Узровень вады на Сожы каля Крычава і Слаўгарада апускаецца да небяспечна нізкай адзнакі, паведаміліў у Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
У найбліжэйшыя дні на рацэ ўзроўні вады апусцяцца ніжэй за адзнакі, пры якіх узнікаюць цяжкасці ў рабоце рачнога транспарту. У сувязі з гэтым Белгідрамет аб’явіў штармавое гідралагічнае папярэджанне – паведамляе БелТА.
Фота: “Магілёўскі рыбалоў”
Category: Навіны Крычава
Закладваючы новую паліклініку ў Крычаве, чыноўнікі кідалі ў фундамент манеты
На месцы будавання новай паліклінікі адбыўся магічны рытуал з удзелам кіраўніцтва Крычаўскага раёна і праваслаўнай царквы, які мясцовая прэса акрэсліла як “старадаўні абрад”.
Дзейства ачолілі прадстаўнікі мясцовай праваслаўнай царквы і крычаўскія чыноўнікі. Яно адбылася на месцы будаўніцтва новай паліклінікі, побач з тэрыторыяй цэнтральнай раённнай бальніцы.
Мерапрыемства пачалося з выступлення старшыні райвыканкама Седукова, пасля перацякло ў малебны і акрапленні вадой месца будучай паліклінікі настаяцелям Свята-Уваскрасенскай царквы пратаіерэям Сяргеем Карасцялёвым.

А потым было кіданне манет у фундамент будучай здраўніцы. Гэты “старадаўні абрад”, як апісвае раённая газета “Крычаўскае жыццё”, адбыўся нібыта дзеля спрыяння будаўніцтву паліклінікі.


Яшчэ прадстаўнік Свята-Уваскрасенскай царквы Карасцялёў падараваў дырэктару раённай бальніцы абраз для палікнілікі. Хацелася б, аднак, спадзявацца, што ў новай ўстанове аховы здароўя будуць лекаваць таксама і з дапамогай сучасных дасягненняў медыцынскай навукі.
Фота: “Крычаўскае жыццё”.
На пляжах Крычава цяпер не адпачнеш – выкапаны траншэі, каб гараджане не пад’язджалі да Сожа
Мясцовая дзяржаўтаінспекцыя сёлета выкапала шырокія траншэі, каб крычаўляне і госці горада не маглі пад’ехаць блізка да рэчкі. Адна з іх прайшла проста па валейбольнай пляцоўцы.
Цяпер да Сожа не толькі пад’ехаць, але і падыйсці можна з цяжкасцю. На адным з самых папулярных пляжаў у гарадскім раёне Забялышан шырокая траншэя з’явілася па перыметру ўсёй зоны адпачынку. Што цікава, у гэтым жа месцы ўсталяваны шлагбаум, які забараняе праезд аўто далей паркоўкі. Але траншэю-роў тым не менш выкапалі, каб ужо дакладна ніхто не прасачыўся на пляжную зону.

На іншым пляжы гадамі раней можна было гуляць у валейбол. Сёлета гэта практычна немагчыма: выкапаная траншэя праходзіць акурат па валейбольнай пляцоўцы.
Такія дзеянні дзяржаўтаінспекцыі абумоўлены тым, што супрацоўнікі службы нібыта турбуюцца за бяспеку крычаўлянаў у летні перыяд, пагэтаму з дапамогай трактароў вырылі траншэі.
Жыхары горада занепакоены станам гарадскіх пляжаў, бо пакуль што ў межах Крычава няма дзе атрымаць асалоду ад надыходзячай летняй цяплыні.
Фота mogilev media
Крычаўлянін хацеў купіць вадзіцельскія правы і думаў, што гэта законна
У адным з месенджараў мужчына натыкнуўся на аб’яву пра нібыта легальны выраб вадзіцельскіх правоў. Пры гэтым сам ён не меў ніякай катэгорыі на кіраванне аўтамабілем.
Падчас перапісак невядомая асоба пераканала хлопца, што дадзеная працэдура абсалютна легальная і права на кіраванне транспартным сродкам ён атрымае ў хуткім часе ў адпаведнасці з заканадаўствам, а сам дакумент забярэ у дзяржаўтаінспекцыі Крычаўскага раённага аддела ўнутраных спраў.
За пасведчанне кіроўцы невядомая асоба папрасіла перавесці на банкаўскую картку грошы. Крычаўлянін даверыўся і перавёў ды не адзін раз: са сваёй карты і з карты жонкі на агульную суму 1150 рублёў.
Спачатку ён сапраўды думаў, што ўсё законна, але пасля да мужчыны дайшло, што яго падманулі і звярнуўся ў міліцыю. У працэсе разбіральніцтва высветлілася, што крычаўлянін ніколі не праходзіў навучанне ў аўташколе і не меў ніякай катэгорыі на права кіравання транспартным сродкам.
Фота ілюстрацыйнае
Падлетак у Крычаве скраў мотаблок, абмяняў на мапед, а яго таксама скралі
У Крычаўскім раёне адзін падлетак скраў матаблок, каб абмяняць на мапед, а неўзабаве яго знаёмыя скралі той жа самы мапед, каб пакатацца.
У вёсцы Песькавічы 17-гадовы падлетак, які і так чакаў адпраўкі ў спецустанову, улез у гараж мужчыны, які жыў па суседстве, каб выкрасці матаблок. Юны зламыснік планаваў памяняць яго на мапед.
Хлопец нейкім прадметам адамкнуў замок гаража суседа і скраў мотаблок. Аднак доўга цешыцца мапеду, на які ён вымяняў мотаблок, падлетку не прыйшлося, бо крадзёж раскрылі вельмі хутка. На цяперашні момант у дачыненні да хлопца распачалі крымінальную справу, ён узяты пад варту. Маёмасная шкода прычыненая гаспадару матаблока вызначана на суму ў 1000 рублёў – паведамляе раённая газета “Крычаўскае жыццё”.
Аднак на гэтым гісторыя з крадзяжамі ў Песькавічах не скончылася. Праз некаторыя час тройка знаёмых сямнаццацігадовага злачынцы вырашыла пакатацца і скрала той самы мапед з гаража іншага мужчыны, на які іх агульны знаёмы абмяняў скрадзены матаблок.
Скралі, а пасля пакацілі мапед да суседняй вёскі Беражыстае. Там паспрабавалі завесці, але мапед быў няспраўны. Хлопцы вырашылі закаціць яго пад бліжэйшыя кусты і сысці. Але і іх знайшлі. У адносінах да ўсіх трох узбуджана крымінальная справа.
Фота ілюстрацыйнае
Крычаўскі рыбак папаўся, здабыўшы толькі адну плотку
Паблізу вескі Наноскава Крычаўскага раёна мужчына на рацэ Асцёр здабываў рыбу забароненым спосабам: ён выкарыстоўваў дзве стаўныя лескавыя сеткі агульнай даўжынёй амаль сто метраў. І гэта рыбак рабіў у перыяд устаноўленых абмежаванняў і забарон пры аматарскім рыбалоўстве, пагэтаму патрапіўся на вочы Мсціслаўскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.
Незаконная здабыча браканьера склала толькі адну асобіну плоткі. Складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, а рыбака чакае судовае разбіральніцтва – паведамляе раённая газета “Крычаўскае жыццё”
Фота: “Крычаўскае жыццё”
Трыста кубоў лесу згарэла практычна ў цэнтры Крычава
Днём на адкрытай пляцоўцы крычаўскага камунальнага прадпрыемства па вуліцы Камсамольскай у Крычаве адбылося ўзгаранне штабеля круглага лесу вышынёй 2-4 метра.
У выніку пажару знішчаны 300 кубаметраў лесу на плошчы 200 квадратных метраў. Пры гэтым ратавальнікамі і камунальшчыкамі выратаваны яшчэ 1200 кубаметраў лесу. Ніхто не пацярпеў, прычына пажару высвятляецца – паведамляецца ў аператыўнай зводцы міністэрства па надзвычайных сітуацыях.
Варта заўважыць, што гэта ўжо другое ўзгаранне кубоў лесу на Крычаўшчыне за апошні час. Аб папярэднім выпадку пажару лесу раней пісалі mogilev.media.
Фота ілюстрацыйнае
“Хуліганы мы!” – знішчэнне маслазавода ў Крычаве адлюстравалі ў трапным графіці
Графіці “Хуліганы мы!” з’явілася на бетоннай агароджы былога прадпрыемства. Цяпер будынкі маслазавода цалкам знішчаны, пра што раней пісалі mogilev.media.
Зробленае графіці вельмі трапна характарызуе ўчынак крычаўскага кіраўніцтва, бо прамысловыя памяшканні маслазавода знаходзіліся ў добрым стане, нікому не заміналі і маглі б выкарыстоўвацца іншымі дзяржаўнымі прадпрыемствамі ці прыватнымі арганізацыямі, але цяпер там проста голая пляцоўка з горкамі пяску.

Фота: mogilev.media
Крычаўскі народны майстар адраджае традыцыі беларускай выцінанкі
Крычаўлянка Наталля Бярнадская стварае папяровыя ручнікі, а яе выцінанкі ўключаны ў народную спадчыну Беларусі.
Цікавасць да народнай творчасці Наталлю Мікалаеўну ў свой час прывяла ў дзіцячую школу мастацтваў Крычава, а пасля была вучоба ў Магілёўскім вучылішча культуры на аддзяленні дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Атрыманыя навыкі майстар замацавала падчас вучобы ў Беларускім універсітэце культуры і мастацтваў.
З 2006 года Наталля Бярнацкая працуе настаўнікам у дзіцячай школе мастацтваў, дзе працуе з вучнямі, дзеліцца сваім вопытам з майстрамі Магілёўскай вобласці, праводзіць майстар-класы для жыхароў Крычаўшчыны.
За час сваёй працы на малой радзіме Наталля Бярнадская стала членам “Беларускага саюза мастакоў”, міжнароднага клуба “Папяровыя традыцыі”, атрымала званне народнага майстра і яе выцінанкі ўвайшлі ў спіс элементаў народнай спадчыны Беларусі. Дарэчы, па ўсёй Беларусі толькі адзінаццаць выцінаншчыкаў, што маюць званне народнага майстра. Каб атрымаць такі статус, трэба прытрымлівацца народных традыцый і перадаваць іх, ведаць тэхналогію выразання выцінанкі, яе гісторыю.
Як прызнаецца сама майстрыха, выцінанкай сур’ёзна займаецца ўжо дваццаць год. Крычаўскі народны майстар любіць выразаць рознакаляровую выцінанку, шматслаёвую і больш ажурную.

Яшчэ ў дзяцінстве Наталля ўсе канікулы праводзіла з дзядулям і бабуляй, якія жылі ў вёсцы Горкі ў 30 кіламетрах ад Крычава. Бабуля вучыла дзяўчынку ўсяму, што ўмела сама: вышываць, вязаць, выразаць. На стыль і творчасць крычаўскай выцінаншчыцы паўплывала ўменне яе бабулі добра ткаць ручнікі і вышываць іх ніткамі, вобразы якіх Наталля ўвасабляе ў папяровым варыянце. Яшчэ дзіцём будучы народны майстар назірала за бабуляй, стараючыся паўтарыць на паперы арнамент, які тая вышывала на ручніку. Да сённяшняга дня Наталля Бярнадская захоўвае саматканы ручнік і абрус з вышытымі па краях узорамі, якія належалі яе бабулі, як самы дарагі ўспамін дзяцінства.
Ёсць у крычаўскай майстрыхі і невялікая калекцыя выцінанак. Самыя прыгожыя ў ёй – працы кітайскіх і літоўскіх майстроў, якія ўдалося прыдбаць Наталлі на міжнародных форумах народных творцаў.
Нагадаем, што мастацтва выцінанкі стала папулярным на тэрыторыі Беларусі ў канцы XIX – пачатку XX стагоддзя, як спосаб упрыгожвання жылля і было адноўлена як від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў канцы XX стагоддзя.
Фота :“Крычаўскае жыццё”.
Вось такія люкі ў цэнтры Крычава – фота
Адзін такі арыгінальны каналізацыйны люк знаходзіцца амаль на плошчы Леніна, побач з праваслаўнай Свята-Уваскрасенскай царквой. Вакол яго праваліўся асфальт, у дзіркі засунута галлё. Прычым люк не агароджаны і, натуральна, небяспечны для пешаходаў, бо пад нагамі ў любы час можа адваліцца яшчэ кавалак асфальту.

Іншы каналізацыйны люк хоць і агароджаны, але таксама небяспечны, бо зямля вакол яго асыпалася, а сам ён моцна нахіліўся. Люк, які абваліўся, знаходзіцца каля дарогі і побач з дамамі прыватнага сектару на ўзбочыне цэнтральнай вуліцы Камсамольскай.
Фота: mogilev media