Амаль тону камбікорма скраў жывёлавод у Асіповічах

Дваццаць мяшкоў кармавых сумясяў для буйной рагатай жывёлы знайшлі на падворку ў 30-гадовага мужчыны ў Асіповічах. Працуючы жывёлаводам у адным з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў горада, на працягу некалькіх месяцаў ён выкрадаў пшанічныя бялкова-крухмальныя прадукты прама з мясцовых пашаў. Усяго скрадзена было 950 кілаграмаў кармоў – паведамляе прэс-служба УУС аблвыканкама. Заведзена крымінальная справа.

Фота: УУС, скрыншот

У Бялынічах затрымалі педафіла – прыставаў да дзяцей, зацягнуў дзяўчынку ў закінуты будынак

Затрымаць яго дапамог школьнік – паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

У пачатку траўня ў Бялынічах п’яны 40-гадовы мужчына зацягнуў 7-гадовую дзяўчынку ў закінуты будынак і здзейсніў да яе дзеянні сэксуальнага характару. Крыкі дзіцяці пачуў старшакласнік, які праходзіў непадалёк. Хлопец кінуўся на дапамогу дзіцяці і, не спалохаўшыся, даў адпор гвалтаўніку, а пасля выклікаў супрацоўнікаў міліцыі. Мужчыну затрымалі.

Як выявілася, вечарам 3 мая і раніцай 4 мая 2023 года мужчына, знаходзячыся ў нецвярозым стане, учыніў распусныя дзеянні ў адносінах да некалькіх малалетніх дзяўчынак, якія гулялі на дзіцячай пляцоўцы і ў гарадскім скверы.

Пазней стала вядома, што ён жа датычны і да крадзяжу мабільнага тэлефона, прычым гэта ўжо не першае яго злачынства такога кшталту. Цяпер яму пагражае да 15 гадоў зняволення.

Фота ілюстрацыйнае

Дванаццаць рулонаў сена скраў жыхар Быхава ў Слаўгарадскім раёне

Прапажу заўважыў кіраўнік сельгаспрадпрыемства “Урэчанскі” Слаўгарадскага раёна і падаў сігнал у міліцыю. Вечарам 15 ліпеня на полі прадпрыемства каля вёскі Рабінаўка злодзеяў затрымалі – на чале з 25-гадовым жыхаром Быхава яны спрабавалі вывезці тры рулоны сенажу на аўтамашыне. Усяго, як высветлілася, быхаўчанін спрычыніўся да крадзяжу дванаццаці рулонаў сена за некалькі дзён – піша газета “Прысожскі край”.

Фота: “Прысожскі край”

У нейкі момант бабуля адчула прысутнасць чужога ў доме і азірнулася – следчыя змаглі знайсці злодзея

83-гадовая жыхарка Бабруйска была цвёрда ўпэўненая, што калітка яе гаспадаркі зачыненая знутры, а магчымасць адкрыць яе з вуліцы не дапускалася. Пагэтаму жанчына спакойна займалася справамі па доме. У нейкі момант бабуля адчула прысутнасць чужога чалавека ў доме і азірнулася. Сапраўды, у калідоры стаяла незнаёмая жанчына, на выгляд 50-60 гадоў. Пасля роспытаў, як няпрошаная госця трапіла ў хату (тая адказала, што нібыта брамка была адчыненая), гаспадыня сказала ёй сыходзіць, і маладзейшая жанчына знікла.

Праз некалькі хвілін, ачуняўшы ад шоку, жанчына выявіла прапажу 650 рублёў, якія яна захоўвала ў пашпарце ў шафе ў спальні.

На брамцы спецыяліст Бабруйскага МРА Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз выявіў след рукі, які, як высветлілася пры праверцы па дактыласкапічным уліку, належыць раней неаднаразова судзімай 66-гадовай бабруйчанцы. Па гэтай інфармацыі супрацоўнікі міліцыі ў тыя ж суткі затрымалі жанчыну. У зробленым крадзяжы яна прызналася і вярнула выкрадзеную суму – распавяла афіцыйны прадстаўнік упраўлення ГКСЭ па Магілёўскай вобласці Ірына Рачкоўская.

Фота ілюстрацыйнае

ДАІшнікі спынілі непрышпіленага кіроўцу і знайшлі ў яго 100 літраў крадзенага паліва

Супрацоўнікі Шклоўскага ДАІ спынілі вадзіцеля за парушэнне правілаў дарожнага руху – ён не быў прышпілены рэмнем бяспекі. Падчас праверкі яго аўтамабіля, у багажніку ДАІшнікі знайшлі некалькі каністраў з пафарбаваным палівам. Як высветлілася, кіроўца, 59-гадовы механізатар аднаго з аграпрадпрыемстваў раёна, зліваў паліва са свайго трактара каб прадаць. Паліва канфіскавана, на мужчыну складзены адміністрацыйны пратакол – паведамляе прэс-служба УУС аблвыканкама.

Фота: УУС, скрыншот

Магілёвец скраў у сябра карту і атаварваўся па ёй у крамах

У Ленінскі РУУС г. Магілёва звярнуўся 51-гадовы мясцовы жыхар, які распавёў, што ў яго з раней выкрадзенай банкаўскай карты былі зняты грашовыя сродкі – паведамляе прэс-служба. Праваахоўнікі высветлілі, што карту скраў знаёмы заяўніка – 43-гадовы магілёвец, раней неаднаразова судзімы, у тым ліку і за крадзяжы.

Магілёўцы распівалі спіртныя напоі на кватэры ў заяўніка, а калі гаспадар жылля сышоў спаць у іншы пакой, госць скраў яго банкаўскую карту і пайшоў па крамах набываць спіртное. Калі грошы на плацежным сродку скончыліся, ён выкінуў карту і пайшоў дадому. У дачыненні да фігуранта  ўзбуджана крымінальная справа.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых крыніц.

У Магілёве зяць выкраў у цешчы 7 800 долараў – цішком забіраў па 200-300

Як паведамляе прэс-служба абласнога УУС, 23-гадовы магілёвец паглядзеў, дзе трымае грошы яго 55-гадовая цешча. У яго прысутнасці яна пералічвала свае накаплення за шмат гадоў, 7 800 долараў. Маючы свой камплект ключоў ад кватэры – цешча неаднойчы прасіла выгуляць яе сабаку – малады мужчына па 200-300 долараў цягаў з заначкі і нарэшце выкраў усю суму. Супраць яго ўзбуджана крымінальная справа.

Фота ілюстрацыйнае

Магілёўская прадавачка нацягала з касы 10 000 рублёў на стаўкі ў онлайн-казіно

Пачынаючы з снежня 2022 года і па сакавік 2023-га дваццацішасцігадовая прадавачка магілёўскай прадуктовай крамы перыядычна забірала дзённую выручку магазіна – паведамляе прэс-служба абласнога УУС. Гэта давалася ёй лёгка, паколькі часам жанчына выконвала функцыі загадчыцы крамы і мела поўны доступ да касавага апарата. Агульная сума скрадзеных грошай склала 10 000 рублёў. Акрамя таго, таемна ад мужа жанчына брала грошы з сямейнага бюджэту. Усе сродкі яна траціла на стаўкі ў онлайн-казіно. Цяпер узбуджана крымінальная справа, частка грошай вернута.

Фота ілюстрацыйнае

Жанчына знайшла чужы бранзалет у паліклініцы і атрымала крыміналку

У міліцыю Магілёва звярнулася 31-гадовая мясцовая жыхарка, якая расказала, што ў яе быў выкрадзены згублены залаты бранзалет. Інцыдэнт адбыўся ў адной з медыцынскіх устаноў горада, куды жанчына хадзіла з малалетнім дзіцём.

Сышчыкі высветлілі, што чужую маёмасць забрала 35-гадовая магіляўчанка, якая таксама наведвала паліклініку. Перад гэтым залаты бранзалет парваў дзіця, будучы на руках у маці. Апошняя гэтага не заўважыла – ювелірнае ўпрыгожванне зачапілася за металічнае сядзенне крэсла ў прыёмнай і засталося там. Пасля бранзалет выявіла іншая жанчына, якая і забрала яго з сабой, паклаўшы ў кашалёк. Упрыгожванне нейкі час ляжала дома ў жанчыны – яна планавала пакінуць яго сабе – паведамляе тэлеграм-канал абласнога УУС.

У выніку ў дачыненні да жанчыны, якая знайшла бранзалет і забрала сабе, узбуджана крымінальная справа.

Фота ілюстрацыйнае

Прадавачка ў Хоцімску брала грошы з касы дзеля ставак у онлайн-казіно

На працягу двух месяцаў 37-гадовая жанчына здавала ў банк толькі частку выручкі, а астатнія сродкі клала на свой рахунак. Потым прадавачка гуляла на гэтыя грошы ў онлайн-казіно, паведамляе прэс-служба УУС аблвыканкама. Агульная сума прысабечаных грошай за два месяцы склала 14 000 рублёў.

Фота: УУС