У Бялынічах падлетка што скрала грошы “судзілі” перад цэлай школай

У Бялынічах падлетка, што скрала грошы, “судзілі” перад цэлай школай

Непаўналетнюю дзяўчынку абмяркоўвалі ў Бялынічах на выязным пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх – піша “Зара над Друццю”. Для працэдуры была выкарыстана школа №1 гарадскога цэнтра, дзе паглядзець на маленькую зладзейку запрасілі поўную залю вучняў.

Паведамляецца, што дзяўчынка, калі знаходзілася ў цэнтральнай раённай лякарні, скрала грошы з заплечніка, які быў пакінуты без дагляду. “І гэта пры тым, што гэты выпадак не першы ў спісе правін школьніцы” – маралізатарствуе выданне.

Адметна, што публічнае асуджэнне падлетка не мела ніякага прававога эфекта, і адбывалася, выглядае, дзеля здзяйснення самой працэдуры публічнага асуджэння і прыніжэння. Ці адправіцца дзяўчынка ў спецустанову будзе вырашаць суд, сама правапарушальніца яшчэ не дасягнула ўзросту крымінальнай адказнасці.

Фота: Зара над Друццю