Улады Касцюковіцкага раёна хутка купяць ліхтар для дзяцей, што мерзнуць на прыпынку

Пакуль чыноўнікі з Касцюковічаў адпраўляюць «афіцыйныя запыты», школьнікаў на вясковым прыпынку ад холаду і ветру ратуюць цёплыя курткі.

У вёсцы Забычанне Касцюковіцкага раёна час нават не спыніўся, а павярнуўся назад. Дзеці, чакаючы аўтобус, каб паехаць у школу, якая знаходзіцца ў суседняй вёсцы, мёрзнуць, хаваюцца ад дажджу і ветру пад суседнім гаражом, абыходзяцца без лаўкі і ліхтара і спадзяюцца не на дарослых дзядзечак і цётачак з райвыканкама, а на свае цёплыя курткі.

Каб зразумець, чаму дзеці апынуліся ў такой сітуацыі, раённай газеце давялося правесці цэлае расследаванне, якое ўстанавіла, што:

  1. У пачатку навучальнага года бацькі звярталіся ў дарожную службу, і ім паабяцалі, што пытанне з прыпынкам будзе вырашана.
  2. Старшыня раённага савета «дэпутатаў» Ларыса Герасімава даўно выслухала скаргу мясцовай жыхаркі і… адправіла зварот блукаць па інстанцыях, «зрабіўшы афіцыйны запыт».
  3. Старшыня сельвыканкама Валянціна Дадалева адказала, што ў асноўным дзеці пражывалі па вуліцы Цэнтральнай, а на вуліцы Зарэчнай з’явіліся раптоўна, і прыпынак для іх не прадугледжваўся.
  4. Каб загарэўся ліхтар (яшчэ не куплены) побач з прыпынкам (які пакуль яшчэ не існуе), трэба працягнуць электрычныя драты.

Можна бясконца пералічваць адгаворкі касцюковіцкіх чыноўнікаў, але і таго, што напісана вышэй, дастаткова, каб зразумець: нешта ў Касцюковічах трэба мяняць – пачынаючы з прызначаных «дэпутатаў» і заканчваючы верхавінай «вертыкалі».

Зразумела ж, што дзеці гэтай катэгорыі насельніцтва рыхтуюцца да паступлення ў сельскагаспадарчую акадэмію, не маючы ніякіх праблем з вятрамі, дажджамі і маразамі.

P.S. Цікава, што ў каментарыях да гэтага надзвычайнага здарэння (а інакш сітуацыю не назавеш) у нашым акаўнце «Тык-Ток» знайшліся людзі, якія лічаць, што дзяцей занадта разбалавалі. Пра гэта ж не раз гаварыў Лукашэнка. І ў нечым ён мае рацыю. Бо яго дзеці не скардзяцца на спякоту ў Амане.

Фота раённай газеты.