Сітуацыя ў Балгарыі. NATO лічыць высылку расійскіх дыпламатаў суверэнным рашэннем. Амбасадар Расіі страшыць закрыццём дыпмісіі

NATO заклікае паважаць рашэнне балгарскага ўраду. Прэс-сакратар арганізацыі Іаана Лунгеску адзначае, што ў альянсе салідарны з Балгарыяй.

Па словах Лунгеску саюзнікі катэгарычна асуджаюць спробы Расіі ўмешвацца ў дэмакратычныя працэсы і інстытуты, а таксама замах на бяспеку еўрапейскіх грамадзян.

Паводле балгарскага боку прычынай выдварэнне з краіны прадстаўнікоў расійскай амбасады стала абвінавачванне іх ў працы на спецслужбы Расіі. Балгарскі ўрад настойвае, што іх дыпламатычная дзейнасць была прыкрыццём шпіёнскай.

Амбасадар Расіі Элеанора Мітрафанава, у сваю чаргу, падала ў МЗС Балгарыі ноту з пратэстам адносна выдварэння дыпламатаў. Яна прыгразіла: калі рашэнне ўраду не будзе адмененае да 1 ліпеня, то дыпламатычнае прадстаўніцтва Расіі будзе зачыненае.

Калі тэрмін ўльтыматуму сышоў, кіраўніца дыпламатычнай місіі заявіла, што звернецца да кіраўніцтва Расіі з прапановай закрыць амбасаду. Гэта адбылося пасля таго як яе нота ў МЗС Балгарыі была праігнараваная.

«Адказнасць за далейшыя наступствы гэтага кроку цалкам ляжыць на ўрадзе Кірыла Пяткава», – гаворыцца ў пазіцыі, апублікаванай на сайце расійскай амбасады.

Тым часам, расійская прэса піша пра пратэсты ў Балгарыі ў сувязі з высылкай дыпламатаў. Адзначаецца, што нязгодныя з рашэннямі ўладаў сабраліся ля будынку дыпламатычнай місіі, а таксама ля храма-памятніка Аляксандра Неўскага і патрабуюць ад ураду перагледзець сваю пазіцыю.

фота: rus.bg

Фінляндыя і Швецыя афіцыйна запрошаныя ў NATO. Расія прызнана пагрозай для альянсу

Фінляндыя і Швецыя атрымалі запрашэнні пасля падпісання з Турцыяй мемарандуму аб вырашэнні законных праблемаў бяспекі.

Турцыя блакавала ўступленне ў альянс Фінляндыі і Швецыі, бо тыя падтрымлівалі Рабочую партыю Курдыстану, якая ў Турцыі прызнаная тэрарыстычнай групоўкай. Турэцкі бок настойваў, каб патэнцыйныя партнёры па Альянсе экстрадзіравалі абвінавачаных у тэрарызме мігрантаў на радзіму.

Запросіны ў альянс Фінляндыі і Швецыі адбыліся на саміце NATO у Мадрыдзе. Там жа быў зацверджаны новы пакет дапамогі Ўкраіне, які ўключае паскарэнне паставак несмяротнага ўзбраення, узмацненне кібэрабароны і мадэрнізацыю абароннай прамысловасці.

У новай стратэгічнай канцэпцыі альянсу Расія названая «самай сур’ёзнай і прамой пагрозай» бяспецы NATO.

фота: nato.int