Ініцыятыўныя жыхары пабудавалі мост праз Басю ў Чавусах самі

Цяпер шлях з ускраіны да цэнтра горада карацей на 1,5 кіламетра. 

У чавускім мікрараёне “Зарэчча” жыхары самі аднавілі пешаходны мост праз раку Басю, павядамляе чавуская раённая газета.

Яшчэ нядаўна Зарэчча была вёскай за 5 км ад Чавусаў. Да 1930-х гадоў у ёй існавала каталіцкая капліца. Але вёску неўзабаве далучылі да райцэнтра.

Каб дабрацца ад Зарэчча да цэнтра горада, да крам, школ, працы трэба было ісці кругавой дарогай праз раку Бася і два масты. Такое хаджэнне даволі стомнае, тым больш, што людзям даводзіцца яго пераадольваць не адзін раз у дзень.

12 гадоў таму жыхары мікрараёна са старастай, настаўнікам матэматыкі і інфарматыкі Алегам Пынікавым зрабілі муры маста. Але за гэты час мост пачаў разбурацца.

Мясцовы жыхар Юры Душко ініцыяваў аднаўлення моста. Жыхары мікрараёна вельмі хутка сабралі добраахвотныя складкі па 10 рублёў на матэрыялы і за чатыры дні трухлявая пераправа ператварылася ў моцную канструкцыю. Дапамаглі валанцёрам і гарадскія ўлады: начальнік электрасетак Аляксандр Бузнікаў з дэмантажом старых канструкцый, старшыня Савета дэпутатаў Анатоль Мацюлін з дастаўкай піламатэрыялаў, дырэктар Чавускага СДЮШАР Аляксандр Дарафееў са зварачнымі работамі.

Мост цяпер мае трывалы металічны каркас, каб не было разбурэнняў пад час разводдзя. Для трываласці ён стаіць на адпрацаваных аўтамабільных шынах. Па металаканструкцыі насцелены дошкі, зроблены парэнчы.

Цяпер па пешаходным мосце можна і прайсці, і пракаціць ровар, тачку, дзіцячы вазок.

У вырашэнні праблемы з пераходам перамаглі ініцыятыўнасць і неабыякавасць мясцовых жыхароў.