Дзень у гісторыі: 8 верасня. Міжнародны дзень салідарнасці журналістаў. Перамога беларусаў над маскоўцамі на Крапівеньскім полі пад Воршай. Спалены Магілёў. Адкрыты Музей беларускага кнігадрукавання

Міжнародны дзень салідарнасці журналістаў.

Адзначаецца ад 1958 году. Заснаваны рашэннем IV кангрэсу Міжнароднай арганізацыі журналістаў у памяць аб чэшскім журналісце Юліусе Фучыку, якога 8 верасня 1943 году забілі гітлераўцы.

У Беларусі ў няволі 26 журналістаў.

1514 год. Дзень беларускай вайсковай славы.

У бітве пад Воршай войскі Вялікага Княства Літоўскага ўзначаленыя Канстанцінам Астрожскім разбілі 80-тысячную армію Маскоўскай дзяржавы.

Гэта быў фрагмент у працяглай вайне, якая трывала ад 1512 да 1522 году. Перамога пад Воршай, аднак, стала адметнай падзеяй для найноўшай гісторыі Беларусі. Кожную яе гадавіну, нягледзячы на пагрозы пераследу на Крапівеньскае поле, прыязджала немалая грамада беларусаў. Яна застаецца крыніцаю гонару за подзвіг продкаў.

8 верасня 1992 году на Плошчы Незалежнасці ў Мінску беларусы-афіцэры прысягнулі на вернасць Беларусі.

1708 год. Спалены Магілёў.

Падпаліць горад загадаў маскоўскі цар Пётр І.

27 верасня 1708 году быў абрабаваны і спалены Віцебск.

Пасля пажару Магілёў аднавіўся ад заняпаду толькі праз 130 гадоў.

1844 год. Выдадзеная кніга «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» Яна Баршчэўскага.

У «Шляхціцы Завальні» аўтар падае адметнасці нацыянальнага характару беларуса, яго светапогляду. У ім закранаюцца пытанні, звязаныя з беларускай нацыянальнай думкай. У творы робіцца спроба геаграфічнага апісання краю, яго гісторыі і эканамічнага стану.

1873 год. Памёр Яўстафій Тышкевіч.

Археолаг, гісторык, этнограф і краязнаўца.

Член шэрагу навуковых таварыстваў, акадэміяў Даніі, Швецыі, Брытаніі.

Вывучаў курганы, гарадзішчы і замчышчы Беларусі.

Заснаваў Віленскую археалагічную камісію, Віленскі музей старажытнасцяў.

Пакінуў па сабе работы археалагічнага і краязнаўчага характару.

У памяць аб Тышкевічы ў 2022 годзе ля Акадэміі навук устаноўлены помнік.

1904 год. Нарадзіўся Афанасій (Антон Мартас).

Епіскап Віцебскі і Полацкі, дзеяч беларускага нацыянальнага руху, гісторык царквы.

Удзельнік Усебеларускага царкоўнага сабору 1942 году, на якім была абвешчана аўтакефалія Беларускай праваслаўнай царквы.

У 1946 годзе далучыўся да Рускай замежнай праваслаўнай царквы, архіепіскап у Аргенціне, у Аўстраліі (архіепіскап Сіднейскі і Новазеландскі).

1922 год. Нарадзіўся Альгерд Малішэўскі.

Мастак-жывапісец, педагог.

Пісаў карціны ва ўсіх жанрах станковага жывапісу.

Выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы, настаўнік шматлікіх сучасных мастакоў.

1938 год. Нарадзіўся Анатоль Грачанікаў

Паэт і перакладчык.

Галоўны рэдактар часопісаў «Вясёлка», «Бярозка», «Маладосць».

Аўтар зборнікаў паэзіі, кніг сатыры і гумару, а таксама твораў для дзяцей.

Пераклаў на беларускую творы замежных літаратараў.

1990 год. Адкрыты Музей беларускага кнігадрукавання.

Падзея адбылася ў Полацку падчас святкавання 500-годдзя з дня нараджэння Францыска Скарыны.

Музей месціцца ў будынку былой Брацкай школы Богаяўленскага манастыра, помніка архітэктуры XVIII стагоддзя.

У 1994 годзе на базе некалькіх выставачных залаў быў створаны Музей-бібліятэка Сімяона Полацкага.

Найвялікшую частку музейных экспанатаў складаюць кнігі, у тым ліку рарытэты «Евангелле вучыцельнае» (1595), Геранім Фалецкі «12 прамоў» (1558), «Мінея агульная» (1628).

 


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў


 

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, медыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

Марына Санкевіч

Асуджаная да 7 гадоў калоніі.

Паводле праваабаронцаў, 27-гадовую жанчыну са Старых Дарог абвінавацілі ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзел у іх», «абразе Лукашэнкі», «ва ўдзеле ў масавых беспарадках», «распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы».

Нагодай для крымінальнага пераследу сталі каментары ў тэлеграм-канале.

Мікалай Дземчанка

Асуджаны да 2 гадоў калоніі агульнага рэжыму і штрафу ў 3200 рублёў.

Паводле праваабаронцаў Гомельскі суд абвінаваціў яго ў «дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь».

На судовым працэсе старшыняваў суддзя Аляксандр Зінчук.

Нагодай для крымінальнага пераследу сталі каментары ў сацсетках пра «справу Зельцара».

Інцыдэнт з Зельцарам адбыўся 28 верасня 2021 году. У КДБ тады паведамілі, што ў Мінску падчас рэйду быў смяротна паранены супрацоўнік ведамства. Сілавікі ў адказ адкрылі агонь і застрэлілі жыхара кватэры.

Пазней стала вядома, што ім аказаўся Андрэй Зельцар, супрацоўнік кампаніі EPAM Systems.

За каментары ў сацсетках у «справе Зельцара» затрымалі ўжо каля 200 чалавек.

Мікалай Сергіеня

Асуджаны да 1 году і 8 месяцаў калоніі агульнага рэжыму ды штрафу 3200 рублёў.

Паводле праваабаронцаў нагодай для крымінальнага пераследу сталі каментары ў сацсетках пра «справу Зельцара».

Мінскі гарадскі суд абвінаваціў яго ў «абразе прадстаўніка ўлады», «распальванні расавай, нацыянальнай, сацыяльнай альбо іншай варожасці і варажнечы».

На працэсе старшынявала суддзя Таццяна Фалькоўская.

Яўген Ракевіч

Асуджаны да 2 гадоў калоніі.

Паводле праваабаронцаў нагодай для крымінальнага пераследу сталі каментары ў сацсетках пра «справу Зельцара».

Абвінавачаны ў «абразе прадстаўніка ўлады» і «распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы».

Справу разглядала суддзя Цяплова.

Цімур Хайрулін

Асуджаны да 2 гадоў і 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму.

Паводле праваабаронцаў нагодай для крымінальнага пераследу сталі каментары ў сацсетках пра «справу Зельцара».

Абвінавачаны ў « распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці» ды «за абразу прадстаўніка ўлады».

Наста Лойка і Даніла Кашэўскі

Асуджаныя да адміністрацыйнага арышту.

Лойцы далі 15 дзён, а Кашэўскаму – 12-ць.

Абодвух схапілі па сканчэнні суду над групай палітвязняў, сярод якіх была праваабаронца Марфа Рабкова.

Уладзімір Буцькавец

Асуджаны на 7 дзён адміністрацыйнага арышту.

Праваабаронцы пішуць, што яго схапілі 5 верасня і асудзілі за «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў»

5 жніўня суполку, якую ён адміністраваў, прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а 18 жніўня – «экстрэмісцкім фармаваннем».

 

Вайна ва Ўкраіне. Масавая гібель дэльфінаў у Чорным моры з-за ўзброенай агрэсіі Расіі – пачата расследаванне па факце экацыду

Ад пачатку ўзброенай агрэсіі Расіі супраць Украіны на пляжах Адэсы выяўлена вялікая колькасць мёртвых марскіх сысуноў. Праўдападобна, што прычына іх гібелі – выкарыстанне расіянамі гідраакустычных прыбораў на ваенных караблях. Рэхалоты выдаюць магутныя гукі, якія негатыўна ўплываюць на здароўе жывёл.

Па ініцыятыве пракуратуры праведзены экспертызы і ўскрыцці марскіх свіней і дэльфінаў, знойдзеных мёртвымі на ўзбярэжжах, піша тэлеграм-канал «Офіс Генерального прокурора»

Паводле яго ўзятыя зрэзы будуць адпраўлены на даследаванні ў Падуанскі ўніверсітэт (Італія), а таксама на асобнае даследаванне структуры ўнутранага вуха сысуноў у Гановерскі ўніверсітэт (Германія).

Пракуратурай рыхтуюцца запыты аб аказанні міжнароднай прававой дапамогі ў Балгарыю, Турцыю і Румынію для ўстанаўлення аналагічных выпадкаў гібелі дэльфінаў.

Адэскай абласной пракуратурай распачала крымінальную вытворчасць па факце экацыду.

Цяпер цяляты! Расіянін спрабаваў вывесці 30 беларускіх бычкоў

50-гадовага кантрабандыста выкрылі дарогаю ў Расію. Туды ён кіраваў фуру наладаваную «жывым таварам», на які не было дакументаў. Спынілі машыну ў Кіраўскім раёне.

“Падчас агляду ў паўпрычэпе было выяўлена 30 бычкоў коштам блізу 65 тысяч рублёў”, – паведамляе тэлеграм-канал «Милиция Могилёщины».

Паводле яго, устаноўлена, што жывёлы былі закуплены ў грамадзян у Капыльскім раёне для далейшага перапродажу.

Аўтамабіль з грузам затрыманы. Праводзіцца праверка, па выніках якой дзеянням перавозчыка будзе дадзена прававая ацэнка.

Паведамленні пра выкрыццё кантрабанды дарогаю ў Расіі апошнім часам у міліцэйскім тэлеграм-каналам з’яўляецца ледзьве не штодня. У суседнюю краіну, на мяжы з якой адсутнічае сталы беларускі пагранічны і мытны кантроль, незаконна вязуць металалом, мясныя харчы, гароднінную прадукцыі, а цяпер і буйную рагатую жывёлу.

 

Латвія беларусам да 2023 году не збіраецца выдаваць паўторныя віды на жыхарства

Урад краіны падтрымаў папраўкі ў закон аб іміграцыі, якія прадугледжваюць ускладненне ўмоваў выдачы пасведчання на права пражывання ў Латвіі грамадзянам Расіі і Беларусі.

Да 30 чэрвеня 2023 года будзе спынена выдача паўторных ВНЖ грамадзянам Расіі і Беларусі, за выключэннем асоб, якія знаходзяцца ў Латвіі працяглы час. Выключэнне складаюць былыя грамадзяне Латвіі або не грамадзяне, якія не маюць права на атрыманне пастаяннага дазволу на пражыванне або статусу пастаяннага жыхара Еўрапейскага Саюзу з-за недастатковага ведання дзяржаўнай мовы, піша выданне «Наша газета».

Нормы, прадугледжаныя прававым актам, не закранаюць правы асобаў, якія шукаюць міжнароднай абароны.

Папраўкі мае зацвердзіць Сойм.

Тым часам, краіны Балтыі дамовіліся істотна абмежаваць перасячэнне межаў грамадзянамі Расіі, у тым ліку тых, у каго ёсць шэнгенскія візы, напісаў у Twitter міністр замежных справаў Латвіі Эдгар Рынкевіч.

Паводле яго, рашэнні будуць прыняты ўрадамі краін Балтыі згодна з працэдурамі нацыянальнага заканадаўства, і набудуць моц адначасова.

фота: bbci.co.uk

На Мсціслаўшчыне вяскоўцаў тэрарызуюць ваўкі. Пяцярых забілі

Драпежнікаў вынішчыла адмысловая брыгада паляўнічых.

На паяўленне небяспечных жывёлаў у Таварыства паляўнічых і рыбаловаў паскардзіліся жыхары мясцовых вёсак Вароўскага, Добрае і Мушына. Паселішчы знаходзяцца за 15 кіламетраў на паўднёвы захад ад раённага цэнтру, у адносна бязлеснай мясцовасці.

Пасля скаргі на «прыбылых» ваўкоў арганізавалі паляўнічы атрад, – піша выданне Mstlife.by.

Некалькі дзён паляўнічыя пільнавалі ў мсціслаўскіх лясах ваўкоў. Аднаго застрэлілі ля вёскі Сялец. Яшчэ траіх паблізу вёскі Добрае. Яшчэ аднаго пацэліў паляўнічы, які выбраўся біць качак.

Спецыялісты мяркуюць, што найчасцей у памежныя раёны Магілёўшчыны ваўкі забрыдаюць з суседніх рэгіёнаў Расіі. «Прыбылых» драпежнікаў звычайна адстрэльваюць.

фота з адкрытых крыніц

Візавыя цэнтры Эстоніі аднавілі прыём дакументаў

Пра тое гаворыцца на сайце партнёра эстонскай амбасады ў Беларусі кампаніі VFS Global.

Паводле яе, прымаць дакументы ў візавых цэнтрах, размешчаных у Бабруйску і Полацку сталі ад 6 верасня. Акрамя Эстоніі тут зробяць візу ў Швецыю і Фінляндыю.

Першапачаткова паведамлялася, што візавыя цэнтры Эстоніі пачнуць працу з 1 верасня. 2 верасня на сайце VFS Global з’явілася паведамленне аб прыпыненні прыёму дакументаў. Прычыны не называліся. Цяпер такой абвесткі няма.

3,5 тоны каўбасы не далі вывесці кантрабандыстам у Расію

Машыну прыватнага прадпрымальніка спынілі ў Мсціслаўскім раёне. На тавар адсутнічалі грузасуправаджальныя дакументы.

Кантрабанду выкрылі супрацоўнікі Магілёўскай мытні, якая распачала адміністрацыйны працэс супраць уладальніка грузу.

«На тэрыторыі Мсціслаўскага раёну быў устаноўлены факт транспартавання ў напрамку Расійскай Федэрацыі каўбасных вырабаў у асартыменце, масай каля 3,5 тон, коштам звыш 25 тысяч беларускіх рублёў», піша тэлеграм-канал MOGILEVNEWS.

Прыватнаму прадпрымальнік пагражае штраф у памеры да пяцідзесяці працэнтаў ад кошту прадмета адміністрацыйнага правапарушэння.

фота: mogilevnewsby

Прыгожае відэа з краявідамі Магілёва. Агледзім Задняпроўе з вышыні «Юбілейнага»

Гэта магілёўская мясціна ўпадабаная гараджанамі, якія спрабуюць зазірнуць за далягляд. Тут збіраецца шумнай грамадою моладзь, апаноўваючы мясцовыя альтанкі. Уздоўж стромкага схілу прагульваюцца пад шчабятанне птушак пенсіянеры. Па ходніках жа шпацыруюць сямейныя пары.

 

Усё гэта – Дняпроўскі бульвар. Частка мікрараёну «Юбілейнага» з яго «хрушчоўкамі» і сучаснымі шматпавярховікамі.


Магілёў.media працягвае прагулкі па вядомым мясцінам гораду. Мы стараемся паказаць у сваіх відэазамалёўках хараство магілёўскіх краявідаў. Яны дапамагаюць адпачыць ад будзённасці, акунуцца ў свет гісторыі роднага гораду і, магчыма, угледзець будучыню.


 

Дзень у гісторыі: 7 верасня. Паставілі помнік літары «Ў». Нарадзіліся: дзяячка БНР Палута Бадунова і палітык Віктар Ганчар. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі абраны каралём польскім і вялікім князем літоўскім

Міжнародны дзень знішчэння ваеннай цацкі.

Адзначаецца ад 1988 году з ініцыятывы Сусветнай асацыяцыі дапамогі сіротам і дзецям, пазбаўленым бацькоўскай апекі.

З ідэяй прапаноўваць дзецям абмяняць «ваенныя» цацкі на іншыя не звязаныя з вайной, гэта арганізацыя выступіла ў 1987 годзе. У яе знайшліся прыхільнікі, якія сталі штогод праводзіць акцыі па адмове ад ваенных забавак.

Сусветны дзень знішчэння ваеннай цацкі – гэта, найперш, нагода падумаць аб тым, якімі цацкамі і ўва што гуляюць дзеці.

1764 год. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі абраны каралём польскім і вялікім князем літоўскім.

Пры ім Рэч Паспалітая знікла з палітычнай карты Еўропы. Тэрыторыя краіны была падзеленая між Расіяй, Прусіяй і Аўстра-Венгрыяй.

У кастрычніку 1795 году па апошнім падзеле Рэчы Паспалітай Станіслаў Панятоўскі выракся каралеўскай пасады.

1885 год. Нарадзілася Палута Бадунова.

Дзяячка беларускага нацыянальнага руху, настаўніца.

Член рэвізійнай камісіі Цэнтральнай Рады беларускіх арганізацый у Мінску, намесніца старшыні Народнай Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

У лістападзе 1925 году Бадунова з Польшчы перабіраецца ў савецкую Беларусь. У 1937 годзе яе абвінавачваюць у антысавецкай дзейнасці. Спачатку адпраўляюць на 10 гадоў у лагеры, а ў 1938-ым расстрэльваюць.

Рэабілітаваная 21 чэрвеня 1989 году.

1919 год. Нарадзіўся Алесь Асіпенка.

Пісьменнік, сцэнарыст.

Працаваў галоўным рэдактарам часопісу «Маладосць», штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва», сцэнарнага аддзелу «Беларусьфільм».

Аўтар раманаў, апавяданняў і аповесцяў, сцэнарыяў мастацкіх фільмаў.

8 год. Нарадзіўся Віктар Ганчар.

Палітык, правазнаўца.

Падчас прэзідэнцкіх выбараў 1994 году ўвайшоў у выбарчы штаб кандыдата Аляксандра Лукашэнкі. Па яго перамозе быў прызначаны намеснікам прэм’ер-міністра. З гэтай пасады яго звольніў Лукашэнкам.

Ганчар уступіў у Аб’яднаную грамадзянскую партыю. У 1995-ым абраны дэпутатам Вярхоўнага Савету 13-га склікання і стаў старшынёй Цэнтральнай выбарчай камісіі.

Не прызнаў вынікі рэферэндуму 1996 году і Лукашэнка зняў яго сваім указам з пасады старшыні ЦВК.

16 верасня 1999 году Віктар Ганчар знік у Мінску, разам са сваім сябрам – бізнесменам Анатолем Красоўскім.

1989 год. Памёр Анатоль Трус.

Актор. Народны артыст Беларусі.

Служыў у драматычным тэатры імя Якуба Коласа, выконваў ролі ў спектаклях «Раскіданае гняздо» Янкі Купалы, «Несцерка» Віталя Вольскага.

З 1943 году здымаўся ў кіно.

У яго гонар у Віцебску ўсталявана мемарыяльная дошка.

2003 год. Паставілі помнік літары «Ў».

Падзея адбылася ў Полацку на «Дзень беларускага пісьменства».

На помніку верш Рыгора Барадуліна «Ад Еўфрасінні, ад Скарыны, ад Полацка пачаўся свет».

2011 год. Загінуў у авіякатастрофе хакеіст Руслан Салей.

Першым з беларускіх гульцоў дайшоў да фіналу Кубка Стэнлі.

Гулец амерыканскіх «Анахайм Майці Дакс», «Фларыда Пантэрз», «Каларада Эвеланш», «Дэтройт Рэд Уінгз», яраслаўскага «Лакаматыва».

 


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў.