Дар’ю Чульцову вызвалілі з Гомельскай папраўчай установы. Пра тое паведамляюць незалежныя медыі.
Журналісту ўтрымлівалі за кратамі з 15 лістапада 2020 году. Разам з каляжанкай Кацярынай Андрэевай (Бухвалавай) яе зняволілі ў кватэры, дзе яны хаваліся пасля разгону пратэсту на «плошчы Перамен» у Мінску. Журналісткі вялі стрым падчас асвятлення акцыі памяці Рамана Бандарэнкі.
Спачатку Чульцову і Андрэеву асудзілі на 7 дзён адміністрацыйнага арышту за «удзел у несанкцыянаванай акцыі і непадпарадкаванні». Потым абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. 18 лютага 2021 году ім прысудзілі па 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Дар’я Чульцова са Шклову. У зняволенні, 20 лютага адзначыла 25-годдзе.
Журналістыку Дар’я ўпадабала ў старшых класах. Скончыла факультэт журналістыкі Магілёўскага ўніверсітэту імя Куляшова. Працавала ў мясцовым інтэрнэт-выданні «Могилёв. Онлайн».
У 2019 годзе пачала супрацоўнічаць з адным з тэлеканалаў. Яна разумела, што супрацоўніцтва з ім стане нагодай для пераследу і рэпрэсіяў. У Магілёве яе двойчы штрафавалі за працу без акрэдытацыі.
У верасні 2020 году перабралася ў сталіцу і там пачала рабіць аператаркай. Пра ейны арышт родным стала вядома з смс-паведамлення праваабаронцаў.
На найбуйнейшай атамнай электрастанцыі ў Еўропе, захопленнай Расіяй, застаецца шасцёра экспертаў Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі, а пастаяннае прадстаўніцтва будзе складацца з двух чалавек.
Пра тое заявіў генеральны дырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі на прэс-канферэнцыі 2 верасня. Ён назваў свой візіт на станцыю «пачатковым» для працы МАГАТЭ на аб’екце, піша інфармацыйнае агенцтва «УНІАН».
Раней Гросі заклікаў украінскі і расійскі бакі дазволіць місіі МАГАТЭ трапіць на станцыю, каб пазбегнуць ядзернай аварыі. Прадухіленне яе і ёсць мэтаю місіі.
«Шэсць нашых экспертаў засталіся там, яны працягнуць працу, якую мы пачалі ўчора. Пасля таго, як я ўжо адзначаў у Кіеве і пасля візіту і інспекцыі на ЗАЭС, мы ўстановім пастаянную прысутнасць на месцы, на гэты раз з двума экспертамі, якія будуць працаваць далей » – адзначае Рафаэль Гросі.
Па яго словах «станцыя і яе фізічная цэласнасць былі парушаны некалькі разоў».
«Выпадкова, або мэтанакіравана – у нас няма пакуль неабходных дадзеных, каб даць гэтаму ацэнку» – заяўляе дырэктар МАГАТЭ, дадаючы, што «так не можа працягвацца».
Запарожская АЭС – найбуйнейшая электрастанцыя ў Еўропе. Расійскія войскі захапілі яе і горад-спадарожнік Энэргадар 4 сакавіка. Расія адмаўляецца ствараць дэмілітарызаваную зону вакол станцыі.
Па просьбе ўрада Украіны МАГАТЭ сфармавала місію для візіту на электрастанцыю. У яе склад увайшлі 14 міжнародных экспертаў.
Місію ўзначальвае генеральны дырэктар МАГАТЭ Рафаэль Марʼяна Гросі. Місія сфакусуецца на трох задачах: фізічная абарона; ядзерная бяспека; гарантыі нераспаўсюджвання ядзерных матэрыялаў.
Місія Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі 1 верасня прыбыла на Запарожскую АЭС, нягледзячы на паведамленне аб інтэнсіўным абстрэле Энэргадару. Кіеў і Масква абвінавачвалі адзін аднаго ў гэтых абстрэлах.
Да гэтага на атамнай электрастанцыі з-за абстрэлаў аўтаматычна адключыўся яе працуючы 5-ы блок, нагадваўМагілёў.media.
3 жніўня кіраўнік МАГАТЭ заявіў, што Запарожская АЭС «цалкам выйшла з-пад кантролю». Ён адзначыў, што яго агенцтва не ведае, ці забяспечана АЭС усім неабходным для сваёй працы з прычыны парушэння баявымі дзеяннямі ланцужкоў паставак. Ён заклікаў абодва бакі прапусціць місію МАГАТЭ на станцыю, каб пазбегнуць ядзернай аварыі.
29 ліпеня 2022 года кіраўнік МАГАТЭ Рафаэль Гросі заявіў, што місія МАГАТЭ павінна праходзіць не толькі пад кантролем ААН, але і Украіны, бо яна «адзіны легітымны ўладальнік АЭС».
Фільм пра Праведнікаў Народаў Свету задумваўся ў Бабруйску гадоў сем таму. На сёння жывымі засталіся толькі трое Праведнікаў.
У жніўні пачаліся здымкі дакументальнага фільма “Алея Праведнікаў”, які абапіраецца на рэальныя глускія і бабруйскія падзеі ў гады Другой сусветнай вайны. Для збору матэрыялаў на Магілёўшчыну прыяжджалі ўдзельнікі здымачнай групы, якія сустрэліся з удзельнікамі трагедыі мінулага стагоддзя.
У трох навелах будзе расказана пра Праведнікаў Надзею Абрамовіч і яе бацькоў Марыю і Антона Мароз, пра Ніну Якаўлеўну Лысюк, Любоў Міхайлаўну Волчак і яе маці Надзею Архіпцаву. А таксама пра людзей, якіх яны ратавалі, рызыкуючы ўласным жыццём, жыццём членаў сям’і.
У Глуску, як паведамляесайт газеты “Радзіма”, дагэтуль пражывае Праведніца народаў свету Любоў Волчак. Тры гады акупацыі яна і яе маці Надзея Архіпцава, нягледзячы на смяротную небяспеку ратавалі, схаваўшы ў сябе ў доме, габрэйскую дзяўчынку. Гэты сюжэт неверагоднай ахвярнасці і лёг у аснову адной з трох навэл будучага фільма.
У Глуску рэдактар часопіса “Мішпоха” Аркадзь Шульман і іншыя стваральнікі фільма не толькі сустрэліся з Любоўю Міхайлаўнай, але і наведалі гісторыка-краязнаўчы музей, Мыслачанскую гару – месца масавага расстрэлу мірных грамадзян, яўрэяў. Таксама, іншыя месцы болю і смутку.
Здымаецца дакументальнае кіно з ініцыятывы былога бабруйчаніна Льва Логінава, які вырашыў прафінансаваць фільм пра Праведнікаў Народаў Свету ў памяць пра свайго дзеда Меіра Зелігера. Ён быў вядомы тым, што пасля вайны займаўся пошукам парэшткаў закатаваных нацыстамі яўрэяў і іх перазахаваннем у Бабруйску. Многія бабруйчане сталі яго добраахвотнымі памочнікамі. Грамадзяне хадзілі па месцах масавых расстрэлаў габрэяў, збіралі і выкопвалі іх парэшткі і перазахоўвалі на могілках.
Трагічныя і гераічныя старонкі мясцовай гісторыі будуць захаваныя ў кіновобразах. Адначасова ў Ізраілі іншая дакументаліст, Мая Казакевіч запісала інтэрв’ю з Рахель Іомдзін і Іосіфам Баршаем – дзецьмі выратаваных Праведнікамі з Магілёўшчыны Бэлы і Міхаіла Баршёў.
Прэм’ера фільма прызначана на лістапад у бабруйскім кінатэатры “Товарищ”. Плануецца паказ кінастужкі па тэлебачанні Ізраілю.
Мясцінка ўздоўж гэтай невялікая рачулкі – улюблёнае месца адпачынку гараджанаў. У выхадныя тут па пракладзеным ходнікам шпацыруе нямала магілёўцаў і гасцей гораду.
Магілёў.media працягвае прагулкі па вядомым мясцінам гораду. Мы стараемся паказаць у сваіх відэазамалёўках хараство магілёўскіх краявідаў. Яны дапамагаюць адпачыць ад будзённасці, акунуцца ў свет гісторыі роднага гораду і, магчыма, угледзець будучыню.
Дубравека, адна з невялікіх рэчак і ручаёў гораду. Яна разам са Струшняю і Дзебраю стварылі цяперашні ўнікальны мясцовы ландшафт. Глыбокія яры гораду – гэта іх шматгадовая праца.
Даўжыня Дубравенкі 18 кіламетраў. Упадае ў Дняпро. Мае два прытокі – ручаі Струшня і Прыснянка. На рацэ ўтворанае Пячэрскае вадасховішча, а ў гістарычнай частцы гораду запрудаю зробленыя дзве сажалкі. Бліжэй да Дняпра рэчышча ўпарадкаванае.
1654 год. Жыхары Магілёва здалі горад маскоўкаму войску і палку Канстанціна Паклонскага.
Трыма месяцамі раней шматтысячнае войска Вялікая Княства Маскоўскага атакавала беларускія землі. Вайна доўжылася 13 гадоў і прынесла вялізныя страты беларускай гаспадарцы, загінула шмат людзей. Край абязлюдзіў і на доўгія гады заняпаў. Багата рамеснікаў нападнікі палонам вывезелі ў Масковію. Вайну 1654-1667 гадоў называюць Патопам.
Маскоўцы былі абазнаныя ў канфесійных праблемах Літвы і ўмела схілялі праваслаўнае насельніцтва краю на свой бок.
На пазіцыю пераважна праваслаўнага жыхарства Магілёва паўплываў і розгалас, пра тое, што твораць маскоўцы з гарадамі, якія бароняцца. На той момант быў акупаваны Полацк. Абложаны Смаленск.
Магілёў за здраду пазбавілі магдэбургскага права, але новая ўлада пакінула гараджанам некаторыя вольнасці. Ад іх не патрабавалася хадзіць на вайну, іх не маглі высяляць у іншыя гарады, гарадскія двары вызвалілі ад ваеннага пастою. Пры гэтым каталіцкаму насельніцтву і яўрэям забаранялася жыць у горадзе.
1 лютага 1661 году магілёўцы ўзнялі паўстанне і выбілі маскоўскі гарнізон. Гораду ўлады Рэчы Паспалітай вярнулі магдэбургскае права і даравалі новы герб. Са зменамі, ён застаецца сімвалам Магілёва дагэтуль.
1731 год. Нарадзіўся Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч.
Каталіцкі святар, архіепіскап магілёўскі, навуковец, пісьменнік.
З 1798 года – мітрапаліт усіх рымска-каталіцкіх касцёлаў у Расійскай імперыі. Спачуваў паўстанню 1794 года.
У Магілёве заснаваў друкарню, тэатр, бровар, суконную фабрыку, аранжарэю ў Буйнічах.
Аўтар вершаў, казанняў, паэм. Старшыня Вольнага эканамічнага таварыства, прэзідэнт Імператарскай Акадэміі навук.
Адзін з заснавальнікаў ідэалогіі заходнерусізму.
Аўтар «Граматыкі літоўскай» са слоўнікам (пад «літоўскай мовай», мусіць, мелася на ўвазе беларуская).
1915 год. Нарадзіўся Барыс Райскі.
Дырыжор. Заслужаны артыст Беларусі.
Працаваў галоўным дырыжорам аркестраў Мінскага цырка, беларускага тэлебачання і радыё.
Пад яго кіраўніцтвам зроблены фондавыя запісы опер «Кастусь Каліноўскі», «У пушчах Палесся», «Зорка Венера» і іншыя, радыёоперы, музыкі балетаў, камедый «Паўлінка» і «Несцерка».
Быў рэпрэсаваны ў 1950 годзе і 4 гады адбыўся ў лагерах. Вызвалілі ў 1954 годзе.
1927 год. Нарадзіўся Алесь Адамовіч.
Беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч.
Доктар філалагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт Акадэміі навук БССР.
Дырэктар Усесаюзнага НДІ кінематаграфіі, сустаршыня Міжнароднага фонду «Дапамога ахвярам Чарнобыля».
Народны дэпутат СССР. Удзельнік працы Сойму Беларускага Народнага Фронту.
Адамовіч не прымаў савецкага погляду на Другую сусветную вайну. Трымаўся таго, што вайна для беларуса – была «вайною пад стрэхамі».
Ягоныя творы экранізаваныя. Сярод іх «Вайна пад стрэхамі», «Сыны сыходзяць у бой».
У 1985 годзе на кінастудыі «Беларусьфільм» Элем Клімаў паставіў мастацкі фільм «Ідзі і глядзі», у аснове якога творы «Хатынская аповесць» і «Карнікі».
У пасёлку Глуша Бабруйскага раёну, дзе прайшло дзяцінства пісьменніка, імем пісьменніка названая вуліца, у 2018 адкрыты арт-аб’ект – «Прыпынак Адамовіча», а ў 2019 пастаўлены бюст.
1960 год. Памёр Міхась Васілёк.
Паэт. Арганізатар гурткоў Таварыства беларускай школы, дзеяч вызвольнага руху ў Заходняй Беларусі.
Першы надрукаваны зборнік лірыкі «Шум баравы» быў канфіскаваны польскімі ўладамі, канфіскаваны і знішчаны быў і рукапіс другога зборніка.
Аўтар некалькіх кніг паэзіі.
У яго гонар названа вуліца ў Гродна, на якой стаяў дом паэта.
1978 год. Памёр Пётр Татарыновіч.
Каталіцкі святар, перакладчык, арганізатар Беларускай секцыі Ватыканскага радыё, паэт, выдавец. Доктар тэалогіі.
Прыхільнік беларусізацыі царкоўнага жыцця.
За патрыятычнае выхаванне беларускай каталіцкай моладзі пераследаваўся польскімі ўладамі.
Спрыяў пашырэнню ўніяцтва на Століншчыне.
Аўтар доктарскай дысертацыі «Святы Кірыла, біскуп Тураўскі, і ягонае духоўнае вучэнне».
Быў кіраўніком і асноўным аўтарам беларускіх перадач «Радыё Ватыкана».
Апекаваў беларусаў-католікаў у эміграцыі.
Аўтар шэрагу кніг. Перакладчык на беларускую мову, у тым ліку рамана Генрыка Сянкевіча «Quo vadis?».
У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў
Нагодай для яе крымінальнага пераследу сталі каментары ў сацсетках пра «справу Зельцара».
Інцыдэнт з Зельцарам адбыўся 28 верасня 2021 году. У КДБ тады паведамілі, што ў Мінску падчас рэйду быў смяротна паранены супрацоўнік ведамства. Сілавікі ў адказ адкрылі агонь і застрэлілі жыхара кватэры.
Пазней стала вядома, што ім аказаўся Андрэй Зельцар, супрацоўнік кампаніі EPAM Systems.
За каментары ў сацсетках у «справе Зельцара» затрымалі ўжо каля 200 чалавек.
Віталь Рогач
Асуджаны на два з паловай гады калоніі і аштрафаваны на 200 базавых велічыняў (2500 долараў).
Паводле праваабаронцаў, нагодаю для крымінальнага пераследу стаў каментар пад допісам пра «Справу Зэльцара».
Абвінавачаны ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак», «распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы», і «абразе прадстаўніка ўлады».
Справу разглядала суддзя Валянціна Зянькевіч.
Іван Рагатнёў
Асуджаны на 1 год і 7 месяцаў.
Нагодай для крымінальнага пераследу стаў каментар у сацыяльных сетках пра «справу Зельцэра».
Праваабаронцы пішуць, што Рагатнёў абвінавачаны ў «распальванні іншай сацыяльнай варожасці».
Справу на закрытым працэсе разглядала суддзя Святлана Бандарэнка.
Аляксей Рэзнікаў
Асуджаны на 4,5 гадоў калоніі. Да суду 4 месяцы ўтрымліваўся ў няволі.
Паводле праваабаронцаў у яго каментарах у сацыяльных сетках суд угледзеў «распальванне іншай сацыяльнай варожасці», «рэабілітацыю нацызму», «абразу Лукашэнкі», «абразу прадстаўніка ўлады» і «здзек з дзяржаўных сімвалаў».
Справу ў закрытым рэжыме разглядаў суддзя Яўген Буруноў.
Быў затрыманы па вяртанні з-за мяжы да хворай маці. Жанчына сканала на трэці дзень па зняволенні сына.
Уладзімір Ангельскі
Асуджаны на 14 дзён адміністрацыйнага арышту.
Паводле праваабаронцаў яго затрымалі ў Мінску 31 жніўня, а судзілі 2 верасня.
Ён абвінавачаны ў непадпарадкаванні супрацоўніку міліцыі.
Ангельскі – адвакат Мінскай абласной калегіі адвакатаў. Да гэтага працаваў у адвакацкім бюро «РЕВЕРА», а таксама быў партнёрам у адвакацкім бюро «Брагінец і Партнёры».
Канстанцін Высочын
Асуджаны на тры гады абмежавання волі ў папраўчай калоніі адкрытага тыпу («хіміі»)
Праваабаронцы пішуць, што дырэктара архітэктурнага бюро асудзілі за «арганізацыю і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».
Справу разглядала суддзя Вольга Емяльянчанка.
Праваабарончай супольнасцю Высочын прызнаны палітвязнем. Па прысудзе яго вызвалілі да накіравання ў папраўчую ўстанову.
Павел Мажэйка, Юлія Юргілевіч
Пераведзеныя ў следчы ізалятар.
Што інкрымінуюцца ім невядома. Паводле праваабаронцаў іх схапілі па вяртанні ў Беларусь.
Кіраўніка гродненскага«Цэнтру гарадскога жыцця» Паўла Мажэйку ў сакавіку 2021 году затрымлівалі разам з мастаком Алесем Пушкіным. Тады яго выпусцілі пасля 72 гадзін зняволення.
У адвакаткі Юлію Юргілевіч, паведамлялі праваабаронцы, сілавікі правялі ператрус. 23 лютага яе выключылі з калегіі адвакатаў Гродна. Яна працавала ім 18 год.
Юргілевіч абараняла палітвязняў: мастака Алеся Пушкіна, студэнта-хіміка Арцёма Баярскага, музыканта Ігара Банцара, блогера Вадзімаці і іншых.
Ірына Вікхольм
Адбыла тэрмін зняволення і дэпартаваная ў Расію.
Ірына Вікхольм – грамадзянка Расіі. Яе асудзілі на 1,5 гады калоніі за паклёп на Лукашэнкі. Нагодай для крымінальнага пераследу стаў допіс пра інцыдэнт з самалётам Ryanair, якім ляцеў Раман Пратасевіч.
Праваабарончай супольнасцю Вікхольм была прызнаная палітзняволенай.
Па вызваленні ёй забаранілі наведваць Беларусь 10 гадоў.
Раней паведамлялася, што 1 верасня два сервізныя цэнтры адкрыюцца ў Беларусі. Пра змяненне сітуацыі паведаміў партнёр эстонскай амбасады ў Беларусі кампанія VFS Global. Прычыны прыпынення працы не агучваюцца.
«Візавыя цэнтры Эстоніі часова прыпыняюць прыём дакументаў на візы да далейшага апавяшчэння», гаворыцца на сайце VFS Global.
31 жніўня на тым жа сайце паведамлялася, што 1 верасня два новых сервізных цэнтры адкрыюцца ў Бабруйску і Полацку і пачнуць прымаць дакументы для ахвотных выехаць у Эстонію, Фінляндыю і Швецыю, пісаў Магілёў.media.
Жыхар Воршы закупаў лом чорнага металу ў Магілёўскім раёне з мэтай яго збыту ў Расійскай Федэрацыі.
30-гадовага мужчыну затрымалі ў дарозе. Яго неаднаразова прыцягвалі да адказнасці за незаконнае абарачэнне металу.
На працягу некалькіх месяцаў ён закупаў лом чорнага металу ў Магілёўскім раёне з мэтай яго збыту ў Расійскай Федэрацыі. Падчас перавозкі назапашаных 17 760 кілаграмаў на суму ў 5 000 рублёў да межаў Рэспублікі Беларусь аршанца затрымалі праваахоўнікі. Увесь металалом канфіскаваны, а на яго ўладальніка складзены пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні за незаконнае абарачэнне чорнага лому, паведамляе прэс-служба абласнога УУС.
Яна адзначае, што аршанец ужо неаднаразова прыцягваўся да адказнасці за падобныя парушэнні.
Адной з галоўнай прычынаў праблем на Даўгаўпілскім лакаматыварамонтным заводзе адміністрацыя лічыць «геапалітычны крызіс», выкліканы вайной ва Ўкране.
Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.
Паводле кіраўніцтва, Даўгаўпілскі лакаматыварамонтны завод згубіў праз вайну «долю рынку ва Ўкраіне і Расіі». Украінскі партнёр, якому былі зробленыя лакаматывы, не можа расплаціцца праз накладзены Нацбанкам Украіны мараторый на валютныя аперацыю за мяжу.
Адміністрацыя вымушана была звольніць 200 працаўнікоў. Урад краіны, адзначае кіраўніцтва прадпрыемства, устрымліваецца дапамагаць яму. Без дзяржаўнай падтрымкі ў верасні вытворчасць могуць закансерваваць.
pic2.la.lv
Завод разлічвае атрымаць заказ на выраб 24 трамвайных вагоны для Даўгаўпілсу за 7,4 мільёны еўра. Ён другі раз аказаўся адзіным удзельнікам конкурсу на выкананне заказу.
Першы раз гарадская дума не даручыла яму рабіць вагоны, бо ўгледзела парушэнні патрабаванняў конкурсу. Іншых ахвотнікаў узяць заказ не было.
Самакіраванне заявіла, што не можа рызыкаваць, давяраючы мясцоваму заводу выраб трамваяў, паколькі гаворка «ідзе пра вельмі буйную суму і вельмі сур’ёзныя патрабаванні еўрапраекту, пры невыкананні якіх горад можа наогул страціць еўрапейскае фінансаванне, чаго дапусціць ніяк нельга» – піша выданне «Наша газета».
pic2.la.lv
Сродкі на новыя вагоны выдзелены ў рамках рэалізацыі еўрапраекту па развіцці трамвайнай інфраструктуры і забеспячэнні Даўгаўпілсу грамадскім транспартам.
У гарадской думе тлумачаць, што з-за высокіх цэн на металы і санкцыі першы конкурс прайшоў безвынікова, бо камерсанты не маглі выканаць выстаўленыя патрабаванні. Давялося абвяшчаць другі, адзіным удзельнікам якога стаў зноў Даўгаўпілскі лакаматыварамонтны завод.
Цяпер закупачная камісія ацэньвае прапанову заводу, даводзяць у самакіраванні, і як толькі рашэнне будзе прынятае, то пра гэта адразу паведамяць гараджанам. Згодна з правіламі, пастаўка новых трамваяў мае быць завершана да 31 снежня 2023 года.
Раней з просьбай дапамагчы заводу ўрад Латвіі заклікалі міністр інфраструктуры Украіны Аляксандр Кубракоў і ўладальнікі заводу «Азоўсталь». У афіцыйным лісце латвійскаму кабінету міністраў яны пісалі, што гэтае прадпрыемства мае стратэгічную важнасць у аднаўленні пашкоджанай вайной украінскай чыгуначнай інфраструктуры і абсталявання. Гэтаму паспрыяе «шматгадовы досвед заводу, унікальная спецыфіка працы і здольнасць забяспечыць поўны спектр паслуг».
Даўгаўпілс горад пабрацім Бабруйску. У 2018 годзе ў Даўгаўпілсе жыло 90 399 жыхароў. У ім месціцца консульства Рэспублікі Беларусь. Дзеіць цэнтр беларускай культуры. Знаходзіцца ён у латвійскім рэгіёне Латгалія, якая мяжуе з Беларуссю. Даўгаўпілс за 30 кіламетраў ад мяжы. Беларуская назва гораду Дзвінск.
Сітуацыя з дарогай на вясковыя могілкі каля паселішча Шалаханаўка Горацкага раёна ўжо амаль паўгода трывожыць мясцовых жыхароў.
Усё пачалося з таго, што сёлета ўвесну адзіную прыстойную дарогу да могілак зааралі – пісаў Магілёў.media яшчэ ў маі. У выніку мясцовым жыхарам стала немагчыма дабірацца да пахаванняў сваіх родных у дажджлівае надвор’е. А калі памерла адна з жыхарак вёскі, яе цела давялося несці на могілкі проста на руках – ніякая машына не магла праехаць па ўзараным полі.
Прайшло некалькі месяцаў, і на ўзараным полі ўзышоў рапс – буйны, высокі. І цяпер дарога зноўку не функцыянуе. Ісці пешкі да могілак прыходзіцца па пояс у расліннасці – піша інтэрнэт-рэсурс Horki.info. А машына з нізкай пасадкай сюды наогул не праедзе.
Старшыня Паршынскага сельсавету, на тэрыторыі якога знаходзіцца Шалаханаўка, як і раней, абяцае папрасіць сельгаспрадпрыемства больш не чапаць участак дарогі да могілак.
– Будзем кантраляваць, размаўляць з кіраўніком гаспадаркі, каб дарогу на гэты раз не чапалі. – паведаміў ён журналістам Horki.info.