У Крычаве пачалося будаўніцтва новай паліклінікі

Паблізу крычаўскай цэнтральнай раённай бальніцы пачалі рыхтаваць пляцоўку для будаўніцтва новай гарадской паліклінікі. 

Побач з раённай бальніцай Крычава з’явілася будаўнічая тэхніка і пачаўся падрыхтоўчы этап шэрагу прац па будаўніцтву паліклінікі. Згодна праекту новая паліклініка будзе чатырохпавярховай, з цокальным паверхам, які злучыцца з ужо дзеючым лячэбна-дыягнастычным корпусам. 

Плануецца, што паліклініка будзе інтэграваная – гэта значыць, у ёй размесцяцца стаматалогія, дзіцячыя і дарослая паліклінікі, на першым паверсе – аддзяленне хуткай медыцынскай дапамогі і рэгістратуры – паведамляе пра новы медыцынскі аб’ект раённая газета “Крычаўскае жыццё”. 

Новы будынак будзе абсталяваны двума ліфтамі. Паліклініка мусіць адпавядаць усім санітарна-гігіенічным патрабаванням, пагэтаму інфекцыйны і туберкулёзны кабінеты будуць з асобнымі ўваходамі. Будучы медыцынскі цэнтр будзе абсталяваны сучасным абсталяваннем, што падаможа палепшыць якасць медыцынскага абслугоўвання.

Завяршыць будаўніцтва крычаўскай паліклінікі плануюць у 2024 годзе.

Фота: “Крычаўскае жыццё”

Вось як выглядае рачулка ў цэнтры Крычава – фота

Горы смецця, цвіль і нават жалезная бочка – у што ператварылі жыхары горада і камунальныя службы рэчку Крычаўку, даліна якой магла б стаць жывапісным месцам у сэрцы горада.

Невялічкая рачулка Крычаўка з’яўляецца правым прытокам галоўнай воднай артэрыі Крычава рэчкі Сож. Яе даўжыня больш за пяць кіламетраў і збольшага рачулка цячэ ў межах горада. 

Калі рэчка перацякае праз тунэль у старую частку горада, то яе акваторыя становіцца вельмі забруджанай. Неахайнасць людзей праявілася ў тым, што ў Крычаўку скідваюць рознае смецце: гумавыя рэчы, пластыкавыя і шкляныя бутэлькі, упакоўку ад розных відаў ежы і мноства металічных адходаў – ад накрывак слоікаў да цэлай жалезнай бочкі. 

Камунальныя службы Крычава не заўважаюць праблем малой рэчкі, якая прыгожа цячэ па гарадской прасторы і ўрэшце ўпадае ў Сож. Хараство малой рэчкі губляецца за гарамі смецця і людской абыякавасці да наваколля.

Адзначым, што рэчка Крычаўка мае гістарычнае значэнне, на яе левым беразе размешчана старадаўняе гарадзішча пад назвай Гарадзец або Цвінтар. Назва правага прытока Сожа паходзіць ад наймення горада, хоць, што першае было названа – рака ці паселішча, цяпер ужо ніхто не скажа.

Фота: mogilev.media

У Крычаве з’явілася разметка для веласіпедыстаў і першая таблічка для сляпых

Новая аптэка № 160 пятай катэгорыі Магілёўскага ўнітарнага прадпрыемства “Фармацыя” нядаўна адкрылася ў Крычаве. Яна размешчана вельмі зручна – побач з аўтавакзалам і рынкам. Знаходзіцца аптэка на першым паверсе двухпавярховага цаглянага будынка. 

Пры ўваходзе ў фармацэўтычную краму размешчана таблічка з графікам работы і найменнем аптэкі, на якой пазначана інфармацыя таксама на шрыфце Брайля – рэльефна-кропкавы тактыльны шрыфт, прызначаны для чытання невідушчымі і людзьмі, якія дрэнна бачаць. 

У некаторых частках горада таксама з’явілася разметка на ходніках для раварыстаў, аднак пакуль такіх участкаў мала, каб казаць пра нейкую тэндэнцыю. Адзначым, што часцей ўладальнікі ровараў ездзяць у Крычаве па ўзбочыне праезджай часткі, пагэтаму пытаннне веласіпеднай зоны ў горадзе актуальна.  

Фота: mogilev.media

Забаўляльны комплекс з васковымі фігурамі Пуціна і Сталіна зноўку з’явіўся ў Крычаве

У кастрычніку мінулага года перасоўны атракцыён ужо з’яўляўся ў мясцовым парку Перамогі, пра што пісалі mogilev.media. І вось цяпер забаўляльны комплекс на тэрыторыю цэнтральнага парка прыехаў зноў. У горадзе ён будзе знаходзіцца ўвесь травень, але як і ў мінулы раз ажыятажу сярод крычаўлянаў атракцыён не выклікае. 

Нагадаем, што забаўляльны комплекс прывезены з Расіі і ўключае ў сябе выставу васкавых фігур, розныя дзіцячыя каруселі: машынкі, якімі можна кіраваць, слонікі, на якіх можна пакатацца. 

Асабліва прыцягвае ўвагу выстава васкавых фігур пад назвай «Империя» з выявай двухгаловага расійскага арла. На ёй сярод іншых прадстаўлены Сталін, Пуцін.

Фота: mogilev.media

Палавіна вокнаў выбіта, побач смецце – што адбываецца з былым будынкам музея ў Крычаве

Цагляны будынак былога музея, які знаходзіцца ў цэнтры горада, стаіць зачынены, з пабітымі шыбамі, побач сметнік. 

Некалькі дзясяткаў год экспазіцыя Крычаўскага краязнаўчага музея размяшчалася ў цагляным будынку П-падобнай формы, што знаходзіцца недалёка ад былой рынкавай плошчы (на сённяшні дзень плошчы Леніна). 

Менавіта тут яшчэ пры першым дырэктары музея, славутым крычаўскім краязнаўцы Міхаіле Мельнікаве, доўгія гады функцыянаваў музей. 

У гэтым адносна вялікім па плошчы будынку да 2008 года знаходзілася музейная экспазіцыя, пакуль не пераехала ў палац Пацёмкіна-Галынскіх. Пасля гэтай падзеі былы будынак музея пачаў проста пуставаць. У пачатку 2010-х гадоў у паветры лунала ідэя стварэння ў ім Дома рамёстваў, аднак размовы так і не матэрыялізаваліся ў канкрэтныя дзеянні. Вясной 2021 года мясцовыя ўлады прадалі будынак у прыватныя рукі. Але і гэта яго не ўратавала. 

Знешне пабудова выглядае няблага, не ўлічваючы вялікія шчыліны на сценах. Аднак побач з былым музеем ужо можна ўбачыць стыхійны сметнік.

Не менш непрыемна ўражваюць пабітыя вокны будынка былога музея. Прычым пабіта добрая палова шыбаў, хоць жалезныя краты на вокнах абараняюць дом ад зламыснікаў. 

Фота: mogilev.media

Пад Крычавам адзін дарожны знак ператварылі ў святыню, а другі зрынулі з дарогі – фота

Каля вёскі Прудок вяляецца дарожны знак на абочыне дарогі, якая вядзе з паселішча  на цэнтральную трасу. Знак абазначае перакрыжаванне з другараднай дарогай, што вядзе да Чорнага возера – месца адпачынку і рыбалкі крычаўлянаў.   

У пары сотнях метраў ад яго знаходзіцца знак паркоўкі, размешчаны насупраць помніка ахвярам фашызма побач з Прудком. Гэты знак кімсьці быў ператвораны ў святыню – на яго павязалі ручнік і прымацавалі абразок Ісуса Хрыста. Прычым знак знаходзіцца побач са сметніцай, што надае парадаксальны выгляд агульнай карціне. Ёсць верагоднасць, што на гэтым месцы адбыўся нейкі няшчасны выпадак, чым можа тлумачыцца з’яўлення абразка з ручніком.

Фота: mogilev.media

Пад Крычавам мужчына падпаліў дом з дзецьмі і жонкай

25-гадовы жыхар аграгарадка Чырвоная Буда ў п’яным стане пасварыўся з жонкай і паспрабаваў падпаліць дом. Ён асуджаны за пагрозу забойствам.

Мужчына са сваёй жонкай і двума малалетнімі дзецьмі быў дома ў той вечар у стане алкагольнага ап’янення. Апоўначы ў іх з жонкай узнікла сварка, і хлопец стаў пагражаць жонцы, што заб’е яе і падпаліць дом. У пацвярджэнне сваіх слоў ён выйшаў у веранду, сарваў са сцяны шпалеры і падпаліў іх. Пасля гэтага малады мужчына плюхнуў на падпаленыя шпалеры бензін з каністры. Уваходныя дзверы загарэліся і ў дом, дзе знаходзілася яго жонка і дзеці, паваліў чорны дым – паведамляе пра злачынства раённая газета “Крычаўскае жыццё”.

Жанчына замкнулася знутры на металічны кручок, а каб упусціць паветра ў дом, разбіла вокны ў пакоі. Потым мужчына пабаяўся, што спаліць дом і затушыў пажар. Пасля гэтага сышоў з дому. Пра здзейснены ўчынак ў міліцыю паведаміла сястра пацярпелай, таму хлопца хутка затрымалі. Мужчына прызнаў сваю віну і раскаяўся аб сваім учынку, што стала змякчальнай акалічнасцю на судзе.

Была заведзена крымінальная справа, згодна якой маладога мужчыну пакаралі пазбаўленнем волі на 1 год 6 месяцаў. Пры гэтым прызначэнае пакаранне не будзе прыведзена ў выкананне, калі на працягу года мужчына не здзейсніць новае злачынства, а таксама будзе пастаянна апавяшчаць аддзел міліцыі аб сваім месцазнаходжанні. 

Фота ілюстрацыйнае

У Крычаве адміністрацыя забараняе жыхарам садзіць агароды ўшчыльную з дамамі

На пад’ездах шэрагу дамоў мікрараёна Камсамольскі з’явіліся аб’явы-звароты да жыльцоў пяціпавярховікаў, у якіх пазначаюцца змены ў выкарыстанні прылеглай тэрыторыі да шмакватэрных будынкаў. 

У аб’явах напісана, што для бесперабойнага абслугоўвання дома і пад’езда спецыялізаванай тэхнікай, забараняецца распрацоўваць зямлю для пасеву пладова-агароднінных культур за домам бліжэй за пяць метраў.    

Адзначым, што агароды, якія знаходзяцца ўсутыч з шматпавярховымі дамамі, з’яўляюцца досыць распаўсюджанай з’явай на тэрыторыі мікрараёна. Цяпер жа сотні жыхароў Крычава пазбаўляюцца магчымасці садзіць агародніну і садавіну на ўласных зямельных участках побач з домам. 

Фота: mogilev.media

Тэрыторыя знішчанага маслазавода ў Крычаве адкрыта для наведвання – фотафакт

Яшчэ ў лютым mogilev.media пісалі, што былы крычаўскі маслазавод ператварыўся ў горы смецця, усе завадскія будынкі знішчаны. За пару месяцаў горы будаўнічага смецця былі вывезены грузавымі машынамі. Цяпер практычна нічога не засталося, што б нагадвала пра існаванне некалі цэлага завадскога комплекса. 

На месцах пабудоў знаходзяцца толькі горкі пяска і больш нічога. Адзначым, што прамысловая тэрыторыя хоць і агароджана, аднак уязныя жалезныя вароты адчыненыя. Гэта значыць, што на тэрыторыю былога завода можа зайсці кожны жадаючы, хоць гэта можа ўяўляць пэўную небяспеку.

Фота mogilev.media

У Крычаве гарэла аварыйная сажалка помпавай станцыі

Трава аварыйнага вадаёма пагарэла, а сам ён цяпер падобны на гарэлае балота.  

Каналізацыйная помпавая станцыя №2 знаходзіцца на тэрыторыі мікрараёна Камсамольскі і забяспечвае перапампоўванне сцёкавых водаў часткі квартала. Гідратэхнічныя збудаванні складаюцца з трансфарматарнай падстанцыі, калодзежа сцёкаў і аварыйнай сажалкі. Апошняя абкладзена вялікімі бетоннымі плітамі пад ухілам. 

Вада з аварыйнай сажалкі даволі рэдка выкарыстоўваецца, пагэтаму з цягам часу яна ператварылася ў невялікае балотца, якое парасло травой. Сёлета нехта падпаліў аварыйны вадаём і ўся трава балотнай сажалкі вырагэла, цяпер яна падобна больш да гарэлага балота чым да аварыйнага вадаёма. 

Фота: mogilev.media