Пакуль чыноўнікі з Касцюковічаў адпраўляюць «афіцыйныя запыты», школьнікаў на вясковым прыпынку ад холаду і ветру ратуюць цёплыя курткі.
У вёсцы Забычанне Касцюковіцкага раёна час нават не спыніўся, а павярнуўся назад. Дзеці, чакаючы аўтобус, каб паехаць у школу, якая знаходзіцца ў суседняй вёсцы, мёрзнуць, хаваюцца ад дажджу і ветру пад суседнім гаражом, абыходзяцца без лаўкі і ліхтара і спадзяюцца не на дарослых дзядзечак і цётачак з райвыканкама, а на свае цёплыя курткі.
Каб зразумець, чаму дзеці апынуліся ў такой сітуацыі, раённай газеце давялося правесці цэлае расследаванне, якое ўстанавіла, што:
- У пачатку навучальнага года бацькі звярталіся ў дарожную службу, і ім паабяцалі, што пытанне з прыпынкам будзе вырашана.
- Старшыня раённага савета «дэпутатаў» Ларыса Герасімава даўно выслухала скаргу мясцовай жыхаркі і… адправіла зварот блукаць па інстанцыях, «зрабіўшы афіцыйны запыт».
- Старшыня сельвыканкама Валянціна Дадалева адказала, што ў асноўным дзеці пражывалі па вуліцы Цэнтральнай, а на вуліцы Зарэчнай з’явіліся раптоўна, і прыпынак для іх не прадугледжваўся.
- Каб загарэўся ліхтар (яшчэ не куплены) побач з прыпынкам (які пакуль яшчэ не існуе), трэба працягнуць электрычныя драты.
Можна бясконца пералічваць адгаворкі касцюковіцкіх чыноўнікаў, але і таго, што напісана вышэй, дастаткова, каб зразумець: нешта ў Касцюковічах трэба мяняць – пачынаючы з прызначаных «дэпутатаў» і заканчваючы верхавінай «вертыкалі».
Зразумела ж, што дзеці гэтай катэгорыі насельніцтва рыхтуюцца да паступлення ў сельскагаспадарчую акадэмію, не маючы ніякіх праблем з вятрамі, дажджамі і маразамі.
P.S. Цікава, што ў каментарыях да гэтага надзвычайнага здарэння (а інакш сітуацыю не назавеш) у нашым акаўнце «Тык-Ток» знайшліся людзі, якія лічаць, што дзяцей занадта разбалавалі. Пра гэта ж не раз гаварыў Лукашэнка. І ў нечым ён мае рацыю. Бо яго дзеці не скардзяцца на спякоту ў Амане.
Фота раённай газеты.