У сацыяльных сетках жыхары Горак падзяліліся відэа з падрывам старой кацельнай. Паведамляецца, што будынак даўно не эксплуатаваўся.
Tag: котельная
Невясёлыя перспектывы Бабруйска ў 2023 годзе абмеркаваны на сходзе гарадскога актыву
Дзіцячы садок і планы нешта пачаць і штосьці працягнуць у 2023 годзе – вынікі сходу бабруйскага гарадскога актыву ў гэтую пятніцу.
Пафасныя падвядзенні вынікаў года заўжды патыхаюць савецкім нафталінам і мала цікавяць людзей. Але пад час такіх імпрэзаў агучваюцца і планы на будучыню, якая ў Бабруйска, як высвятляецца, не надта вясёлая.
Вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця за 2022 года былі падведзены ў Бабруйску. Урачыстая сустрэча з гэтай нагоды адбылася 17 лютага ў палацы мастацтваў і сабрала ўвесь актыў горада на Беразіне, пра што паведаміў bobr.by. Перадавікі былі абазначаны, граматы ўручаны, гімн і песні спеты. Практычны сэнс імпрэзы ў магчымасці прэміравання калектываў прадпрыемстваў і ўстаноў, якія падалі лепшыя справаздачы начальству.
Нашмат цікавей паглядзець, якія перспектывы чакаюць горад і рэгіён. Пра гэта, хаця і сярод іншага, узгадалі і “губернатар”, і “мэр” горада.
Па словах губернатара Ісачанкі, горад Бабруйск аднесены да тэрыторыі паскоранага развіцця альбо так званых гарадоў “80+”. Але нічога акрамя пабудовы дзіцячага садку, пачатку праектавання шэрагу аб’ектаў ды бягучага рамонту вуліц Чангарскай, Урыцкага, Берагавой і Мінскай не было названа.
Старшыня выканаўчага камітэта горада Бабруйска Ігар Кісель быў больш канкрэтны і назваў “знакавыя праекты”, якія будуць ажыццяўляцца ў Бабруйску ў 2023 годзе.
Ён адзначыў, што бягучы год будзе адзначаны – ўводам дзіцячага садка для 240 месцаў у мікрараёне Кісялевічы, пачаткам будаўніцтва новага хірургічнага корпуса гарадской бальніцы хуткай дапамогі, праектаваннем базы веславання, праектаваннем трэнажорнай залы для гульнявых відаў спорту, працягам рэканструкцыі маставых канструкцый, будаўніцтвам кацельнай на вуліцы Сямёнава.
А яшчэ старшыня гарвыканкама паставіў задачу знайсці больш за 350 мільёнаў інвестыцый для развіцця эканомікі і сацыяльнай сферы.
Калі перавесці з чыноўнічай мовы на чалавечую, то ў Бабруйску будзе шмат планаў, размоў і праектавання, а рэальным з’яўляецца дзіцячы садок, ды яшчэ павольная рэканструкцыя моста праз Беразіну, а таксама магчымы пачатак будаўніцтва кацельнай і хірургічнага корпусу. Дай Божа веры, што пачнуць, бо праз дзесяцігоддзі пакутлівага праектавання новай базы веславання ў Бабруйску mogilev.media ўжо пісалі.
Такім чынам, асноўным знакавым аб’ектам Бабруйска стане ўвод у дзеянне дзіцячага садку. Для 200-от тысячнага горада – гэта правал ці, як мінімум, затрымка ў развіцці, кажуць эксперты.
Фота з адкрытых крыніц.
Што зараз з будынкам былой крычаўскай плябаніі – выбітыя вокны, дзверы
Сённяшні двухпавярховы будынак, што знаходзіцца каля раённага ваенкамату ў Крычаве, колісь быў аднапавярховай плябаніяй.
Пасля разбурэння каталіцкага храма Беззаганнага Зачацця Дзевы Марыі ў 1930-х гадах бальшавікамі, плябанію, якая адносілася да касцёла, вырашылі не руйнаваць, а перабудавалі.
Пасля перабудовы былая плябанія стала двухпавярховым будынкам, у якім у пасляваенныя часы знаходзіўся мясцовы паштамт. У ім з тыльнага боку размяшчалася прыбудова з белай цэглы, якая несла функцыю кацельні, што ацяпляла памяшканні будынка для працаўнікоў пошты.
Будынак плябаніі-пошты стаяў закінуты з 1990-х, бо пасля знікнення СССР паштамт
хутка знік тут. У пачатку 2010-х гг. будынак былой плябаніі быў выкуплены мясцовым
прадпрымальнікам, у ім пачаліся будаўнічыя работы: пафарбаваныя сцены, пастаўленыя шклопакеты, аднак далей справа не пайшла. Пэўны час часткова адрамантаваны будынак выкарыстоўваўся нават як інтэрнат для часовых рабочых, што працавалі на будоўлі новага цэментавага завода каля Крычава.
У 2021 годзе у двухпавярховым будынку быў адчынены адукацыйны цэнтр “Sunshine”, дзе рыхтавалі выпускнікоў школ да цэнтралізаванага тэсціравання і міжнародным іспытам. Аднак літаральна праз поўгады цэнтр перастаў працаваць, а будынак плябаніі зноў застаўся пустым.
Значна горш на сённяшні дзень выглядае прыбудова з белай цэглы, у якой некалі знаходзілася кацельная паштамта: вокны выбіты, дзвярэй няма. Тэрыторыя былой кацельнай ужо шмат год закінутая. І гэта нягледзячы на тое, што будынак знаходзіцца ў гістарычным цэнтры горада.