога была б вольнай ад ідэалагічнага пафасу і патрыятычнага ўгару. Вольнай – каб даць месца рэальным людзям у іх непасрэдным жыццёвым свеце.

 

9 мільёнаў долараў стратаў і няпоўны працоўны тыдзень. Так уплываюць санкцыі, якіх стараюцца не заўважаюць, на адно прадпрыемства

На магілёўскім прадпрыемстве «Строммашына» па ўвядзенні санкцыяў калектыў страціў кантрактаў больш чым на 9 мільёнаў долараў, а працаўнікі пераведзеныя на няпоўную занятасць.

Як піша газета Магілёўскага райвыканкаму «Прыдняпроўская ніва» працоўныя «падтрымліваюць заклікі прафсаюзаў спыніць санкцыі супраць Беларусі», бо іхныя наступствы больш за ўсё адчуваюць простыя людзі.

Як пісаў раней Магілёў.media ў праўладнай Федэрацыі прафсаюзаў лічаць, што санкцыі парушаюць права беларусаў на працу і заклікала Міжнародную арганізацыі працы даць рады праблеме.

«Без суда і следства Еўропа больш за два гады робіць усё, каб нашы прадпрыемствы закрыліся, і, адпаведна, каб беларусы засталіся без працы і без заробка», – абураўся кіраўнік Федэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Арда.

На ягоную думку Міжнародная арганізацыя працы мае ўжыць захады, каб спыніць «незаконныя дзеянні, якія пазбаўляюць людзей даходаў і працы».

 


Санкцыі Еўрапейскія краіны супраць Беларусі цягам апошніх двух год уводзіліся за гвалт у адносінах да ўдзельнікаў пратэстаў, якія былі не згодныя з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў. За прымусовую пасадку самалёта кампаніі Ryanair у траўні 2021 году, а таксама іміграцыйны крызіс. Нагодай для апошніх санкцыйных абмежаванняў стала падтрымка Беларуссю расійскай вайны вайны ва Украіне.


фота: belmir.by

Фотафакт. У магілёўскіх камунальнікаў няма рэсурсаў на касавіцу. Двары зарастаюць травой

Чытачы Магілёў.media скардзяцца, што падворкі шматкватэрнай забудовы зараслі травой. Месцамі яна сягае па пояс даросламу чалавеку.

Просьбы жыхароў супрацоўнікі жыллёва-камунальных арганізацыяў выслухоўваюць, абяцаюць прыняць меры, але трава застаецца не скошанай.

Людзі адзначаюць, што ў мінулыя гады смецяры выкошвалі траву дысцыплінавана раз на месяц, нават тады, калі ў тым не было патрэбы.

Цяпер жа гукаў іхнага рыштунку не чуваць. У прыватных гутарках камунальнікі прызнаюцца, што на касавіцу няма рэсурсаў. Яны ўпарадкавалі толькі броўкі ля праезнай часткі, на выпадак, калі заявіцца начальства.

 

Памёр Мікалай Дудчанка. Даследнік харэаграфіі, які паказаў свету адметнасці беларускага танца

Творчасць Мікалая Дудчанкі звязаная з Магілёвам. Тут ён выкладаў у мясцовым культпрасьветвучылішчы (цяпер Дзяржаўны каледж мастацтваў). Стварыў харэаграфічны ансамбль і дзіцячую балетную студыю, у рэпертуары якіх было багата беларускіх нацыянальных пастановак.

zviazda.by

Мікалай Дудчанка памёр на 79 годзе. Ён быў даследчык харэаграфіі, балетмайстар-наватар, арганізатар і пастаноўшчык эпічных тэатральных дзействаў. У сваіх творах выкарыстоўваў разнастайную рэгіянальную і лакальную адметнасць беларускага танца. Здолеў увасобіць яе ў сцэнічных мастацкіх пастаноўках.

Мікалай Дудчанка нарадзіўся ў расійскім Чэлябінску. Па сканчэнні агульнаадукацыйнай і музычнай школ вучыўся ў музычным вучылішчы па класе баяна, наведваў заняткі ў балетнай студыі пры Чэлябінскім тэатры оперы і балета.

need4study.com

У 1968–1970 гадах выкладаў народны танец у Магілёўскім культасветвучылішчы. Арганізаваў пры Доме культуры Магілёўскага аўтазаводу імя Кірава харэаграфічны ансамбль танца «Вяснянка» і дзіцячую балетную студыю пры ім.

Надаваў вялікую ўвагу стварэнню сцэнічнага беларускага нацыянальнага рэпертуару. Сярод харэаграфічных нумароў «Вяснянкі» – «Беларуская вясельная», «Кірмаш», «Крутуха», «Гусарыкі», «Беларуская балада».

zviazda.by

У 1974 годзе на прапанову Міністэрства культуры БССР Мікалай Дудчанка пераехаў у Мінск, дзе разам з харэографам Валянцінай Гаевай стварыў прафесійны харэаграфічны ансамбль «Харошкі» пры Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Мікалай Дудчанка быў сцэнарыстам і пастаноўшчыкам многіх яго нумароў.

blizko.by

Калектыў названы імем старажытнай беларускай вёскі на Магілёўшчыне. Там на пачатку 1970-гадоў быў запісаны танец «Гусарыкі», які захоўвацца ў рэпертуары калектыву.

У публікацыі выкарыстаныя матэрыялы з сайту khoroshki.by  ансамбля «Харошкі», а таксама з інтэрнэт-рэсурсу bis.nlb.by «Беларусь у асобах і падзеях».

 

Фотаальбом Магілёў.media. Пішам пра язьмін, які актывізуе сэксуальную актыўнасць і лічыцца кветкай кахання

Пах язміну аказвае пазытыўны ўплыў на ўзаемаадносіны мужа і жонкі. Хочаце даведацца пра расьліну болей, чытайце далей.

Чытачка Магілёў.media даслала серыю фотаздымкаў з беларускім, як падкрэсльнена ў допісе, язмінам. Яна адзначае, што некалькі дзясяткаў гадоў таму высадзіла куст гэтай расліны і цяпер цешыцца з яе водару.

Жанчына заўважае, што язмін пры пад’езьдзе, зрабіў яго ўлюблёным месцам для сэлфі. Часам, піша яна, мінакі ўкрадкай наломваюць сабе букет.

Магілёў.media сабраў колькі цікавостак пра язмін і дапоўніў імі допіс чытачкі.

Язмін – дэкаратыўны куст з белымі пахучымі кветкамі сабранымі ў невялікія гронкі. Той язмін, які ведае большасць беларусаў, паходзіць з трапічных, цёплых рэгіёнаў Еўразіі, Афрыкі і Акіяніі. Расліна шырока культывуецца, бо мае характэрны водар сваіх кветак.

Назва «язмін» паходзіць ад персідскага слова «ясемін», якое азначае духмяная кветка. Гэта таксама і персідскае жаночае імя.

Расьліна, нібыта, трапіла з далёкіх краёў спачатку ў Егіпет больш за 1000 гадоў таму. Знаўцы кажуць, што адзін з кітайскіх імператараў меў слабасць да водарам язміну, які рос у ягоным палацы.

У канцы XV стагоддзя язмін вырошчвалі для каралёў Афганістану, Непалу і Персіі.

Язмін –  кветкай кахання. 

У Еўропе, як тое праверыць цяжка сказаць, Язмінам першым завалодаў герцаг Тасканскі. Вырошчванне расліны трымалася ў сакрэце. Аднак, ягоны садоўнік выкраў кветку для сваёй каханай. З таго часу тасканскія дзяўчыны ў дзень вяселля ўпрыгожваюць сябе язмінам. Ці не прыгожа?

Язмін з даўніх часоў лічыцца кветкай кахання. Гэта кветка-афрадызіяк. Хочаце верце, а хочаце не, але яна стымулюе сексуальную пажаднасць і ўзмацняе палавую актыўнасць. Кажуць, што пах язміну аказвае пазытыўны ўплыў на ўзаемаадносіны мужа і жонкі.

Язмін ратуе дэпрэсіі, бессані.

Пах яго кветак надае адчуванне дабрабыту, падбадзёрвае, паляпшае агульнае самаадчуванне. Стымулюе творчасць і нараджэнне арыгінальных ідэяў. Дапамагае адаптавацца ў незнаёмым становішчы, дапамагае пераадолець стамляльнасць і цягліцавую напругу.

Кветкі Язьміна выкарыстоўваюцца ў араматэрапіі для лячэння дэпрэсіі, бессані.

У хрысціянскай культуры язмін – сімвал грацыі, элегантнасці. Яго лічаць кветкай Панны Марыі.

Язмін хутка расце, але ў адрозненні ад плюшчу ці нават гліцыніі, іх памер кантралюецца лёгка. Дастаткова час ад часу яго абразаць ці абломваць.


У фотаальбоме Магілёў.media – сабраныя фотаздымкі, дасыланыя чытачамі. Так павялося, што іхныя аўтары суправаджаюць свае работы невялікімі допісамі. У асноўным тлумачаць, чаму вырашылі сфатаграфаваць той, ці іншы ўпадабаны вобраз. Як і раней чакайма фотаздымкай і допісаў да іх у паштовай скрынцы [email protected].


 

Для каго ў Магілёве абвешчаны дзень цвярозасці?

У Магілёве сёння, 10 чэрвеня, дзень цвярозасці. Нагодай для яго сталі выпускныя вечары ў навучальных установах.

З 00.00 да 24.00 гадзін у крамах гораду цалкам забаронены продаж спіртовых напояў мацнейшых за піва.

Навошта гэта робіцца – пытанне рытарычнае. Робяць яго хутчэй для галачкі, бо выпускнікі даўно падрыхтаваліся да гэтага дня.

Вось толькі п’яных нават у такі дзень на вуліцах не паменела.

Пабачыўшы вясёлую парачку, мы вырашылі пацікавіцца, дзе запраўляюцца аматары выпіўкі. Атрымалася такая непрацяглая гутарка.

«А дзе ж так наліваюць у дзень цвярозасці?», – пытаемся.

«Да увяздзе. Вунь у бары, хоць залейся. Вунь туды і ідзі», – радасна паведаміў аматар, ды не, хутчэй прафесіянал ужывання спіртовых напояў і махнуў у бок гандлёвага цэнтру.

Карціну змагання з алкагалізмам разбавіў вядомы ў горадзе доктар навук, які нёс некалькі бутэлек піва. Відаць толькі для інтэлігентаў і зусім запойных пʼяніц, якія ўжываюць выключна чарніла, і пакутуюць ад гэтых сімвалічных «сухіх» дзён.

 

Спёка. У Магілёве дзеці ажывілі фантаны. Ува ўсіх раёнах вобласці абмежавана наведванне лясоў

У абласным цэнтры тэмпература сягнула 30 градусаў. На сённяшні дзень абвясцілі жоўты ўзровень небяспекі. Спёка крыху спадзе 12 чэрвеня.

Пасля прахалоднай і дажджлівай вясны пачатак чэрвеня магілёўцы сустрэлі з радасцю.

Многія рушылі на пляжы, балазе, паводле афіцыйнай інфармацыі, яны гатовыя прыняць ахвотнікаў акунуцца.

Тыя хто такой магчымасці пазбаўленыя абураюцца, што ў грамадскім транспарце не дзейныя кандыцыянеры, а на працоўных месцах іх наагул няма. Ратуюцца вентылятарамі.

Дзецям прасцей, іх ратуюць фантаны ў горадзе. Яны апанаваныя дзятвой.

А што з забруджаннем? Паводле Белгідрамету ў Магілёве зафіксавана перавышэнне нарматыву якасці ў 1,6 раза па цвёрдых часцінах. Астатнія параметры ў норме.

Тым часам, у 21 раёне вобласці ўведзеныя абмежаванні наведвання лясоў. Пажарная небяспека.

 

Алкаголікі, не забудзьце сёння закупіцца!

Заўтра ў Магілёўскай вобласці абмяжуюць продаж спіртнога.

У сувязі з выпускнымі баламі школьнікаў 10 верасня моцны алкаголь ў крамах прадавацца не будзе пачынаючы з 00.00 і да 24.00. Слабаалкагольныя напоі і піва не трапляюць пад абмежаванне.

Падобныя меры ўводзяцца рашэннем мясцовых органаў улады, таму не ва ўсіх раёнах Беларусі яны аднолькавыя. 

У Кармянскім раёне Гомельскай вобласці, напрыклад, забарона на продаж алкаголю у 2022 годзе ўводзіцца сем разоў. 

Акрамя “дзіцячых” дзён 30 мая, 1 і 10 червеня, 1 верасня, абмежаванні запланаваны таксама на 11 ліпеня ў сувязі з Днём прафілактыкі алкагалізма, у Дзень псіхічнага здароўя 10 кастрычніка і 15 снежня ў сувязі з Днём прафілактыкі траўматызма.