Старшыня Асіповіцкага раёна правёў вучэнні па вызваленні захопленай тэрыторыі

У камандна-штабных гульнях удзельнічалі сілавікі з штабоў тэрытарыяльнай абароны Асіповіцкага і Клічаўскага раёнаў. Яны прайшлі чарговы этап падрыхтоўкі да баявых дзеянняў ва ўмовах узброеннага канфлікту.

Пад кіраўніцтвам старшыні Асіповіцкага райвыканкама Канстанціна Жыгуцкага

прайшло камандна-штабное вучэнне “Кіраванне групоўкамі войскаў падчас вядзення ваенных дзеянняў па вызваленні тэрыторыі, часова захопленай (акупаванай) супернікам”, паведаміла газета “Асіповіцкі край”.

Ваенны камісар Асіповіцкага і Клічаўскага раёнаў, падпалкоўнік Фёдар Шапавалаў, распавёў, што было адпрацавана вядзенне баявых дзеянняў па вызваленні часова захопленай тэрыторыі і забеспячэнне сілавых мер ваеннага становішча, барацьба з дэсантнымі групамі суперніка і незаконнымі ўзброенымі фарміраваннямі. Штабныя работнікі адпрацавалі пытанні кіравання сіламі тэрытарыяльнай абароны Асіповіцкага і Клічаўскага раёнаў па абароне населеных пунктаў, барацьбе з дыверсійна-разведвальнымі групамі суперніка.

Падобныя вучэнні пачалі праводзіцца з большай перыядычнасцю ва ўсіх рэгіёнах вобласці згодна з планам падрыхтоўкі Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь.

Фота: “Асіповіцкі край”