Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, медыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

Наталля Нікіціна

Асуджаная на 1 год і 10 месяцаў і аштрафаваная на 200 базавых велічыняў (2500 долараў).

Паводле праваабаронцаў, лекарку з 30-гадовым стажам прызналі вінаватай у «абразе прадстаўніка ўлады» і «распальванні іншай сацыяльнай варожасці».

Праваабарончай супольнасцю Нікіціна прызнаная палітзняволенай.

Нагодай для яе крымінальнага пераследу сталі каментары ў сацсетках пра «справу Зельцара».

Інцыдэнт з Зельцарам адбыўся 28 верасня 2021 году. У КДБ тады паведамілі, што ў Мінску падчас рэйду быў смяротна паранены супрацоўнік ведамства. Сілавікі ў адказ адкрылі агонь і застрэлілі жыхара кватэры. 

Пазней стала вядома, што ім аказаўся Андрэй Зельцар, супрацоўнік кампаніі EPAM Systems.

За каментары ў сацсетках у «справе Зельцара» затрымалі ўжо каля 200 чалавек.

Віталь Рогач

Асуджаны на два з паловай гады калоніі і аштрафаваны на 200 базавых велічыняў (2500 долараў).

Паводле праваабаронцаў, нагодаю для крымінальнага пераследу стаў каментар пад допісам пра «Справу Зэльцара». 

Абвінавачаны ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак», «распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы», і «абразе прадстаўніка ўлады».

Справу разглядала суддзя Валянціна Зянькевіч.

Іван Рагатнёў

Асуджаны на 1 год і 7 месяцаў.

Нагодай для крымінальнага пераследу стаў каментар у сацыяльных сетках пра «справу Зельцэра».

Праваабаронцы пішуць, што Рагатнёў абвінавачаны ў «распальванні іншай сацыяльнай варожасці».

Справу на закрытым працэсе разглядала суддзя Святлана Бандарэнка.

Аляксей Рэзнікаў

Асуджаны на 4,5 гадоў калоніі. Да суду 4 месяцы ўтрымліваўся ў няволі.

Паводле праваабаронцаў у яго каментарах у сацыяльных сетках суд угледзеў «распальванне іншай сацыяльнай варожасці», «рэабілітацыю нацызму», «абразу Лукашэнкі», «абразу прадстаўніка ўлады» і «здзек з дзяржаўных сімвалаў».

Справу ў закрытым рэжыме разглядаў суддзя Яўген Буруноў.

Быў затрыманы па вяртанні з-за мяжы да хворай маці. Жанчына сканала на трэці дзень па зняволенні сына.

Уладзімір Ангельскі

Асуджаны на 14 дзён адміністрацыйнага арышту.

Паводле праваабаронцаў яго затрымалі ў Мінску 31 жніўня, а судзілі 2 верасня.

Ён абвінавачаны ў непадпарадкаванні супрацоўніку міліцыі.

Ангельскі – адвакат Мінскай абласной калегіі адвакатаў. Да гэтага працаваў у адвакацкім бюро «РЕВЕРА», а таксама быў партнёрам у адвакацкім бюро «Брагінец і Партнёры».

Канстанцін Высочын

Асуджаны на тры гады абмежавання волі ў папраўчай калоніі адкрытага тыпу («хіміі»)

Праваабаронцы пішуць, што дырэктара архітэктурнага бюро асудзілі за «арганізацыю і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». 

Справу разглядала суддзя Вольга Емяльянчанка.

Праваабарончай супольнасцю Высочын прызнаны палітвязнем. Па прысудзе яго вызвалілі да накіравання ў папраўчую ўстанову.

Павел Мажэйка, Юлія Юргілевіч

Пераведзеныя ў следчы ізалятар.

Што інкрымінуюцца ім невядома. Паводле праваабаронцаў іх схапілі па вяртанні ў Беларусь.

Кіраўніка гродненскага«Цэнтру гарадскога жыцця» Паўла Мажэйку ў сакавіку 2021 году затрымлівалі разам з мастаком Алесем Пушкіным. Тады яго выпусцілі пасля 72 гадзін зняволення.

У адвакаткі Юлію Юргілевіч, паведамлялі праваабаронцы, сілавікі правялі ператрус. 23 лютага яе выключылі з калегіі адвакатаў Гродна. Яна працавала ім 18 год.

Юргілевіч абараняла палітвязняў: мастака Алеся Пушкіна, студэнта-хіміка Арцёма Баярскага, музыканта Ігара Банцара, блогера Вадзімаці і іншых.

Ірына Вікхольм

Адбыла тэрмін зняволення і дэпартаваная ў Расію. 

Ірына Вікхольм – грамадзянка Расіі. Яе асудзілі на 1,5 гады калоніі за паклёп на Лукашэнкі. Нагодай для крымінальнага пераследу стаў допіс пра інцыдэнт з самалётам Ryanair, якім ляцеў Раман Пратасевіч.

Праваабарончай супольнасцю Вікхольм была прызнаная палітзняволенай.

Па вызваленні ёй забаранілі наведваць Беларусь 10 гадоў.

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.


Мікалай Аўтуховіч

20 дзён у няволі трымае сухую галадоўку. га апошніх двух судовых пасяджэннях яго не было.

Прызнаны праваабарончай супольнасцю палітвязнем, ён галадоўкай пратэстуе супраць абмежавання яго ў ліставанні. Яму перасталі даходзіць лісты нават ад састарэлай маці.

29 ліпеня з ім сустрэлася адвакатка. Як дазналася дачка зняволенага ён схуднеў на 20 кілаграмаў. Па яе словах, бацька схуднелы, моцна асунуўся. Ходзіць павольна і ў напаўсагнутым стане.

Аўтуховіча вінавацяць ва ўчыненні «Акту тэрарызму». Нібыта за падпаламі дому міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Гродна стаіць групоўка, якой ён кіраваў.

Па «справе Аўтуховіча» судзяць 12 чалавек.

Начальнік турмы запэўнівае, што лекары на месцы адсочваюць яго стан фізічны і таксама псіхалагічны – трымаюць сітуацыю пад кантролем.


Аляксандр Фядута, Рыгор Кастусёў, Юры Зянковіч, Вольга Галубовіч, Дзяніс Краўчук

Яны фігуранаты справы аб «змове з мэтаю захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам». Крымінальную справу разглядае Мінскі абласны суд. Працэс зрабілі адкрытым. На ім старшынюе суддзя Ўладзімір Арэшка.

Як напісала «Белта» Аляксандр Фядута на першым судовым пасяджэнні прызнаў віну «у змове з мэтаю захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам».

Паводле жонкі Фядуты муж «схуднеў, дрэнна ходзіць, бо падагра адолела, дазволілі перадаць палку для хады ў СІЗА, пры ўсмешцы не назіраецца зубоў 5-6 і пастрыжаны адпаведна, кораценька, кругі пад вачыма».

Працэс працягнецца 1 жніўня.

Аляксандр Фядута і Рыгор Кастусёў абвінавачваюцца ў змове з мэтаю захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам.

Вольга Галубовіч і Дзяніс Краўчук у актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і звязаны з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, якія прывялі да парушэння працы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў або арганізацыяў пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства.


Аляксандр Казакевіч, Сняжана Рогач

Паводле праваабаронцаў абодва затрыманыя за «знявагу прадстаўніка ўлады».

Музыка Аляксандр Казакевіч адбывае паўтарагадовае пакаранне на «хатняй хіміі» паводле таго ж абвінавачвання. Яго затрымалі 26 ліпеня.

Сняжана Рогач – магістр гісторыі і былая выкладчыца БНТУ таксама трапіла ў няволю за знявагу прадстаўніка ўлады.


Андрэй Галавырын

Грамадскі актывіст з Наваполацку чацвёрты раз запар арыштаваны на 15 дзён.

Праваабаронцы высвятляюць, што яму інкрымінавалі гэтым разам.

Яго затрымалі 15 чэрвеня за «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў». Быўшы ўжо зняволеным яго яшчэ двойчы каралі паводле таго ж абвінавачвання.


Сяргей Вайцюк

Асудзілі на 2,5 года калоніі за намеры стаць добраахвотнікам ва Ўкраіне.

Ён першы грамадзянін Беларусі якога пасля 24 лютага 2022 году, пачатку вайны ва Украіне, пакаралі за такія планы. Яго абвінавацілі ў «стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім».