Мядзведзі запаланілі лясы Магілёўшчыны? Разбіраемся

Памятаеце відэа з Бялыніцкага раёна, калі трактарыст засняў бойку двух медзвядзёў на лясной дарозе? Гэта адбылося каля вёскі Карытніца Бялыніцкага раёна, за 60 кіламетраў ад Магілёва. Але яшчэ зусім нядаўна мядзведзі не жылі на Магілёўшчыне.

Відэа можна пабачыць тут.

Яшчэ зусім нядаўна вучоныя лічылі, што на ўсёй тэрыторыі Беларусі жыве не болей за 80-100 мядзведзяў і не меней за 40. І гэта на тэрыторыю ў 207,6 тысяч квадратных кіламетраў. Меркавалася, што мядзведзь часам нават не мог знайсці сабе мядзведзіцу.

А на тэрыторыю Магілёўскай вобласці ў 2000-х гадах мядзведзі толькі заходзілі – з Бярэзінскага запаведніка і з Браншчыны. 

Але на працягу 2020-2022 гадоў колькасць сустрэч людзей з мядзведзямі па Беларусі павялічалася ў дзясяткі разоў. Такія сустрэчы зафіксаваны і на Магілёўшчыне.

Калі падлічылі, то ахнулі

Так, 13 жніўня 2021 года ў розных СМІ паведамлялася, што  400 кілаграмовы мядзведзь выйшаў у поле, а потым залез на лецішча ў в. Галубаўка Магілёўскага раёна. 

6 ліпеня 2022 года паведамлялася пра фіксаванне драпежніка каля в. Шапялевічы-Падар Круглянскага раёна. 

Аб яшчэ 4-5 сустрэчах у гэтым годзе распавядалі грыбнікі, якія не мелі магчымасці сфатаграфаваць мядзведзя.

Апошняе нападзенне мядзведзя на чалавека зафіксавана вясной 2018 года ў Віцебскім раёне. 

Мядзведзі фіксуюцца фота- і відэакамерамі ва ўсіх абласцях краіны.

Апошнія 20 гадоў колькасць чырвонакніжнх мядзведзяў не падлічвалі. А калі падлічылі ў 2021 годзе, то ахнулі. Іх аказалася не ад 40 да 100, а аж 580.

Вучоныя лічаць, што праз 5-6 гадоў іх колькасць дасягне 1000.

Мядзведзяў мяркуюць выключыць з Чырвонай кнігі

Начальнік аддзела паляўнічай гаспадаркі Міністэрства лясной гаспадаркі Аляксандр Казарэз распавядае: “Мы прапануем выключэнне з Чырвонай кнігі і дазвол палявання. Не таму, што мы такія тут усе крыважэрныя і жадаем мядзведзяў страляць. Мядзведзь наш, беларускі, з трафейнага пункта гледжання слабенькі, небуйны, для паляўнічых асаблівай цікавасці не ўяўляе. Ён расце кілаграмаў да 130–200. Для параўнання: на ўсходзе Расіі ёсць асобіны па 500-600 кілаграмаў, гэта значыць наш – малютка. Таму мы гаворым пра паляванне толькі з пункту гледжання кіравання рэсурсам”.


Буры мядзведзь жыве пераважна ў старых, глухіх лясах, якія чаргуюцца з балотамі, высечкамі і поймамі рэк.


 

“Бліны з навіны” – пад Бялынічамі прайшоў бліна-фэст

Самымі арыгінальнымі аказаліся слаёныя бліны. 

Блінафэст зрабіў 24 верасня непаўторным днём для жыхароў і гасцей аграгарадка Вялікая Машчаніца – паведамляе  ў сваіх соцсетках раённая газета “Зара над Друццю”. 

Арганізавалі фестываль “Бліны з навіны” установы культуры Бялыніцкага раёна, якія прадставілі на суд удзельнікаў мерапрыемства стравы, прыгатаваныя сваімі рукамі. Тутэйшыя жыхары таксама прыгатавалі бліны і іншыя прысмакі ды частавалі імі гасцей. 

Фестывалі бліноў даволі распаўсюджаная з’ява. Здзівіць імі цяжка. Звычайна яны праводзяцца на Маслянку недзе ў лютым – сакавіку. Каб не згубіцца ў шэрагу іншых фэстаў, бялыніцкія кулінары прызначылі свой бліна-фэст на канец верасня, той час, калі зярнёвыя ўжо сабраныя, а ў сялян традыцыйна хапала мукі для вырабу ласункаў з хлебу. 

Госці свята атрымалі мноства станоўчых эмоцый. Пакуль дарослыя ласаваліся блінамі, дзеці і падлеткі бавілі час на гульнявых пляцоўках, удзельнічалі ў конкурсах малюнкаў і аквагрымаў – асаблівай тэхніцы малявання на скуры спецыяльнымі фарбамі. 

Фэст прайшоў весела, але ж і сур’ёзна. Па яго выніках пераможцы атрымалі ўзнагароды. Самымі незвычайнымі былі прызнаныя слоевыя бліны, якія прадставілі работнікі Алешкавіцкага сельскага клуба, а самымі смачнымі – бліны, якія прыгатавала Марына Назарава з Машчаніцкага вясковага клубу.

Бялынінцы наведаліся здзівіць магілёўцаў, але фэст гасцей застаўся не заўважаным

Госці хацелі расказаць магілёўцам пра асаблівасці беларускіх традыцыяў у Бялыніцкім раёне.

Яны наведаліся ў абласны цэнтр на творчую прэзентацыю свайго краю. Разгорнутыя паветкі з раскладзенымі ў іх вырабамі, спевы самадзейных калектываў не завабілі жыхароў Магілёва.

Творчую прэзентацыю Бялыніцкага раёну арганізаваў Магілёўскім абласным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветнай работы. Фэсты з яго ініцыятывы на пляцоўцы ля абласной філармоніі ладзяцца штомесяц. Праходзяць яны будзённа без асаблівага інтарэсу магілёўцаў.

«Прэзентацыя Бялыніцкага раёну стане працягам фестывалю народнай творчасці «Беларусь родная, музычная, народная». У метадычным цэнтры пройдзе канцэрт з удзелам найлепшых калектываў мастацкай творчасці, індывідуальных выканаўцаў гэтага рэгіёну. У холе будынку размесціцца вялікая выстава, дзе госці і ўдзельнікі прэзентацыі змогуць пазнаёміцца з работамі майстроў народнай творчасці Бялыніцкага раёну», – анансаваў  імпрэзу сайт Магілёўскага аблвыканкаму.

Паводле яго, «цягам году ў Магілёў прыязджаюць творчыя прадстаўнікі раёнаў Магілёўскай вобласці. Гэта дае людзям магчымасць не толькі добра правесці час, але і даведацца крыху больш пра беларускія традыцыі, якія маюць свае асаблівасці ў кожным рэгіёне».

Пляцоўка ля абласной філармоніі хоць і знаходзіцца ў цэнтры гораду, але ў будні яна бязлюдная. Выступленні гасцей бачаць збольшага пасажыры грамадскага транспарту ды аўтамабілісты.