На Святым возеры ў Магілёве патануў падлетак

Хлопчык 2007 года нараджэння плаваў разам з сябрам у 20 метрах ад берага. Дзеці прыйшлі купацца на Святое возера ў Магілёве кампаніяй без дарослых.

У нейкі момант хлопец знік пад вадой, а яго сябар паплыў на бераг за дапамогай – паведамляе прэс-служба МНС. На маторнай лодцы на месца трагедыі накіраваліся 3 вадалаза-выратавальнікі і 1 медыцынскі работнік станцыі АСВОД «Грабянеўская».

У 19:30 работнікі АСВОД дасталі дзіця з вады. Працаўнікі хуткай медыцынскай дапамогі пасля правядзення рэанімацыйных мерапрыемстваў канстатавалі смерць дзіцяці. Цела знаходзілася за 20 метраў ад берага, на глыбіні каля 2 метраў.

Фота: МНС

На школьным базары ў Магілёве за парушэнні закрылі шапік прадпрымальніка

Дзяржкантроль знайшоў мноства парушэнняў у рабоце гандлёвай кропкі на школьным базары ў Магілёве – паведамляе прэс-служба ведамства. 

Так, гандлёвая надбаўка на тавары магла сягаць 65-105% пры дазволеных 40% максімум. Акрамя таго, амаль 500 адзінак тавараў не мелі ніякіх суправаджальных дакументаў пра іх паходжанне і якасць. Дзейнасць аб’екта прыпыненая.

Фота з адкрытых крыніц

У «Е-Сіці» здарыўся пажар

Пажар адбыўся 15 жніўня ў Магілёве ў гандлёвым цэнтры “Е-Сіці”, у дапаможным памяшканні на 1 паверсе, якое арандуе клінінгавая кампанія – паведамляе МНС.

Узгаранне ліквідаваў дырэктар кампаніі з дапамогай парашковых вогнетушыцеляў да прыбыцця ратавальнікаў.

У выніку пажару пашкоджаны стэлаж з асабістымі рэчамі, закураны сцены і столь у памяшканні. Пацярпелых няма.

Прычына пажару высвятляецца.

Фота: МНС

На Магілёўшчыне затрыманы двое закладчыкаў

Аператыўнікі наркакантролю затрымалі 18-гадовага жыхара Круглянскага раёна, які набыў і захоўваў альфа-PVP – паведамляе прэс-служба МУС.

Праз пару дзён быў затрыманы яго “калега” – 16-гадовы жыхар Магілёўскага раёна. У 10-класніка знойдзена і канфіскавана амаль 100 г асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва 4-СМС.

Хлопцы менш за месяц прапрацавалі закладчыкамі на адзін і той жа віртуальны наркашоп, распаўсюджваючы “тавар” на тэрыторыі Магілёўскай і Віцебскай абласцей. Да моманту затрымання частку псіхатропаў яны паспелі раскласці па тайніках.

Падазроныя затрыманы. У дачыненні да іх следчымі распачаты дзве крымінальныя справы.

Фота: скрыншот МУС

Старшыня жыллёвага кааператыва набыў «Mercedes-Benz GLA» на грошы, якія прызначаліся для капільнага рамонту

У Магілёве будуць судзіць 36-гадовага кіраўніка жыллёвага кааператыва – паведамляе пракуратура. Мужчына завалодаў грашовымі сродкамі кааператыва, якія знаходзіліся на дэпазітным рахунку і прызначаліся для патрэб капітальнага рамонту жыллёвага фонду. Больш за 62 тыс. руб. ён перавёў у гатоўку ў банкаматах у Магілёве.

Грашовыя сродкі мужчына патраціў на набыццё асабістага аўтамабіля прэміум-класа “Mercedes-Benz GLA”, 2015 года выпуску, коштам 50 000 руб.

Заведзена крымінальная справа. Мужчына знаходзіцца пад вартай.

Фота ілюстрацыйнае.

У Магілёве гарэлі адходы бытавой тэхнікі

У Магілёве па зав. Гаражнаму адбыўся пажар – гарэлі адходы бытавой тэхнікі. Ніхто не пацярпеў – паведамляе МНС. Пажар ліквідаваны.

Фота: МНС

У Магілёве і Бабруйску затрымалі арганізатараў двух порнастудый

У Магілёве была затрымана 41-гадовая магіляўчанка, якая арганізавала студыю па вытворчасці парнакантэнту. За аналагічныя дзеянні быў затрыманы 33-гадовы бабруйчанін, які здымаў інтымнае відэа ў Гомелі, дзе часова пражываў.

Зняты кантэнт яны распаўсюджвалі ў інтэрнэце. Доступ да порнакантэнта каштаваў ад 20 да 100 рублёў.

СК ўзбуджаны крымінальныя справы за выраб і распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў.

Фота ілюстрацыйнае.

На Магілёўшчыне ліквідуюць наступствы непагадзі

Па Магілёўскай вобласці пранеслася навальніца: шквалісты вецер, град, зелева.

Па дадзеных на 16.40, з-за пагаршэння ўмоў надвор’я ратавальнікі 18 разоў выязджалі на ўборку паваленых дрэў. У ліквідацыі наступстваў праходжання навальнічнага фронту ў рэгіёне задзейнічана 15 аўтацыстэрнаў і больш за 60 работнікаў МНС.

Як паведамілі ў «Магілёўэнерга», ад электразабеспячэння застаюцца адключанымі 91 трансфарматарная падстанцыя і 13 населеных пунктаў. Адключэння аб’ектаў жыццезабеспячэння насельніцтва не адбылося.

Фота з сацсетак

Былую загадчыцу кафедры магілёўскага ўніверсітэта абвінавачваюць у распальванні варожасці

47-гадовай загадчыцы кафедры аднаго з універсітэтаў Магілёва выстаўлена абвінавачанне ў «распальванні варожасці» – пра гэта паведамляе СК.

Сцвярджаецца, што выкладчыца на сваёй старонцы ў інтэрнэце у сакавіку-красавіку 2022 размяшчала публікацыі, «накіраваныя на распальванне варожасці па прыкмеце нацыянальнай і іншай сацыяльнай прыналежнасці».

«Не саромеючыся ў сваіх выказваннях адносна беларусаў, рускіх і вайскоўцаў», яна «заклікала да дзеянняў, звязаных з гвалтам і прычыненнем шкоды», — піша СК.

Жанчыне выстаўлена абвінавачанне па ч. 1 арт. 130 КК РБ.

Верагодна, размова ідзе пра Наталлю Мартусевіч – дацэнта і выкладчыка Магілёўскага дзяржаўнага ўніверстэта імя Куляшова.