Пайшлі лісічкі – жыхар Слаўгарадскага раёна сабраў 16,5 кілаграм за пяць гадзін

Менш чым за паўдня жыхару Слаўгарада ўдалося сабраць вялікую колькасць грыбоў – бо меў свае запаветныя мясціны.  

Раніцай аднаго дня слаўгарадчанін Іван Маргелаў адправіўся на прагулку ў лес да родных мясцінаў каля вёскі Дубна і за пяць гадзін яму ўдалося сабраць шаснаццаць з паловай кілаграм лісічак. 

Такія запаветныя грыбныя мясціны Маргелаў ведае, бо нарадзіўся ў Дубне і добра арыентуецца ў лясных прасторах. Больш за тое, слагўарадчанін з’яўляецца сапраўдным прафесіяналам “ціхага палявання”, бо займаецца гэтым заняткам для душы і цела ўжо не адно дзесяцігоддзе.  – паведамляе раённая газета “Прысожскі край”. 

Грыбнік-прафесіянал прызнаецца, што да сваіх запаветных месцаў прыходзіць штогод збіраць лясныя дары і яны яго часта радуюць вялікай колькасцю грыбоў, а асабліва – смачных лісічак.

Фота ілюстрацыйнае і slavgorod.by

У Слаўгарадскім раёне легкавушка збіла лася, пасажыр загінуў

А чацвёртай гадзіне раніцы пад Слаўгарадам на аўтадарозе Р-43 31-гадовая жыхарка Светлагорска за рулём аўтамабіля Datsun ехала разам з 34-гадовым жыхаром Жлобінскага раёна. На 85-м кіламетры паблізу вёскі Аляксандраўка-2 на праезную частку раптоўна выбег лось. Ад сутыкнення машына апынулася ў кювеце і ўрэзалася ў дрэва.

На месцы аварыі пасажыр машыны, які знаходзіўся на пярэднім пасажырскім сядзенні і не быў прышпілены рамянём бяспекі, загінуў. Жанчына, якія кіравала машынай, шпіталізавана ў бальніцу – паведамлае ўпраўленне ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама.

Варта адзначыць, што дарожна-транспартнае здарэнне адбылося ў зоне дзеяння дарожнага знака “Дзікія жывёлы”.

Фота: mogilev.mvd.gov.by

Дзяржкантроль ізноў знайшоў “абасраных” кароў на Магілёўшчыне

Гэтым разам у Бялыніцкім, Касцюковіцкім, Кіраўскім, Клічаўскім, Крычаўскім, Слаўгарадскім і іншых раёнах

Праверка ўтрымання жывёлы ў зімовы перыяд выявіла, як звычайна, шматлікія парушэнні і недахопы. У ранейшы час за непамытых, брудных кароў зляталі са сваіх пасадаў губернатары і міністры. Сёння ўсё інакш. 

Як паведамілі “Навіны Бялынічаў”, Камітэт дзяржаўнага кантролю Магілёўскай вобласці правёў кантрольныя мерапрыемствы па пытаннях зімова-стойлавага ўтрымання жывёлы ў гаспадарках рэгіёну і ў прыватнасці ў Бялыніцкім раёне. 

Выявілася, што кароў, як звычайна, недакормліваюць і парушаюць рацыён кармлення. У прыватнасці ў ААТ “Бялыніцкі райаграпрамтэхзаб” і “Бялынічы” выяўлена: “Неналежнае ўтрыманне цялят, недахопы пры іх выпойванні, кармленні і вадапаенні, падрыхтоўцы да зімы цялятнікаў”. Пры гэтым таксама ўстаноўлены факт незбалансаванага кармлення і паення дарослага пагалоўя буйной рагатай жывёлы.

Правяраючыя канстатавалі, што “нягледзячы на значнасць своечасовага выпойвання нованароджаным цялятам малодзіва для выпрацоўкі ў іх імунітэту, іх выпойванне ў начны час не арганізавана на фермах правераных гаспадарак.” Традыцыйна выяўлены і “абасраныя” (тэрмін афіцыйных паведамленняў дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі) каровы. 

Праблема “абасраных” кароў настолькі важная, што рэйды супрацоўнікі Камітэта, Упраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў і аблвыканкама праводзілі ў выходныя дні альбо начны час. Чыноўнікі пагражаюць працягваць свой маніторынг.

Сітуацыя ў Бялыніцкім раёне не з’яўляецца выключэннем з правіл. Парушэнні выяўлены практычна ва ўсіх гаспадарках, якія правяраліся. 

Неналежнае ўтрыманне цялят, падрыхтоўцы да зімы цялятнікаў і індывідуальных домікаў выяўлены ў гаспадарках: “Тэльмана” Клічаўскага, “Бялыніцкі райаграпрамтэхзаб” і “Бялынічы” Бялыніцкага, “Неўскі-Агра”,  “Добрасць” і “Крычаўрайаграпрамтэхзаб” Крычаўскага, “Жылічы” Кіраўскага, “Агракамбінат “Усход” і “Эксперыментальная база “Дашкаўка” Магілёўскага, “Заранскі” і “Наша Радзіма” Слаўгарадскага, “Машавое” Касцюковіцкага раёна. 

Выпойка нованароджаных цялят малодзівам у начны час не арганізавана на наведаных фермах “Дабросць”, “Крычаўрайаграпрамтэхзаб”, “Бялыніцкі райаграпрамтэхзаб”, “Агракамбінат “Усход” і “Эксперыментальная база “Дашкаўка»”.

Адзначана “загноенасць” (занавожанасць) асобных адрын, выгульных пляцовак, гноясховішчаў практычна на кожным аб’екце названых сельгасарганізацый.” Менавіта таму магілёўскія каровы па ранейшаму часцяком брудныя і недагледжаныя.