Сёння адкрылі, але зноў закрыюць двухбаковы рух па пуцеправодзе па вуліцы Чалюскінцаў у Магілёве

Важны пуцеправод у бок Бабруйска запрацаваў у два бакі. Але працы яшчэ не скончаны. 

Са спазненнем у рабочы тыдзень адкрылі рух транспарту ў два бакі на пуцеправодзе, які злучае цэнтр горада і Рабочы пасёлак і прапускае транзітны транспарт на Бабруйск праз чыгунку

Мы паведамлялі, што рух транспарту па гэтым пуцеправодзе будаўнікі па плане павінны былі адкрыць яшчэ 1 кастрычніка. 

Тым не менш, рамонтныя работы працягваюцца на тратуарах і пад пуцеправодам. На выхадныя дні на левым баку рух транспарту зноў будзе перакрыты.

Рамонт маста пачаўся яшчэ ў маі, а канчаткова завяршыць усе працы плануецца да канца года. 

 

У Бабруйску абяцаюць пабудаваць новы і рэканструяваць стары мост праз Беразіну да канца наступнага года

Пасля паўгадовага перапынку, які быў выкліканы еўрапейскімі санкцыямі, аднавіліся працы па рэканструкцыі Цітоўскага маста.

Рэканструкцыя Цітоўскага аўтамабільнага маста, якому споўнілася ўжо 60 гадоў, пачалася ў канцы 2021 года з дапамогай Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця. Аднак пасля ўварвання Расіі ва Украіну праекты банка ў Беларусі былі замарожаны.Цяпер на гэта знайшліся грошы ў рэспубліканскім бюджэце, і работа закіпела. 

Паводле праекту, побач са старым Цітоўскім мостам праз Беразіну павінен спачатку з’явіцца ягоны «дублёр», які возьме на сябе ўвесь транспартны паток. Пасля гэтага ўжо на месцы 60-гадовага “ветэрана” з’явіцца новы мост з палепшанымі характарыстыкамі і вялікай грузападымальнасцю.  Стары мост будзе поўнасцю дэмантаваны, а на яго месцы ўзведзены новы. Фактычна, гэта не рэканструкцыя маста, а поўнамаштабнае будаўніцтва двух новых мастоў. 

Два новыя масты будуць практычна ідэнтычнымі. Розніца будзе толькі ў 3,5 метра шырыні. У новага яна складзе 17 метраў, бо там запланаваны дадатковыя дарожкі для пешаходаў і веласіпедыстаў. А мост, які ўзвядуць на месцы старога Цітоўскага, будзе 14,5 метраў у шырыню.

Нягледзячы на ​​дажджы будаўнікі працуюць у любое надвор’е. Спецыялісты філіяла “МСУ № 2” ААТ “Мостабуд” адліваюць бетонныя апоры. Як кажуць будаўнікі, ландшафт зручны, ніякіх сюрпрызаў не паднёс. Таму работы, як паведамляе “Вячэрні Бабруйск”, вядуцца запланаванымі тэмпамі.

Адзінай цяжкасцю, якая можа спыніць работы, гэта праблемы з фінансаваннем. Да канца бягучага года работы забяспечаны фінансаваннем і ідуць па плане. Калі так будзе і далей, то новы мост будзе ўведзены ў эксплуатацыю ўжо ў другім паўгоддзі 2023 года. Поўнасцю жа аб’ект плануецца здаць да канца 2024 года.

У Мсціславе закрываюць могілкі, а за лішнія метры на ўчастках для пахавання прыйдзецца плаціць

Зачыняюцца могілкі па вуліцах Энгельса, Леніна і Магілёўскай. Цяпер тут можна будзе пахаваць нябожчыка толькі да ужо існуючай магілы роднага чалавека. Адпаведную пастанову мсціслаўскага райвыканкама публікуе Нацыянальны прававы партал pravo.by. 

У выпадку, калі сямейны ўчастак для пахавання на гэтых могілках перавышае адведзеныя нарматывы, за кожны квадратны метр звыш гэтых нарматываў прыйдзецца даплочваць адну базавую велічыню.

Могілкі ў горадзе і наваколіцах, на якіх дазволеныя новыя пахаванні, знаходзяцца на вуліцы Лясной і ў вёсцы Шумянічы. 

Масачны рэжым і абмежаванні на масавыя мерапрыемствы ўведзены ў Крычаўскім раёне

Абмежаванні ўведзены з-за ўздыму захворвання COVID-19.

Сродкі аховы органаў дыхання павінны выкарыстоўваць работнікі пасажырскага транспарту, аб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання, у арганізацыях бытавога абслугоўвання насельніцтва.

Ва ўстановах адукацыі выкарыстоўваць ахоўныя маскі павінны работнікі і навучэнцы.

Пры наведванні месцаў з вялікай колькасцю людзей цяпер дзейнічае абавязковае захаванне наведвальнікамі бяспечнай дыстанцыі не менш за 1-1,5 метра і выкарыстанне ахоўнай маскі.

Акрамя гэтага, дзейнічае зараз і абмежаванне на правядзенне спартыўных, культурна-масавых, іншых відовішчных мерапрыемстваў.

У памяшканнях устаноў павінны стаяць дэзінфектары для рук.

Да гэтага першым у Беларусі пасля афіцыйнага заканчэння пандэміі масачны рэжым вярнулі і абмежавалі масавыя мерапрыемствы ў Баранавіцкім раёне. 

Таксама масачны рэжым з канца верасня ўведзены для супрацоўнікаў магілёўскай сеткі крам “Санта”, некаторых іншых гандлёвых кропак.

 

Адны расійскія СМІ пішуць, што Барыс Маісееў мог быць забіты, другія гэта абвяргаюць

Шматлікія расійскія СМІ паведамляюць, што Следчы камітэт Расіі пачаў праверку абставін смерці артыста на наяўнасць прыкмет забойства і нанясення цяжкіх траўм.

– Праверка распачата на наступны дзень пасля пахавання, 3 кастрычніка. Пакуль гэта ўсяго толькі азначае, што следчыя павінны фармальна ўстанавіць, ці няма ў яго смерці крымінальнай складніку – распавяла тэлеканалу РЕН ТВ неназваная крыніца – Гаворачы юрыдычнай мовай, гэта прыкметы злачынстваў, прадугледжаных артыкулам 105 КК РФ (“Забойства”), або часткай 4 артыкула 111 Крымінальнага кодэкса (“Нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, якія пацягнулі смерць”).

Адначасова іншыя крыніцы сцвярджаюць, што крымінальныя прычыны смерці спевака не ўстаноўленыя. Пра гэта піша ТАСС. Паводле крыніц гэтага інфармацыйнага агенцтва папярэдне вызначана, што прычынай смерці спевака стала вострая сардэчная недастатковасць. Праверка ж крымінальнага складніка ў яго смерці з’яўляецца стандартнай працэдурай.

Магілёвец Барыс Маісееў памёр 27 верасня ў сваёй кватэры – пісалі Магілёў.media. Перад гэтым ён перанес інсульт.

Фота: kp.by

 

Апошнія кіёскі “Саюздруку” ў Бабруйску зачынены, у Магілёве некаторыя яшчэ працуюць

ААТ «Магілёўсаюздрук» банкрут. Больш за паўсотні бабруйскіх кіёскаў «Саюздруку» выстаўлены на продаж за даўгі. 

Калісьці больш за паўсотні кіёскаў працавалі ў горадзе, а цяпер сем апошніх кіёскаў зачынены. Прычынай закрыцця стала стратная работа гэтых гандлёвых аб’ектаў. 

Нядзіўна, што з пачатку кастрычніка «Саюздрук» канчаткова пакінуў Бабруйск. Яго кіёскі будуць прададзены, а сродкі накіраваны на пагашэнне шматмільённых даўгоў прадпрыемства.

Як нам стала вядома, цяпер газеты, часопісы, іншую друкаваную прадукцыю, канцылярскія тавары бабруйчане змогуць набыць толькі ў асобных гарадскіх магазінах. 

У Магілёве некаторыя шапікі “Саюздруку” яшчэ працуюць. 

Нагадаем, у жніўні 2022 года суд прыняў заяву аб банкруцтве ААТ «Магілёўсаюздрук» – паведамлялі Магілёў.media.

Бабруйскую махлярку асудзілі ў Кіраўску на 7 гадоў за непрыбраныя магілы

Жанчына атрымала тэрмін зняволення ў 7 гадоў калоніі за злачынствы на могілках і нявыкананыя паслугі. 

Суд Кіраўскага раёна разгледзеў крымінальную справу ў дачыненні да жыхаркі горада Бабруйска, якую абвінавацілі ў махлярстве ў асабліва буйным памеры – злачынства, прадугледжанага ч. 4 арт. 209 КК і прызнаў яе вінаватай. 

Прэс-служба Вярхоўнага суда паведаміла, што абвінавачаная К., ажыццяўляючы індывідуальную прадпрымальніцкую дзейнасць у перыяд з 2018 па 2021 гады заключала з грамадзянамі дамовы бытавога заказу, куплі-продажы, аб выкананні работ і аказанні паслуг. Яна ж вусна дамаўлялася з грамадзянамі аб выкананні работ па вырабе рытуальнай прадукцыі, па добраўпарадкаванні месцаў пахаванняў, пераконвала перадаваць ёй у якасці папярэдняй аплаты грашовыя сродкі. Вось толькі выконваць прынятыя на сябе абавязацельствы яна не спяшалася. 

У выніку злачынных дзеянняў абвінавачаная супрацьпраўна завалодала грашовымі сродкамі грамадзян, прычыніла ім маёмасную шкоду ў асабліва буйным памеры, які цяжка сабе ўявіць – на агульную суму 69 170 рублёў 80 капеек, што склала 2 385,2 базавых велічынь.

Прысуд:

абвінавачаная К. прызнана вінаватай у завалоданні маёмасцю шляхам падману (махлярстве), у асабліва буйным памеры, і на падставе ч.4 арт.209 КК ёй прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 7 гадоў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму са штрафам у памеры 300 базавых велічыняў.

Таксама пастаноўлена спагнаць з абвінавачанай К. на карысць пацярпелых матэрыяльную шкоду, а таксама кампенсацыю маральнай шкоды.

Зборная Расіі па гімнастыцы выступіць у Магілёве на чэмпіянаце Беларусі, бо ад міжнародных спаборніцтваў яе адхіліі

На турнір прыедуць чатыры расійскія каманды – першыя і другія мужчынскія і жаночыя зборныя. Адкрыты чэмпіянат Беларусі па спартыўнай гімнастыцы пройдзе ў Магілёве з 25 кастрычніка па 1 лістапада.

Пра рашэнне выступіць на чэмпіянаце Беларусі абвясціла старшы трэнер расійскай зборнай Валянціна Радзівоненка – паведамляе БелТА.

– Узровень беларускіх гімнастаў зараз саступае нашаму, але ў іх ёсць цікавыя спартсмены. – заявіла пры гэтым Радзівоненка – Да таго ж, мы атрымаем магчымасць паспрабаваць новыя камбінацыі, якія ўскладнілі. У лістападзе ў Мінску пройдзе маладзёжны турнір, куды таксама паедзе наша каманда.

У пачатку сакавіка 2022 года Міжнародная федэрацыя гімнастыкі і Еўрапейскі гімнастычны саюз прынялі рашэнне забараніць расейскім спартоўцам выступаць на міжнародных стартах з-за агрэсіі Расіі супраць Украіны.

 

Бомба на вакзале ў Крычаве аказалася акумулятарнай батарэйкай

3 кастрычніка на пульт дзяжурнага Крычаўскага РАУС паступіла інфармацыя аб верагодным мініраванні  чыгункі ў межах горада Крычава. Работнік чыгункі пад час абходу заўважыў на рэйках нейкі прадмет з электрычным дротам і мігаючай лямпачкай.

З тлумачэнняў начальніка РАУС Андрэя Лазаковіча вынікае, што пасля выезда на месца супрацоўнікаў міліцыі і правядзення аператыўных мерапрыемстваў было ўстаноўлена, што прадметам, падобным на выбуховае, аказалася простая акумулятарная батарэйка.

фота: tury.club

83% украінцаў за ўступленне краіны ў НАТА

Падтрымка ўступлення ў НАТА сярод грамадзян Украіны ў цяперашні час, на фоне расійскай агрэсіі, самая высокая за гісторыю назіранняў. 

Апытанне сацыялагічнай групы “Рэйтынг” паказвае: калі б рэферэндум аб членстве ў Альянсе адбыўся ў пачатку кастрычніка, то гэтую ініцыятыву падтрымалі б 83% украінцаў.

У магчымым рэферэндуме аб далучэнні да НАТА супраць прагаласавалі б 4% украінцаў. Не прагаласавалі б увогуле – 9%.

Сацыёлагі адзначылі станоўчую дынаміку падтрымкі ідэі ўступленне ў НАТА ў чэрвені-кастрычніку 2022 года з 76% да 83% грамадзян.

У сярэдзіне 2010-х гадоў доля прыхільнікаў уступлення ў НАТА вагалася ў межах 40-60%.

У адрозненне ад уступлення ў Еўрасаюз, уступленне ў НАТА некалькі асцярожней успрымаецца жыхарамі ўсходу краіны (69% – за ўступленне, 9% – супраць, 17% – не прыйшлі б на галасаванне).

Нягледзячы на гэта ў параўнанні з папярэднім апытаннем дынаміка ў падтрымцы ўступлення ў Альянс сярод жыхароў гэтага макрарэгіёну вельмі станоўчая (у чэрвені за – 55%, супраць – 20%, не прыйшлі б галасаваць – 22%)» – дадаюць сацыёлагі.

Нагадаем, што 30 верасня прэзідэнт Уладзімір Зяленскі падпісаў заяўку на ўступленне Украіны ў НАТА ў паскораным парадку. Кіраўнік дзяржавы адзначаў, што Украіна дэ-факта ўжо з’яўляецца членам НАТА, засталося аформіць гэта дэ-юрэ.

Ідэю уступлення Украіны ў НАТА ужо падтрымалі прэзідэнты 9 краін: Румыніі, Чэхіі, Эстоніі, Латвіі, Літвы, Паўночнай Македоніі, Чарнагорыі, Польшчы і Славакіі.