Спёка. У Магілёве дзеці ажывілі фантаны. Ува ўсіх раёнах вобласці абмежавана наведванне лясоў

У абласным цэнтры тэмпература сягнула 30 градусаў. На сённяшні дзень абвясцілі жоўты ўзровень небяспекі. Спёка крыху спадзе 12 чэрвеня.

Пасля прахалоднай і дажджлівай вясны пачатак чэрвеня магілёўцы сустрэлі з радасцю.

Многія рушылі на пляжы, балазе, паводле афіцыйнай інфармацыі, яны гатовыя прыняць ахвотнікаў акунуцца.

Тыя хто такой магчымасці пазбаўленыя абураюцца, што ў грамадскім транспарце не дзейныя кандыцыянеры, а на працоўных месцах іх наагул няма. Ратуюцца вентылятарамі.

Дзецям прасцей, іх ратуюць фантаны ў горадзе. Яны апанаваныя дзятвой.

А што з забруджаннем? Паводле Белгідрамету ў Магілёве зафіксавана перавышэнне нарматыву якасці ў 1,6 раза па цвёрдых часцінах. Астатнія параметры ў норме.

Тым часам, у 21 раёне вобласці ўведзеныя абмежаванні наведвання лясоў. Пажарная небяспека.