Нечуваныя калядныя замаразкі, падобныя на сёлетнія, трыста гадоў таму падарвалі армію Карла ХІІ

У 1708-1709 гадах на Еўропу абрынуліся рэкордныя за пяцьсот гадоў маразы.  У Францыі, Вялікабрытаніі гэтую пару назвалі Вялікім Марозам, Вялікай Зімой

«Віцебская хроніка» згадвае, што 7 студзеня 1709 года «на захадзе былі бачныя тры сонцы», а 19 студзеня «на поўдні былі бачныя два слупы, а сонца было пасярэдзіне». Калі ўлічыць, што 6 студзеня 1709 года пачаліся вялікія халады па ўсёй Еўропе, то таямнічыя тры сонцы над Віцебскам, Полацкам, Оршай, Магілёвам 7 студзеня – прамое сведчанне нейкага прыроднага катаклізму.

Што гэта былі за слупы, што за тры сонцы? Яны з’явіліся ў выніку праламлення сонечных прамянёў у атмасферы зямлі, з-за незвычайна нізкіх тэмператур. У нечым гэта нагадвае эфект Гало, толькі аптычная ілюзія звязана не з ледзянымі крышталікамі, а менавіта з халаднечай. Прычынай жа суворых маразоў стаў эфект на Сонцы, які назваецца “мінімум Маўндэра” – памяншэнне колькасці сонечных плям.

Зіма 1708-1709 гадоў выдалася анамальна, незвычайна халоднай ў гісторыі Еўропы, суперхалоднай за апошнія 500 гадоў. У Вялікабрытаніі гэтая зіма вядомая як Вялікі Мароз – Great Frost. Яна выклікала самы моцны спад у эканоміцы за ўвесь час існавання дзяржавы. У Францыі – Вялікая Зіма, Le Grand Hiver.

Тэмпература ў 1709 годзе, як і ў 2023 годзе, пачала падаць у ноч на 6 студзеня. Англійскі вучоны Уільям Дэрхам 10 студзеня каля Лондана зафіксаваў тэмпературу −12°C – самую нізкую, якую ён вымераў за ўвесь час сваіх назіранняў за надвор’ем. 14 студзеня яго сучаснікі з Парыжа зафіксавалі тэмпературу −15°C.

Дэрхам адзначаў, што ў тую зіму глеба прамерзла больш чым на метр. Моры, азёры і рэкі змерзлі. На палях вымерз увесь ураджай, мароз знішчыў аліўкавыя дрэвы і вінаграднікі, а ў рэках і азёрах змерзла рыба. 

У Францыі зіма нанесла асабліва вялікія страты, бо пацягнула за сабой голад, з-за якога да канца 1710 года загінулі прыкладна 600 000 чалавек. У Парыжы загінула 24 000 чалавек.

Суровая зіма стала прычынай масавай эміграцыі з Цэнтральнай Еўропы жыхароў нямецкага рэгіёна Пфальц.

Гэтай жа зімой нямецкі фізік Габрыель Фарэнгейт, апускаючы тэрмометр у талую сумесь снегу з нашатыром і паваранай соллю, прыняў надзвычайна нізкую тэмпературу ў Гданьску −17,8°C за нуль для сваёй шкалы.

Пра глабальную халадэчу ў нашым рэгіёне згадвалі многія ўдзельнікі Паўночнай вайны (1700-1721). Напрыклад, афіцэры шведскай, саксонскай, расійскай армій. 

«У 1709 годзе была лютая зіма, стаяла доўга, снягі былі невыносныя і нечувана вялікія, што не толькі звяр’ё, птаства, але і людзі на дорогах мёрзлі» – згадвае «Магілёўская хроніка».

Даследчыкі прыйшлі да высновы, што фактар амаль арктычнай зімы 1709 года ва Ўкраіне скараціў войска шведскага караля Карла XII ледзь не на траціну, што моцна паўплывала на яго паразу ад цара Пятра І у бітве пад Палтавай і прадвызначыла ўздым Расійскай дзяржавы, якая неўзабаве стала імперыяй.

На гэтай мапе можна пабачыць, на колькі градусаў халадней было зімой 1708/1709 гадоў у параўнанні з сярэднімі паказчыкамі клімата на 1971-2000 гады

У Магілёве заўважылі незвычайны снег – вінаваты “Омск-карбон”?

У сацыяльных сетках з’явіўся ролік, запісаны ў магілёўскім Задняпроўі. Аўтар відэа задаецца пытаннямі – можа, гэтаму незвычайнаму снегу, падобнаму на крошку пенапласта, гараджане абавязаныя хімічнымі гігантамі, напрыклад, “Омск-карбону”?

Цікава, што падобны снег таксама быў заўважаны ў Мінску. Да сапраўднага снегу прымяшаўся незразумелы парашок – сцвярджалі жыхары вуліц Асаналіева і Сярова па паведамленні onliner.by. Быццам бы таксама дробны, белы, без асаблівага паху, але чамусьці ён не раставаў. Гэтае незвычайнае выпадзенне ападку мінчукі звязалі з дзейнасцю завода “Крыён”.

І сапраўды, як высветлілася, незвычайны снег – вынік правядзення на “Крыёне” рамонтных работ. Вось як гэта патлумачыў галоўны інжынер прадпрыемства:

— Гэта перлітавы пясок — натуральны цеплаізаляцыйны матэрыял, ён на сто працэнтаў бяспечны для людзей, жывёл і раслін, ніякіх таксічных уласцівасцяў ён не мае. Гэта, па сутнасці, пясок, які спецыяльна успушваюць (як папкорн) ля печы, каб надаць яму цеплаізаляцыйныя ўласцівасці.

Як ён апынуўся на вуліцы? У нас вядуцца рамонтныя работы, на адной з установак учора якраз праводзілася так званае расперлічванне, і адзін з мяшкоў з рэчывам з-за моцных парываў ветру разнесла па вуліцы. Гэта цалкам дакладна разавая з’ява: супала мноства розных фактараў.

З часам перліт перастане быць белым і стане незаўважным – як звычайны пясок. Паўтаруся, што перажываць няма чаго: гэта прыродны матэрыял, які не нясе пагрозы здароўю – патлумачыў галоўны інжынер прадпрыемства.

Можна дапусціць, што заўважаны ў магілёўскім Задняпроўі незвычайны снег таксама насамрэч з’яўляецца перлітавым пяском і звязаны з нейкімі рамонтнымі работамі на гарадскіх прадпрыемствах. 

Халяўныя падарункі мора аб’ядналі жыхароў Ашкелона

Жыхары Ашкелона над Новы год пераўтварыліся ў “марскіх піратаў” і разбіралі  бясплатны тавар, які шторм выкінуў на бераг.

Увесь Ізраіль смяецца з таго, што халява аб’яднала ўсіх жыхароў у незалежнасці ад вераспавядання і нацыянальнасці. На пляжы было не прапхнуцца. Яўрэі і арабы, іўдзеі, хрысціяне, друзы і мусульмане а таксама свецкія радасна карысталіся магчымасцю атрымаць падарункі. 

Кантэйнеры з таварамі былі змыты з палубы замежнага карабля дзень таму. Усяго знесла штормам дзевяць кантэйнераў, з якіх шэсць былі вынесены на бераг, дзе іх і “расцягалі” жыхары Ашкелона. 

Часткова, тавар быў выкінуты на пляж прыбоем, але некаторы тавар трэба было здабываць непасрэдна з кантэйнераў. Народ хутка з’арыентаваўся, дзверы адчынілі дыскамі і пазабіралі ўсё, што можна было выцягнуць. 

Даведаўшыся пра тое, што адбываецца, многія ізраільцяне з усіх сегментаў грамадства прыбылі на пляжы Ашкелона на квадрацыклах, аўтамабілях, джыпах і грузавіках. Заторы ўзніклі на пад’ездах да бераг. Усю ноч людзі збіралі тавары, выкінутыя на бераг – некаторыя нават уваходзилі ў халоднае мора, каб злавіць здабычу.

У сераду ўвечары трафік яшчэ адчуваўся на ўваходах на пляжы, як рэлігійныя, так і свецкія грамадзяне дзейнічалі разам і сумесна – нечаканая “халява” аб’яднала ўсіх. Сотні людзей удзельнічалі ў разборы падарункаў, а паліцыя, як заўсёды, максімум, што рабіла, гэта штрафавала вадзіцеляў аўтамабіляў за кіраванне аўтамабілем на пляжы (там гэта забаронена).

Сярод тавараў былі цацкі, прадметы для немаўлятаў, мыйныя сродкі, ювелірныя вырабы, пасцельныя прыналежнасці, стравы і многае іншае. Хтосьці нават загрузіў у грузавікі  халадзільнікі і халадзільны сталы. Берагавая ахова не дазволіла разрабаваць толькі невялікі кантэйнер, у якім была маёмасць на соні мільёнаў (сотавыя тэлефоны і лептопы).

Мора прынесла велізарную колькасць пластыкавых прадуктаў – бутэлек, цацак а таксама аднаразовага посуду. Пляжы ў Ашкелоне літаральна завалены пластыкавым смеццем. 

Міністэрства аховы навакольнага асяроддзя занятае ацэнкай шкоды і высвятленнем, каму належыць карабель, з якога ўпалі кантэйнеры. Яно аказвае дапамогу мясцовым уладам у чыстцы пляжу і мае намер садзейнічаць у расследаванні надзвычайнай сітуацыі і падачы позвы супраць замежнай кампаніі.

Вось так мора на Новы год падарыла ізраільцянам мноства падарункаў і экалагічную праблему. 

Фермер з-пад Клічава прызнаны самым экалагічным у Беларусі

У конкурсе “Экалагічна сяброўскі фермер Беларусі” перамог Віктар Арцем’еў, уладальнік гаспадаркі ў вёсцы Канстантоў Клічаўскага раёна – перадае Магілёўская рэдакцыя канала “Беларусь 4”.

У конкурсе на самага экалагічнага фермера бяруць удзел гаспадаркі, якія ўкараняюць практыкі, што зніжаюць нагрузку на навакольнае асяроддзе. Віктар Арцем’еў у сваёй гасподзе не ўжывае хімікатаў для вырошчвання гародніны, а ўсе ўгнаенні зямлі ажыццяўляе з дапамогай біягумусу – прадуктамі жыццядзейнасці каліфарнійскіх чарвякоў.

На палях фермерскай гаспадаркі вырошчваецца часнок, бульба, гуркі і іншыя культуры.

Фота: “Сцяг Саветаў”

Забарона на лоўлю мянтуза ў Беларусі ўводзіцца з 25 снежня і на ўсю зіму

Калі не выпусціць выпадкова спайманую рыбіну назад у вадаём, пагражае штраф да 1 824 рублёў.

Мянтуз ці мянёк (па-руску – налим), гэта адзіны прадстаўнік сямейства трасковых, які аблюбаваў для жыцця прэснаводныя вадаёмы (усе астатнія віды пражываюць у салёнай вадзе). Мянтуз ва ўсіх адносінах дзіўная рыба, мала падобная на іншых прадстаўнікоў іхтыяфауны. Яна мае некалькі “рэліктавую” знешнасць: аб старажытным паходжанні гэтага віду кажа падоўжаная форма цела, мудрагелістае размяшчэнне плаўнікоў і характэрная галава з выяўленымі няпарнымі “вусамі”. Таксама для гурманаў рыбіну выдзяляе незвычайны смак мяса і звышкаштоўная пячонка, што ўтрымлівае шмат тлушчу і вітамінаў. 

Для захавання рыбных рэсурсаў і стварэння спрыяльных умоў ўзнаўлення гэтай рыбы ў беларускіх вадаёмах, ва ўсіх рыбалоўных угоддзях з 25 снежня 2022 па 28 лютага 2023 г усталёўваецца забарона на лоўлю мянтуза.

Гэта звязана з тым, што ў снежні, пасля замярзання вадаёмаў і паніжэння тэмпературы вады да +1°С, пачынаецца масавы рух мянтуза на нераст. Нераст працякае больш актыўна пры вялікіх маразах, падчас адлігі можа расцягвацца больш чым на месяц.

Калі ў тэрміны забароны рыбалову ўсё ж трапіўся мянтуз, то ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам, рыба павінна быць выпушчана ў жывым выглядзе ў асяродак яе праывання, дзе была вылаўлена.

У выпадку незаконнай здабычы мянтуза ў перыяд забароны, парушальнік павінен будзе заплаціць шкоду, прычыненую навакольнаму асяроддзю ў памеры 27 базавых велічынь, што складае 864 рублі, (за кожную канфіскаваную асобіну).

Акрамя таго, парушальнік будзе пакараны ў выглядзе адміністрацыйнага штрафу па ч.1 арт.16.25 КаАП Рэспублікі Беларусь у памеры да 30 базавых велічынь, што складае 960 рублёў.

Фота: rybalkavreke.ru

Магутны крок па перадухіленню вымірання жыцця на планеце

Канферэнцыя ААН зацвердзіла пакт па ахове 30% зямлі і акіяну планеты да 2030 года. 

У Манрэалі на канферэнцыі ААН, як паведамляюць Euronews, зацверджана амбіцыйнае пагадненне па аднаўленню біяразнастайнасці прыроды нашай планеты. 

Згодна з апошнім дакладам Сусветнага фонду дзікай прыроды, з 1970 года папуляцыі дзікіх жывёлаў знізіліся ў сярэднім на 69%. Арганізацыя адзначае, што такі высокі тэмп з’яўляецца вынікам чалавечай дзейнасці і патрабуе рашучых дзеянняў.

Пасля больш чым чатырох гадоў перагавораў, пераносаў самміта з-за ковіду і абмеркаванняў да позняй ночы ў Манрэалі 200 краін-удзельніц падпісалі пагадненне, якое ўжо назвалі гістарычным. 

Яно было дасягнута за дзень да заканчэння канферэнцыі і вызначае тэрміновыя меры па перадухіленні хуткай страты многіх відаў флоры і фаўны.

Самай важнай часткай пагаднення з’яўляецца абавязак абараніць 30% зямлі і вод, якія да 2030 года лічацца важнымі для біяразнастайнасці. У цяперашні час 17% зямлі і 10% марскіх раёнаў знаходзяцца пад абаронай.

Удзельнікі перамоў дасягнулі згоды па рэалізацыі праекта, які стане найбольш значным намаганнем па абароне кантынентаў і акіянаў. А самае важнае тое, што прадугледжаны крытычна важны механізм фінансаванне для падтрымання біяразнастайнасці ў развіваючыхся краінах.

У рэзалюцыі ўказаны 23 цэлі, якія чалавецтва павінна дасягнуць да 2030 года. Для гэтага багатыя краіны павінны будуць на абарону экасістэм выдзеліць бедным дзяржавам каля 20 мільярдаў даляраў да 2025 года.

Пагадненне прадугледжвае сур’ёзныя змены ў сферы сельскай гаспадаркі, ланцужкоў паставак і ролі карэнных абшчын у захаванні прыроды. У ліку гэтага плануецца на дзве трэці скараціць траплянне ў навакольнае асяроддзе пестыцыдаў, і напалову – траплянне іншых біягенных рэчываў, а таксама ліквідаваць пластыкавыя адыходы.

Раней урады дзесяцігоддзямі не маглі дасягнуць экалагічных мэтаў, якія яны ставілі перад сабой. Так што гэты самміт павінен стаць магутным крокам да перадухілення вымірання жыцця на планеце.

Прыродныя катаклізмы ў свеце і надвор’е ў Магілёўскай вобласці

У Аймяконе -60ºС: дзіцячыя садкі працуюць штатна. Град пабіў людзей у Балівіі. Паводкі у Афрыцы, цыклон ў Індыі.

На тэрыторыі Магілёўскай вобласці захаваецца галаледзіца. У чацвер-суботу, 15-17 снежня, дзённыя тэмпературы будуць у дыяпазоне 0 -2º, у начы ад -5º да -12…-14 º С. Чакаюцца невялікія ападкі ў выглядзе снега. У чацвер, 15 снежня магчымы вятры хуткасцю да 10 м/с, месцамі да 17 м/с.

А вось, ужо ў нядзелю, 18 снежня, перад Зімовым Міколам, уночы нас чакае рэзкае паніжэнне тэмператур да -22…-24ºС, – папярэджваюць сіноптыкі.  

Полюс холаду

Нашы прагназуемыя начныя тэмпературы ў -22 º, гэта у 3 разы цяплей, чым удзень у якуціі Аймяконе – 12 снежня тут зафіксавалі 60 градусаў марозу, паведамляецца на сайце Якуцкага ўпраўлення па гідраметэаралогіі і маніторынгу навакольнага асяроддзя. А ў  райцэнтры Аймяконскага раёна пасёлку Усць-Нера ў гэты ж час тэмпература склала -54ºС. Школьнікаў адправілі на дыстанцыйнае навучанне, а дзіцячыя садкі працуюць штатна: «1010 дзяцей сёння [застаюцца] дома».  

Аймякон –  адзін з вядомых полюсаў холаду ў Якуціі.

На права называцца самай халоднай кропкай паўночнага паўшар’я Зямлі прэтэндуюць два населеныя пункты Якуціі – Верхаянск і Аймякон, дзе фіксаваліся тэмпературы ніжэйшыя за -67 ºС.

Тэмпературу ў −67,8°C у 1885 годзе зафіксаваў ссыльны рэвалюцыянер-народнік, ураджэнец Магілёўшчыны Сяргей Кавалік (1846-1926).

Паводкі ў сталіцы Конга Кіншасе забралі жыцці 50 чалавек.

Моцныя дажджы выклікалі смяротныя паводкі і апоўзні, паведамляе Reuters. Цэлыя раёны былі затоплены бруднай вадой, а на асфальце ўтварыліся варонкі. Па сведчанні паліцыі, колькасць загінуўшых можа ўзрасці.

Кіншаса – сталіца Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, найбуйнейшы мегаполіс Афрыкі з насельніцтвам каля 15 млн чалавек – утварылася на месцы рыбацкіх вёсак на беразе ракі Конга. Урбанізацыя зрабіла горад неабароненым для раптоўных паводак пасля інтэнсіўных дажджоў, якія сталі частымі з-за змены клімату.

 

Град забіў 7 чалавек на выпускным вечары ў Балівіі

У выніку абвальвання даху школы падчас моцнага граду ў вёсцы на высакагорных раўнінах Балівіі загінулі 7 чалавек, якія прысутнічалі на выпускной цырымоніі, паведамляе Terrace Standard. 

Трагедыя адбылася ў вёсцы Сант’яга-дэ-Пачарыя за 100 км ад Ла-Паса. У мінулыя выходныя большая частка Балівіі перажыла праліўны дождж, які часта выпадае ў выглядзе граду ў горных раёнах.

 

На поўдні Індыі цыклон “Мандус” забіў 4 чалавекі і разбурыў 185 дамоў

На паўднёвы індыйскі штат Тамілнад на мінулым тыдні абрынуўся цыклон “Мандус”, – паведамляе Reuters. 

Ураган вырваў з коранем 400 дрэў у сталіцы штата Чэнаі, цэнтры аўтамабільных і тэхналагічных кампаній. Моцны дождж і ўраганны вецер нанеслі ўрон маёмасці і выклікалі перабоі ў падачы электраэнергіі. Ужо вядома аб 4 ахвярах і разбурэнні 185 дамоў.

Звыш 9 000 чалавек былі эвакуіраваны і размешчаны ў 201 лагеры дапамогі.

Анамальнае пацяпленне на Алясцы – амаль +5 градусаў

Анамальна высокую тэмпературу зафіксавалі на Алясцы ў раёне аднаго з самых паўночных гарадоў свету і самага паўночнага у ЗША горада Уткіагвік, што размешчаны за 500 км на поўнач ад Палярнага круга, паведамляе Washington Post.

На пачатку тыдня слупок тэрмометра падняўся тут да +4,4 ° C, што стала самай высокай тэмпературай у перыяд з лістапада па сакавік для гэтага месца за ўсю гісторыю метэаназіранняў, якая налічвае больш за 100 гадоў. Гэта амаль на 20 градусаў больш у параўнанні з нормай для гэтай пары года. Папярэдні рэкорд быў зафіксаваны ў снежні 1932 года, калі тэмпература ў раёне Уткіагвіка паднялася да 1,1 °C.

Анамальнае пацяпленне прыйшло на поўнач Аляскі больш чым праз два тыдні пасля наступлення палярнай ночы, калі Сонца ў апошні раз у годзе было бачна над гарызонтам Уткіагвіка.

Незвычайнае для гэтага сезона надвор’е прыйшло на Аляску з-за зоны нізкага ціску на захадзе і высокага ціску на поўдні, што дазволіла хвалі цёплага паветра хлынуць на поўнач і прынесці на паўвостраў плюсавую тэмпературу. Акрамя таго, як мяркуюць навукоўцы, прычынай анамальнага пацяплення стала свабодная ад лёду вада ў Чукоцкім моры, якое перастала замярзаць з-за глабальнай змены клімату на фоне дзейнасці чалавека.

Увогуле снежань пачаўся з нетыпова цёплага надвор’я на большай частцы Арктыкі. Паводле дадзеных сайта Climate Reanalyzer Універсітэта штата Мэн, тэмпература ў рэгіёне ў сярэднім была на 6,4 °C вышэй за норму. Так, нехарактэрныя плюсавыя тэмпературы былі зафіксаваны ў сталіцы Грэнландыі Нуук, а таксама ў Ісландыі.

2022 павінен стаць адным з самых гарачых у Арктыцы за ўсю гісторыю назіранняў. Тэмпы пацяплення ў рэгіёне прыкладна ў чатыры разы перавышаюць сярэднія паказчыкі па астатнім зямным шары. Раставанне льдоў і змяненне клімату прыводзіць да шматлікіх надзвычайных з’яў, такіх як анамальныя ападкі, моцныя штормы і лясныя пажары, што звязана з павелічэннем ўзроўню расліннасці ў тундры.

Елачкі пад аховай – лясная служба пераходзіць ва ўзмоцнены рэжым працы

Беларуская дзяржаўная лясная ахова напярэдадні навагодніх святаў пяройдзе на ўзмоцнены рэжым працы. Будзе патрулявацца ўвесь лясны фонд. Гэта робіцца для апераджэння правапарушэнняў, звязаных з нарыхтоўкай соснаў і елак. Паведамляецца, што распараджэнні службы ёсць сродкі відэа- і фотафіксацыі.

За незаконную нарыхтоўку навагодніх дрэў прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. Штраф для фiзiчнай асобы можа скласці да 30 базавых велiчынь. Парушальнік будзе абавязаны пакрыць шкоду, прычыненую навакольнаму асяроддзю, за ссечанае дрэва.

Фота ўзята з адкрытых крыніц і мае ілюстрацыйны характар.

 

Вада з Палыкавіцкай крыніцы аказалася багатай на нітраты

Вынікі лабараторнага кантролю санэпідэміялагічнай службы ўстанавілі, што па санітарна-хімічных паказчыках якасць вады не адпавядае нарматывам. Пры норме на ўтрыманне нітратаў 45 мг/дм3, вада з крыніцы паказала 46,2 міліграмаў нітратаў на кубічны дэцыметр вадкасці – паведамляе “Прыдняпроўская ніва”.

– Нітраты, не маючы спецыфічнага віду, прысмаку, аказваюць негатыўны, таксічны ўплыў на здароўе чалавека – распавяла выданню загадчык аддзялення камунальнай гігіены “Магілёўскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі” Аксана Воранава – Найбольш небяспечныя нітраты для маленькіх дзяцей, асоб пажылога ўзросту і якія пакутуюць хранічнымі захворваннямі. Небяспека нітратаў яшчэ і ў тым, што кіпячэнне вады не паніжае іх узровень вадзе. Негатыўны ўплыў нітратаў на здароўе абумоўлены тым, што нітраты ў кішэчніку чалавека аднаўляюцца ў нітрыты пад уплывам бактэрый, якія жывуць у кішачніку. Усмоктванне нітрытаў вядзе да адукацыі метгемаглабіну і да частковай інактывацыі карыснага для арганізма гемаглабіну. Такім чынам, у аснове захворвання метгемаглабінэмія, якое выклікаюць нітраты, ляжыць тая ці іншая ступень кіслароднага галадання клетак і тканін. У сувязі з чым, санітарна-эпідэміялагічная служба не рэкамендуе выкарыстоўваць ваду з Палыкавіцкай крыніцы Магілёўскага раёна для пітных мэт.

Фота: mogilev-region.gov.by