У Магілёве прэзентавалі кнігу пра “подзвігі чэкістаў”

«Магілёўскія ведамасці» сумесна з упраўленнем КДБ па Магілёўскай вобласці выдалі кнігу пра “гераізм чэкістаў у гады вайны”. 

Контрразведчыкі Магілёва не хочуць, каб перапісвалі іх “слаўную” гісторыю. З гэтай мэтай яны прэзентавалі кнігу «”Храбрацы“ асаблівага прызначэння».

Мерапрыемства прайшло ў сценах Музея Славы і сабрала ўвесь колер магілёўскай творчай інтэлігенцыі цяперашняга кшталту – галоўнага рэдактара газеты аблвыканкама Ірыну Петрусевіч, прадстаўнікоў грамадскай арганізацыі ветэранаў КДБ «Гонар», былога КДБіста, а цяпер старшыню абласного аб’яднання саюза пісьменнікаў Алеся Казеку і ўсіх, хто перакананы ў бездакорнасці магілёўскіх чэкістаў.

Тэма не проста спрэчная, а вельмі і вельмі склізкая. Чэкісты, няма словаў, таксама ваявалі, але іх уклад у перамогу над фашызмам – мікраскапічны ў параўнанні з мільёнамі салдат, што засталіся ляжаць пад фанернымі зоркамі і ў безыменных пахаваннях на палях баёў.

А вось пра ролю чэкістаў у фарміраванні загараджальных атрадаў, перадваенных і пасляваенных рэпрэсіях супраць уласнага народа кніжак пісаць не трэба – пра гэта ўсё і ўсім даўно вядома.

«Подзвігі» чэкістаў, у тым ліку і магілёўскіх, здзейсненыя ў апошні час, таксама афіцыйна задукаментаваныя.

За чарговую хвалю рэпрэсій супраць беларускага народа ім давядзецца адказваць паводле закона. І кнігі пра гэта будуць напісаныя зусім іншыя: гісторыю не спатрэбіцца перапісваць, яе трэба будзе толькі дапісаць.

Фота “Магілеўскія ведамасці”.

На Буйніцкім полі ўрачыста адкрылі QR-код

Неўтаймаваная прага да ўрачыстага адкрыцця ледзьве не кожнай дробязі не пакідае тэрыторыю Магілёўшчыны. Гэтым разам яна дала аб сябе знаць на Буйніцкім полі.

Пафасны тэкст да “знакавай” падзеі апублікваў тэлеграм-канал “Весніка Магілёва”. Паколькі ўрачыста адкрываць QR-код неяк нязручна, яго вырашылі перайманаваць у “лічбавую зорку”.

“Торжественное открытие цифровой звезды Музея Славы Могилевщины стало символом нового этапа в сохранении истории. Буйничское поле и Музей Славы Могилевщины – это живая книга-история. Благодаря проекту «Цифровая звезда» эти страницы становятся доступны всем в любой точке страны и мира. Проект «Цифровая звезда» создан по инициативе белорусских студенческих отрядов”, – гаворыцца ў паведамленні. 

На дошцы з QR-кодам таксама паведамляецца, што “Музей славы Магілёўшчыны” быў алічбаваны 1 жніўня 2025 года. Таксама вельмі “важная” для гісторыі інфармацыя, якая, напэўна, па думцы яе распаўсюднікаў, мусіць жыць, пакуль жывуць людзі, бо гэта ж “новы этап у захаванні гісторыі”.

Дарэчы, здаецца, розным кавярням, рэстаранам і магазінам варта падумаць, ці не ўзяць на ўзбраенне правядзенне такіх урачыстых мерапрыестваў з адкрыццём QR-кода ў якасці рэкламнай акцыі. 

Фотаздымак “Весніка Магілёва”