Невясёлыя перспектывы Бабруйска ў 2023 годзе абмеркаваны на сходзе гарадскога актыву

Дзіцячы садок і планы нешта пачаць і штосьці працягнуць у 2023 годзе – вынікі сходу бабруйскага гарадскога актыву ў гэтую пятніцу. 

Пафасныя падвядзенні вынікаў года заўжды патыхаюць савецкім нафталінам і мала цікавяць людзей. Але пад час такіх імпрэзаў агучваюцца і планы на будучыню, якая ў Бабруйска, як высвятляецца, не надта вясёлая.

Вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця за 2022 года былі падведзены ў Бабруйску. Урачыстая сустрэча з гэтай нагоды адбылася 17 лютага ў палацы мастацтваў і сабрала ўвесь актыў горада на Беразіне, пра што паведаміў bobr.by. Перадавікі былі абазначаны, граматы ўручаны, гімн і песні спеты. Практычны сэнс імпрэзы ў магчымасці прэміравання калектываў прадпрыемстваў і ўстаноў, якія падалі лепшыя справаздачы начальству. 

Нашмат цікавей паглядзець, якія перспектывы чакаюць горад і рэгіён. Пра гэта, хаця і сярод іншага, узгадалі і “губернатар”, і “мэр” горада. 

Па словах губернатара Ісачанкі, горад Бабруйск аднесены да тэрыторыі паскоранага развіцця альбо так званых гарадоў “80+”. Але нічога акрамя пабудовы дзіцячага садку, пачатку праектавання шэрагу аб’ектаў ды бягучага рамонту вуліц Чангарскай, Урыцкага, Берагавой і Мінскай не было названа.

Старшыня выканаўчага камітэта горада Бабруйска Ігар Кісель быў больш канкрэтны і назваў “знакавыя праекты”, якія будуць ажыццяўляцца ў Бабруйску ў 2023 годзе. 

Ён адзначыў, што бягучы год будзе адзначаны – ўводам дзіцячага садка для 240 месцаў у мікрараёне Кісялевічы, пачаткам будаўніцтва новага хірургічнага корпуса гарадской бальніцы хуткай дапамогі, праектаваннем базы веславання, праектаваннем трэнажорнай залы для гульнявых відаў спорту, працягам рэканструкцыі маставых канструкцый,  будаўніцтвам кацельнай на вуліцы Сямёнава. 

А яшчэ старшыня гарвыканкама паставіў задачу знайсці больш за 350 мільёнаў інвестыцый для развіцця эканомікі і сацыяльнай сферы. 

Калі перавесці з чыноўнічай мовы на чалавечую, то ў Бабруйску будзе шмат планаў, размоў і праектавання, а рэальным з’яўляецца дзіцячы садок, ды яшчэ павольная рэканструкцыя моста праз Беразіну, а таксама магчымы пачатак будаўніцтва кацельнай і хірургічнага корпусу. Дай Божа веры, што пачнуць, бо праз дзесяцігоддзі пакутлівага праектавання новай базы веславання ў Бабруйску mogilev.media ўжо пісалі

Такім чынам, асноўным знакавым аб’ектам Бабруйска стане ўвод у дзеянне дзіцячага садку. Для 200-от тысячнага горада – гэта правал ці, як мінімум, затрымка ў развіцці, кажуць эксперты. 

Фота з адкрытых крыніц.