Павел Марыненка ўзначальвае свабодную эканамічную зону «Магілёў» – тэрыторыю, якая дае каля траціны прамысловай вытворчасці Магілёўскай вобласці і амаль палову яе экспарту. Публічных звестак пра яго няшмат, а тыя, што ёсць, варта супаставіць паміж сабой.
Пры падтрымцы Ісачанкі
Павел Леанідавіч Марыненка ўзначаліў адміністрацыю свабоднай эканамічнай зоны «Магілёў» восенню 2023 года. Калектыву яго прадставілі 19 кастрычніка – гэта зрабіў намеснік старшыні аблвыканкама Руслан Страхар, цяпер дырэктар «Ліфтмаша». «Віцэ-губернатар» адзначыў, што новы кіраўнік зоны не навічок у знешнеэканамічнай дзейнасці і мае салідны досвед, і што прапанову аблвыканкама аб яго прызначэнні падтрымаў старшыня абласнога выканаўчага камітэта.
Чым кіруе кіраўнік СЭЗ «Магілёў»
Свабодная эканамічная зона «Магілёў» створана ў 2002 годзе. Яе параметры ў выкладзе самой адміністрацыі:
- 19 зямельных участкаў агульнай плошчай 3,7 тысячы гектараў.
- Больш за 400 гектараў свабодных зямель пад новае будаўніцтва.
- Больш за 100 тысяч квадратных метраў гатовых вытворчых плошчаў.
- Каля траціны прамысловай вытворчасці вобласці і больш за палову яе экспартнага патэнцыялу і замежных інвестыцый, якія паступаюць.
- Больш за 26 тысяч чалавек, якія працуюць на прадпрыемствах-рэзідэнтах.
Гэта не шараговая пасада раённага ўзроўню. Чалавек, які яе займае, вызначае, хто з замежных інвестараў заходзіць у рэгіён і на якіх умовах.
Біяграфія Паўла Марыненкі – ні хвіліны ў бізнесе
Усе звесткі ніжэй – з адзінай нататкі пра прызначэнне, апублікаванай гарадской газетай «Веснік Магілёва»:
- 1978 – нарадзіўся ў Магілёве;
- 2000 – скончыў Магілёўскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт;
- працоўную дзейнасць пачынаў на «Магілёўхімвалакно»;
- 2004-2010 – розныя пасады ў Магілёўскім гарвыканкаме, у тым ліку курыраваў знешнеэканамічную дзейнасць;
- 2008 – скончыў Акадэмію кіравання;
- некалькі гадоў – першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Магілёва;
- кіраваў Магілёўскім гарадскім цэнтрам развіцця малога прадпрымальніцтва і Магілёўскім агенцтвам рэгіянальнага развіцця;
- да прызначэння ў зону – намеснік старшыні камітэта эканомікі Магілёўскага аблвыканкама;
- кастрычнік 2023 – кіраўнік адміністрацыі СЭЗ «Магілёў».
Кар’ера цалкам пабудавана ўнутры выканаўчай вертыкалі. За выключэннем пачатку на «Магілёўхімвалакно», у ёй няма ніводнага дня працы ў прыватным бізнесе – пры тым што змест усіх апошніх пасад зводзіцца да падтрымкі і прыцягнення гэтага самага бізнесу.
Як змянілася лексіка Марыненкі
У снежні 2017 года, будучы намеснікам старшыні камітэта эканомікі, Марыненка выступаў на выставе-кірмашы рамеснікаў у магілёўскай выставачнай зале. Ён казаў пра тое, што ў замежных паездках асабліва пачынаеш цаніць спадчыну і традыцыі Прыдняпроўскага краю, што свет становіцца аднолькавым, а па-сапраўднаму ўнікальнымі застаюцца рамёствы, якія захоўваюць аўтэнтычнасць народаў. На той жа выставе да 7 студзеня планаваліся трынаццаць літаратурных чытанняў – на рускай, беларускай і польскай мовах.
У інтэрв’ю лютага 2026 года лексіка іншая. Ашчадлівая вытворчасць, філасофія скарачэння выдаткаў, прамысловая псіхалогія, трансфер ведаў, сінергія супольнасці рэзідэнтаў, цэнтр кампетэнцый. Пра Захад – адна фраза: калі адвярнуліся, прадукцыю заўсёды можна дамовіцца прадаць на іншых рынках.
Ні спадчыны, ні аўтэнтычнасці, ні трох моў. Паміж двума выступленнямі дзевяць гадоў і 2020 год.
Колькі ж усё-такі рэзідэнтаў у СЭЗ «Магілёў»?
Колькасць рэзідэнтаў – ключавы паказчык, паводле якога ацэньваюць працу зоны. За сем месяцаў 2026 года адміністрацыя называла пяць розных значэнняў.
Колькасць рэзідэнтаў СЭЗ «Магілёў» паводле афіцыйных паведамленняў 2026 года:
- 6 студзеня 2026 года – 55 арганізацый, вытворчую дзейнасць вядуць 39;
- 28 студзеня – 53 арганізацыі, вырабляюць 41;
- 20 лютага – 54 арганізацыі, вырабляюць 41;
- 18 чэрвеня – 56 рэзідэнтаў;
- 24 ліпеня – 58 рэзідэнтаў.
Тры з пяці лічбаў назваў Марыненка асабіста. Пры гэтым у канцы студзеня, калі паказчык у параўнанні з пачаткам месяца знізіўся з 55 да 53, ён казаў, што зона павялічыла колькасны склад рэзідэнтаў. Павел Леанідавіч відавочна заблытаўся ў лічбах.

Прадказальнасць непрадказальнага
У інтэрв’ю 18 чэрвеня 2026 года, пералічваючы буйных інвестараў Паўднёвага прамысловага вузла, Марыненка называе «Омск Карбон Магілёў», «Мебелайн» і «Новус Індустры». Да гэтага моманту літоўская група SBA ўжо больш за год як развіталася з магілёўскай мэблевай фабрыкай: здзелка датаваная 7 мая 2025 года, цана – адзін еўра пры ўкладзеных мільёнах, пакупнік – фірма з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, якая належыць грамадзяніну Беларусі. Пра гэта стала публічна вядома 24 ліпеня 2026 года.
А ў лютаўскай размове Марыненка тлумачыў, што інвестараў у Беларусі ўтрымліваюць не льготы, а прадказальнасць, гарантыі роўных правоў для ўсіх удзельнікаў рынку і абарона з боку дзяржавы.
Ад такой абароны ваўком завыеш. Не кажучы ўжо пра роўнасць, братэрства і прадказальнасць непрадказальнага.
Прамысловы парк у пустуючых карпусах «Магілёўхімвалакно»
Галоўны праект Паўла Марыненкі – рэгіянальны прамысловы парк плошчай каля 150 тысяч квадратных метраў. Ён ствараецца на плошчах завода поліэфірных нітак «Магілёўхімвалакно», якія вызваліліся пасля мадэрнізацыі.
«Магілёўхімвалакно» – рэзідэнт СЭЗ з 2008 года, адзін з найстарэйшых, у 2025-м дамову з ім працягнулі. Гэта і тое самае прадпрыемства, на якім Марыненка пачынаў працоўную біяграфію. Кола замкнулася: праз чвэрць стагоддзя ён вяртаецца туды ж, каб засяліць карпусы, якія прадпрыемству больш не патрэбныя.
У якім стане знаходзіцца само прадпрыемства, дзяржава не хавае. У кастрычніку 2025 года новы генеральны дырэктар Алег Курылін, вызначаючы першачарговыя задачы, першай назваў – разабрацца са стратамі і вывесці прадпрыемства на нармальны ўзровень працы. Паводле яго ж слоў, старыя і маральна састарэлыя магутнасці цяпер выводзяцца з эксплуатацыі. Тады ж Лукашэнка даручыў новаму кіраўніцтву «Белшыны», «Гомсельмаша» і «Магілёўхімвалакно» разабрацца з праблемамі.
Атрымліваецца, што гатовыя інвестыцыйныя плошчы, якія адміністрацыя СЭЗ прапануе як флагманскі праект – гэта выведзеныя з эксплуатацыі магутнасці стратнага прадпрыемства. Інвестару прапануюць заехаць у карпусы, якія вызваліліся не ад поспеху, а ад скарачэння вытворчасці.
Далікатнасць або ўменне станавіцца на карачкі?
Летам 2020 года аблвыканкам прасоўваў ідэю турыстычнага кластара на Чыгірынскім вадасховішчы – аб’яднаць намаганні Быхаўскага і Кіраўскага раёнаў, турыстычных фірм, уладальнікаў баз адпачынку і аграсядзіб, гандлю і сельскагаспадарчых вытворцаў. Ахвотным далучыцца прапаноўвалі звяртацца ў райвыканкамы або ў камітэт эканомікі аблвыканкама. У той самы, дзе Марыненка быў намеснікам старшыні.
Кластар аформілі пагадненнем на семінары «Кааперацыя для развіцця» на базе адпачынку «Чыгірынка». Падпісантамі сталі чатырнаццаць аграсядзіб і баз адпачынку двух раёнаў і адзін народны майстар, каардынатарам – мясцовы фонд падтрымкі ініцыятыў у сферы ўстойлівага развіцця «Устойлівы рэгіён». Згоду на ўдзел далі камітэт эканомікі аблвыканкама і ўніверсітэт імя Куляшова.
Да чэрвеня 2022 года кластар працаваў. Ініцыятыва атрымала падтрымку ў межах праекта Еўрапейскага саюза і ПРААН «Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», на рэалізацыю выдзелена 60 тысяч долараў. У вёсцы Чачэвічы адкрыўся інфармацыйны турыстычны цэнтр, каардынатар кластара закупіў лодкі, байдаркі і ровары. У тым жа паведамленні сказана, што развіццё кластара праходзіць пад куратарствам Савета Міністраў, мясцовага фонду і аблвыканкама. Дзяржава ўзяла пад апеку праект, аплачаны Еўрасаюзам, і гэта нікога не бянтэжыла.
Тым жа летам на адной з сустрэч з уладальнікамі аграсядзіб Марыненка сядзеў на чале стала. Па іншых баках стала сядзелі ўдзельнікі сустрэчы, упрытык да сцяны. Яму патэлефанавалі. Каб не перапыняць размову і не падымаць іншых удзельнікаў, пнучыся міма стала, Павел Леанідавіч далікатна апусціўся на падлогу і прапоўз пад сталом на выхад.
Магчыма, што менавіта ўменне далікатна і своечасова станавіцца на карачкі, а зусім не таленты эканаміста паспрыялі бліскучай кар’еры Марыненкі.
Фота з адкрытых крыніц.
