“Бліны з навіны” – пад Бялынічамі прайшоў бліна-фэст

Самымі арыгінальнымі аказаліся слаёныя бліны. 

Блінафэст зрабіў 24 верасня непаўторным днём для жыхароў і гасцей аграгарадка Вялікая Машчаніца – паведамляе  ў сваіх соцсетках раённая газета “Зара над Друццю”. 

Арганізавалі фестываль “Бліны з навіны” установы культуры Бялыніцкага раёна, якія прадставілі на суд удзельнікаў мерапрыемства стравы, прыгатаваныя сваімі рукамі. Тутэйшыя жыхары таксама прыгатавалі бліны і іншыя прысмакі ды частавалі імі гасцей. 

Фестывалі бліноў даволі распаўсюджаная з’ява. Здзівіць імі цяжка. Звычайна яны праводзяцца на Маслянку недзе ў лютым – сакавіку. Каб не згубіцца ў шэрагу іншых фэстаў, бялыніцкія кулінары прызначылі свой бліна-фэст на канец верасня, той час, калі зярнёвыя ўжо сабраныя, а ў сялян традыцыйна хапала мукі для вырабу ласункаў з хлебу. 

Госці свята атрымалі мноства станоўчых эмоцый. Пакуль дарослыя ласаваліся блінамі, дзеці і падлеткі бавілі час на гульнявых пляцоўках, удзельнічалі ў конкурсах малюнкаў і аквагрымаў – асаблівай тэхніцы малявання на скуры спецыяльнымі фарбамі. 

Фэст прайшоў весела, але ж і сур’ёзна. Па яго выніках пераможцы атрымалі ўзнагароды. Самымі незвычайнымі былі прызнаныя слоевыя бліны, якія прадставілі работнікі Алешкавіцкага сельскага клуба, а самымі смачнымі – бліны, якія прыгатавала Марына Назарава з Машчаніцкага вясковага клубу.