Быхаўскую “піраміду майя” зноўку прадаюць – кошт зніжаны

Пабудова невядомага прызначэння ў Быхаве, больш падобная на піраміду майя альбо зікурат, працягвае шукаць свайго гаспадара. Канструкцыя, да вяршыні якой вядуць таямнічыя прыступкі, належыла прадпрыемству ПМК-247 і зараз арыштаваная з-за запазычанасцяў. Раней за яе прасілі 3 000 рублёў – пісалі mogilev.media. Зараз жа кошт зніжаны да 2 000, і да заканчэння аўкцыёна на сайце “БелЮрЗабеспячэння” сёння яшчэ можна паспець.
быхаў
Фота: “БелЮрЗабеспячэнне”

Турзлёт пад Быхавам чыноўнікі ператварылі ў ідэалагічнае шоў

Звычайны моладзевы турзлёт каля вёскі Прыбар у Быхаўскім раёне сёлета раптам зрабіўся “патрыятычным” — яго прымеркавалі да 80-годдзя перамогі ў нямецка-савецкай вайне. Замест песень ля вогнішча і паходнай рамантыкі ўдзельнікам выдалі пілоткі і загадалі спяваць ваенныя песні.

Гэтае мерапрыемства праходзіць тут ужо 52-гі раз, і звычайна школьнікі і студэнты вучацца разбіваць палаткі, варыць юшку і адпачываюць на прыродзе. Але сёлета ідэолагі вырашылі надаць злёту “ідэалагічны сэнс”, піша Mayday.

Усіх удзельнікаў абавязалі набыць чырвона-зялёную бутаньерку з яблыневым колерам і з’явіцца з ёй на ўрачыстае пастраенне 14 траўня, дзе прысутнічала дэлегацыя райвыканкама. Некаторых школьнікаў прымусілі ўзяць ваенную форму, а частку — вывучыць песні ваенных гадоў.

Асаблівым элементам сталі пілоткі, якія прывезлі арганізатары — каб апрануць усіх і зрабіць пастановачныя фота для справаздач. Самі дзеці і іх бацькі не хавалі здзіўлення: ад паходу чакалі адпачынку, а атрымалі парад.

Для ўладаў гэта “патрыятычнае выхаванне”, для многіх удзельнікаў — чарговы прыклад прымусу. Турзлёт 2025 года запомніцца не дзякуючы вогнішчу, а праз пілоткі і фармальны падыход да гісторыі.

Магілёўскія чыноўнікі ніяк не могуць зразумець, што такія хлуслівыя “прымеркаваныя” мерапрыемствы выкікаюць у моладзі толькі раздражненне і адмаўленне. Можа, калі  б зрузумелі, убачылі б сапраўдныя прычыны паводзін шасці дзяўчын, якія паказалі абразлівыя жэсты салюту, таксама прымеркаванаму да Дня перамогі.

Фотаздымак Mayday

Стала вядома пра смерць палітзняволенага быхаўчаніна

Журналісты даведаліся пра смерць Віталя Бычкова з Быхава, які быў асуджаны па палітычным артыкуле і знаходзіўся ў так званым спісе экстрэмістаў.

Віталю Бычкову было 44 гады. Па даных сайта Dissidentby, яго імя па бацьку – Міхайлавіч. Ён паходзіў з пасёлка Колас у Быхаўскім раёне – гэта населены пункт, які з цягам часу быў уключаны ў межы самога Быхава. Судзячы па інфармацыі з сацыяльных сетак і расійскіх баз дадзеных, Бычкоў час ад часу ездзіў на заробкі ў Расію.

У 2022 годзе Быхаўскі раённы суд прызнаў яго вінаватым паводле артыкула 364 Крымінальнага кодэкса – «гвалт або пагроза гвалту ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі». Такія справы не заўсёды маюць палітычны характар. Аднак, у выпадку з Бычковым сілавікі палічылі неабходным уключыць яго ў спіс асобаў, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», паведамляе “Наша Ніва”.

Дакладныя дэталі справы, як і тэрмін пакарання, не агалошваліся. У згаданым спісе экстрэмістаў насупраць прозвішча Бычкова значыцца: «адбывае пакаранне». Гэта можа сведчыць пра прысуд у выглядзе зняволення ў калоніі або «хіміі» – абмежаванне волі з накіраваннем у папраўчую калонію адкрытага тыпу.

Жыццё Віталя абарвалося 28 кастрычніка 2024 года. Невядома, ці паспеў ён поўнасцю адбыць прызначаны тэрмін. Паводле дадзеных Digital Intelligence Team, прычынай смерці стаў інсульт.

Фота з старонкі Віталя Бычкова ў Аднакласніках

10 ліпеня ў гісторыі. Паланенне Усяслава. Першы ўпамін Оршы. Пажар у Магілёве, таран пад Магілёвам. Абранне Лукашэнкі.

1067 год. Кіеўскія Яраславічы падманам узялі ў палон Усяслава Чарадзея.

Праз 4 месяцы пасля бітвы на Нямізе (3 сакавіка), на рацэ Ршы (Аршыца) кіеўскія Яраславічы ўзялі ў палон Усяслава Брачыславіча і двух яго сыноў. Пры запрашэнні на перамовы Яраславічы цалавалі крыж, што не зробяць благога. Усяслава з сынамі адвезлі ў Кіеў і кінулі ў земляную турму – «поруб», дзе ён прабыў больш за 14 месяцаў, пакуль у 1068 г. яго не вызвалілі кіяне і не паставілі яго князем.

У сувязі з падзеямі на Ршы звязана першае ўпамінанне пра Оршу.

1781 год. Нарадзіўся Антон Марціноўскі (1781-1855).

Беларускі выдавец і публіцыст, апякун здольнай моладзі.

Адзін з арганізатараў Віленскага друкарскага таварыства, літаратурна-грамадскага аб’яднання шрубаўцаў, рэдактар «Вулічных навін», «Dziennik Wileński», уладальнік друкарні, у якой друкаваліся «Статут ВКЛ» (1819), літаратурныя творы. 

Сакратар Камісіі Часовага ўрада ВКЛ (1812). Марціноўскі стаў узорам новага тыпу патрыёта Беларусі: будучы палякам, любіць Беларусь, а будучы беларусам, любіць Польшчу.

1782 год. Здарыўся вялікі пажар ў Магілёве.

У вялікім пажары за Дняпром згарэла 70 дамоў «хрысціянскіх», 5 габрэйскіх, разбурана каля 40 будынкаў.

1857 год. Нарадзіўся Анатоль Бонч-Асмалоўскі (1857-1930).

Рэвалюцыянер-народнік. Грамадска-палітычны дзеяч, публіцыст, мемуарыст, член арганізацый «Зямля і воля» і «Чорны перадзел», член ЦК партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў.

У высылцы ў бацькоўскім маёнтку Блонь Ігуменскага павета пры ўдзеле А. Багдановіча арганізаваў сялянскі гурток самаадукацыі.

Неаднаразова арыштоўваўся, быў у ссылцы, у тым ліку ў Сібіры. Удзельнік рэвалюцыі 1905-1907 гадоў.

У час 1-й сусветнай вайны працаваў у арганізацыях дапамогі бежанцам-беларусам. Дэлегат 1-га Усебеларускага з’езда (1917). З 1918 года ў Мінску, удзельнічаў у кааператыўным руху.

З 1926 года жыў у Маскве, член Усесаюзнага таварыства паліткатаржан і ссыльнапасяленцаў. Пісаў успаміны.

Яго драўляная сядзіба Блонь існуе і зараз у якасці раённага краязнаўчага музея.

1871 год. У Магілёве нарадзіўся Барыс Казановіч (1871-1943).

Вайсковец, генерал-лейтэнант. 

Выхаванец Магілёўскай гімназіі. Удзельнік руска-японскай, Першай сусветнай, грамадзянскай войн.

Адзін з кіраўнікоў Белага Руху. Старшыня Таварыстваў – афіцэраў Генштаба ў Югаславіі, вывучэння Грамадзянскай вайны.

1895 год. У Глыбокім нарадзіўся  Павел Сухі (1895-1975).

Сусветна вядома авіяканструктар самалётаў Су.

Лаўрэат Ленінскай, Дзяржаўнай прэмій, двойчы Герой Сацыялістычнай Працы, доктар тэхнічных навук. Аўтар больш як 50 самалётаў. Яго называлі «квінтэсэнцыя нашай авіяцыі». У Гомелі імем Сухога названы вуліца, тэхнічны ўніверсітэт, устаноўлены бюст. У Глыбоцкай СШ № 1 створаны яго музей. 

1900 год. Нарадзіўся Пётра Сергіевіч (1900-1984).

Беларускі мастак, актыўны дзеяч беларускага адраджэння. Заслужаны дзеяч мастацтваў Літвы (1965). 

Яго палотны прысвечаны гістарычным асобам, у тым ліку Усяславу Чарадзею, Ф. Скарыне, К. Каліноўскаму, Р. Шырме, Ф. Багушэвічу, прадстаўнікам розных прафесій. 

Значнае месца ў творчасці мастака займалі купалаўская тэма, тэма жыцця ў Заходняй Беларусі.

Сергіевіч П. Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 года, 1955 г.

1917 год.  Першае беларускае таварыства драмы і камедыі дало прэм’ерную пастаноўку п’есы Я. Купалы «Раскіданае гняздо».

Разумеючы сацыяльную і палітычную вастрыню п’есы, была пастаўлена толькі пасля падзення царызму. Была пастаўлена Ф. Ждановічам у Мінску Першым беларускім таварыствам драмы і камедыі ў памяшканні гарадскога тэатра.

«Раскіданае гняздо» шмат ставілі аматарскія тэатральныя калектывы, нават аматарскі гурток у Глуску.

Новае сцэнічнае жыццё «Раскіданаму гнязду» даў Беларускі тэатр імя Я. Коласа. Прэм’ера спектакля адбылася ў Віцебску 13 снежня 1951 года.

1932 год. У Быхаве нарадзіўся Аркадзь Мацвееў.

Беларускі вучоны ў галіне інфекцыйных захворванняў.

Скончыў Віцебскі медінстытут.

Працаваў галоўным урачом Віцебскай раённай санэпідстанцыі, затым намеснікам галоўнага ўрача па лячэбнай рабоце ў Віцебскім раёне.

З 1963 года асістэнт, дацэнт, прафесар, дэкан факультэта Віцебскага медыцынскага інстытута.

Апублікавана больш за 70 яго навуковых прац.

1937 год. Нарадзіўся Леанід Дземідовіч (1937-1999).

Беларускі навуковец-геолаг. Доктар геолага-мінералагічных навук, прафесар.

З 1959 года працаваў ў Беларускім геолага-разведачным НДІ, з 1970 года намеснік дырэктара, у 1975-1983 дырэктар інстытута. З 1983 года ў БДУ.

Навуковыя працы ў галіне геалогіі, пошуку і разведкі нафтавых і газавых радовішчаў.

Стварыў схемы класіфікацыі парод-калектараў, стадый і этапаў літагенезу.

1941 год. Пад Магілёвам правёў паветраны таран Мікалай Цярохін (1916-1942).

Лётчык-знішчальнік. Адзін з двух савецкіх лётчыкаў (разам з А. Хлабыставым), якія тройчы ўчынілі паветраны таран, прычым у Цярохіна два тараны – у адным баі.

У баі, растраціўшы ўсе боепрыпасы, таранам збіў «Юнкерс-88» і ўжо пашкоджанай сваёй машынай другім таранам збіў яшчэ адзін «Юнкерс-88».

Загінуў у паветраным баі 30 снежня 1942 года ў Наўгародскай вобласці.

Яго імя носіць адна з вуліц Магілёва. Яго подзвігу прысвечаны верш К. Сіманава.

1942 год. Нарадзіўся Пётр Клімук.

Другі беларускі касманаўт (у космасе ў 1973, 1975, 1978) пасля В. Церашковай, палітычны дзеяч.

Генерал-палкоўнік авіяцыі, кандыдат тэхнічных навук. Двойчы Герой Савецкага Саюза. Апошні трэці палёт 1978 г. здзейсніў разам з польскім касманаўтам Міраславам Гермашэўскім.

1944 год. 21-й вайсковай часці, якія вызначыліся пры вызваленні Магілёва 28 чэрвеня 1944 года надалі найменні “Магілёўскіх”.

У горадзе адноўлена праца радыё, абласной санэпідэмстанцыі, створаны рамонтны завод.

Вуліца Першамайская ў Магілёве, 1944 год

1994 год. Аляксандр Лукашэнка абраны першым прэзідэнтам Беларусі.