У чавускім пансіянаце “Расінка” жывуць вялікія сябры старшыні Белкаапсаюза

У Чавусах сытыя і поўныя здароўя чыноўнікі зладзілі фотасесію з інвалідамі на падставе таго, што “падарылі” ім пральную машыну.

Вяршыні цынізму дасягнула вярхушка чавускай “вертыкалі” разам са старшынёй стратнага Белкаапсаюза Інэсай Караткевіч, зладзіўшы фотасесію з хворымі людзьмі, што пражываюць у пансіянаце “Расінка”.

Там жывуць 19 чалавек, а “слуг народа”, якія пажадалі папіярыцца на дабрачыннасці за бюджэтны кошт, было ўсяго шасцёра. Але затое якіх!

“Паслядоўнікаў” маці Тэрэзы варта назваць па імёнах:

  • старшыня праўлення Белкаапсаюза Інэса Караткевіч;
  • старшыня Чавускага райвыканкама Дзмітрый Акуліч;
  • намеснік старшыні Чавускага райвыканкама Андрэй Верхаводкін;
  • намесніца старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магілёўскага аблвыканкама Святлана Сцяпанава;
  • старшыня праўлення Магілёўскага аблспажыўсаюза Сяргей Любянкоў;
  • старшыня праўлення Чавускага райспажыўтаварыства Мікалай Скрынік.

Інэса Караткевіч распавяла пра сваё даўняе сяброўства з жыхарамі пансіяната і ўручыла дырэктару ўстановы сертыфікат на спартыўнае абсталяванне. 

Дзмітрый Акуліч “падарыў” пральную машыну, набыtую за бюджэтныя сродкі, а Сяргей Любянкоў – прысмакі і садавіну. Таксама, вядома ж, не з асабістай лядоўні.

Затое фатаграфаваліся сытыя, ззяючыя здароўем і добрым настроем чыноўнікі з такім запалам, быццам ашчаслівілі не толькі “Расінку”, а цэлы падлунны свет.

Інэса Караткевіч

Кожны кадр, зроблены журналістамі раённай газеты “Іскра” – пастановачны. Начальства старанна рабіла выгляд, што ім цікавыя гісторыі інвалідаў, а тыя, магчыма, і не сумняваліся, што да іх прыехалі сапраўдныя сябры.

Урэшце, калі разважаць філасофскі, то і падножны корм можна назваць найлепшым сябрам каровы.

Фота раённай газеты.

Галоўны санітарны ўрач Магілёўшчыны выказаўся пра быццё і свядомасць

Воз перад канём паставілі на дні інфармавання ў Чавусах: прыбіранне тэрыторый дапаможа ўпарадкаваць думкі.

Галоўны ўрач УАЗ «Магілёўскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя» Максім Саковіч наведаў «Чэрыкаўрайаграпрамтэхснаб» і расказаў, што:

  • у вясновым рэспубліканскім суботніку прынялі ўдзел 2 361,1 тысячы (так у арыгінале) чалавек, зароблена 18 мільёнаў 549,4 тысячы рублёў; 
  • у восеньскім – 2 303,7 тысячы чалавек, зароблена 19 668,7 тысячы рублёў; 
  • за студзень-кастрычнік 2025 года ў Беларусі знесена 4 516 пустуючых жылых дамоў;
  • у гаспадарчы абарот уключана 989 гектараў зямлі.

З усяго гэтага Саковіч зрабіў дзіўны вывад у стылі Ларысы Долінай: калі мы будзем наводзіць парадак у сябе дома, у сябе на дварах, на сваім працоўным месцы, то і ў думках, у галаве ў нас таксама будзе парадак. 

Жалезная логіка. Маўляў, галоўнае – парадак у доме, святы бясплатнай працы і знос закінутых дамоў у выміраючай беларускай вёсцы.

А там, глядзіш, з галавы выдзьме шкодныя думкі пра тое:

  • куды падзеліся заробленыя сродкі;
  • чаму вёска вымірае;
  • чаму ў Беларусі багацеюць толькі чыноўнікі;
  • што робіць Лукашэнка ў Афрыцы.

Трэба сказаць, што такая методыка не новая. Пра тое, што праца вызваляе, было напісана на варотах нацысцкіх канцлагераў.

Фота: раённай газеты “Веснік Чэрыкаўшчыны”.

Лукашэнка ў Чавусах толькі на трэцім месцы

Аднафаміліца Аляксандра Лукашэнкі аказалася на трэцім месцы ў спаборніцтве маладых спецыялістаў Чавускага раёна.

Конкурс дзяўчат на званне лепшага спецыяліста адыходзячага года прайшоў у Чавусах. Сярод дзевяці ўдзельніц была Ангеліна Лукашэнка, урач агульнай практыкі раённай бальніцы.

Лепшыя дзяўчыны раёна распавядалі пра сябе, асабістыя дасягненні, першыя дні працы на першым працоўным месцы, спявалі, танчылі, чыталі вершы, паказвалі напісаныя імі карціны і чыталі вершы ўласнага сачынення.

Ангеліна Лукашэнка прадставіла гумарыстычны нумар, які ўразіў журы, але аказалася толькі на трэцім месцы.

Відавочна, лепшую дзяўчыну Чавус выбіралі сумленна, у адрозненне ад выбараў кіраўніка краіны.

Там Лукашэнка, апынаючыся на трэцім і наступных месцах, у выніку заўсёды выходзіў на першае. Напэўна таму, што журы ў выглядзе выбарчых камісій, у гэтым выпадку, асаблівай ролі не адыгрывала.

Фота раённай газеты.

Зноў абасраныя каровы на Магілёўшчыне – цяпер у Чавускім раёне

У TikTok завірусілася відэа з фермы ў Чавускім раёне. На кадрах можна ўбачыць статак абляпаных кароў, якія брыдуць па навознай жыжы. Ролік выклала карыстальніца Зіна Бядуліна. Відэа сабрала сотні тысяч праглядаў і 3 600 каментарыяў, але пазней было выдалена з акаўнта карыстальніцы. Захавалася яго, аднак, на сайце “Люстэрка”, якое звярнула на яго ўвагу.

На відэа каровы спачатку пад драматычную музыку ходзяць па непрыбранай ферме, дзе на падлозе знаходзяцца ў тым ліку вадкія фекаліі жывёлін. Калі музыка заканчваецца, можна ўбачыць працэс спаражнення кароў.

Нагадаем, што ў 2019 годзе на Магілёўшчыне ўжо адбываўся скандал з абасранымі каровамі, які прывёў да замены вышэйшага абласнога кіраўніцтва.

Фота: скрыншот з відэа