У мястэчку Копысь, што ў Аршанскім раёне, на самай мяжы з Магілёўшчынай, Янка Купала перабываў пакуль у недалёкіх адсюль Ляўках, узводзілі яму дачу. Там цяпер філіял Дзяржаўнага літаратурнага музею.
У Копысі бюст Івана Луцэвіча паставілі непадалёк ад месца, дзе было яго часовае прыстанішча. У мястэчку школа названая ў гонар Янкі Купалы.
Яшчэ Копысь вядомая тым, што ў мясцовай больніцы нарадзіўся Аляксандр Лукашэнка. Яго родныя мясціны праз Дняпро. Непадалёк узведзеная рэзідэнцыя.
Жыхары Копысі кажуць, што Лукашэнка не прамінае адведваць мястэчка. Паводле іх, ён часта бывае ля лякарні. Цяпер дарогай да яе будзе бачыць Янку Купалу.
NATO заклікае паважаць рашэнне балгарскага ўраду. Прэс-сакратар арганізацыі Іаана Лунгеску адзначае, што ў альянсе салідарны з Балгарыяй.
Па словах Лунгеску саюзнікі катэгарычна асуджаюць спробы Расіі ўмешвацца ў дэмакратычныя працэсы і інстытуты, а таксама замах на бяспеку еўрапейскіх грамадзян.
Паводле балгарскага боку прычынай выдварэнне з краіны прадстаўнікоў расійскай амбасады стала абвінавачванне іх ў працы на спецслужбы Расіі. Балгарскі ўрад настойвае, што іх дыпламатычная дзейнасць была прыкрыццём шпіёнскай.
Амбасадар Расіі Элеанора Мітрафанава, у сваю чаргу, падала ў МЗС Балгарыі ноту з пратэстам адносна выдварэння дыпламатаў. Яна прыгразіла: калі рашэнне ўраду не будзе адмененае да 1 ліпеня, то дыпламатычнае прадстаўніцтва Расіі будзе зачыненае.
Калі тэрмін ўльтыматуму сышоў, кіраўніца дыпламатычнай місіі заявіла, што звернецца да кіраўніцтва Расіі з прапановай закрыць амбасаду. Гэта адбылося пасля таго як яе нота ў МЗС Балгарыі была праігнараваная.
«Адказнасць за далейшыя наступствы гэтага кроку цалкам ляжыць на ўрадзе Кірыла Пяткава», – гаворыцца ў пазіцыі, апублікаванай на сайце расійскай амбасады.
Тым часам, расійская прэса піша пра пратэсты ў Балгарыі ў сувязі з высылкай дыпламатаў. Адзначаецца, што нязгодныя з рашэннямі ўладаў сабраліся ля будынку дыпламатычнай місіі, а таксама ля храма-памятніка Аляксандра Неўскага і патрабуюць ад ураду перагледзець сваю пазіцыю.
Парад «Мая калыска – проста казка» арганізавалі на падворку мясцовай школы №6.
У традыцыйнай імпрэзе ўдзельнічалі больш за тры дзясяткі дзіцячых вазкоў.
Былі на парадзе і спаборніцтвы. Пераможцы вызначаліся ў забегу з вазкамі.
А таксама ў намінацыях: «У гасцях у казкі», «Алімпійскія гульні», «Падводны свет», «Нацыянальны каларыт», «Рэтравазок», «Дзівамабіль», «Шчасця шмат не бывае».
Дзіцячая пляцоўка з забавамі з’явілася ў пасёлку, які магілёўцы называюць Дачным. Ён на ўскрайку гораду, побач з Пячэрскім лесапаркам.
Гульнявых дзіцячых пляцовак тут не было ніколі. Бацькі з дзецьмі хадзілі ў лес, альбо на школьны двор. Маглі завітаць на тэрыторыю дзіцячага садка, калі іх туды пускалі.
Мясцовыя жыхары кажуць, што звярталіся да прадстаўнікоў улады, каб тыя знайшлі месца для гульнявога кутка і ўпарадкавалі яго. Два месяцы таму пачалося будаўніцтва.
Цяпер на мясціне, дзе пасвілі коз, стаяць коўзанкі, арэлі і іншыя забавы. Ёсць пляцоўкі для валейболу і баскетболу.
Ратавальнікі на пажары выязджалі чатыры разы ў апошні дзень чэрвеня. Страху нацярпеліся жыхары Бабруйску, Быхава, Шклова ды Клічаўскага раёну.
У Бабруйску з неўстаноўленай пакуль прычыны загарэлася нежылая двухпакаёвая кватэра. Пашкоджаная маёмасць, сцены і перакрыцці. У кватэру быў вольны доступ.
У Быхаве загарэўся прыпаркаваны легкавік. Пажарам знішчаны салон аўтамабілю.
Меркаваная прычына пажару – парушэнне правілаў эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання: кароткае замыканне электраправодкі, піша газэта «Сб. Беларусь сегодня».
У Клічаўскім раёне ля вёскі Колбча пажар знішчыў 36 тон сена ў рулонах, пашкодзіў паветку. Пацярпелых няма, прычына ўзгарання высвятляецца.
Міністэрства эканомікі тлумачыць, што конкурс праводзіцца для стварэння лагатыпу і іміджавага слогану нацыянальнага брэнду беларускай прадукцыі.
«Белта» піша, што журы разгледзела «130 цікавых творчых ідэяў», а яшчэ 280 конкурсных работ «у працэсе апрацоўкі».
Як вынікае з паведамлення на сайце Міністэрства эканомікі вызначаць пераможцаў будуць дзяржаўныя службоўцы.
Арганізатарамі конкурсу выступаюць Міністэрства эканомікі, Міністэрства інфармацыі і Другі нацыянальны тэлеканал. Апякуецца конкурсам працоўная група, у склад якой уваходзяць прадстаўнікі арганізатараў конкурсу, а таксама прадстаўнікі іншых зацікаўленых дзяржаўных органаў і арганізацый.
Журы конкурсу вызначаецца рашэннем працоўнай групы. У выпадку неабходнасці да журы могуць далучыць экспертаў.
Рашэнне «Белпошты» набудзе моц 4 ліпеня. Згодна з ім у паштовых аддзяленнях возьмуць 15 % ад сумы наяўных грашовых сродкаў міжнароднага пераводу, які будуць выдаваць, ці пералічваць.
Плата не будзе спаганяцца пры выдачы міжнародных грашовых пераводаў, якія лічацца сацыяльна значнымі не гандлёвымі плацяжамі, піша інфармацыйнае агенцтва «Белта».
У гэтым выпадку атрымальнік мае прад’явіць арыгінал дакументу, які пацвярджае прыналежнасць пераводу да сацыяльна значнага плацяжу. Або, паказаць на пошце завераную ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку копію.
На нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікаваныя змены, унесеныя ў Закон «Аб зваротах грамадзян». Новаўвядзенні закранулі парадак ажыццяўлення чыноўнікамі прыёму грамадзян, а таксама рэагавання службоўцаў на лісты грамадзян.
Згодна з новымі нормамі грамадзянін на прыёме ў чыноўніка без яго згоды не мае права выкарыстоўваць тэхнічныя сродкі. Да іх аднесеныя аўдыё- і-відэазапіс, кіна-і-фотаздымкі. У выпадку, калі наведнік адмаўляецца спыніць іх выкарыстанне яго выправадзяць з кабінету.
Таксама службоўцы, калі набудуць моц унесеныя праўкі, не будзе гаварыць з грамадзянінам без прад’яўлення ім дакументаў, якія пацвярджаюць яго асобу.
Новаўвядзенні не дазваляюць грамадзяніну гаварыць з чыноўнікам з ужываннем не цэнзурнай лексікі.
Застанецца грамадзянін без адказу на свой зварот, калі яму ў папярэдніх далі вычарпальны адказ.
Не будуць рэагаваць на ягоныя лісты, калі яны ўтрымліваюць пагрозы, ці грамадзянін злоўжывае сваім правам на зварот да чыноўніка.
Зменены Закон набудзе моц праз шэсць месяцаў па афіцыйным яго апублікаванні.
Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці
Рух параднёных гарадоў паўстаў падчас Другой сусветнай вайны. Дзеля супрацоўніцтва ў інтарэсах міру і дабрабыту ў 1942 годзе сяброўскія адносіны наладзілі пацярпелыя ад наступстваў вайны Кавэнтры (Вялікая Брытанія) і Сталінград (СССР). У красавіку 1957 года была заснавана Сусветная федэрацыя параднёных гарадоў. Паводле яе статуту мэта руху гарадоў пабрацімаў – развіццё супрацоўніцтва паміж народамі незалежна ад іх расы, мовы, рэлігіі і палітычнай сістэмы. Параднёныя гарады абменьваюцца досведам у эканамічнай, культурнай, гуманітарных сферах, а таксама самакіраванні, чым умацоўваюць давер між грамадзянамі.
Мікалаеў, Украіна
Пабрацімства з Магілёвам замацаванае дамовай у 2009 годзе. 31 мая 2022 году мэр Мікалаева заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай. Магілёў. media працягне сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.
Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян. Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».
Раніцай 1 ліпеня расіяне атакавалі Мікалаеў ракетамі.
У горадзе зафіксаваныя прынамсі дзесяць выбухаў. Звесткі пра пацярпелых адсутнічаюць.
Паводле старшыні абласной ваеннай адміністрацыі Віталія Кіма адна ракета пацэліла ў мясцовае прадпрыемства. Адну ўдалося збіць сістэме супрацьпаветранай абароны.
Віталій Кім піша ў сваім тэлеграм-канале, што напад зведалі і паселішчы вобласці. Там таксама абышлося без ахвяраў.
Колькасць мірных жыхароў, якія загінулі 29 чэрвеня ад пападання ракеты ў шматкватэрны жылы дом, павялічылася да сямі.
Пра тое паведамляевыданне Українськi навіни, спасылаючыся на Дзяржаўную службу па надзвычайных сітуацыях.
З-пад завалаў дасталі цела 21-гадовай дзяўчыны. Цяпер колькасць забітых складае 7 чалавек і 6 параненых.
vgolos.ua
Выданне нагадвае, што 28 чэрвеня, расійскія вайскоўцы атакавалі Ачакаў. Там загінулі тры чалавекі, сярод іх дзіця.
Адзінаццаць найбуйнейшых прадпрыемстваў Мікалаеўскай вобласці вымушана спынілі працу пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Ўкраіну.
Як кажа старшыня абласной ваеннай адміністрацыі Віталій Кім расіяне першымі атакавалі ключавыя, сучасныя прадпрыемствы рэгіёну, піша мультымедыйны партал «УКРІНФОРМ».
static.ukrinform.com
Па словах урадоўцы, многія малыя прадпрыемствы эвакуяваліся ў больш бяспечныя рэгіёны, але буйныя гэтага не зрабілі, бо вываз абсталявання займае шмат часу.
Выданне нагадвае, што ад 24 лютага і па стане на 30 чэрвеня Расія знішчыла ў Мікалаеўскай вобласці 4148 жылых дамоў.
Даўгаўпілс, Латвія
Горад пабрацім Бабруйску. У 2018 годзе ў Даўгаўпілсе жыло 90 399 жыхароў. У ім месціцца консульства Рэспублікі Беларусь. Дзеіць цэнтр беларускай культуры. Знаходзіцца ён у латвійскім рэгіёне Латгале, якая мяжуе з Беларуссю. Даўгаўпілс за 30 кіламетраў ад мяжы. Беларуская назва гораду Дзвінск.
У Латвіі збіраюцца дэмантуюць 70 помнікаў, якія ўслаўляюць савецкі рэжым і акупацыю краіны.
Эксперты, якія складалі спіс помнікаў, заяўляюць, што яго можна будзе папаўняць. Яны кажуць, што ўжо за савецкай уладай такія аб’екты былі закінутыя, параслі травой, хмызняком, або зніклі ў лесе, піша выданне Рress.
press.lv
Парламент краіны 16 чэрвеня прыняў закон «Аб забароне на экспанаванне аб’ектаў, якія ўслаўляюць савецкі і нацысцкі рэжымы, і іх дэмантажы на тэрыторыі Латвійскай Рэспублікі». Ён прадугледжвае знос такіх абʼектаў да 15 лістапада. На працягу лета спіс абʼектаў, якія дэмантуюцца, павінен вызначыць урад. А затым прыме рашэнне на аснове рэкамендацый спецыялістаў па культурнай спадчыне.
Тым часам, Даўгаўпілская дума аспрэчыць дэмантаж савецкіх помнікаў у Канстытуцыйным судзе.
На яе погляд закон «Аб забароне экспанавання абʼектаў, якія ўслаўляюць савецкі і нацысцкі рэжым, і іх дэмантажы на тэрыторыі Латвійскай Рэспублікі» варта спраўдзіць на яго адпаведнасць канстытуцыі краіны. Дума лічыць, што шэраг нормаў супярэчыць асноўнаму закону, піша выданне Delfi.
«Лічым, што закон парушае палажэнне аб фінансавай аўтаноміі самакіраванняў, бо дзяржава груба ўмешваецца ва ўжо зацверджаны гарадскі бюджэт і не выдзяляе фінансавання для рэалізацыі патрабаванняў закона. А з самакіраваннем не праводзіліся ніякія кансультацыі аб магчымасцях выканання закона», – патлумачыў кіраўнік думы Андрэй Элксніньш.
«Акрамя таго, адзначае ён, незразумелыя крытэры выбару абʼектаў, якія падлягаюць зносу, паколькі, на наш погляд, у Даўгаўпілсе няма помнікаў, якія ўслаўляюць савецкі рэжым, але ёсць помнікі і мемарыяльныя абʼекты ў гонар загінулых у Другой сусветнай вайне салдат, якія вызвалілі свет ад нацызму».
Клайпеда, Літва
8 сакавіка 1997 году падпісаная дамова аб аднаўленні пабрацімскіх сувязяў літоўскага гораду з Магілёвам. Месціцца на захадзе краіны і з’яўляецца портам на Балтыйскім моры. Насельніцтва 160 тысяч чалавек.
Парламент Літвы ўхваліў рэформу сістэмы аховы здароўя.
Палітыкі спадзяюцца, што дзякуючы закладзеным нормам жыхары будуць атрымліваць больш амбулаторных паслуг па месцы жыхарства і знізіцца працэнт выпадкаў шпіталізацыі.
Рэформа нацыянальнай аховы здароўя будзе трываць цягам 5 гадоў. На яе фінансаванне выдзелілі 710,9 млн. еўра з дапамогі Еўрапейскага Саюзу і бюджэтаў муніцыпалітэтаў, паведамляе выданне Delfi.
Апазіцыя настойвае, што «кіроўная большасць бульдозерам прапіхвае рэформу, душыць сістэму аховы здароўя – «едзе» па сямейных урачах і пацыентах».
g3.dcdn.lt
Калі новаўвядзенні абмяркоўвалася ў парламенце, сямейныя ўрачы пратэставалі. Яны непакояцца, што стануць звычайнымі адміністратарамі, бо пацыенты самі будуць вырашаць, да якога спецыяліста ім ісці.
Габрава, Балгарія
Найдаўнейшы пабрацім Магілёва. Дамова аб супрацоўніцтве была падпісана ў 1988 годзе. У 200-ым былі адноўленыя пабрацімскія сувязі. У Магілёве праспект названы Габраўскім. Адзін з рэстаранаў называецца Габрава. Габрава месціцца ў цэнтры краіны. Насельніцтва-55 тысяч чалавек. Ён лічыцца балгарскай сталіцай гумару. Ёсць у ім Дом гумару і сатыры. Ладзяцца фестывалі гумару.
Амбасадар Расіі Элеанора Мітрафанава падала ў МЗС ноту з пратэстам адносна выдварэння з Балгарыі 70 расійскіх дыпламатаў. Яна прыгразіла: калі рашэнне ўраду не будзе адмененае да пятніцы, то дыпламатычнае прадстаўніцтва Расіі будзе зачыненае, паведамляевыданне Іnformo.bg.
Расійскіх дыпламатаў высылаюць з Балгарыі праз абвінавачванні ў працы на спецслужбы сваёй краіны. Урадоўцы лічаць, што імі дыпламатычны статус выкарыстоўваўся для прыкрыцця.
У Балгарыі людзі з інваліднасцю скардзяцца на вялікія фінансавыя затраты, звязаныя з афармленнем заяўкі на праекты ў рамках Нацыянальнай праграмы даступнага жылля і асабістай мабільнасці.
Праца над канцэптуальным праектам каштуе каля 1500 леваў (800 долараў ЗША).
Амбудсмен Дыяна Ковачава заявіла Міністру сацыяльных спраў, што недапушчальна, каб людзі з абмежаванымі магчымасцямі за даступнае для сябе асяроддзе плацілі грошы, паведамляе выданне Іnformo.bg.
«Я лічу недапушчальным, каб удзел у Праграме суправаджаўся неабходнасцю ўкладання асабістых сродкаў на падрыхтоўку інвестыцыйных планаў, дзякуючы якім людзі з інваліднасцю могуць карыстацца сваім правам на доступ да жылога асяроддзя», – адзначае яна.
Яна ўказвае, што для грамадзянаў, якія знаходзяцца ў цяжкім сацыяльным становішчы і не маюць падтрымкі на пакрыццё выдаткаў, звязаных з распрацоўкай інвестпраекта, сацыяльная Праграма ставіцца недаступнай.
На яе думку ўразлівы характар мэтавай групы Праграмы патрабуе максімальнага змякчэння ўмоваў падачы заявак і вызвалення ад залішніх выдаткаў.
1 ліпеня 1569 года ўтворана Рэч Паспалітая – федэратыўнае аб’яднанне дзвюх дзяржаў: Кароны Польскай і Вялікага Княства Літоўскага.
Зацверджана на агульным сойме Кароны Польскай і Вялікага Княства Літоўскага. У беларускай гістарыяграфіі падзея вядомая, як Люблінская ўнія.
Акт Люблінскай уніі быў аформлены ў выглядзе прывілею-дамовы, зацверджанага пастановай Люблінскага сейма.
Тэкст акту быў падрыхтаваны ў двух экзэмплярах. Адзін замацаваны пячаткамі польскіх феадалаў, другі – пячаткамі феадалаў Княства. Пасля падпісання бакі памяняліся актамі.
Унія была заключана, калі Вялікае Княства Літоўскае знаходзілася ў цяжкім становішчы, абумоўленага Лівонскай вайной. Маскоўская дзяржава тады прэтэндавала на ўсходнія землі краіны.
wikimedia.org
1 ліпеня 1751 года ў Францыі пабачыў свет першы том першай у свеце «Энцыклапедыі».
Ініцыятар выдання кнігавыдавец Луі Брэтон, кіраўнік праекта – Дэні Дзідро (прысвяціў «Энцыклапедыі» 25 гадоў жыцця).
Асноўны корпус «Энцыклапедыі» склалі 35 тамоў: 17 тамоў тэксту (60 тысяч артыкулаў) і 11 тамоў ілюстрацый да тэксту.
Першая ўніверсальная «Беларуская савецкая энцыклапедыя» выдавалася ў 1969–1975 гадах, а 18-томавая «Беларуская энцыклапедыя» у 1996–2004 гадах.
yams.kufar.by
1 ліпеня 1812 года ўтвораны Часовы ўрад Вялікага Княства Літоўскага.
Паўстаў з падтрымкі французскага войска. Дзейнічаў да канца 1812 году.
Палітычная арганізацыя і адміністрацыйна-тэрытарыяльнае ўладкаванне занятых французскім войскам тэрыторыяў уніфікавалася па аналогіі з дзяржаўным ладам напалеонаўскае імперыі.
Часоваму ўраду падпарадкоўваліся цэнтральныя, рэгіянальныя і мясцовыя органы грамадзянскай адміністрацыі. Была арганізавана структура муніцыпальнага (гарадскога) самакіравання, сістэма вайскова-адміністрацыйнага кіравання.
Напалеон не аднавіў польскую дзяржаўнасць у былых польска-літоўскіх землях. Ён паставіў на заваяваных тэрыторыях часавую адміністрацыю, тым самым адклаўшы прыняцце канчатковага рашэння да поўнай перамогі над Расіяй.
novychas.online
1 ліпеня 1921 года зацверджаны статут Таварыства беларускай школы.
Падзея адбылася ў Вільні.
Таварыства адкрывала і ўтрымлівала народныя школы і дамы, курсы, настаўніцкія семінары, чытальні-бібліятэкі, выдавала часопісы, падручнікі і іншую літаратуру, займалася канцэртнай дзейнасцю.
Выступала супраць паланізацыі, сацыяльнага прыгнёту, абуджала нацыянальную свядомасць беларусаў.
У найноўшай гісторыі Таварыства беларускай мовы было адноўлена ў 1996 годзе як грамадскае аб’яднанне. Дзейнічала да 2021 года.
wikimedia.org
1 ліпеня 1927 года нарадзілася Зора Кіпель.
Беларуская грамадская дзяячка беларускай эміграцыі ў ЗША. Літаратуразнаўца, публіцыстка.
У 1936-1941 гадах жыла ў Крычаве. Скончыла Беларускую гімназію імя Я. Купалы. Універсітэты ў Рэгенсбургу, Цюбінгенскі, Лювенскі, Ратгерскі.
Адна з ініцыятараў увядзення камп’ютарнай каталагізацыі ў бібліятэчнай сістэме ЗША.
Рэдактар газеты «Беларус», член Рады БНР, аўтар «Бібліяграфія беларускага і беларусаведнага друку на Захадзе», твораў па гісторыі Беларусі, літаратуры, асвеце.
radabnr.org
1 ліпеня 1941 года пачалося фармаванне магілёўскага народнага апалчэння. Доўжылася да 12 ліпеня.
Створана з асобаў не прызыўнога ўзросту пад кіраўніцтвам ваеннага камісара вобласці І. Ваяводзіна ў складзе палка і 14 батальёнаў – 12 тысяч чалавек. Апалчэнне бараніла Магілёва ад гітлераўцаў.
У 1974 г. у абласным цэнтры з’явілася вуліца Народнага апалчэння. Знаходзіцца ў мікрараёне Юбілейны.
peramoga.belta.by
1 ліпеня 1974 года адбыўся першы афіцыйны візіт прэзідэнта ЗША Рычарда Ніксана ў Беларусь.
Госця прынялі ва ўрадавай рэзідэнцыі «Заслаўе». Ніксан азнаёміўся з горадам, усклаў вянок да манумента на плошчы Перамогі, наведаў мемарыяльны комплекс «Хатынь».
Падчас абеду ў тосце ён ушанаваў подзвіг беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Разгадаў хітрыкі савецкіх палітыкаў: замест Катыні, яго прывезлі ў Хатынь.
15 студзеня 1994 году незалежную Беларусі наведаў яшчэ адзін прэзідэнт ЗША Блін Клінтан.
nashaniva.com
1 ліпеня 2016 года ў Беларусі адбылася дэнамінацыя нацыянальнай валюты і былі ўведзены новыя грашовыя знакі ўзору 2009 года. Зʼявіліся манеты.
Афіцыйна было абвешчана, што дэнамінацыя прынята для далейшага ўдасканалення грашовага абарачэння, спрашчэння ўліку і разлікаў у краіне, падтрымання аптымальнай купюрнай будовы грашовай масы. Працэс дэнамінацыі, даводзілі ўрадоўцы, не паўплывае на пакупную здольнасць рубля, курс нацыянальнай валюты адносна замежных, фактычны ўзровень інфляцыі.
belpatriot.by
У публікацыі выкарыстаная інфармацыя з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых крыніц