Паўплывайце на камунальнікаў. Чаму не прыбіраюць?

У Магілёў.media звярнуліся жыхары вуліцы імя Мянжынскага з просьбай прымусіць камунальнікаў прыбраць мясцовы сквер. Па іх словах мясціна, якую з цяжкасцю прывялі да ладу, цяпер пераўтвараецца ў сметнішча.

«Ля кожнай лаўкі поўная сметніца. Птушкі расцягваюць смецце, а вецер разносіць яго па скверы. Мы і не ведаем, ці ёсць у нас смецяры», – абураюцца жыхары.

Па словах аўтараў ліста кожны з іх тэлефанаваў у «Кантакт-цэнтр 115», але плёну ад гэтага няма. Супрацоўнікі выслухоўвалі, абяцалі даць рады і на гэтым гісторыя сканчалася. Некаторыя з жыхароў, пішуць чытачы, бяруць пакеты і самі збіраюць расцягнутыя і развеяныя адыходы.

Магілёўцы спадзяюцца, што даведаўшыся з «апазіцыйнай прэсы» пра іх клопат чыноўнікі адрэагуюць.

 

Магілёўшчына ачуньвае пасля навальніцы. Жыхары перажылі дужую залеву, пабачылі паваленыя дрэва і пастаялі ў заторах (фота)

Непагадзь 29 чэрвеня лютавала з гадзіну. За гэты час шквалісты вецер наламаў нямала дроў, а залева, нібы з вядра, ператварыла праезныя часткі дарог у рэкі.

bobruisk.ru

Сацыяльныя сеткі поўняцца фотаздымкамі з наступствамі навальніцы.

Паводле Міністэрства надзвычайных сітуацыяў яго супрацоўнікі 26 разоў выязджалі прыбраць паваленыя дрэвы. Імі было пашкоджана шэсць машын.

bobruisk.ru

У Бабруйску цуд уратаваў мясцовую жыхарку ад бяды. На машыну вятрыска паклаў вялікае дрэва. 

З аўтамабілю жанчыне ўдалося вылезці самастойна, але медыкі ўсё ж агледзелі яе. У шпіталізацыі патрэбы не было, піша газета «Вечерний Бобруйск».

Фота аўтара пад нікам “Карина”

У Магілёве дужы дождж дарогі ператварыў у рэкі. Шмат дзе ў горадзе аўтамабілісты пастаялі ў заторах. Выратавальнікі займаліся адпампоўваў вады з затопленых дамоў.

У архівах сыноптыкаў учорашні дзень адназначна знойдзе сабе месца.

 

Яшчэ троху і дэфіцыт бюджэту дацягне да мільярду. На пачатку ж году фіксавалася перавышэнне яго даходаў над расходамі

У Беларусі за май дэфіцыт нацыянальнага бюджэту вырас адразу на 877 млн рублёў.

Тэндэнцыя перавышэння расходнай часткі бюджэту над даходнай развіваецца паскоранымі тэмпамі, адзначае інтэрнэт-рэсурс Myfin.

Выданне, спасылаецца на звесткі Міністэрства фінансаў, і указвае, што дэфіцыт рэспубліканскага бюджэту складае 1,0122 млрд рублёў. На канец жа красавіка гэты паказчык даходзіў да 134,9 млн рублёў. А па выніках І кварталу наагул фіксаваўся прафіцыт у 672 млн рублёў.

Myfin піша, што даходы рэспубліканскага бюджэту за студзень-май склалі 10,967 млрд рублёў, ці 38,5% удакладненага гадавога плану. Пры гэтым расходная частка вырасла да 11,9792 млрд рублёў – 36,5%.

фота: belmarket.by

Літоўская чыгунка не мае намераў аднаўляць курсаванне цягнікоў з Вільнюсу ў Мінск

Прынамсі сёлета і ў наступным годзе.

«З 2020 году, калі пачалася пандэмія COVID-19, пасажырскія цягнікі між Вільнюсам і Мінскам былі спыненыя. З улікам усіх абставінаў у планы на 2023 год не ўваходзяць зносіны між сталіцамі Літвы і Беларусі», – тлумачыць прадстаўнік кампаніі LTG Link Катрына Дзікарайтэ.

Па яе словах, піша выданне Delfi, у кампанію Lietuvos gelezinkeliai зьвярнулася кіраўніцтва Беларускай чыгункі з прапановай аднавіць маршрут Вільнюс-Мінск.

Беларусь зацікаўленая ў аднаўленні пасажырскіх зносінаў з Літвой, Латвіяй і Польшчай, інфармавала ў сваім тэлеграм-канале Міністэрства транспарту.

«З палепшаннем эпідэміялагічнай сітуацыі і скасаваннем абмежаванняў на перасоўванне грамадзян Беларусь неаднаразова прапаноўвала аднавіць міжнародныя пасажырскія перавозкі, але безвынікова», – гаворыцца ў паведамленні ведамства.

Міністэрства транспарту ўказвае, што ў дапандэмійны час на перавозкі з Літвой, Латвіяй і Польшчай прыпадала 20 працэнтаў усіх міжнародных зносінаў краіны, што гаворыць аб іх запатрабаванасці, як у беларусаў, так і грамадзян краінаў-суседак.

 

У Магілёве паявіўся новы мурал – летуценнае дзяўчо ад вядомага стрыт-арт мастака MUTUSа

Арт-аб’ект з’явіўся на вуліцы Камсамольскай, насупраць прыпынка “Драматычны тэатр”.

Як паведамляюць “Магілёўскія ведамасці”, новы мурал створаны ў межах праекта “Дамы”. Гэты праект стартаваў яшчэ ў 2021 годзе і мае на мэце стварэнне шэрагу насценных роспісаў у Магілёве. 

Мурал на Камсамольскай гораду падарыў вядомы пінскі стрыт-арт мастак Яўген Сасюра, які цяпер пастаянна жыве ў Мінску. У Магілёве ўжо ёсць іншыя яго працы – каля абласной бібліятэкі, Мінскага рынку.

Мурал Яўгена MUTUS Сасюры на вул. Ленінскай, 50 у Магілёве

Фота ўзята з інстаграма мастака

Маліна па 100 рублёў за кілаграм – фотафакт ад чытачоў

Паводле сведчання чытачоў Магілёў.media, у магілёўскай сетцы гіпермаркетаў “Суседзі” ў продажы паявілася свежая маліна па завоблачных коштах. 

За 125-грамовы пакунак давядзецца заплаціць амаль 13 рублёў, за 250-грамовы – амаль 25. Кошт ласунка за кілаграм сягае ад 99 да 103 рублёў.

Астранамічныя цэны на маліну тлумачацца тым, што яна яшчэ не саспела на Магілёўшчыне, хоць тут ужо самы час збіраць іншыя дарункі лесу – грыбы, суніцы. Магілёўскай маліны пакуль не сустрэць на Мінскім рынку.

У Магілёве затрымалі падазраванага на серыю крадзяжоў у краме

Як паведамляюць Магілёў.media чытачы, эпізод затрымання адбыўся ў краме па вуліцы Крупскай днём 30 чэрвеня. Прадавачкі зачынілі дзверы на выхад і разам з аховай утрымлівалі аднаго з наведвальнікаў да прыбыцця нараду міліцыі. 

Адзін з наведвальнікаў, паводле іх сведчанняў, ажыццявіў крадзёж у гандлёвай зале. Прычым за ім сачылі – ранейшы прагляд камер відэаназірання паказаў, што за дзень да таго мужчына ўжо трапіў пад падазрэнне службы аховы ў незаконным вынасе тавару.

У Магілёве забурыўся абеліск, пастаўлены ў памяць аб ахвярах Халакосту

На яго абрынулася падчас учорашняй навальніцы дрэва і ён разваліўся на часткі. Павалены стыхіяй помнік паставілі за савецкім часам на цэнтральнай алеі яўрэйскіх могілках.

Помнік стаіць на магіле, у якой былі перапахаваныя па сканчэнні Другой сусветнай вайны парэшткі расстраляных нацыстамі яўрэяў. Пад ім спачываюць 2 тысячы загінулых «савецкіх грамадзян». Іхная нацыянальнасць не згадваецца.

Паваленыя шквальным ветрам дрэвы пашкодзілі нямала іншых пахаванняў.

Старой частцы габрэйскіх могілак нададзены статус «гісторыка-мэмарыяльнага месца пахавальня». Актывісты мясцовай яўрэйскай грамады на ахвяраванні аднаўляюць пашкоджаныя часам і людзьмі тутэйшыя надмагіллі.

Габрэйскія могілкі займаюць 6,6 гектара. Гістарычная частка ахоплівае траціну гэтай плошчы.

 

 

У Маскве адкрылі крэматорый з фуршэтам, песнямі, танцамі, шашлыкамі і запрошанымі артыстамі

Так адзначалі службоўцы адкрыццё першага ў Расіі прыватнага крэматорыя з устаноўленай у ім крэмацыйнай печчу «цалкам расійскай вытворчасці». Удзельнікі бедавалі, што скончылася пандэмія каранавірусу і паменела нябожчыкаў.

На ўрачыстасць звярнула ўвагу газета «Известие». Паводле яе, на адкрыццё крэматорыя былі запрошаныя супрацоўнікі службы гораду. Удзельнікі здымалі гулянку на відэа і яно трапіла выданню.

Газета піша, што на кадрах зафіксаваная афіцыйная частка сустрэчы, на якой лідары рынку рытуальных паслугаў абмяркоўваюць перспектывы галіны на фоне зніжэння смяротнасці ў сувязі са сканчэннем пандэміі каранавірусу.

На святочную частку былі запрошаныя артысты, які зазывалі ўдзельнікаў на танцпол. На відэа паказана, што вечарынка праходзіла ў шатрах, проста насупраць уваходу ў крэматорый.

Крэматорый месціцца ў Падмаскоўі і называецца «Каменный цветок». У ім чатыры рытуальныя камеры і памяшканні для развітання з нябожчыкамі. Ёсць пакой, у якім можна назіраць за крэмацыяй.

фота: iz.ru

У Магілёве не зважаючы на спёку дзяцей сабралі на рэпетыцыю ўрачыстасці да Дня рэспублікі

Рэпетыцыя праходзіць на плошчы Адзінства, насупраць будынку гарвыканкаму. У 2020 годзе яна была эпіцэнтрам пратэстнай актыўнасці. Год таму яе назвалі – плошчай Адзінства. Цяпер на ёй праводзяць афіцыйныя імпрэзы.

На плошчы арганізатары святочнага мерапрыемства сабралі дзясяткі маладых людзей. Многія з іх непаўналетнія. У перапынках ад спёкі дзеці ратуюцца ў ценю дрэваў. Распалены сонцам брук павялічвае тэмпературу паветра і знаходжанне на плошчы становіцца выпрабаваннем для маладога арганізму. Арганізаванай дастаўкі вады няма.

У 2019 годзе на рэпетыцыя тэатральнай пастаўкі, прысвечанай падзеям Другой сусветнай вайны, некалькім школьнікам зрабілася кепска. Пасля гэтага на месца рэпетыцыі сталі прывозіць ваду і арганізавалі дзяжурства хуткай дапамогі.