Беларускамоўная эмблема з Магілёва перамагла ў прафсаюзным конкурсе

Лагатып аўтарства магіляўчанкі Марыны Бяляевай стаў пераможцам ў конкурсе да 105-ай гадавіны Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

Паводле інфармацыі тэлеграм-канала “Прафсаюзы Магілёўшчыны”, з больш чым 300 заявак эмблема з Магілёва абраная лепшай да 105-годдзя арганізацыі. Марына Бяляева прадстаўляе першасную прафсаюзную арганізацыю Беларуска-Расійскага універсітэта. Такім чынам, яе праца са слоганам «105 гадоў з людзьмі і для людзей!» стала галоўным сімвалам гэтага года для гэтага прафсаюза.

Разам з тым, можа падацца даволі дзіўным, што прафсаюзныя босы выбралі менавіта беларускамоўную эмблему. Бо калі паглядзець на сайты Магілёўскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў, Магілёўскай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, ФПБ і таго ж Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, то знайсці там нешта беларускамоўнае, акрамя асобных назваў, вельмі цяжка. Сайты нават не маюць беларускіх версій. Відаць, праўладныя прафсаюзнікі вызначылі ролю беларускай мовы згодна маркетынгу – чалавек звычайна звяратае ўвагу на нешта нязвыклае і рэдкае.

Фотаздымак: obkom.by

Уладзімір Цумараў, вядомы таксама як «Прас», пайшоў з пасады профбоса

Былы «мэр» Магілёва, карупцыянер і прафсаюзны дзеяч Уладзімір Цумараў быў пазбаўлены перадпенсійнай сінекуры.

У Магілёве выбралі новага кіраўніка абласнога аб’яднання прафсаюзаў, лаяльнага да ўлады. Старога, Уладзіміра Цумарава, пасля пераліку заслуг у прафсаюзнай справе праводзілі – магчыма, на пенсію, а магчыма, на іншую «ветэранскую» пасаду.

Цумараў – яркая фігура для Магілёва. 

За сваю працяглую чыноўніцкую кар’еру ён паспеў папрацаваць намеснікам кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Мінска, кіраўніком адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва, кіраўніком горада – і, нават, адсядзець чатыры гады ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

18 мая 1999 года Уладзімір Цумараў быў затрыманы аператыўнай групай УКДБ на працоўным месцы па падазрэнні ў атрыманні хабару ад аднаго з прадпрымальнікаў.

Падчас агляду яго кабінета сярод дакументаў былі знойдзены раней памечаныя стодоларавыя купюры.

Патлумачыць, адкуль яны ўзяліся, Уладзімір Цумараў не змог. У райвыканкаме ён курыраваў выдачу ліцэнзій на гандаль.

У выніку следства было ўстаноўлена, што Цумараў на працягу доўгага часу атрымліваў хабары. Найбуйнейшы, які ўдалося даказаць у судзе, склаў 3400 долараў. Найменшым хабарам быў прас за 15 долараў.

Адразу пасля турмы галоўны спецыяліст Беларусі па кадрах 24 снежня 2003 года даў згоду на прызначэнне Цумарава кіраўніком адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва, а 12 красавіка 2013 года зрабіў яго кіраўніком усяго горада.

Можна, канешне, казаць, што ўрок пайшоў на карысць і што Цумараў апраўдаў давер. Але…

Калі ў Лукашэнкі, з улікам асаблівасцяў яго характару, памяць на карупцыйныя злачынствы кароткая, то народ сваіх герояў памятае. З мянушкай «Прас», якую яму далі ўдзячныя магілёўцы, Цумараў так і падымаўся па кар’ернай лесвіцы.

Фота: “Магілёскія ведамасці”.

У Магілёве электратэхнічнаму каледжу падарылі два “энергетычныя” заробкі

Цэлых пяць тысяч рублёў падарылі прафсаюзы Магілёўскаму электратэхнічнаму каледжу. 

Галоўнай падзеяй нядаўняга наведвання каледжа дэлегацыяй Рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў энергетыкі, газавай і паліўнай прамысловасці на чале са старшынёй Аляксандрам Краўчанкам стала, як паведамляе прафсаюзны тэлеграм-канал, уручэнне сертыфіката на 5000 рублёў.

Калі меркаваць па зарплаце энергетыкаў у Беларусі, то 2500 рублёў, зыходзячы з дадзеных на сайце rabota.by, гэта сярэдненькі заробак, які прапануюць у адпаведных вакансіях. Бывае значна больш, бывае значна менш. Г. зн. сума ў прынцыпе невялікая. Але не гэта важна. Па прычыне адсутнасці рэальных карысных прафсаюзных спраў па абароне правоў працоўных, Аляксандр Краўчанка і арганізацыя, якую ён узначальвае, займаецца танным самапіярам, прычым марнуе на гэта сабраныя прафскладкі.

Фотаздымак: ТГ “Профсоюзы Могилевщины”

Як на Магілёўшчыне ўспаміналі пра калектыўныя дамовы

Магілёўскія праўладныя прафсаюзы пахвалілася тым, што дапамаглі работнікам атрымаць выплаты, прадэманстраваўшы адначасова, што самі гэтыя работнікі нічога не ведаюць пра калектыўныя дамовы, якія заключаюцца пастаянна.

«Забытыя ільготы: як прафсаюзны маніторынг дапамог работнікам атрымаць тое, што ім належыць». Матэрыял з такім загалоўкам з’явіўся 16 чэрвеня 2025 года на сайце Магілёўскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў.

«У адным з выпадкаў калектыўная дамова прадпрыемства прадугледжвала штогадовую матэрыяльную дапамогу ў памеры 30 базавых велічынь для адзінокіх бацькоў, якія выхоўваюць двух і больш непаўналетніх дзяцей. Аднак работнікі альбо не ведалі пра сваё права, альбо не падавалі адпаведных заяў. Падчас праверкі мы звярнулі ўвагу на гэты пункт і дапамаглі супрацоўнікам атрымаць належныя выплаты — у агульнай суме больш за 7 тысяч рублёў, па 1260 рублёў кожнаму», — перадае сайт словы галоўнага прававога інспектара працы Магілёўскай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання Дзмітрыя Мардачова.

Другі прыклад, як гаворыцца ў артыкуле, тычыўся работнікаў, якія вярнуліся на ранейшае месца працы пасля праходжання тэрміновай вайсковай службы і якім, згодна з калектыўнай дамовай, належала аднаразовая матэрыяльная дапамога.

«Нашы праверкі паказалі, што двое работнікаў не атрымалі гэтых выплат. Пасля нашага ўмяшання кожны з іх атрымаў па 630 рублёў», — хваліцца прававы інспектар.

І як бы за кадрам застаецца тое, што калектыўныя дамовы на гэтых прадпрыемствах былі заключаныя, як гэта прынята, паміж адміністрацыяй і прафсаюзамі. І гэтым прафсаюзам звычайныя іх члены плацяць грошы. Прававы інспектар чамусьці не задаў пытанне: чаму шараговыя члены прафсаюза нічога не ведаюць пра свае «дадатковыя гарантыі»? І не спытаў пра гэта ў прафсаюзных начальнікаў на прадпрыемствах.

Хаця адказ і так вядомы: ніхто не пытаўся ў шараговых членаў прафсаюзаў, што яны хочуць бачыць у калектыўнай дамове, і потым не тлумачыў ім, на што яны маюць права. Таму што насамрэч гэтыя калектыўныя дамовы — пустая фармальнасць як для адміністрацыі прадпрыемства, так і для ФПБ, якая ўжо даўно з’яўляецца прывадным рамянём гэтай самай адміністрацыі.

Але вось ад самаго Дзмітрыя Мардачова нейкая карысць людзям усё ж такі ёсць. Тут нічога не скажаш.

Фотаздымак: mogilev.1prof.by

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Кацярына Андрэева

Журналістка тэлеканалу «Белсат» паўторна асуджана на закрытым працэсе на 8 гадоў зняволення. Справу разглядаў суддзя Алег Харошка. Пра гэта стала вядома калегам Кацярыны Андрэевай.

5 верасня 2022 году яна мелася быць вызваленай па сканчэнні папярэдняга прысуду.

7 красавіка 2022 году сям’і палітзняволенай стала вядома, што ёй выстаўленае абвінавачанне ў «Здрадзе дзяржаве». Падставы для крымінальнага пераследу зняволенай застаюцца невядомымі

Журналістак Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову затрымалі 15 лістапада 2020 года за стрым, падчас якога яны паказалі разгон акцыі памяці Рамана Бандарэнкі. За яго ім прысудзілі па 2 гады зняволення.

Зняволенне Андрэева адбывала ў папраўчай калоніі № 4 у Гомелі. 10 лютага яе этапавалі ў гомельскае СІЗА. Цягам 55 дзён сваякі не ведалі, у межах якой справы і ў якім статусе яе трымаюць.

_______________________________________________

Павел Аўчароў

Асуджанаму да пяці гадоў калоніі палітзняволенаму дадалі яшчэ паўтара года.

Паводле праваабаронцаў яго прызналі вінаватым у «злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы».

Аўчарова затрымалі 8 кастрычніка 2020 года, а 20 мая 2021 года суд Маскоўскага раёну Мінска прызнаў яго вінаватым ва ўдзеле ў масавых беспарадках, (арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама за супрацьдзеянне супрацоўніку міліцыі.

_______________________________________________

Мікалай Бузько

У Брэсцкай вобласці жыхара райцэнтру Іванава аштрафавалі на 960 рублёў за рэпост у сацыяльных сетках, які ён зрабіў 5 гадоў таму.

Згодна з матэрыяламі справы Бузько 27 сакавіка 2017 году размясціў на сваёй старонцы ў Facebook у адкрытым доступе матэрыял «Радыё Свабода» і захоўваў яе.

У 2021 годзе публікацыя стала забароненай, бо выданне, якое апублікавала яе, трапіла ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Бузько прызналі вінаватым у распаўсюджанні заклікаў да экстрэмісцкай дзейнасці, або прапагандаванай такую дзейнасць.

_______________________________________________

Прафсаюзы

Вярхоўны суд Беларусі зліквідаваў Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці і Беларускі незалежны прафсаюз.

14 і 18 ліпеня суд разгледзець аналагічныя пазовы ў дачыненні да яшчэ трох незалежных прафсаюзаў: Свабоднага прафсаюзу металістаў, Свабоднага прафсаюзу Беларускага і Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

Лідары двух зліквідаваных прафсаюзаў застаюцца пад вартай, як і прадстаўнікі тых, ліквідацыю якіх яшчэ будуць разглядаць.

Паводле прэс-службы Генпракуратуры дзейнасць незалежных прафсаюзаў з 2020 года нібыта «набыла палітызаваны характар», а іх кіраўніцтва і шараговыя сябры займаліся «дэструктыўнай дзейнасцю», удзельнічалі ў «несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах», распаўсюджвалі «экстрэмісцкую прадукцыю».