Асіповічы: крадзяжы бычкоў, парушэнні правіл дарожнага руху, п’яныя пагулянкі па дарогах, незаконнае паляванне

Будні раённай міліцыі – п’яныя пешаходы і веласіпедысты, нецвярозыя вадзіцелі, бяспраўнікі і крадзяжы. 

Пра сваю штодзённую працу міліцыянеры распавялі рэсурсу Асіповіцкі край. Прыкладам, толькі за мінулы тыдзень імі папярэджана 169 правапарушэнняў, а да адказнасці прыцягнуты 38 пешаходаў і веласіпедыстаў, два з якіх п’яныя; злоўлены пяць бяспраўнікаў і нецвярозы вадзіцель. Чатыры кіроўцы не прадставілі перавагу ў руху пешаходу, дзесяць чалавек парушылі правілы абгону і перавозкі дзяцей у аўтатранспарце.

Так, за 1 дзень падчас спецыяльнага мерапрыемства “Фільтр” спынена 33 парушэнні правіл дарожнага руху, у тым ліку два – правіл перавозкі дзяцей і па адным – правіл перасячэння чыгуначнага пераезду і парушэнне правіл службовай асобай. Апошняе цікава, бо аказваецца, што выяўленне парушэнняў чыноўнікаў фіксуецца асобна. 

Зарэгістравана восем дарожна-транспартных здарэнняў. Так, днём 28 кастрычніка ў вёсцы Жыцін пад коламі аўтамабіля Hyundai апынуўся пяцігадовы хлопчык, які, па папярэдніх даных, выбег на праезную частку з-за прыгараднага аўтобуса. Дзіця з цяжкімі траўмамі шпіталізавана. 

29 кастрычніка ў 6.50 на 98 кіламетры трасы Мінск-Гомель 35-гадовы жыхар Бабруйскага раёна, кіруючы аўтамабілем Toyota, наехаў на асіпаўчаніна, які перасякаў праезную частку дарогі ў неналежным месцы і не быў абазначаны святлоадбіваючымі элементамі. У выніку мужчына загінуў. 

Аддзелам Дэпартамента аховы выяўлены два факты дробнага крадзяжу. Таксама складзены адміністрацыйныя пратаколы за парушэнне правіл палявання і незаконную транспарціроўку драўніны.

А вось пракуратура Асіповіцкага раёна падобнай драбязой не займаецца. Яна ўзбудзіла крымінальную справу па падазрэнні загадчыцы таварнай фермы ў крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. 

Вось такая руцінная праца выпадае на долю асіповіцкіх і ўвогуле раённых міліцыянераў штотыднёва.