Першыя магілёўскія яўрэі – выйшла новая відэалекцыя вядомага гісторыка

Хто такія “хазеры”, якія жылі на Дубравенцы, і хто быў першым яўрэем, што трапіў у Актавыя кнігі магілёўскага магістрата.

Гісторык Аляксей Бацюкоў вядзе цыкл лекцыяў, прысвечаных гісторыі Магілёўшчыны на сваім канале ў Youtube. Яго новая лекцыя пад назвай “Лявей Шавулавіч судзіцца з Багданам Барэйкавічам” прысвечаная гісторыі беларускіх і магілёўскіх яўрэяў у прыватнасці. 

Бацюкоў акрэслівае асноўныя этапы і шляхі міграцыі яўрэйскага насельніцтва на тэрыторыі Беларусі. Першы, самы старажытны перыяд рассялення яўрэяў на нашых землях мог пачацца яшчэ ў Х – ХІ стагоддзях і быў звязаны з выхадцамі з Хазарскага каганату, што вызнавалі іўдаізм. Легендарызаванай звесткай пра гэта магла служыць народная прымаўка пра “хазераў”, якія жывуць на Дубравенцы. Яна была вядомая сярод старых магілёўскіх яўрэяў і гучала так: “Дзеці, не хадзіце на Дубравенку, там жывуць адны хазеры!” Па ўспамінах старых магілёўцаў, дубравенкаўскія “хазеры” выдзяляліся сярод астатніх яўрэяў тым, што займаліся пераважна рамёствамі – трымалі свае лесапілкі і кузні – а таксама лавілі рыбу.

Другі этап рассялення яўрэяў на Беларусі пачаўся ў XIV стагоддзі, калі на нашых землях паявіліся першыя задакументаваныя абшчыны, у Берасці і Гародні. Менавіта берасцейскія яўрэі, што найбольш верагодна, далі пачатак магілёўскай яўрэйскай абшчыне – выказвае меркаванне Аляксей Бацюкоў. Таксама ён прыводзіць цытаты з першых дакументаў, у якіх фігуруе першы магілёўскі яўрэй. Гэта Лявей Шавулавіч, які судзіўся з магілёўскім купцом, лаўнікам гарадскога магістрату Багданам Барэйкавічам. З матэрыялаў судовай справы становіцца зразумела, што пазычаныя ў Лявея Шавулавіча грошы Багдан Барэйкавіч так і не вярнуў, нягледзячы на шматлікія прадпісанні магістрату.

Дзяржаўны дэпартамент ЗША ухваліў вызваленне некалькіх палітзняволеных у Беларусі

Паведамленне пра гэта паявілася на афіцыйнай старонцы ўстановы. За подпісам Нэда Прайса, прэс-сакратара Дзяржаўнага дэпартамента ЗША, гаворыцца, што “Злучаныя Штаты вітаюць вызваленне некалькіх палітвязняў у Беларусі, у тым ліку журналіста Алега Груздзіловіча.”

– Нягледзячы на ​​тое, што вызваленне гэтых палітвязняў з’яўляецца крокам у правільным накірунку, занадта шмат палітычных зняволеных застаецца за кратамі ў Беларусі. – гаворыцца далей у дакуменце – Мы заклікаем да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных.

Журналіст Алег Груздзіловіч быў вызвалены 21 верасня, пасля 9 месяцаў арышту. Большую частку свайго тэрміну ён правёў у магілёўскай турме №4. У сакавіку 2022 года ён быў асуджаны на паўтары гады калоніі агульнага рэжыму за “арганізацыю масавых беспарадкаў і ўдзел у іх”. 

Дзень у гісторыі. 26 верасня. Дзень кантрацэпцыі. Рускія захопнікі спалілі Пінск. Дзень нараджэння міністра юстыцыі Івана Ветрава, літаратараў Уладзіміра Агіевіча і Навума Кісліка. Утварэнне курортнага пасёлка Нарач, запуск Чарнобыльскай АЭС. На Магілёўшчыне знесена самае вялікае курынае яйка – 182 грамы

Сусветны дзень кантрацэпцыі (World Contraception Day, з 2006 года). Праводзіцца пад дэвізам: «Кантрацэпцыя: ваша жыццё, ваша адказнасць».

Гэты дзень павінен прыцягнуць увагу ўладаў і грамадскасці да праблем, якія ўзнікаюць з прычыны недастатковага палавога выхавання і грэбавання сродкамі кантрацэпцыі.

Еўрапейскі дзень моў (з 2001 года, абвешчаны Саветам Еўропы падчас Еўрапейскага года моў). 

Паняцце еўрапейскія мовы больш шырокае, гэта не толькі афіцыйныя мовы краін-членаў Еўрасаюза. Асноўная мэта дня — заахвочванне да вывучэння і засваення розных моў як у школах, так і па-за іх межамі на працягу ўсяго жыцця чалавека.

Асабліва падкрэсліваецца неабходнасць вывучэння некалькіх замежных моў, а не толькі англійскай, якая абсалютна дамінуе, засмечваючы шматлікія мовы непатрэбнымі запазычаннямі.

1629 год. У Альтмарку (Польшча) падпісана перамір’е паміж Рэччу Паспалітай і Швецыяй. 

Скончылася вайна 1600-1629 гадоў. 

Яна распачалася пасля таго, як польскі і шведскі кароль Жыгімонт III Ваза ў 1600 годзе ўключыў Эстляндыю ў склад Рэчы Паспалітай.

Рэч Паспалітая страціла ўсе балтыйскія парты, акрамя Караляўца, Гданьска і Пуцка, усю Ліфляндыю да Заходняй Дзвіны. 

1655 год. Пад час руска-польскай вайны 1654—1667 года, рускія захопнікі на чале з Ф. Валконскім разрабавалі і спалілі Пінск. 

Багаты горад прыйшоў у заняпад.

1905 год. У в. Саматэвічы Касцюковіцкага раёна нарадзіўся Іван Ветраў

Беларускі партыйны і дзяржаўны дзеяч. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху на Палессі. 

Заслужаны юрыст, Заслужаны работнік культуры.

Працаваў на партыйнай і савецкай рабоце ў розных месцах, у тым ліку ў Мсціслаўскім, Чэрыкаўскім раёнах, у Магілёве. 

Пракурор, міністр юстыцыі БССР.

1910 год. Нарадзіўся Уладзімір Агіевіч

Беларускі літаратуразнаўца, паэт, перакладчык.

Выхаванец Магілёўскага педінстытута (1937). 

Аўтар вершаў, даследчык творчасці  Я. Купалы і Я. Коласа, пасляваеннай беларускай паэзіі, кніг для чытання для школ рабочай і сельскай моладзі.

1925 год. Нарадзіўся Навум Кіслік

Беларускі пісьменнік і перакладчык.

Аўтар шэрагу кніг паэзіі. Кнігі выбранай паэзіі выйшлі ў 1975 і 1985 гадах.

Сваімі перакладамі пазнаёміў рускамоўную аўдыторыю з творамі І. Мележа, У. Караткевіча,  Я. Купалы,  Я. Коласа, М. Багдановіча, П. Броўкі, Р. Барадуліна, М. Танка і шматлікіх іншых.

1964 год. Памёр Сендэр Палеес.

Беларускі мастацтвазнаўца, гісторык і публіцыст. Супрацоўнік Інстытута беларускай культуры.

Актыўны дзеяч беларускіх габрэйскіх арганізацый, яўрэйскага гісторыка-этнаграфічнага таварыства, даследчык яўрэйскай культуры.

Арганізатар  яўрэйскага аддзела народнага побыту пры Беларускім дзяржаўным музеі ў Мінску. Склаў апісанне яўрэйскіх культурна-гістарычных помнікаў у Беларусі.

1964 год. На беразе возера Нарач утвораны санаторна-курортны пасёлак Нарач. 

Адзіны ў краіне з такім статусам, мае 3,5 тысячы жыхароў. 

Заснаваны з вёсак Баравыя, Купа, Малая Сырмеж, Наносы, Садоўшчына, Сцепянёва, Урлікі. 

У бліжэйшай в. Нарач, якая вядома з ХV стагоддзя як Кабыльнік, праводзілася па пяць гадавых кірмашоў.

Ужо ў 1920-я гады тут працавалі гатэлі, турбазы, яхт-клубы, кінатэатр, тэатральная сцэна. 

Нарач добрым словам ўспамінаюць французы: наступ у гэтым раёне на кайзераўскія войскі ў сакавіку 1916 года выратаваў Парыж ад захопу немцамі.

1973 год. Памёр Тарас Сайка

Пастар баптыстаў у Канадзе. 

Удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX стагодзя ў Паўночнай Амерыцы. Мецэнат.

Адзін з арганізатараў і каардынатараў Беларускага біблейскага камітэта па справе перакладу Бібліі на беларускую мову.

1977 год. У СССР, на мяжы УССР і БССР, запушчаны першы энергаблок Чарнобыльскай АЭС імя У. Леніна. 

Электрастанцыя стала сусветнавядомай па найбуйнейшай тэхнагеннай аварыі ў гісторыі чалавецтва, што адбылася 26 красавіка 1986 года. 

У выніку аварыі радыёнуклідамі было забруджана 23% тэрыторыі Беларусі з 2,2 млн жыхароў.

2019 год. Самае вялікае курынае яйка знесена ў Беларусі на птушкафабрыцы агракамбіната “Прыдняпроўскі” Магілёўскага раёна. 

Вага гіганта – больш за 182 грамы. 

Папярэдні беларускі рэкорд быў устаноўлены ў Гродзенскай вобласці ў 2017 годзе (160 грамаў). 

У Кнізе рэкордаў Гінэса да гэтага  самым вялікім лічылася яйка ад курыцы з Зестафонскага раёна Грузіі – 170 грам.


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў


“Бліны з навіны” – пад Бялынічамі прайшоў бліна-фэст

Самымі арыгінальнымі аказаліся слаёныя бліны. 

Блінафэст зрабіў 24 верасня непаўторным днём для жыхароў і гасцей аграгарадка Вялікая Машчаніца – паведамляе  ў сваіх соцсетках раённая газета “Зара над Друццю”. 

Арганізавалі фестываль “Бліны з навіны” установы культуры Бялыніцкага раёна, якія прадставілі на суд удзельнікаў мерапрыемства стравы, прыгатаваныя сваімі рукамі. Тутэйшыя жыхары таксама прыгатавалі бліны і іншыя прысмакі ды частавалі імі гасцей. 

Фестывалі бліноў даволі распаўсюджаная з’ява. Здзівіць імі цяжка. Звычайна яны праводзяцца на Маслянку недзе ў лютым – сакавіку. Каб не згубіцца ў шэрагу іншых фэстаў, бялыніцкія кулінары прызначылі свой бліна-фэст на канец верасня, той час, калі зярнёвыя ўжо сабраныя, а ў сялян традыцыйна хапала мукі для вырабу ласункаў з хлебу. 

Госці свята атрымалі мноства станоўчых эмоцый. Пакуль дарослыя ласаваліся блінамі, дзеці і падлеткі бавілі час на гульнявых пляцоўках, удзельнічалі ў конкурсах малюнкаў і аквагрымаў – асаблівай тэхніцы малявання на скуры спецыяльнымі фарбамі. 

Фэст прайшоў весела, але ж і сур’ёзна. Па яго выніках пераможцы атрымалі ўзнагароды. Самымі незвычайнымі былі прызнаныя слоевыя бліны, якія прадставілі работнікі Алешкавіцкага сельскага клуба, а самымі смачнымі – бліны, якія прыгатавала Марына Назарава з Машчаніцкага вясковага клубу.

Дзень у гісторыі. 25 верасня. Міжнародны дзень глухіх. Дзень нараджэння кампазітараў Міхала Клеафаса Агінскага, Дзмітрыя Шастаковіча, акцёра Майкла Дугласа, пісьменніка Сяргея Грахоўскага, дзеяча беларускай дыяспары Вячкі Целеша

Міжнародны дзень глухіх (International Deaf Day, з 1951 года) адзначаецца штогод у апошнюю нядзелю верасня. Устаноўлены ў гонар утварэння Сусветнай Федэрацыі глуханямых.У свеце зараз кожны дзявяты чалавек мае праблемы са слыхам. Прычыны гэтага самыя розныя: наступтвы хваробы, няшчасных выпадкаў, прыроджаныя заганы. Глухімі былі вядомыя ў свеце асобы:  пісьменнік Віктор Гюго, кампазітар Людзвіг ван Бетховен, мастак Антоніа Станьёлі, скульптар Клод-Андрэ Дэсен, філосаф Жан-Жак Русо.

Сусветны дзень лёгкіх (World Lung Day). Правільнае дыханне – гэта адна з галоўных умоў існавання ўсяго жывога. Здароўе лёгкіх і іншых органаў дыхальнай сістэмы – аснова чалавечага дабрабыту.

Нажаль, дыхальная сістэма чалавека не заўсёды спраўляецца са сваімі функцыямі і выконвае адведзеныя ёй самой прыродай задачы. У гэтым выпадку гаворка можа ісці аб разнастайных захворваннях органаў дыхання, у прыватнасці, лёгкіх.

Дыхальныя паталогіі займаюць трэцяе месца ў рэйтынгу самых распаўсюджаных. Варта памятаць, што смяротна небяспечнай можа стаць любая лёгачная паталогія.

1765 год. Нарадзіўся Міхал Клеафас Агінскі

Вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч, дыпламат, кампазітар. Адзін з лідараў паўстання Т. Касцюшкі. 

Аўтар 20 паланезаў, у тым ліку “Паланэзу Агінскага” (“Развітанне з Радзімай”),  шматлікіх  маршаў, вальсаў, мазурак, рамансаў, опер, 4-томных «Мемуараў пра Польшчу і палякаў з 1788 да 1815 года»,  трактату «Лісты пра музыку».

У Фларэнцыі, на доме, дзе ён жыў, адкрыта мемарыяльная дошка. У яго маёнтку Залессі створаны «Музей-сядзіба М. К. Агінскага». У Маладзечне імя кампазітара носіць музычны каледж,тамжа ўстаноўлены помнік. 

1875 год. Нарадзіўся Сяргей Паўловіч.

Публіцыст, грамадскі і культурны дзеяч, дырэктар Віленскай беларускай гімназіі.

Адзін з кіраўнікоў Таварыства беларускай школы. Аўтар школьных падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў.

Аўтар прац па самаадукацыі і хатнім выхаванні, культурна-асветнай рабоце, рэлігійнай адукацыі.

Арыштоўваўся польскімі ўладамі ў 1930 і 1933 гадах.

Выдавец дзіцячага часопісу «Снапок».

С. Паўловіч у першым радзе другі справа

1906 год. Нарадзіўся Дзмітрый Шастаковіч

Савецкі кампазітар і грамадскі дзеяч. Беларус па бацькоўскай лініі. 

Доктар мастацтвазнаўства, прафесар. Народны артыст СССР. 

Адзін з найбуйных кампазітараў XX стагоддзя. Аказаў вялізны ўплыў на развіццё сусветнай музычнай культуры.

1913 год. Нарадзіўся Сяргей Грахоўскі

Беларускі пісьменнік. Заслужаны работнік культуры. У дзяцінстве выхоўваўся ў мястэчку Глуск. 

Працаваў на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце, у Дзяржвыдавецтве БССР, у газетах, часопісах, на Беларускім радыё, выкладчыкам на рабфаку БДУ.

Вязень ГУЛАГу.

Аўтар 14 зборнікаў паэзіі, 5 кніг вершаў для дзяцей, у тым ліку «Ад вясны да вясны» (1959), «Знаходка» (1985), апавяданняў «Агеньчык у акне» (1972), кніг нарысаў, апавяданняў, аповесцей,  успамінаў, публіцыстыкі, перакладаў.

Аўтар вядомага верша «Ветразь», дзе не ўжыў ніводнага слова сугучнага з рускімі адпаведнікам.

У выраі ветразь знікае

За хваляй, нібы на спачын,

І змора яго не злякае,

Не спыніць тугой далячынь.

 

У змроку зіхоткая здрада

Завабіць хлуснёй у віры,

На золку сканае прынада

І кволы прамень на жвіры.

 

Раптоўна згаданыя мроі

У карунках пяшчотнай тугі

Павольна знікаюць, як строі,

У бязважкасці кволай смугі.

 

Знікае ўсхвалёваны ветразь:

З кунегаю пільна сачу,

Як водар аздобіў паветра,

І ў бездані знічкі лічу.

1938 год. Нарадзіўся Вячка (Вячаслаў) Целеш

Беларускі мастак, дзеяч беларускай дыяспары ў Латвіі. 

Дырэктар беларускай школы ў Рызе. 

Старшыня суполкі мастакоў-беларусаў Балтыі «Маю гонар», намеснік старшыні таварыства беларускай культуры «Світанак».

Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу і графікі, а таксама ў экслібрысе. Аўтар шэрагу прац, прысвечаных беларускім дзеячам В. Дуніну-Марцінкевічу, С.Панізніку, Ф.Скарыне, М.Багдановічу, А. Мальдзісу і іншым.

Аўтар тэкстаў і складальнік кніг «Мінск на старых паштоўках», «Гарады Беларусі на Старых паштоўках» і іншых.

Узнагароджаны найвышэйшай узнагародай Латвіі — Ордэнам Трох Зорак.

1944 год. Нарадзіўся Майкл Дуглас

Амерыканскі кінаакцёр і прадзюсар. 

Паходзіць з беларускіх яўрэяў Дуніловічаў з Магілёўскай губерні. Сын сусветнавядомага акцёра Кірка Дугласа.

Сусветную вядомасць яму прынеслі фільмы «Палёт над гняздом зязюлі», «Ракавая жарсць», «Асноўны інстыкт». Уладальнік некалькіх “Оскараў”.

Прыхільнік ядзернага раззбраення. Пасол Міру ААН.

1971 год. У Брэсце ўрачыста адкрыты мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой». 

Гісторыка-культурная каштоўнасць міжнароднага значэння. Узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны.

Створаны па праекту групы аўтараў на чале з народным мастаком СССР скульптарам А. Кібальнікавым. 

Скульптурна-археалагічны ансамбль уключае ацалелыя збудаванні, закансерваваныя руіны, крэпасныя валы і творы сучаснага манументальнага мастацтва. 

Комплекс размешчаны ва ўсходняй частцы Цытадэлі пры ўпадзенні Мухаўца ў Буг.


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў


 

У магілёўскім Інстытуце МУС праходзіць тыдзень роднай мовы

Выкладчыкі і курсанты падыйшлі да яго крэатыўна, цяжкасцяў з разуменнем беларускай мовы ў будучых міліцыянераў не ўзнікала. 

Тыдзень роднай мовы ў Інстытуце іністэрства ўнутраных спраў распачаўся з рэспубліканскай дыктоўкі, якую пісалі першакурснікі. Большасць курсантаў паспяхова справілася з заданнем. Творчая частка тыдня роднай мовы праходзіла ў выглядзе конкурсаў. А на занятках па беларускай мове курсанты стваралі ўласныя літаратурныя творы – эсэ і пейзажныя замалёўкі па матывах карцін нашага земляка, мастака В.К. Бялыніцкага-Бірулі.

Выкладчыкі кафедры чыталі на беларускай мове асобныя лекцыі і адзначылі, што цяжкасцяў з разуменнем іх зместу не ўзнікла. Курсанты здолелі хутка зарыентавацца і плённа пазаймацца, адказваючы на пытанні выкладчыка таксама на роднай мове.


Тыдзень роднай мовы праводзіцца па ініцыятыве Міністэрства адукацыі ва ўсіх навучальных установах краіны з 17 па 23 верасня. Ён прадугледжваў мноства самых разнастайных акцый – выстаў, анлайн-чэленджу «Льецца мова», творчага марафону «Мова родная – мова модная», паказу адзення «Будзь у трэндзе», анлайн-акцыі «Натхнёныя Бацькаўшчынай», рэспубліканскую дыктоўку і г.д.


Тыдзень беларускай мовы праходзіць ва ўсіх установах адукацыі Магілёўскай вобласці. Але агульнанацыянальная акцыя засталася збольшага слаба заўважнай за шлейфам мерапрыемстваў новаўведзенага свята – Дня народнага адзінства

Найбольшы рэзананс у сацыяльных сетках Магілёва выклікаў удзел курсантаў Інстытута Міністэрства ўнутраных спраў у мерапрыемствах тыдня. Гэта нядзіўна, бо ў інстытуце МУС прайшло багата цікавых імперэзаў. У ім спушчаную зверху ініцыятыву падтрымала кафедра сацыяльна-гуманітарных дысцыплін і аднеслася да яе з душой – нефармальна.

Працаваць над моўнай культурай кафедра сацыяльна-гуманітарных дысцыплін працягне на наступным тыдні, калі для першакурснікаў пройдзе конкурс, прысвечаны Дню еўрапейскіх моў.

Адзначым, што ў свой час на слыху былі выпадкі, калі работнікі сілавых структур не маглі пісьмова запісаць беларускамоўныя паказанні ці сведчанні, скласці элементарныя беларускамоўныя пратаколы. 

Дзень у гісторыі. 24 верасня. Дзень памяці палкаводца, графа на Быхаве Яна Караля Хадкевіча. Дзень дальнабойшчыка і караваншчыка. Дзень нараджэння дзеячкі беларускай культуры Паўліны Мядзёлкі

Міжнародны дзень караваншчыка (International Day of caravan). Заснаваны Міжнароднай асацыяцыяй па рацыяналізацыі транспартна-грузавых аперацый у 1995 годзе. Прафесійнае свята караван-важатых у прыватнасці і ўсіх удзельнікаў транспартных калон і суднавых караванаў у цэлым. 

Адзначаецца ў дзень нараджэння ў 1564 годзе Адама Уільямса, вядомага брытанскага марахода і навігатара, які лічыцца першым еўрапейцам, які дасягнуў берагоў Японіі. 

Па іншай версіі, дзень прымеркаваны да заканчэння Хіджры, перасялення прарока Мухамада і першых мусульман з Мекі ў Медыну ў 622 годзе. 

Традыцыйна адзначаецца дальнабойшчыкамі, камандамі гандлёвых судоў і экіпажамі караблёў эскорту.

1621 год. Памёр Ян Караль Хадкевіч.

Вайсковы і дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Гетман вялікі літоўскі, ваявода віленскі.

Належаў да найстарэйшай, быхаўскай галіны роду Хадкевічаў. 

Адзін з самых таленавітых вялікалітоўскіх палкаводцаў ХVIІ стагоддзя.

Герой вайны са Швецыяй (1600—1629), камандаваў войскам у паходах 1611 на Маскву, абараняў Смаленскае ваяводства ад расійскіх войскаў. 

У 1617-1618 узначаліў войска, якое пайшло з каралевічам Уладзіславам (фармальна царом Расіі з 1610) здабываць маскоўскі трон. 

Герой славутых і пераможных бітваў – пад Кірхгольмам (1605 г.), Хоцінскай (1621 г.) і шматлікіх іншых.

1641 год. Нарадзіўся Станіслаў Незабытоўскі.

Дзеяч рэфармацыі,  мемуарыст. 

Кіраваў адміністрацыяй Багуслава Радзівіла ў Слуцкім княстве. Дэпутат сесіі Трыбунала ВКЛ.

Клапаціўся пра захаванне ў Слуцку свабоды веравызнання.

Аўтар успамінаў, дзе паказаныя падзеі і факты грамадска-палітычнага і прыватнага жыцця 1682-1700 гадоў на Новагародчыне і Случчыне.

1739 год. Нарадзіўся Рыгор Пацёмкін.

Рускі дзяржаўны і ваенны дзеяч, дыпламат, генерал-фельдмаршал. Кіраваў далучэннем да Расіі і ўладкаваннем Наваросіі, заснаваў шэраг гарадоў, уключаючы сучасныя абласныя цэнтры Дніпро, Херсон  і Мікалаеў. 

Фаварыт Кацярыны II.

Пасля Першага раздзелу Рэчы Паспалітай стаў уладальнікам Крычаўскага староства і Крычава, у якім пабудаваў палац, мануфактуры і верф.

1815 год. Нарадзілася Альбіна Габрыэля Пузына.

Пісьменніца, паэтка, мемуарыстка.

Аўтарка ўспамінаў «Мая памяць», якія багата ілюстраваны малюнкамі, літаграфіямі і фотаздымкамі. Яны ўяўлялі панараму жыцця ўсіх слаёў грамадства паўночна-заходняй Беларусі, змяшчалі каштоўную інфармацыю пра мастацкае жыццё краю, паўстанне 1830-1831 гадоў.

Паасобныя яе вершы перакладзены Ірынай Багдановіч і іншымі.

1878 год. Нарадзіўся Юзаф Эдвард Пузына. Гісторык, пісьменнік, паэт.

Аўтар лірычных і сатырычных вершаў, патрыятычных паэм, гімнаў, паэтычных драм, аповесцей.

Вывучаў праблемы паходжання княжацкіх родаў Вялікага княства Літоўскага, іх палітычную ролю ў жыцці дзяржавы.

Аўтар вялікай працы «Вялікае княства Літоўскае да Міндоўга».

1893 год. Нарадзілася Паўліна Мядзёлка

Дзеячка беларускай культуры, артыстка, педагог, мемуарыстка.

У 1913 выканала ролю Паўлінкі ў пецярбургскай прэм’еры п’есы Янкі Купалы. 

Грамадска-палітычны дзеяч у Заходняй Беларусі, Літве, Латвіі, БССР. 

Працавала ў школах, Інбелкульце, Беларускай акадэміі сельскай і лясной гаспадаркі ў Горках.

Арыштоўвалася польскімі ўладамі і ДПУ БССР, была саслана ў Казань. Аўтар мемуараў «Сцежкамі жыцця».

1904 год. Нарадзіўся Мар’ян Пецюкевіч

Беларускі этнограф і грамадскі дзеяч Заходняй Беларусі. 

Актыўны член шматлікіх арганізацый, рэдактар часопісу «Шлях моладзі», беларускіх перадач на Віленскім радыё. 

Узначальваў Дзяржаўную бібліятэку, Беларускі музей імя І. Луцкевіча.

Тройчы арыштоўваўся савецкімі ўладамі, быў у ссылцы.

У 1957 годзе рэпатрыяваны ў Польшчу. 

Быў звязаны з беларускім рухам на Беласточчыне, вывучаў народную культуру беларусаў. 

Аўтар прац па этнаграфіі, тапаніміцы, жартоўных гісторый, успамінаў.

1941 год. Нарадзіўся Ігар Ясуловіч. 

Расійскі акцёр тэатра і кіно, кінарэжысёр, заслужаны артыст Расіі. 

Беларус па паходжанню. 

Сыграў больш за 320 роляў у кіно, у тым ліку ў стужках «Магіла льва»«Дыяментавая рука», «12 крэслаў», «31 чэрвеня», «Той самы Мюнхгаўзен», «Госця з будучыні».

Займаецца агучваннем фільмаў і мультфільмаў.

1952 год. 70 гадовы юбілей святкуе Таццяна Ліхачова

Беларуская актрыса. Заслужаная артыстка.

Усё жыццё прысвяціла служэнню ў Беларускім нацыянальным драматычным акадэмічным тэатры імя Якуба Коласа. 

Старшыня Віцебскай суполкі саюза тэатральных дзеячаў. 

Сыграла каля 20 роляў у пастаноўках па творах У. Шэкспіра, В. Быкава, А. Дударава, У. Караткевіча, М. Чарота і іншых.

1954 год. Нарадзіўся Станіслаў Суднік

Беларускі пісьменнік, журналіст.

Прафесійны ваенны. Знаходзячыся на вайсковай службе ў Казахстане, выдаваў беларускую газету «Рокаш» (1990-1992). 

Аўтар некалькіх кніг і паэтычных зборнікаў.

У 1997 аднавіў у Лідзе выпуск газеты Таварыства беларускай мовы «Наша слова», стаў яе рэдактарам. 

Стваральнік і рэдактар краязнаўчага часопіса «Лідскі летапісец».

1958 год. Нарадзіўся Сяргей Чыгрын

Беларускі паэт, літаратуразнавец, гісторык, краязнавец, перакладчык, журналіст. 

Вучыўся ў Магілёўскім культасветвучылішчы. 

Загадчык аддзела культуры і спадчыны «Газеты Слонімскай», літаратурнай часткі Слонімскага беларускага драматычнага тэатра.

Аўтар зборнікаў паэзіі, кніг гісторыка-краязнаўчых артыкулаў, якія прысвечаны Слонімшчыне, Беласточчыне, выбітным людзям.

Перакладчык на беларускую мову французскіх, украінскіх паэтаў, драматургаў розных краін

1986 год. Памёр Філафей (Уладзімір Нарко). 

Праваслаўны святар, іерарх Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, удзельнік беларускага хрысціянскага руху ХХ стагоддзя. 

Да Другой сусветнай вайны – настаяцель беларускага праваслаўнага прыхода ў Варшаве. 

У гады вайны ўдзельнічаў у аднаўленні і фармаванні царкоўнага кіраўніцтва БАПЦ, быў епіскапам Слуцкім, Магілёўскім і Мсціслаўскім.

У 1946 г. перайшоў у Рускую праваслаўную царкву за мяжой, стаў архіепіскапам Берлінскім і Германскім.

2000 год. У Слуцку адкрыты помнік Святой Соф’і Слуцкай. 

Жонка Януша Радзівіла. Выдзяляла сродкі для пабудовы храмаў і шпіталёў для бедных, рабіла паломніцтвы ў святыя мясціны. 

Ёй удалося атрымаць каралеўскую грамату, якая забараняла далучэнне праваслаўных вернікаў да Уніі ў яе ўладаннях.


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў


 

Рэспубліканскія спаборніцтвы па лыжаролерах пройдуць у Магілёве 24 верасня і перакрыюць праезд па вуліцы Залатавустоўскага

Рух транспарту на вуліцы будзе абмежаваны 23-24 верасня. Гэта звязана са спаборніцтвамі маладых беларускіх спартсменаў на лыжаролерах. 

Лыжаролерныя спаборніцтвы набіраюць папулярнасць у свеце. У суботу 24 верасня ў Магілёве каманды юнакоў і дзяўчат спецыялізаваных навучальна-спартыўных устаноў Рэспублікі Беларусь будуць удзельнічаць у 3 этапе рэспубліканскіх спаборніцтваў па лыжаролерах “SKIBEL-тур”. Гонка пройдзе па вуліцы Залатавустоўскага і пачнецца ў 11 гадзін. 

З-за правядзення спаборніцтваў праезд транспартных сродкаў каля Фацінскай затокі Дняпра ў Магілёве часова перакрыюць. Дзяржаўтаінспекцыі даручана ўжо 23 верасня да 20.00 вызваліць ад аўтамабільнага транспарту праезджую частку вуліцы Залатавустаўскага і паркоўку ў раёне фізкультурна-аздараўленчага комплексу “H2O”. 24 верасня з 8.00 да заканчэння спаборніцтваў інспектары павінны будуць перакрыць рух транспартных сродкаў па ўсёй вуліцы.

Рух аўтобуснага маршруту нумар 4 будзе арганізаваны з улікам перакрыцця руху.

Ініцыятыўныя жыхары пабудавалі мост праз Басю ў Чавусах самі

Цяпер шлях з ускраіны да цэнтра горада карацей на 1,5 кіламетра. 

У чавускім мікрараёне “Зарэчча” жыхары самі аднавілі пешаходны мост праз раку Басю, павядамляе чавуская раённая газета.

Яшчэ нядаўна Зарэчча была вёскай за 5 км ад Чавусаў. Да 1930-х гадоў у ёй існавала каталіцкая капліца. Але вёску неўзабаве далучылі да райцэнтра.

Каб дабрацца ад Зарэчча да цэнтра горада, да крам, школ, працы трэба было ісці кругавой дарогай праз раку Бася і два масты. Такое хаджэнне даволі стомнае, тым больш, што людзям даводзіцца яго пераадольваць не адзін раз у дзень.

12 гадоў таму жыхары мікрараёна са старастай, настаўнікам матэматыкі і інфарматыкі Алегам Пынікавым зрабілі муры маста. Але за гэты час мост пачаў разбурацца.

Мясцовы жыхар Юры Душко ініцыяваў аднаўлення моста. Жыхары мікрараёна вельмі хутка сабралі добраахвотныя складкі па 10 рублёў на матэрыялы і за чатыры дні трухлявая пераправа ператварылася ў моцную канструкцыю. Дапамаглі валанцёрам і гарадскія ўлады: начальнік электрасетак Аляксандр Бузнікаў з дэмантажом старых канструкцый, старшыня Савета дэпутатаў Анатоль Мацюлін з дастаўкай піламатэрыялаў, дырэктар Чавускага СДЮШАР Аляксандр Дарафееў са зварачнымі работамі.

Мост цяпер мае трывалы металічны каркас, каб не было разбурэнняў пад час разводдзя. Для трываласці ён стаіць на адпрацаваных аўтамабільных шынах. Па металаканструкцыі насцелены дошкі, зроблены парэнчы.

Цяпер па пешаходным мосце можна і прайсці, і пракаціць ровар, тачку, дзіцячы вазок.

У вырашэнні праблемы з пераходам перамаглі ініцыятыўнасць і неабыякавасць мясцовых жыхароў.

У Магілёве была начная пагоня за бяспраўнікам на матацыкле

На хлопца склалі 13 пратаколаў.

На вуліцы Чалюскінцаў у Магілёве экіпаж ДАІ даў сігнал аб неабходнасці спыніцца маладому байкеру – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС. Хлопец, аднак, толькі паддаў газу і паспрабаваў адарвацца ад патрульнай машыны. У ходзе пагоні ён выяжджаў на паласу процілеглага руху, скіроўваў на ўзбочыну і ўрэшце рэшт пакаціўся ў кювет. Як высветлілася, прычынай уцёкаў была адсутнасць правоў кіроўцы.

Ні матацыкл, ні сам байкер у выніку вымушанага прыпынку не пацярпелі. На маладога чалавека было складзена 13 пратаколаў: за невыкананне патрабаванняў супрацоўнікаў міліцыі аб спыненні, выезд на паласу сустрэчнага руху, адсутнасць права кіравання, парушэнні правілаў манеўравання і іншыя парушэнні.