Што зараз з будынкам былой крычаўскай плябаніі – выбітыя вокны, дзверы

Сённяшні двухпавярховы будынак, што знаходзіцца каля раённага ваенкамату ў Крычаве, колісь быў аднапавярховай плябаніяй.

Пасля разбурэння каталіцкага храма Беззаганнага Зачацця Дзевы Марыі ў 1930-х гадах бальшавікамі, плябанію, якая адносілася да касцёла, вырашылі не руйнаваць, а перабудавалі. 

Пасля перабудовы былая плябанія стала двухпавярховым будынкам, у якім у пасляваенныя часы знаходзіўся мясцовы паштамт. У ім з тыльнага боку размяшчалася прыбудова з белай цэглы, якая несла функцыю кацельні, што ацяпляла памяшканні будынка для працаўнікоў пошты.

Будынак плябаніі-пошты стаяў закінуты з 1990-х, бо пасля знікнення СССР паштамт

хутка знік тут. У пачатку 2010-х гг. будынак былой плябаніі быў выкуплены мясцовым

прадпрымальнікам, у ім пачаліся будаўнічыя работы: пафарбаваныя сцены, пастаўленыя шклопакеты, аднак далей справа не пайшла. Пэўны час часткова адрамантаваны будынак выкарыстоўваўся нават як інтэрнат для часовых рабочых, што працавалі на будоўлі новага цэментавага завода каля Крычава. 

У 2021 годзе у двухпавярховым будынку  быў адчынены адукацыйны цэнтр “Sunshine”, дзе рыхтавалі выпускнікоў школ да цэнтралізаванага тэсціравання і міжнародным іспытам. Аднак літаральна праз поўгады цэнтр перастаў працаваць, а будынак плябаніі зноў застаўся пустым. 

Значна горш на сённяшні дзень выглядае прыбудова з белай цэглы, у якой некалі знаходзілася кацельная паштамта: вокны выбіты, дзвярэй няма. Тэрыторыя былой кацельнай ужо шмат год закінутая. І гэта нягледзячы на тое, што будынак знаходзіцца ў гістарычным цэнтры горада.