Кампанія школьнікаў адзначала заканчэнне вучэбнай чверці па-даросламу – з гарэлкай і півам. Бліжэй да ночы гаспадыня вечарынкі захмялела і заснула. Станам 14-гадовай аднакласніцы вырашыў скарыстацца 15-гадовы хлопец. Калі астатнія ўдзельнікі вечарыны выйшлі на перакур, ён, са словаў пацярпелай, пачаў яе гвалтаваць. Ахвяра хутка прыйшла ў прытомнасць і дала крыўдніку адпор. У выніку хлопца прагналі і выклікалі міліцыю.
На школьніка завялі крымінальную справу за згвалтаванне непаўналетняй, яму пагражае зняволенне як мінімум на пяць гадоў турмы.
Статыстычна ўжыванне алкаголю і сэксуальныя адносіны маладых людзей з райцэнтраў пачынаюцца нават раней, чым у буйных гарадах. Здарэнне ў Асіповічах паказала, што задужа прагнае жаданне стаць дарослым можа скончыцца крымінальнай справай.
Будні раённай міліцыі – п’яныя пешаходы і веласіпедысты, нецвярозыя вадзіцелі, бяспраўнікі і крадзяжы.
Пра сваю штодзённую працу міліцыянеры распавялі рэсурсу Асіповіцкі край. Прыкладам, толькі за мінулы тыдзень імі папярэджана 169 правапарушэнняў, а да адказнасці прыцягнуты 38 пешаходаў і веласіпедыстаў, два з якіх п’яныя; злоўлены пяць бяспраўнікаў і нецвярозы вадзіцель. Чатыры кіроўцы не прадставілі перавагу ў руху пешаходу, дзесяць чалавек парушылі правілы абгону і перавозкі дзяцей у аўтатранспарце.
Так, за 1 дзень падчас спецыяльнага мерапрыемства “Фільтр” спынена 33 парушэнні правіл дарожнага руху, у тым ліку два – правіл перавозкі дзяцей і па адным – правіл перасячэння чыгуначнага пераезду і парушэнне правіл службовай асобай. Апошняе цікава, бо аказваецца, што выяўленне парушэнняў чыноўнікаў фіксуецца асобна.
Зарэгістравана восем дарожна-транспартных здарэнняў. Так, днём 28 кастрычніка ў вёсцы Жыцін пад коламі аўтамабіля Hyundai апынуўся пяцігадовы хлопчык, які, па папярэдніх даных, выбег на праезную частку з-за прыгараднага аўтобуса. Дзіця з цяжкімі траўмамі шпіталізавана.
29 кастрычніка ў 6.50 на 98 кіламетры трасы Мінск-Гомель 35-гадовы жыхар Бабруйскага раёна, кіруючы аўтамабілем Toyota, наехаў на асіпаўчаніна, які перасякаў праезную частку дарогі ў неналежным месцы і не быў абазначаны святлоадбіваючымі элементамі. У выніку мужчына загінуў.
Аддзелам Дэпартамента аховы выяўлены два факты дробнага крадзяжу. Таксама складзены адміністрацыйныя пратаколы за парушэнне правіл палявання і незаконную транспарціроўку драўніны.
А вось пракуратура Асіповіцкага раёна падобнай драбязой не займаецца. Яна ўзбудзіла крымінальную справу па падазрэнні загадчыцы таварнай фермы ў крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі.
Вось такая руцінная праца выпадае на долю асіповіцкіх і ўвогуле раённых міліцыянераў штотыднёва.
На автодороге Минск-Гомель 35-летний житель Боруйского района, управляя автомобилем Toyota, совершил наезд на жителя районного центра, который пересекал проезжую часть дороги в неположенном месте. В результате ДТП мужчине причинены повреждения не совместимые с жизнью. Пешеход был без фликера.
Пры гэтым жыхароў не папярэдзілі перад пачаткам тэхнічных работ, каб запасліся чыстай вадой.
Асіпаўчане ў кастрычніку часцяком скардзіліся на брудную ваду ў кранах іх дамоў. Аказалася, што прычына ў будаўніцтве станцыі абезжалезвання на водазаборы “Паўночны”.
На мінулым тыдні, як паведаміла газета “Асіповіцкі край”, ад жыхароў дамоў на вуліцы Сумчанкі, Сташкевіча і вуліцы 60 гадоў Кастрычніка і суседніх завулкаў райцэнтра паступала шмат нараканняў на якасць пітной вады. Праблема з чыстай вадой у райцэнтры даўняя.
Запыт у мясцовы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі выявіў, што 12 кастрычніка праверка водаправоднай сеткі паказала поўную адпаведнасць вады па мікрабіялагічных паказчыках. А па санітарна-хімічных толькі ў адной з дзесяці проб адзначалася павышанае ўтрыманне жалеза.
Пасля ўрэзкі ў водаправодную сетку якасць пітной вады значна пагоршылася.
Але 13 кастрычніка пасля праведзенай Асіповіцкім участкам водаканальнай гаспадаркі філіяла “Бабруйскводаканал” урэзкі ў водаправодную сетку якасць пітной вады значна пагоршылася. Ваду нельга было выкарыстоўваць для прыгатавання ежы. Адзначалася яе павышаная каламутнасць.
Па традыцыі насельніцтва не было папярэджана аб правядзенні работ у водаправоднай сістэме, таму не змагло запасціся чыстай.
Начальнік гарадскога ўчастка водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі Віктар Пышны апраўдваў сваіх работнікаў такім чынам:
– Падчас пусканаладачных работ, якія ідуць на станцыі абезжалезвання на водазаборы “Паўночны”, правялі першую ўрэзку ў водаправодную сетку ў раёне перакрыжавання вуліц Юбілейнай і Сташкевіча. Без вады ніхто не застаўся, бо нашы работнікі перанакіравалі патокі, з адной трубы ў другую, але яе якасць у многіх дамах часова пагоршылася, таму што з-за перамены кірунку вады з унутранай паверхні труб сарвала пэўную колькасць адкладанняў. А паколькі ў гэтым месцы ідзе разгалінаванне па ўсіх напрамках, прадугледзець, дзе якасць вады пагоршыцца, і, адпаведна, папярэдзіць жыльцоў на прадпрыемстве не здолелі.
Далей горш
Аказалася, што дзеля таго, каб станцыя абезжалезвання ўступіла ў эксплуатацыю, прыйдзецца рабіць яшчэ ўрэзкі ў водаправодную сетку, так што раптоўнае пагаршэнне якасці вады верагодна і надалей, і ўжо ў новых частках горада. Да таго ж, пасля пуску аб’екта на працягу некалькіх месяцаў будзе праходзіць прамыўка труб, і толькі пасля яе завяршэння асіпаўчане нарэшце атрымаюць чыстую пітную ваду.
Беларускія ваенныя інструктары навучаюць ваяваць мабілізаваных на вайну расійскіх рэзервістаў пад Асіповічамі. Рэха выбухаў стала мясцовай штодзённасцю.
Афіцыйна анансавана, што ў Беларусь на розныя палігоны ў бліжэйшы час прыбудуць 9 тысяч расійскіх салдат. Частка з іх размешчана на Магілёўшчыне.
Мясцовыя жыхары адзначаюць, што расіяне пачалі прыбываць у Асіповічы яшчэ да таго, як было афіцыйна абвешчана аб стварэнні “сумеснай групоўкі войскаў”. Сур’езных канфліктаў паміж расіянамі і беларусамі пакуль не назіраецца. Хаця любоў мабілізаваных ваяк да паходаў у харчовыя магазіны за так званымі “моцнымі” прадуктамі штодзённага ўжывання, асіпаўчане ўжо прыкмецілі. А да кананады ад выбухаў тутэйшы люд ужо прызвычаіўся.
“Сталіцай беларускай артылерыі” пафасна называе Асіповічы дзяржаўная прэса. У савецкія часы ў горадзе кватаравала артылерыйская дывізія. Цяпер жа ў ваенным гарадку Паўднёвы суседнічаюць 51-я гвардзейская артылерыйская брыгада, 336-я рэактыўная артылерыйская брыгада і 465-я ракетная брыгада.
фота: sb.by
Не дзіўна, што на палігоне пад Асіповічамі вядзецца падрыхтоўка расійскіх артылерыстаў.
“Шмат людзей забралі на зборы” ў Асіповічах – паведамляюць крыніцы .
Усё больш звестак аб схаванай мабілізацыі, якая пачалася ў краіне, прыходзіць з розных рэгіёнаў Беларусі. Беларускія СМІ паведамляюць, што позвы ў ваенкамат раздаюць у Гомелі і Рагачове. Выклікаюць нібыта для праверкі інфармацыі, але па прыбыцці некаторыя атрымліваюць загад з’явіцца на “зборы”.
У Докшыцах паведамляюць, што нібыта ўсе прадпрыемствы горада атрымалі з ваенкамата лісты з патрабаваннем прадаставіць спісы ваеннаабавязаных супрацоўнікаў.
Таксама, нібыта прадпрыемствам Гомельскай і Віцебскай вобласці пачалі паступаць загады прадставіць спісы ваеннаабавязаных. А ў адзін з пашпартных сталоў Мінскай вобласці паступіў загад падрыхтаваць спісы ваеннаабавязаных мужчын ва ўзросце да 60 гадоў, прапісаных па месцы жыхарства.
Ёсць звесткі, што ў Асіповічах “шмат людзей забралі на зборы”.
У камандна-штабных гульнях удзельнічалі сілавікі з штабоў тэрытарыяльнай абароны Асіповіцкага і Клічаўскага раёнаў. Яны прайшлі чарговы этап падрыхтоўкі да баявых дзеянняў ва ўмовах узброеннага канфлікту.
Пад кіраўніцтвам старшыні Асіповіцкага райвыканкама Канстанціна Жыгуцкага
прайшло камандна-штабное вучэнне “Кіраванне групоўкамі войскаў падчас вядзення ваенных дзеянняў па вызваленні тэрыторыі, часова захопленай (акупаванай) супернікам”, паведамілагазета “Асіповіцкі край”.
Ваенны камісар Асіповіцкага і Клічаўскага раёнаў, падпалкоўнік Фёдар Шапавалаў, распавёў, што было адпрацавана вядзенне баявых дзеянняў па вызваленні часова захопленай тэрыторыі і забеспячэнне сілавых мер ваеннага становішча, барацьба з дэсантнымі групамі суперніка і незаконнымі ўзброенымі фарміраваннямі. Штабныя работнікі адпрацавалі пытанні кіравання сіламі тэрытарыяльнай абароны Асіповіцкага і Клічаўскага раёнаў па абароне населеных пунктаў, барацьбе з дыверсійна-разведвальнымі групамі суперніка.
Падобныя вучэнні пачалі праводзіцца з большай перыядычнасцю ва ўсіх рэгіёнах вобласці згодна з планам падрыхтоўкі Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь.
Мясцовыя абаронцы жывёлаў ствараюць прытулак для бяздомных сабак і катоў, але на задуманае бракуе сродкаў. Рупліўцы спадзяюцца на дапамогу грамады.
У 30-тысячным райцэнтры афіцыйнага прытулку для жывёлаў няма. Зоаабаронцы ўзяліся яго ўладкоўваць у прыгараднай вёсцы Мезавічы.
Удзельнікі праекту «Берагі надзеі» – праціўнікі эўтаназіі котак і сабак. На іхную думку, абараніць бяздомных жывёлаў і зменшыць іх колькасць можна пашыраючы ідэі стэрылізацыі. Такі метад рэгуляцыі гуманны і эфектыўны, лічаць яны.
Зоаабаронцы спадзяюцца, што ў іх з’явіцца магчымасць размясціць жывёлаў ва ўласным прытулку, які ўзводзіцца ў вёсцы за 15 кіламетраў ад Асіповічаў. У ім каты і сабакі будуць чакаць сабе гаспадароў. На ажыццяўленне задуманага патрэбная дапамога: людскімі рэсурсамі і будаўнічымі матэрыяламі.
«Патрэбна дапамога ў будаўніцтве вальера: у ім будзе дзве будкі з паддонаў. Таксама ёсць хлеў з печкай, яго можна абсталяваць на зімоўку, але там трэба пакласці падлогу ці тыя ж паддоны і стары лінолеум. Там шмат месца, але патрэбна дапамога рукамі, – кажуць удзельнікі праекту рэсурсу «Осиповичи инфо».
Паведамленнямі пра вострую неабходнасць мець у Асіповічаў адмысловы прытулак для бадзяжных жывёлаў стракацяць сацыяльныя сеткі. Адна з груп публікуе драматычныя гісторыі пакут жывёлаў і іх шчаслівага ратавання.
Удзельнікі паблікаў апавядаюць пра прыгожых кацянят, бязродных дварнякоў, пародзістых каўказскіх аўчарак, прыгожую хаскі, здзічэлага алабая, які з голаду і знясілення стаў паляваць на свойскія курэй.
Часам валанцёры публікуюць гісторыі ад імя жывёлаў.
«Прывітанне. Мяне клічуць Дора», – пачынаецца адна з іх.
«Я адзін з тых сабак, якія былі кінуты на вуліцы сваёй сямʼёй. Адзін з тых, у каго дах над галавой – адкрытае неба, месца начлегу – бліжэйшая яма каля плота, а запаветныя кроплі вады – налітая дажджом лужына. Я ўцякаў ад стрэлаў адлову. Стрэлы, ад якіх нават не паміраеш адразу а павольна задыхаешся…».
Чарговую талаку па будаўніцтве прытулку для жывёлаў пад Асіповічамі ўдзельнікі праекту «Берагі надзеі» плануюць правесці 3-4 верасня і чакаюць талакоўцаў.
Зубры звычайна атаясамляюцца з Белавежскай пушчай, але і на Асіповіччыне статак гэтых жывёлаў сягае 540 асобін. Іх сюды завезлі два дзясяткі гадоў таму. Тутэйшыя зубры людзей не баяцца, але ставяцца да іх насцярожана і імкнуцца трымаць дыстанцыю.
Днямі зубр завітаў у вёску Лапічы. Паселішча за два дзясяткі кіламетраў ад райцэнтру, разраслося на беразе Свіслачы. Непадалёк ад яго былы вайсковы палігон.
«Ён даволі доўга прастаяў каля гурбаў будаўнічага пяску, потым спусціўся ў пойму Свіслачы. Там паласаваўся дзікай малінай і залёг у густым хмызняку. Вечарам зубр зноў пачаў праяўляць актыўнасць, нетаропка хадзіў па беразе, відаць, думаў, што яму рабіць далей. А ноччу рушыў праз мой участак, выйшаў на вуліцу і некуды знік», – апавядае пра сустрэчу з жывёлай вясковец.
У раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя кажуць, што жыхары, якія ўбачылі ў паселішчы зубра, паведамілі ў райаддзел па надзвычайных сітуацыях і папярэдзілі аб патэнцыйна небяспечнай жывёле суседзяў.
gzt-akray.by
Паводле спэцыялістаў-прыродаахоўнікаў, пішараёнка «Асіповіцкі край», «лапіцкі» зубр спрабаваў перайсці праз шашу Мінск-Гомель, аднак з-за сеткавай агароджы быў вымушаны змяніць кірунак. Пераплыў Свіслач і апынуўся ў Лапічах.
Для дзікай жывёліны сітуацыя аказалася стрэсавая, таму вяскоўцам адмыслоўцы параілі стварыць вакол зубра зону спакою: не шумець, без вострай неабходнасці не выходзіць з дамоў, не пакідаць без нагляду дзяцей і сабак.
Ноччу зубр рушыў у бок былога вайсковага палігона, дзе шчыльнае кустоўе. Магчыма, ён сцішыўся ў прыбярэжных зарасніках, толькі па-за межамі паселішча.
vetliva.by
Прыродазнаўцы адзначаюць, што лясному госцю Лапічаў 17 гадоў. У працэсе размнажэння зубр ужо не ўдзельнічае і, мяркуючы па вонкавым выглядзе, не мае фізічных пашкоджанняў, нармальна развіты.
Колькасць асіповіцкага зубрынага статку неўзабаве зменшыцца. 80 галоў адправяць у Бярэзінскі біясферны запаведнік і ў Чэрыкаўскі раён.