Мікалаеў зноў атакаваны. Ахвяраў з разбуранага ракетай дому напярэдадні стала больш. Расія пагражае закрыць амбасаду ў Балгарыі. Дума Даўгаўпілсу паскардзілася ў канстытуцыйны суд на дзяржаву


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці


Рух параднёных гарадоў паўстаў падчас Другой сусветнай вайны. Дзеля супрацоўніцтва ў інтарэсах міру і дабрабыту ў 1942 годзе сяброўскія адносіны наладзілі пацярпелыя ад наступстваў вайны Кавэнтры (Вялікая Брытанія) і Сталінград (СССР). У красавіку 1957 года была заснавана Сусветная федэрацыя параднёных гарадоў. Паводле яе статуту мэта руху гарадоў пабрацімаў – развіццё супрацоўніцтва паміж народамі незалежна ад іх расы, мовы, рэлігіі і палітычнай сістэмы. Параднёныя гарады абменьваюцца досведам у эканамічнай, культурнай, гуманітарных сферах, а таксама самакіраванні, чым умацоўваюць давер між грамадзянамі.


Мікалаеў, Украіна

Пабрацімства з Магілёвам замацаванае дамовай у 2009 годзе. 31 мая 2022 году мэр Мікалаева заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай. Магілёў. media працягне сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян. Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».


 Раніцай 1 ліпеня расіяне атакавалі Мікалаеў ракетамі. 

У горадзе зафіксаваныя прынамсі дзесяць выбухаў. Звесткі пра пацярпелых адсутнічаюць.

Паводле старшыні абласной ваеннай адміністрацыі Віталія Кіма адна ракета пацэліла ў мясцовае прадпрыемства. Адну ўдалося збіць сістэме супрацьпаветранай абароны.

Віталій Кім піша ў сваім тэлеграм-канале, што напад зведалі і паселішчы вобласці. Там таксама абышлося без ахвяраў.

Колькасць мірных жыхароў, якія загінулі 29 чэрвеня ад пападання ракеты ў шматкватэрны жылы дом, павялічылася да сямі.

Пра тое паведамляе выданне Українськi навіни, спасылаючыся на Дзяржаўную службу па надзвычайных сітуацыях.

З-пад завалаў дасталі цела 21-гадовай дзяўчыны. Цяпер колькасць забітых складае 7 чалавек і 6 параненых.

vgolos.ua

Выданне нагадвае, што 28 чэрвеня, расійскія вайскоўцы атакавалі Ачакаў. Там загінулі тры чалавекі, сярод іх дзіця.

Адзінаццаць найбуйнейшых прадпрыемстваў Мікалаеўскай вобласці вымушана спынілі працу пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Ўкраіну.

Як кажа старшыня абласной ваеннай адміністрацыі Віталій Кім расіяне першымі атакавалі ключавыя, сучасныя прадпрыемствы рэгіёну, піша мультымедыйны партал «УКРІНФОРМ».

static.ukrinform.com

Па словах урадоўцы, многія малыя прадпрыемствы эвакуяваліся ў больш бяспечныя рэгіёны, але буйныя гэтага не зрабілі, бо вываз абсталявання займае шмат часу.

Выданне нагадвае, што ад 24 лютага і па стане на 30 чэрвеня Расія знішчыла ў Мікалаеўскай вобласці 4148 жылых дамоў.


Даўгаўпілс, Латвія

Горад пабрацім Бабруйску. У 2018 годзе ў Даўгаўпілсе жыло 90 399 жыхароў. У ім месціцца консульства Рэспублікі Беларусь. Дзеіць цэнтр беларускай культуры. Знаходзіцца ён у латвійскім рэгіёне Латгале, якая мяжуе з Беларуссю. Даўгаўпілс за 30 кіламетраў ад мяжы. Беларуская назва гораду Дзвінск.


У Латвіі збіраюцца дэмантуюць 70 помнікаў, якія ўслаўляюць савецкі рэжым і акупацыю краіны.

Эксперты, якія складалі спіс помнікаў, заяўляюць, што яго можна будзе папаўняць. Яны кажуць, што ўжо за савецкай уладай такія аб’екты былі закінутыя, параслі травой, хмызняком, або зніклі ў лесе, піша выданне Рress.

press.lv

Парламент краіны 16 чэрвеня прыняў закон «Аб забароне на экспанаванне аб’ектаў, якія ўслаўляюць савецкі і нацысцкі рэжымы, і іх дэмантажы на тэрыторыі Латвійскай Рэспублікі». Ён прадугледжвае знос такіх абʼектаў да 15 лістапада. На працягу лета спіс абʼектаў, якія дэмантуюцца, павінен вызначыць урад. А затым прыме рашэнне на аснове рэкамендацый спецыялістаў па культурнай спадчыне.

Тым часам, Даўгаўпілская дума аспрэчыць дэмантаж савецкіх помнікаў у Канстытуцыйным судзе.

На яе погляд закон «Аб забароне экспанавання абʼектаў, якія ўслаўляюць савецкі і нацысцкі рэжым, і іх дэмантажы на тэрыторыі Латвійскай Рэспублікі» варта спраўдзіць на яго адпаведнасць канстытуцыі краіны. Дума лічыць, што шэраг нормаў супярэчыць асноўнаму закону, піша выданне Delfi.

«Лічым, што закон парушае палажэнне аб фінансавай аўтаноміі самакіраванняў, бо дзяржава груба ўмешваецца ва ўжо зацверджаны гарадскі бюджэт і не выдзяляе фінансавання для рэалізацыі патрабаванняў закона. А з самакіраваннем не праводзіліся ніякія кансультацыі аб магчымасцях выканання закона», – патлумачыў кіраўнік думы Андрэй Элксніньш.

«Акрамя таго, адзначае ён, незразумелыя крытэры выбару абʼектаў, якія падлягаюць зносу, паколькі, на наш погляд, у Даўгаўпілсе няма помнікаў, якія ўслаўляюць савецкі рэжым, але ёсць помнікі і мемарыяльныя абʼекты ў гонар загінулых у Другой сусветнай вайне салдат, якія вызвалілі свет ад нацызму».


Клайпеда, Літва

8 сакавіка 1997 году падпісаная дамова аб аднаўленні пабрацімскіх сувязяў літоўскага гораду з Магілёвам. Месціцца на захадзе краіны і з’яўляецца портам на Балтыйскім моры. Насельніцтва 160 тысяч чалавек.


Парламент Літвы ўхваліў рэформу сістэмы аховы здароўя. 

Палітыкі спадзяюцца, што дзякуючы закладзеным нормам жыхары будуць атрымліваць больш амбулаторных паслуг па месцы жыхарства і знізіцца працэнт выпадкаў шпіталізацыі.

Рэформа нацыянальнай аховы здароўя будзе трываць цягам 5 гадоў. На яе фінансаванне выдзелілі 710,9 млн. еўра з дапамогі Еўрапейскага Саюзу і бюджэтаў муніцыпалітэтаў, паведамляе выданне Delfi.

Апазіцыя настойвае, што «кіроўная большасць бульдозерам прапіхвае рэформу, душыць сістэму аховы здароўя – «едзе» па сямейных урачах і пацыентах».

g3.dcdn.lt

Калі новаўвядзенні абмяркоўвалася ў парламенце, сямейныя ўрачы пратэставалі. Яны непакояцца, што стануць звычайнымі адміністратарамі, бо пацыенты самі будуць вырашаць, да якога спецыяліста ім ісці.


Габрава, Балгарія

Найдаўнейшы пабрацім Магілёва. Дамова аб супрацоўніцтве была падпісана ў 1988 годзе. У 200-ым былі адноўленыя пабрацімскія сувязі. У Магілёве праспект названы Габраўскім. Адзін з рэстаранаў называецца Габрава. Габрава месціцца ў цэнтры краіны. Насельніцтва-55 тысяч чалавек. Ён лічыцца балгарскай сталіцай гумару. Ёсць у ім Дом гумару і сатыры. Ладзяцца фестывалі гумару.


Амбасадар Расіі Элеанора Мітрафанава падала ў МЗС ноту з пратэстам адносна выдварэння з Балгарыі 70 расійскіх дыпламатаў. Яна прыгразіла: калі рашэнне ўраду не будзе адмененае да пятніцы, то дыпламатычнае прадстаўніцтва Расіі будзе зачыненае, паведамляе выданне Іnformo.bg.

Расійскіх дыпламатаў высылаюць з Балгарыі праз абвінавачванні ў працы на спецслужбы сваёй краіны. Урадоўцы лічаць, што імі дыпламатычны статус выкарыстоўваўся для прыкрыцця.

У Балгарыі людзі з інваліднасцю скардзяцца на вялікія фінансавыя затраты, звязаныя з афармленнем заяўкі на праекты ў рамках Нацыянальнай праграмы даступнага жылля і асабістай мабільнасці. 

Праца над канцэптуальным праектам каштуе каля 1500 леваў (800 долараў ЗША).

Амбудсмен Дыяна Ковачава заявіла Міністру сацыяльных спраў, што недапушчальна, каб людзі з абмежаванымі магчымасцямі за даступнае для сябе асяроддзе плацілі грошы, паведамляе выданне Іnformo.bg.

«Я лічу недапушчальным, каб удзел у Праграме суправаджаўся неабходнасцю ўкладання асабістых сродкаў на падрыхтоўку інвестыцыйных планаў, дзякуючы якім людзі з інваліднасцю могуць карыстацца сваім правам на доступ да жылога асяроддзя», – адзначае яна.

Яна ўказвае, што для грамадзянаў, якія знаходзяцца ў цяжкім сацыяльным становішчы і не маюць падтрымкі на пакрыццё выдаткаў, звязаных з распрацоўкай інвестпраекта, сацыяльная Праграма ставіцца недаступнай.

На яе думку ўразлівы характар ​​мэтавай групы Праграмы патрабуе максімальнага змякчэння ўмоваў падачы заявак і вызвалення ад залішніх выдаткаў.