Знаёмімся: магілёўскі чыноўнік Павел Марыненка

Павел Марыненка ўзначальвае свабодную эканамічную зону «Магілёў» – тэрыторыю, якая дае каля траціны прамысловай вытворчасці Магілёўскай вобласці і амаль палову яе экспарту. Публічных звестак пра яго няшмат, а тыя, што ёсць, варта супаставіць паміж сабой.

Пры падтрымцы Ісачанкі

Павел Леанідавіч Марыненка ўзначаліў адміністрацыю свабоднай эканамічнай зоны «Магілёў» восенню 2023 года. Калектыву яго прадставілі 19 кастрычніка – гэта зрабіў намеснік старшыні аблвыканкама Руслан Страхар, цяпер дырэктар «Ліфтмаша». «Віцэ-губернатар» адзначыў, што новы кіраўнік зоны не навічок у знешнеэканамічнай дзейнасці і мае салідны досвед, і што прапанову аблвыканкама аб яго прызначэнні падтрымаў старшыня абласнога выканаўчага камітэта.

Чым кіруе кіраўнік СЭЗ «Магілёў»

Свабодная эканамічная зона «Магілёў» створана ў 2002 годзе. Яе параметры ў выкладзе самой адміністрацыі:

  1. 19 зямельных участкаў агульнай плошчай 3,7 тысячы гектараў.
  2. Больш за 400 гектараў свабодных зямель пад новае будаўніцтва.
  3. Больш за 100 тысяч квадратных метраў гатовых вытворчых плошчаў.
  4. Каля траціны прамысловай вытворчасці вобласці і больш за палову яе экспартнага патэнцыялу і замежных інвестыцый, якія паступаюць.
  5. Больш за 26 тысяч чалавек, якія працуюць на прадпрыемствах-рэзідэнтах.

Гэта не шараговая пасада раённага ўзроўню. Чалавек, які яе займае, вызначае, хто з замежных інвестараў заходзіць у рэгіён і на якіх умовах.

Біяграфія Паўла Марыненкі – ні хвіліны ў бізнесе

Усе звесткі ніжэй – з адзінай нататкі пра прызначэнне, апублікаванай гарадской газетай «Веснік Магілёва»:

  • 1978 – нарадзіўся ў Магілёве;
  • 2000 – скончыў Магілёўскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт;
  • працоўную дзейнасць пачынаў на «Магілёўхімвалакно»;
  • 2004-2010 – розныя пасады ў Магілёўскім гарвыканкаме, у тым ліку курыраваў знешнеэканамічную дзейнасць;
  • 2008 – скончыў Акадэмію кіравання;
  • некалькі гадоў – першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Магілёва;
  • кіраваў Магілёўскім гарадскім цэнтрам развіцця малога прадпрымальніцтва і Магілёўскім агенцтвам рэгіянальнага развіцця;
  • да прызначэння ў зону – намеснік старшыні камітэта эканомікі Магілёўскага аблвыканкама;
  • кастрычнік 2023 – кіраўнік адміністрацыі СЭЗ «Магілёў».

Кар’ера цалкам пабудавана ўнутры выканаўчай вертыкалі. За выключэннем пачатку на «Магілёўхімвалакно», у ёй няма ніводнага дня працы ў прыватным бізнесе – пры тым што змест усіх апошніх пасад зводзіцца да падтрымкі і прыцягнення гэтага самага бізнесу.

Як змянілася лексіка Марыненкі

У снежні 2017 года, будучы намеснікам старшыні камітэта эканомікі, Марыненка выступаў на выставе-кірмашы рамеснікаў у магілёўскай выставачнай зале. Ён казаў пра тое, што ў замежных паездках асабліва пачынаеш цаніць спадчыну і традыцыі Прыдняпроўскага краю, што свет становіцца аднолькавым, а па-сапраўднаму ўнікальнымі застаюцца рамёствы, якія захоўваюць аўтэнтычнасць народаў. На той жа выставе да 7 студзеня планаваліся трынаццаць літаратурных чытанняў – на рускай, беларускай і польскай мовах.

У інтэрв’ю лютага 2026 года лексіка іншая. Ашчадлівая вытворчасць, філасофія скарачэння выдаткаў, прамысловая псіхалогія, трансфер ведаў, сінергія супольнасці рэзідэнтаў, цэнтр кампетэнцый. Пра Захад – адна фраза: калі адвярнуліся, прадукцыю заўсёды можна дамовіцца прадаць на іншых рынках.

Ні спадчыны, ні аўтэнтычнасці, ні трох моў. Паміж двума выступленнямі дзевяць гадоў і 2020 год.

Колькі ж усё-такі рэзідэнтаў у СЭЗ «Магілёў»?

Колькасць рэзідэнтаў – ключавы паказчык, паводле якога ацэньваюць працу зоны. За сем месяцаў 2026 года адміністрацыя называла пяць розных значэнняў.

Колькасць рэзідэнтаў СЭЗ «Магілёў» паводле афіцыйных паведамленняў 2026 года:

Тры з пяці лічбаў назваў Марыненка асабіста. Пры гэтым у канцы студзеня, калі паказчык у параўнанні з пачаткам месяца знізіўся з 55 да 53, ён казаў, што зона павялічыла колькасны склад рэзідэнтаў. Павел Леанідавіч відавочна заблытаўся ў лічбах.

СЭЗ Магілёў

Прадказальнасць непрадказальнага

У інтэрв’ю 18 чэрвеня 2026 года, пералічваючы буйных інвестараў Паўднёвага прамысловага вузла, Марыненка называе «Омск Карбон Магілёў», «Мебелайн» і «Новус Індустры». Да гэтага моманту літоўская група SBA ўжо больш за год як развіталася з магілёўскай мэблевай фабрыкай: здзелка датаваная 7 мая 2025 года, цана – адзін еўра пры ўкладзеных мільёнах, пакупнік – фірма з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, якая належыць грамадзяніну Беларусі. Пра гэта стала публічна вядома 24 ліпеня 2026 года.

А ў лютаўскай размове Марыненка тлумачыў, што інвестараў у Беларусі ўтрымліваюць не льготы, а прадказальнасць, гарантыі роўных правоў для ўсіх удзельнікаў рынку і абарона з боку дзяржавы.

Ад такой абароны ваўком завыеш. Не кажучы ўжо пра роўнасць, братэрства і прадказальнасць непрадказальнага.

Прамысловы парк у пустуючых карпусах «Магілёўхімвалакно»

Галоўны праект Паўла Марыненкі – рэгіянальны прамысловы парк плошчай каля 150 тысяч квадратных метраў. Ён ствараецца на плошчах завода поліэфірных нітак «Магілёўхімвалакно», якія вызваліліся пасля мадэрнізацыі.

«Магілёўхімвалакно» – рэзідэнт СЭЗ з 2008 года, адзін з найстарэйшых, у 2025-м дамову з ім працягнулі. Гэта і тое самае прадпрыемства, на якім Марыненка пачынаў працоўную біяграфію. Кола замкнулася: праз чвэрць стагоддзя ён вяртаецца туды ж, каб засяліць карпусы, якія прадпрыемству больш не патрэбныя.

У якім стане знаходзіцца само прадпрыемства, дзяржава не хавае. У кастрычніку 2025 года новы генеральны дырэктар Алег Курылін, вызначаючы першачарговыя задачы, першай назваў – разабрацца са стратамі і вывесці прадпрыемства на нармальны ўзровень працы. Паводле яго ж слоў, старыя і маральна састарэлыя магутнасці цяпер выводзяцца з эксплуатацыі. Тады ж Лукашэнка даручыў новаму кіраўніцтву «Белшыны», «Гомсельмаша» і «Магілёўхімвалакно» разабрацца з праблемамі.

Атрымліваецца, што гатовыя інвестыцыйныя плошчы, якія адміністрацыя СЭЗ прапануе як флагманскі праект – гэта выведзеныя з эксплуатацыі магутнасці стратнага прадпрыемства. Інвестару прапануюць заехаць у карпусы, якія вызваліліся не ад поспеху, а ад скарачэння вытворчасці.

Далікатнасць або ўменне станавіцца на карачкі?

Летам 2020 года аблвыканкам прасоўваў ідэю турыстычнага кластара на Чыгірынскім вадасховішчы – аб’яднаць намаганні Быхаўскага і Кіраўскага раёнаў, турыстычных фірм, уладальнікаў баз адпачынку і аграсядзіб, гандлю і сельскагаспадарчых вытворцаў. Ахвотным далучыцца прапаноўвалі звяртацца ў райвыканкамы або ў камітэт эканомікі аблвыканкама. У той самы, дзе Марыненка быў намеснікам старшыні.

Кластар аформілі пагадненнем на семінары «Кааперацыя для развіцця» на базе адпачынку «Чыгірынка». Падпісантамі сталі чатырнаццаць аграсядзіб і баз адпачынку двух раёнаў і адзін народны майстар, каардынатарам – мясцовы фонд падтрымкі ініцыятыў у сферы ўстойлівага развіцця «Устойлівы рэгіён». Згоду на ўдзел далі камітэт эканомікі аблвыканкама і ўніверсітэт імя Куляшова.

Да чэрвеня 2022 года кластар працаваў. Ініцыятыва атрымала падтрымку ў межах праекта Еўрапейскага саюза і ПРААН «Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», на рэалізацыю выдзелена 60 тысяч долараў. У вёсцы Чачэвічы адкрыўся інфармацыйны турыстычны цэнтр, каардынатар кластара закупіў лодкі, байдаркі і ровары. У тым жа паведамленні сказана, што развіццё кластара праходзіць пад куратарствам Савета Міністраў, мясцовага фонду і аблвыканкама. Дзяржава ўзяла пад апеку праект, аплачаны Еўрасаюзам, і гэта нікога не бянтэжыла.

Тым жа летам на адной з сустрэч з уладальнікамі аграсядзіб Марыненка сядзеў на чале стала. Па іншых баках стала сядзелі ўдзельнікі сустрэчы, упрытык да сцяны. Яму патэлефанавалі. Каб не перапыняць размову і не падымаць іншых удзельнікаў, пнучыся міма стала, Павел Леанідавіч далікатна апусціўся на падлогу і прапоўз пад сталом на выхад.

Магчыма, што менавіта ўменне далікатна і своечасова станавіцца на карачкі, а зусім не таленты эканаміста паспрыялі бліскучай кар’еры Марыненкі.

Фота з адкрытых крыніц.