Для каго ў Магілёве абвешчаны дзень цвярозасці?

У Магілёве сёння, 10 чэрвеня, дзень цвярозасці. Нагодай для яго сталі выпускныя вечары ў навучальных установах.

З 00.00 да 24.00 гадзін у крамах гораду цалкам забаронены продаж спіртовых напояў мацнейшых за піва.

Навошта гэта робіцца – пытанне рытарычнае. Робяць яго хутчэй для галачкі, бо выпускнікі даўно падрыхтаваліся да гэтага дня.

Вось толькі п’яных нават у такі дзень на вуліцах не паменела.

Пабачыўшы вясёлую парачку, мы вырашылі пацікавіцца, дзе запраўляюцца аматары выпіўкі. Атрымалася такая непрацяглая гутарка.

«А дзе ж так наліваюць у дзень цвярозасці?», – пытаемся.

«Да увяздзе. Вунь у бары, хоць залейся. Вунь туды і ідзі», – радасна паведаміў аматар, ды не, хутчэй прафесіянал ужывання спіртовых напояў і махнуў у бок гандлёвага цэнтру.

Карціну змагання з алкагалізмам разбавіў вядомы ў горадзе доктар навук, які нёс некалькі бутэлек піва. Відаць толькі для інтэлігентаў і зусім запойных пʼяніц, якія ўжываюць выключна чарніла, і пакутуюць ад гэтых сімвалічных «сухіх» дзён.