Прыняць удзел у творчым спаборніцтве могуць усе ахвочыя: дзеці і іх бацькі, навучэнцы адукацыйных устаноў і цэнтраў пазашкольнай работы, дарослыя (педагогі, выхавальнікі).
Каб стаць удзельнікам конкурсу, неабходна ў тэрмін да 15 снежня вырабіць ёлачную навагоднюю цацку і прадставіць яе на разгляд конкурснай камісіі ў парк у Падміколлі. Да працы трэба прыкласці інфармацыю аб удзельніку. Конкурсныя работы будуць размешчаны на навагодняй ёлцы ў парку.
Як распавялі на прадпрыемстве «Магілёўзелянбуд», які выступае арганізатарам конкурсу, навагоднія цацкі могуць быць выкананы са шчыльнай каляровай паперы, тканіны, кардону, нітак, фетру, разнастайных падручных матэрыялаў, пажадана, каб памер ёлачнага ўпрыгожвання быў ад 45×25 см. Цацка абавязкова павінна мець завесы. , прышчэпкі або клямкі для мацавання да ёлачных галін. Форма створанай працы можа быць любой (шарык, кубік, лялька, ліхтарык, казачны персанаж).
Конкурсныя работы павінны адпавядаць святочнай навагодняй тэматыцы, быць трывалымі і бяспечнымі. Улічваць члены журы будуць таксама арыгінальнасць мастацкага дызайну, крэатыўнасць, якасць мацавання і эстэтычнасць працы.
Пераможцаў вызначаць у некалькіх намінацыях (калектыўныя работы дашкольных устаноў адукацыі; калектыўныя работы ўстаноў адукацыі; сямейныя работы і работы сяброў Парка), узнагародзяць дыпломамі, граматамі і навагоднімі падарункамі. Аўтар лепшай ёлачнай цацкі будзе ўзнагароджаны навагодняй елкай у кадцы.
Падвядзенне вынікаў конкурсу і ўзнагароджанне пераможцаў запланавана на 18 снежня. Мерапрыемства адбудзецца на цэнтральнай алеі парка ў Падміколле.
На XV Нацыянальным фестывалі архітэктуры, што прайшоў у Мінску, былі абвешчаны вынікі конкурса на лепшыя архітэктурныя праекты і пабудовы. У намінацыі “Грамадскія пабудовы” ў раздзеле “Аб’екты медыцынскага прызначэння: клінікі, бальніцы, паліклінікі” дыплом другой ступені быў прысуджаны праекту новых кардыётэрапеўтычнага і кардыёхірургічнага карпусоў Магілёўскай абласной бальніцы.
Дыплом атрымаў творчы калектыў інстытута “Магілёўграмадзянпраект”, у які ўвайшлі архітэктары Вольга Дольнікава, Алена Мацвіцэўскіх, Людміла Юркавец, Вольга Слаўнава, Алена Садкова і Ўладзіслаў Чаховіч.
Дыплом першай ступені ў гэтай жа намінацыі заваявалі супрацоўнікі “Брэстпраекта” за праект спальнага корпуса дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага комплексу «Світанак» Пінскага раёна.
Гран-пры конкурса на лепшую пабудову журы вырашыла не ўручаць. Лепшым праектам быў названы «Гандлёва-адміністрацыйны цэнтр у г. Гродна» аўтарства ТАА «Інтэлстак інжынірынг».
Усе конкурсныя работы можна паглядзець тут (па QR-коду ў канцы артыкула).
Раённая газета “Горацкі веснік” абвясціла конкурс на лепшую фігуру з саломы, усталяваную арганізацыямі сферы культуры і адукацыі на палях Горацкага раёна. У конкурсе ўдзельнічаюць тры дзіцячыя школы мастацтваў і два раённыя дамы культуры. Прыняць удзел у конкурсе можна тут.
Ад здымкаў палярнага ззяння да выяў цэлых галактык.
Журы найбуйнейшага ў свеце штогадовага конкурсу астрафотаздымкаў “Астранамічны фатограф года” апублікавала работы ўдзельнікаў 2023 года – паведамляе Каралеўскі Музей Грынвіч.
Арганізатар мерапрыемства – Каралеўская Грынвіцкая абсерваторыя – прадставіў здымкі, якія трапілі ў шорт-ліст спаборніцтва 2023 года. Штогод лонг-лісты складаюць тысячы работ.
Выстава з работ пераможцаў будзе прадстаўлена ў Нацыянальным марскім музеі ў Лондане 16 верасня 2023 года.
Конкурс праводзіцца ўжо 15 год. Удзельнікі могуць паспрабаваць свае сілы ў 8 асноўных катэгорыях. Пераможцы за 1, 2, 3-е месцы атрымліваюць прызы ў памеры 1 500, 500 і 250 фунтаў стэрлінгаў (прыкладна 5 475, 1 825 і 913 беларускіх рублёў) адпаведна.
У апошнія выходныя ліпеня на Чыгірынскім вадасховішчы ў Быхаўскім раёне адбудзецца ХIІ Музычны фэст «Вялікая бард-рыбалка» – паведамляе сайт фэста.
Штогадовы летні мультыкультурны фестываль пройдзе 28-30 ліпеня на пляцоўцы базы адпачынку Магілёўскага металургічнага завода. Як чакаецца, пройдзе як заўсёды – з яркай і насычанай музычнай праграмай, творчымі праектамі, выставамі і конкурсамі, з жывой музыкай, зоркамі аўтарскай песні, шансона, рок, кантры і фолька, з мясцовымі прысмакамі, забавамі для дарослых і дзяцей.
Арганізатары мерапрыемства прапануюць на кожны з 3 дзён фэста новыя праграмы з удзелам больш за 200 удзельнікаў на Галоўнай і Лясной сцэнах, на 7 пляцоўках.
Мерапрыемствы фэста пачнуцца 27 ліпеня, у чацвер, з канцэрта-прэзентацыі творчага праекта “Песні нашага кола” у малой зале Магілёўскага Палаца культуры вобласці (а 19.00).
Непасрэдна на беразе Чыгірынскага вадасхвішча, у асноўныя дні фэста з пятніцы 28 да нядзелі 30 ліпеня, будуць працаваць інтэрактыўныя пляцоўкі, “Лазневая паляна”, “Кірмаш Смаку”, конкурсы, рыбалоўныя спаборніцтвы, канцэрты аўтарскай песні і паэзіі.
Запланавана і цырымонія закладкі валуноў у бард-сцежку з удзелам гасцей фестывалю. Падрабязней з праграмай мерапрыемства можна азнаёміцца тут.
За тры дні наведвання фестывалю кошт уваходнага білета на аднаго чалавека складае 20 рублёў.
Як даехаць – на сваім аўтатранспарце, маршрутнымі таксоўкамі, рэйсавымі аўтобусамі з Магілёва, Бабруйска да в. Чачэвічы. Далей па дарожным ўказальнікам.
Музычны фестываль стартаваў у 2010 годзе і за кароткі час стаў адной з галоўных візітовак музычна-фестывальнага жыцця Магілёўскай вобласці. Ён адраджае традыцыі сямейнага турыстычнага адпачынку, аб’ядноўвае сяброўскія і карпаратыўныя кампаніі. За 12 гадоў музычны форум наведалі каля 18 тысяч гледачоў, музыкантаў і артыстаў з 16 краін: Расіі, Літвы, Славакіі, Германіі, Чэхіі, Ізраіля, ЗША, Іспаніі, Кітая і іншых.
Дзень святых Мяфодзія і Кірылы, святых праваслаўнай і каталіцкай царквы, братоў-місіянераў, стваральнікаў стараславянскай азбукі і царкоўнаславянскай мовы.
Мова – душа любога народа, яна з’яўляецца асновай нашага мыслення, таму мову трэба берагчы, вывучаць, паважаць і ведаць. Беражлівыя адносіны да сваёй мовы дазваляюць нам развіваць здольнасць разумець словы, аналізаваць учынкі, думаць, перадаваць атрыманы вопыт, ясна і дакладна выкладаць свае думкі.
1377 год. Памёр Альгерд (1296-1377).
Вялікі князь (1345-1377) ВКЛ, князь крэўскі і віцебскі, адзін з найбуйнейшых вайскаводаў ВКЛ.
З 80 гадоў жыцця, кіраваў дзяржавай 32 гады.
Бацька 12 сыноў, у тым ліку Ягайлы, Андрэя Полацкага, Свідрыгайлы, Скіргайлы, Уладзіміра.
У часы Альгерда тэрыторыя ВКЛ павялічылася больш чым удвая, беларускія землі занялі цэнтральнае месца ў дзяржаве, што забяспечыла рост эканомікі, развіццё культуры, умацаванне старабеларускай мовы як афіцыйнай.
У 2014 годзе Альгерду ўсталяваны помнік у Віцебску..
1706 год. У Магілёў увайшлі рускія войскі генерала Бауэра.
Рускія войскі – саюзнікі Рэчы Паспалітай у вайне са Швецыяй, сталі лагерам пад Машакоўскай гарой.
У розны час у перыяд 1706-1708 гадоў у Магілёве знаходзіліся рускія ваенаначальнікі: Меншыкаў, Брус, Бауэр, Галавін, Рапнін, Даўгарукі, Сініцкі, Галоўкін, Нотаў, Чамберс.
Іх атрады, як і 30-тысячнае войска татар, спустошылі горад і наваколлі рабаваннямі.
8 верасня 1708 года па загаду Пятра I горад быў поўнасцю спалены татарскімі і калмыцкімі палкамі.
1780 год. У Магілёве адбылася сустрэча Кацярыны ІІ і аўстрыйскага імператара Іосіфа ІІ.
Мэта сустрэчы – абмеркаванне другога падзелу Рэчы Паспалітай.
Іосіф прыехаў у Магілёў 23 мая. У гонар сустрэчы з Іосіфам, 29 мая на Саборнай плошчы Магілёва быў закладзены Іосіфаўскі кафедральны сабор. Сабор будаваўся з цэглы ў 1780-1798 гг. архітэктарам Мікалаем Львовым ў класіцыстычным стылі. Адзін з найбольш ранніх помнікаў класіцызму ў культавай архітэктуры Беларусі. Зруйнаваны ў 1937 г., бо “не ўпісываўся” ў архітэктуру будучай сталіцы БССР. На яго месцы пабудавалі гатэль “Дняпро”.
У кастрычніку 2011 года тагачасны намеснік старшыні Магілёўскага гарвыканкама Ігар Шардыка паведаміў, што сабор трапіў у лік першых у чарзе на аднаўленне разбураных помнікаў архітэктуры Магілёва.
1904 год. Нарадзіўся Адам Русак (1904-1987).
Беларускі паэт-песеннік. Заслужаны дзеяч культуры.
Скончыў Беларускі музычны тэхнікум і Ленінградскую кансерваторыю. Быў салістам аркестра Ленінградскага Малога опернага тэатра, Белдзяржфілармоніі.
Аўтар больш 10 зборнікаў паэзіі, вершаў, вершаў для дзяцей.
На тэксты яго вершаў напісана каля 300 песень. З іх найбольш вядомымі сталі песні: «Бывайце здаровы», «Лясная песня», «Толькі з табою», «Не шукай», «Не за вочы чорныя», «Як правёў мяне Цімох».
Памёр 21 сакавіка 1987 года.
1917 год. Заснавана газета “Грамада”.
Першая беларуская газета ў Мінску, орган Беларускай Сацыялістычнай Грамады.
Выдавалася да 11 чэрвеня (4 нумары), рэдактар – ураджэнец в. Бацэвічы (зараз Клічаўскі раён), географ, грамадскі дзеяч Аркадзь Смоліч.
1918 год. У Магілёве створана губернская ЧК па барацьбе з сабатажам і контррэвалюцыяй.
Яна стала першай ЧК на тэрыторыі Беларусі. ЧК размесцілася ў будынку Архіерэйскага палаца. З гэтага моманту пачынаюцца рэпрэсіі супраць іншадумцаў.
1930 год. У Навагрудку нарадзілася Галіна Русак (1930-2000).
Беларускі жывапісец, графік, мастацтвазнаўца, грамадскі дзеяч беларускай дыяспары ў ЗША, удзельніца агульнаамерыканскага руху за правы жанчын. Прафесар.
Нарадзілася ў сям’і беларускага дзеяча Філарэта Родзькі.
З 1949 года жыла ў Амерыцы. Да ад’езду ў Новы Свет скончыла Фрайбургскі і Лёвенскі ўніверсітэты. Адукацыю завяршыла ў Амерыцы. Працавала дырэктарам мастацкай бібліятэкі Ратгерскага ўніверсітэта.
Яе мастацкая творчасць добра вядомая ў ЗША і Канадзе, дзе яна неаднаразова выстаўлялася ў розных галерэях, але толькі ў 1992 годзе з выстаўкай яе твораў змаглі пазнаёміцца і ў Беларусі.
Уваходзіла ў склад кіраўніцтва Згуртавання беларускіх мастакоў і ўмельцаў.
1948 год. Нарадзіўся Міхаіл Чыгір.
Палітык, сябра Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі, палітвязень, вязень сумлення паводле Amnesty International. Другі Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь (1994-1996), першы – у прэзідэнцкай Беларусі,
У 1995 годзе прадстаўляў краіну на сусветным эканамічным форуме ў Давосе.
У лістападзе 1996 года гучна сышоў у адстаўку ў знак пратэсту супраць абвешчанага А. Лукашэнкам рэферэндуму.
У 1999 годзе вылучаўся кандыдатам у прэзідэнты, спадзяючыся такім шляхам вярнуць краіну на дэмакратычны шлях развіцця. Гэтым выклікаў рэпрэсіі з боку ўладаў супраць сябе і членаў сям’і.
30 сакавіка быў арыштаваны і змешчаны на 8 месяцаў ў мінскі СІЗА. Пасля прысуду 2000 года, быў асуджаны судом Фрунзенскага раёна Мінска ў 2002 годзе на 3 гады пазбаўлення волі.
Прымаў удзел у парламенцкіх выбарах у Палату прадстаўнікоў Народнага сходу(кастрычнік 2000), у кампаніі па выбарах прэзідэнта 2001, на выбарах у 2010 годзе быў даверанай асобай Я. Раманчука.
1956 год. У швейцарскім Лугана прайшоў першы конкурс песні “Еўрабачанне”.
У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі Бельгіі, Нідэрландаў, Італіі, Люксембурга, Францыі, ФРГ, Швейцарыі.
Да конкурсу дапускалася толькі сольнае выступленне выканаўцаў. Можна было выканаць дзве песьні. Аўстрыя, Вялікабрытанія, Данія не ўдзельнічалі з-за спазнення правядзення нацыянальных адбораў.
Беларусь удзельнічала ў конкурсе “Еўрабачанне” з 2004 па 2019 год. Першымі прадстаўнікамі краіны стаў дуэт “Аляксандра і Канстанцін” з песняй “My Galileo” (10 балаў і 19-е месца ў паўфінале).
Самае высокае месца заняў Дзмітрый Калдун у 2007 годзе: 145 балаў і 6 месца ў фінале.
За ўсю гісторыю ўдзелу Беларусь кваліфікавалася ў фінал усяго толькі 6 разоў і толькі аднойчы ўвайшла ў дзясятку найлепшых у фінале (2007).
У сакавіку 2021 года Беларусь дыскваліфікавана з-за палітычнага падтэксту ў песні “Я навучу цябе” гурта «Галасы ЗМеста”. 28 мая 2021 г. Еўрапейскі вяшчальны саюз пазбавіў членства Белтэлерадыёкампаніі ў арганізацыі з-за пытанняў адносна правоў чалавека ў краіне на фоне пераследу апазіцыі.
Міжнародны дзень дыназаўраў (International Dinosaur Day)
Дыназаўры ўзніклі ў трыасавым перыядзе 243 мільёны гадоў таму і сталі дамінантнымі наземнымі пазваночнымі.
Палеантолагі выявілі больш за 900 розных родаў і 1000 відаў дыназаўраў. Дыназаўры занялі шматлікія экалагічныя нішы і асвоілі разнастайныя тыпы харчавання. Усе дыназаўры – яйкакладучыя.
Першыя скамянелыя косці дыназаўраў былі апазнаны і прызнаны ў пачатку XIX стагоддзя, іх выкапнёвыя шкілеты сталі галоўнымі славутасцямі музеяў па ўсім свеце, а дыназаўры ператварыліся ў неад’емную частку папулярнай культуры.
Цікавыя факты.
Самымі вялікімі дыназаўрамі былі заураподы, якія дасягалі даўжыні 30 метраў – гэта вышыня дзевяціпавярховага дома. Гэта былі раслінаедныя жывёлы з доўгай шыяй і нагамі як у сланоў.
Дыназаўры жылі на Зямлі на працягу 160 мільёнаў гадоў. Вымерлі ў канцы мелавога перыяду каля 65 мільёнаў гадоў таму.
Слова “дыназаўр” у перакладзе з грэчаскай мовы азначае “страшны, жудасны”, “яшчар”.
Дыназаўры з’явіліся на тэрыторыі сучаснай Паўднёвай Амерыкі і затым распаўсюдзіліся па ўсёй сушы.
Продкамі дыназаўраў былі архазаўры. У нашы дні прадстаўнікамі архазаўра з’яўляюцца кракадзілы.
1051 год. Кароль Францыі Генрых І ажаніўся з Ганнай Кіеўскай (1030-1075).
Ганна – дачка Вялікага князя Кіеўскага Яраслава I Мудрага і яго другой жонкі Інгігерды – дачкі караля Шатландыі і Швецыі, унучка па маці Олава III Шатконунга, унучка полацкай княжны Рагнеды Рагвалодаўны (960-1000). Каралева Францыі, маці караля Філіпа I, прабабуля 30 французскіх каралёў.
Ганна прывезла ў Францыю каштоўны пасаг і высокую культуру, за што яе паважалі і шанавалі. Папы Мікалай II і Грыгорый VII пісалі ёй лісты, у якіх выказвалі павагу. Папа Мікалай II адзначаў дабрыню, дабрачыннасць, пабожнасць Ганны, прасіў яе ўплываць на Генрыха I.
1125 год. памёр Уладзімір Манамах (1053-1125).
Вялікі князь Кіеўскі, унук полацкай княжны Рагнеды Рагвалодаўны (960-1000), дзяржаўны дзеяч, военачальнік, пісьменнік, мысляр.
Сын князя Усевалада Яраславіча. Празваны Манамахам па назве роду маці – дачцэ візантыйскага імператара Канстанціна IX Манамаха.
1782 год. Нарадзіўся Іван Паскевіч (1782-1856).
Рускі палкаводзец, дзяржаўны дзеяч. Сваяк А. Грыбаедава. З палтаўскіх казакаў.
У ліку войск М. Раеўскага ўдзельнічаў у бітве пры Салтанаўцы пад Магілёвам.
Душыцель горцаў, паўстанняў у Польшчы і Беларусі 1831, у Венгрыі 1849 гадоў.
З 1834 года ўладальнік гомельскага палаца Магілёўскай губерні. У 1917 годзе палац (Палац Румянцавых-Паскевічаў) канфіскаваны, калекцыі яго сталі асновай для краязнаўчага музея (1919).
1802 год.Напалеон Банапарт зацвердзіў ордэн Ганаровага легіёна.
Арганізацыя па прыкладзе рыцарскіх ордэнаў. Згодна з кодэксам Ганаровага легіёна і воінскага медалю, гэтая ганаровая арганізацыя валодае статусам і правамі юрыдычнай асобы. Прыналежнасць да ордэна з’яўляецца найвышэйшым знакам адрознення, пашаны і афіцыйнага прызнання асаблівых заслуг у Францыі. Па сцвярджэнні генерала Дэ Голя, «Ганаровы легіён – гэта супольнасць эліты жывых».
Сярод беларусаў, якія былі ўдастоены залічэння ў ордэн: міністр абороны БНР генерал Кіпрыян Кандратовіч, начальнік Генштабу СССР падчас Вялікай Айчыннай вайны генерал Аляксей Антонаў, Нобелеўскі лаўрэат Жарэс Алфёраў.
1890 год. У Дрысенскім павеце (зараз – Верхнядзвінскі раён) нарадзіўся Данат Макіёнак (1890-1941).
Ас авіяцыі Першай Сусветнай вайны, георгіеўскі кавалер.
Падчас вайны збіў 8 варожых самалётаў. Адзіны ас, які належыць польскаму этнасу і змагаўся супраць блока Цэнтральных дзяржаў. За час службы ў Расійскім імператарскім ваенна-паветраным флоце здзейсніў каля 600 баявых вылетаў і ўдзельнічаў у больш за 30 паветраных бітвах.
Пасля вайны ўступіў у Паветраныя сілы Польшчы і ўдзельнічаў у стварэнні Польскай вайсковай авіяцыі.
Падчас Савецка-польскай вайны камандаваў 3-й польскай эскадрылляй. Пасля вайны быў камендантам авіяцыйнага парку лётнай школы ў Быдгашчы.
У 1941 годзе арыштаваны немцамі, трапіў у лагер смерці Аўшвіц-Біркенаў, дзе праз месяц загінуў.
1929 год. Нарадзіўся Раман (Рувім) Шацаў.
Беларускі педагог, музыка, Заслужаны работнік культуры.
Выпускнік геаграфічнага факультэта Магілёўскага педінстытута.
Працаваў ў школах географам, педагогам па вакалу ў музвучылішчы імя М. Рымскага-Корсакава, у Палацы піянераў. Стварыў дзіцячы ансамбль песні і танца, які стаў чатырохразовым дыпламантам ВДНГ СССР, лаўрэатам шматлікіх конкурсаў. Ансамбль гастраляваў па СССР, 20 краінах свету.
З 1990-х гадоў жыве на эміграцыі ў ЗША.
1969 год. Памёр Георгі Пех (1897-1969).
Беларускі краязнавец, археолаг, заснавальнік Ваўкавыскага ваенна-гістарычнага музея, калекцыянер і мастак.
Чыгуначнік-самавучка, прымаў удзел у археалагічных раскопках Ваўкавыска, Мінска, Слоніма, Турыйска.
У міжваенны перыяд на працягу 16 гадоў збіраў краязнаўчы матэрыял – аддаваў палову са свайго беднага заробку, часам пакідаючы на паўгалодным існаванні жонку і дзяцей. У 1940 годзе яго прыватная калекцыя стала асновай для стварэння дзяржаўнага Ваўкавыскага краязнаўчага музея, а збіральнік стаў першым яго дырэктарам.
Пасля вайны ў разбураным горадзе прыкмеціў ацалелы будынак – Дом Баграціёна, куды пераехаў музей у 1948 годзе пасля судовых цяжбаў з райвыканкамам і пагрозы сыходу Пеха ў адстаўку. У 1946 годзе па даручэнні Якуба Коласа, віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук БССР, Пеху былі выдзелены першыя сродкі ў памеры 500 рублёў на аднаўленне музея.
1989 год. У Маскве распачаўся першы конкурс “Міс СССР” (19-21 мая).
Пераможцай стала Ю. Суханава.
На другім конкурсе, 1990 года, перамагла прадстаўніца Беларусі – студэнтка Віцебскага тэхналагічнага інстытута Марыя Кежа.
На апошнім, трэцім конкурсе ў 1991 годзе, тытул “Міс фота СССР” атрымала мінчанка Ліка Ялінская (Агурбаш).
2000 год. Асуджаны да пазбаўлення волі экс-прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Чыгір.
Другі Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь (1994-1996), першы – у прэзідэнцкай Беларусі, сябра Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі, палітвязень і вязень сумлення паводле Amnesty International.
У 1995 годзе прадстаўляў краіну на сусветным эканамічным форуме ў Давосе.
У лістападзе 1996 года гучна сышоў у адстаўку ў знак пратэсту супраць абвешчанага А. Лукашэнкам рэферэндуму.
У 1999 годзе вылучаўся кандыдатам у прэзідэнты, спадзяючыся такім шляхам вярнуць краіну на дэмакратычны шлях развіцця. Гэтым выклікаў рэпрэсіі з боку ўладаў супраць сябе і членаў сям’і.
30 сакавіка быў арыштаваны і змешчаны на 8 месяцаў ў мінскі СІЗА. Пасля прысуду 2000 года, быў асуджаны судом Фрунзенскага раёна Мінска ў 2002 годзе на 3 гады пазбаўлення волі.
Прымаў удзел у парламенцкіх выбарах у Палату прадстаўнікоў Народнага сходу(кастрычнік 2000), у кампаніі па выбарах прэзідэнта 2001, на выбарах у 2010 годзе быў даверанай асобай Я. Раманчука.
2021 год. Катастрофа самалёта Як-130 у Баранавічах.
У выніку трагедыі загінулі лётчыкі 116-й гвардзейскай штурмавой авіябазы ў Лідзе маёр Андрэй Нічыпорчык і лейтэнант Мікіта Куканенка, адзін з мясцовых жыхароў атрымаў раненні.
На аэрадроме «Баранавічы» выконваліся вучэбна-трэніровачныя палёты на вучэбных самалётах Як-130. З прычыны тэхнічнай няспраўнасці, машына загінуўшых рэзка пайшла ўніз, і яе пачало круціць. Дыспетчар не менш за 10 разоў падаў каманду катапультавацца, але лётчыкі разумелі, што гэта небяспечна – пад імі жылыя кварталы. Самалёт упаў каля двухпавярховак у раёне вуліцы Розы Люксембург, пашкодзіўшы тры дамы (на загалоўным фота – момант крушэння, засняты відэарэгістратарам).
У гонар загінулых летчыкаў названы вуліцы ў Баранавічах. Пілотам пасмяротна прысвоена званне «Герой Беларусі». 20 мая 2022 года ў Баранавічах адкрылі мемарыял у гонар загінулых лётчыкаў.
Клайпедскае самакіраванне аб’явіла папярэднія вынікі конкурса па ідэі праекта рэканструкцыі месца захавання салдат Савецкага Саюза часоў ІІ Сусветнай вайны. Правядзенне гэтага конкурса разбурае клішэ расійскіх прапагандыстаў аб непавазе да памяці савецкіх воінаў у краінах Балтыі.
На конкурс было прадстаўлена шэсць праектных ідэй па ўладкаванні прасторы побач з вул. С. Даўканта (S. Daukanto) – паведамлялі раней mogilev.media. Згодна з рашэннем камісіі па ацэнцы конкурсных праектаў 11 мая, вылучаны першыя тры праекты – інфармуе atviraklaipeda.lt. Удзельнікі, якія занялі першыя 3 месцы ў конкурсе праектаў, могуць разлічваць на ўзнагародуі: I месца – 8000 еўра, II месца – 5000 еўра, III месца – 3000 еўра.
Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.
Першае месца (94,17 бала з 100 магчымых) камісія прысудзіла праекту «NAU2023», аўтарамі якога з’яўляюцца Р. Амшыеюс і М. Чарнютэ-Амшыене.
Яны прапануюць інтэграваць рэканструяваную прастору ў агульную «тканіну Парка скульптур». Пры рэалізацыі іх ідэі будзе пашырана плошча зялёных зон і пасаджана больш новых дрэў, захаваны каменныя таблічкі з прозвішчамі загінулых, і імі будуць адзначаны месцы пахавання, пракладзены новыя пешаходныя дарожкі.
Другое месца (76,67 бала) прысуджана праекту «SSS2023», які стварылі А. Скіезгелас, Э. Пілвеліс, Э. Вайнорютэ, Т. Свідэрскас.
Трэцяе месца (72,5 бала) у праекта «KLP0700» В. Пілкаускаса, Л. Каваляўскаса, Р. Пілкаўскайтэ.
Канчатковы парадак і пераможца конкурсу будуць аб’яўлены пасля правядзення працэдуры грамадскіх закупак. Самакіраванне павінна заключыць з ім дамову на падрыхтоўку тэхнічнага задання.
Дамова аб Пабрацімстве Клайпеды і Магілёва была падпісана 8 сакавіка 1997.
27 лютага 2022 году, на трэці дзень уварвання расійскіх войск ва Ўкраіну, мэр Клайпеды заявіў аб спыненні пабрацімскіх сувязяў з расійскімі і беларускімі гарадамі. Паводле яго ён звярнуўся да кіраўніцтва гарадоў партнёраў, каб тыя супраціўляліся агрэсіі супраць Украіны, але рэакцыі не было. У афіцыйным спісе гарадоў пабрацімаў Клайпеды Магілёва няма.
Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Клайпеды, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам са спадзевам, што пабрацімства між гарадамі адновіцца.
Клайпеда месціцца на захадзе краіны і з’яўляецца портам на Балтыйскім моры. Насельніцтва 160 тысяч чалавек.
8 красавіка ў Магілёўскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці пройдзе Другі міжнародны харэаграфічны конкурс “Танцавальная карусель”.
У спаборніцтвах прымуць удзел больш за 50 канкурсантаў з Магілёўскай і Віцебскай абласцей, а таксама з Санкт-Пецярбурга, Смаленска і Калужскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Яны прадэманструюць сваё майстэрства ў 5 намінацыях: народна-сцэнічны танец, народна-стылізаваны танец, эстрадны танец, сучасная харэаграфія, класічны танец – піша БелТА.
У Магілёве прайшоў конкурс прафмайстэрства “Сырная карона”.
Конкурс праводзіўся сярод філіялаў ААТ “Бабушкіна крынка”, якія вырабляюць сыры.
У спаборніцтве прынялі ўдзел калектывы філіялаў “Асіповіцкі”, “Мсціслаўскі”, “Слаўгарадскі” і бялыніцкі цэх – паведамляе mogilevnews.
На дэгустацыю ў трох намінацыях і ў галасаванні на прыз сімпатый гледачоў было прадстаўлена 12 найменняў сыроў.
У намінацыі “Сыры расійскай групы”
1 месца заняў сыр “Рускі экстра” 42% (Асіповічы). 2 месца – сыр “Дон Леон” з водарам топленага сыру 50% (Мсціслаў),
3 месца падзялілі сыры “Tilsiter” (Слаўгарад) і “Князь Уладзімір” (Бялынічы).
У намінацыі “Сыры з тэрмінам паспявання 60-90 сутак”: 1 месца – сыр “Магутны леў” (Асіповічы); 2 месца – сыр “Гройцэр” экстра (Слаўгарад); 3 месца – сыр “Грувер” (Слаўгарад).
У намінацыі “Сыры з тэрмінам паспявання больш за 90 сутак” 1 месца ўзяў сыр “Мсціслаў Вялікі” (Мсціслаў).
Гран-Пры заваяваў сыр «Пармізана дэ Люкс» (Асіповічы).
Прыз сімпатый гледачоў заваявала “Снежная каралева” з густам пламбір 45%, які вырабляе цэх па вытворчасці сыроў г. Бялынічы.
Цікава, што абсалютную большасць з гэтай прадукцыі жыхары рэгіёна не могуць набыць, бо яна абмінае гандлёвыя кропкі Магілёва і вобласці і ідзе на экспарт.