У Магілёве пройдзе прэзентацыя кніг, надрукаваных шрыфтам Брайля

У цэнтральнай гарадской бібліятэцы Магілёва адбудзецца прэзентацыя серыі кніг сучасных беларускіх аўтараў у тыфлафармаце.

Для папулярызацыі твораў сучасных беларускіх пісьменнікаў у спецыяльным фармаце для чытання, даступным для невідушчых і людзей са слабым зрокам, у цэнтральнай гарадской бібліятэцы 21 лістапада а 12-й гадзіне пройдзе прэзентацыя шаснаццаці кніг, надрукаваных шрыфтам Брайля.

Гэтая калекцыя з’явілася дзякуючы ініцыятыве загадчыцы аддзела маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай працы Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя Карла Маркса Ірыны Пунчанка, якая атрымала спецыяльны грант на рэалізацыю сваёй ідэі.

На мерапрыемстве чытачы пазнаёмяцца з пісьменнікамі і ўдзельнікамі праекта.

Фота ілюстратыўнага характару з адкрытых крыніц.

У Крычаве з’явілася разметка для веласіпедыстаў і першая таблічка для сляпых

Новая аптэка № 160 пятай катэгорыі Магілёўскага ўнітарнага прадпрыемства “Фармацыя” нядаўна адкрылася ў Крычаве. Яна размешчана вельмі зручна – побач з аўтавакзалам і рынкам. Знаходзіцца аптэка на першым паверсе двухпавярховага цаглянага будынка. 

Пры ўваходзе ў фармацэўтычную краму размешчана таблічка з графікам работы і найменнем аптэкі, на якой пазначана інфармацыя таксама на шрыфце Брайля – рэльефна-кропкавы тактыльны шрыфт, прызначаны для чытання невідушчымі і людзьмі, якія дрэнна бачаць. 

У некаторых частках горада таксама з’явілася разметка на ходніках для раварыстаў, аднак пакуль такіх участкаў мала, каб казаць пра нейкую тэндэнцыю. Адзначым, што часцей ўладальнікі ровараў ездзяць у Крычаве па ўзбочыне праезджай часткі, пагэтаму пытаннне веласіпеднай зоны ў горадзе актуальна.  

Фота: mogilev.media