У Бабруйскім раёне пенсіянер разразаў снарад і выбухам яму адарвала нагу

67-гадовы мужчына снарад часоў вайны вырашыў распілаваць балгаркай.

Снарад знайшла падчас рамонтных работ сямейная пара і, каб пазбегнуць выбуху выкінула яго ў меліярацыйны канал побач з домам. Вестка пра знаходку дайшла да бацькі гаспадыні. Ён выцягнуў снарад і спрабаваў яго распілаваць, паведамляе Следчы камітэт.

Выбухам пенсіянеру адарвала частку левай нагі і ў цяжкім стане ён знаходзіцца ў шпіталі.

фото: sk.gov.by

«Галоўнае жаданне». Бабруйчанка шые лялькі, абрусы, торбы, а яшчэ яна мылавар

Мылаварствам Алена Маскалёва захапілася чатыры месяцы таму і лічыць сябе ў гэтым рамястве пачаткоўцам. Яна вынаходзіць рэцэптуру для свайго мыла і яго прадае на кірмашах. Каб дагадзіць пакупнікам дадае ў вырабы разнастайныя пігменты, аддышкі, упрыгожвае іх пялёсткамі кветак, піша «Вечерний Бобруйск».

 

«Нашы людзі любяць усё яркае, прыгожае і з бліскаўкамі»

Алена вучыцца рамяству самастойна, шукаючы патрэбную інфармацыю ў інтэрнэце. Кажа, што яе мыла для сваіх патрэбаў купляюць жанчыны, больш сталага ўзросту, а яшчэ бяруць яго на падарункі дзецям і ўнукам.

«Нашы людзі любяць усё яркае, прыгожае і з бліскаўкамі», – кажа  рамесніца журналістцы 

У мылаварэнні ёй падабаецца працаваць з алеямі. Бярэ какосавы, пальмавы, аліўкавы.

Пакупнікі сталі «нейкімі адчужаным».

Мылаварства, адзначае Алена, занятак не танны. Па яе словах за час яго асваення на неабходныя рэчы ўжо патраціла 1200 рублёў. Прыбытку, прызнаецца яна, пакуль не мае.

«На дадзены момант – мылаварэнне для мяне больш задавальненне, чым заробак», – прызнаецца майстрыца.

Яна адзначае, што людзі менш купляюць такога тавару, бо не ўсе маюць на тое грошы. А яшчэ, дадае яна, пакупнікі сталі «нейкімі адчужаным».

 

«Дзеці сталі абыякавыя да прыгажосці»

Алена Маскалёва вывучалася на мастака роспісу дрэва і інкрустатара саломкі. Але па прафесіі не працавала. Звязала сваю дзейнасць з творчасцю.

Да мылаварства, на якім засяроджаная цяпер, Алена шыла лялькі. Іх таксама прадавала. Цяпер гэты занятак адышоў на другі план.

«Прычына ў тым, што дзеці сталі абыякавыя да прыгажосці, іх яна не чапляе», – дзеліцца назіраннямі майстрыца.

Паводле яе такая тэндэнцыя з’явілася, як «дзецям далі ў рукі тэлефоны». Лялькі сталі менш запатрабаваныя з-за іх кошту і таму, што частка бацькоў успрымае такія рэчы, як пылазборнікі.

Хобі мае прыносіць радасць.

Акрамя мылаварэння і лялек, Алена шые абрусы і торбачкі-шоперы, а ў будучыні плануе ўзяцца за біжутэрыю.

Яна кажа: знайсці сваё хобі, якое будзе прыносіць радасць і самарэалізоўвацца, нескладана.

«Галоўнае – жаданне, – падсумоўвае Алена, – а таксама трэба шукаць і спрабаваць».

фота: media.bobruisk.ru

У Бабруйску машынай збілі лася. Падобнае днямі здарылася ў Бабруйскім і Мсціслаўскім раёнах

Здарэнне ў Бабруйску адбылося на выездзе з гораду.

У машыне ехала маладая пара. Хлопец і дзяўчына не пацярпелі, а жывёла загінула, піша «Бобруйский курьер».

Ад удару лася адкінула з дарогі на некалькі метраў. Аўтамабіль атрымаў сур’ёзныя механічныя пашкоджанні.

Здарылася тое на шашы Крычаў – Бабруйск – Івацэвічы.

Днямі ў Бабруйскім раёне была падобная гісторыя. Машынай ля вёскі Міхайлаўка збілі лася, які выйшаў на праезную частку.

Тое ж адбылося і ў Мсціслаўскім раёне.

У апошніх двух здарэннях, справакаваных дзікімі жывёламі, пацярпелі чацвёра чалавек, сярод іх дзіця.

У Бабруйску ўзяліся адрамантаваць мост. Сродкі інвеставаў Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця, які сышоў з Беларусі

Рамонт маста праз Бярэзіну пачалі яшчэ ў канцы мінулага году. Працы трывалі да першых дзён сакавіка, а потым спыніліся на пяць месяцаў.

Тым часам, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця, які ў 2020 годзе выдзеліў 259 мільёнаў еўра на рамонт 12 мастоў, сярод якіх быў і бабруйскі, як пачалася вайна ва Ўкраіне згарнуў дзейнасць у Беларусі. Разам з ім сышлі і падрадчыкі, што ўзяліся рэканструяваць аб’ект.

Увесь комплекс прац вымагае амаль 90 мільёнаў рублёў. Акрамя фактычнай замены старой пераправы, узведзенай у 1957 годзе, абяцалася злучыць два бярэзінскія берагі новым мостам, піша выданне «Бобркуйский курьер».

З неабходнай на рамонт сумы з рэспубліканскага бюджэту выдзяляць 21 мільён рублёў.

Рэканструкцыю абяцаюць завяршыць у 2024 годзе.

фота: babruysk.by

У Бабруйску дамы спаборнічалі за званне «Аўталедзі-2022». Пабачце, як тое было

На ўдзел у конкурсе наважыліся толькі чатыры спадарыні: дзве кладаўшчыцы, юрысткансультантка, бухгалтарка.

Перамагла юрысткансультантка, піша інтэрнэт-выданне «Бобруйский курьер». Яшчэ яе адзначылі, як найхутчэйшага кіроўцу.

Траіх яе суперніц журы ўганаравала прызамі ў намінацыях «Інтэлект», «Зачараванне». Іх арганізатары яшчэ падзякавалі за ўдзел у конкурсе.

«Бобруйский курьер» адзначае: конкурс прадэманстраваў, што аўташколам ёсць над чым працаваць. Дыяганальную паркоўку па люстэрках змагла выканаць толькі юрысткансультантка. Іншыя канкурсанткі зрэзаліся або па часе або па габарытах.

фота: babruysk.by

 

 

На Магілёўшчыне ласі ігнаруюць правілы дарожнага руху – церпяць людзі

Дарожныя здарэнні, справакаваныя дзікімі жывёламі адбыліся ў Мсціслаўскім і Бабруйскім раёнах.

Пацярпелі чацвёра чалавек, сярод іх дзіця. Усе яны трапілі ў шпіталь.

Інфармацыйная агенцтва «Белта» не піша, ці выжылі жывёлы.

ДАІ нагадвае кіроўцам, каб яны былі максімальна ўважлівыя на дарогах, асабліва ў вечаровы і начны час.

фота: minsknews.by

На Магілёўшчыне згарэлі кватэра, машына, сена

Ратавальнікі на пажары выязджалі чатыры разы ў апошні дзень чэрвеня. Страху нацярпеліся жыхары Бабруйску, Быхава, Шклова ды Клічаўскага раёну.

У Бабруйску з неўстаноўленай пакуль прычыны загарэлася нежылая двухпакаёвая кватэра. Пашкоджаная маёмасць, сцены і перакрыцці. У кватэру быў вольны доступ.

У Быхаве загарэўся прыпаркаваны легкавік. Пажарам знішчаны салон аўтамабілю.

Меркаваная прычына пажару – парушэнне правілаў эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання: кароткае замыканне электраправодкі, піша  газэта «Сб. Беларусь сегодня».

У Клічаўскім раёне ля вёскі Колбча пажар знішчыў 36 тон сена ў рулонах, пашкодзіў паветку. Пацярпелых няма, прычына ўзгарання высвятляецца.

 

Тавар заказвалі, але не атрымлівалі. Як працуюць махляры ў інтэрнэце

Больш за 20 жыхароў рэгіёну сталі ахвярамі махлярства. Іх страты ацэненыя ў больш чым 10 тысячаў рублёў.

Найбольш крымінальных справаў па фактах махлярства пад выглядам інтэрнэт-крамаў распачата ў Бабруйску. Мясцовыя аператыўнікі расследуюць 9 такіх злачынстваў.

Усяго ж у вобласці больш за два дзясяткі падобных крымінальных справаў, піша газета «Маяк Прыдняпроўя».

Паводле абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў пацярпелыя цікавіліся аб’явамі ў Інстаграме аб продажу садовай мэблі, надзіманых басейнаў. Удакладніўшы ў махляроў пытанні аб тавары, перапісваючыся з імі ў інтэрнэце, пералічвалі 100 працэнтаў перадаплаты, але замоўленай рэчы не атрымлівалі.

 

У Бабруйску патануў 14-гадовы падлетак. Купацца пайшоў з прыяцелямі

Трагедыя адбылася 24 чэрвеня на Бярэзіне. У міліцыю патэлефанавала бабуля патанулага, заклапочаная тым, што ўнук доўга не аб’яўляецца ў двары.

Падлетак у кампаніі з прыяцелямі пайшоў купацца. Адышоўшы ад берагу на 10 мэтраў, аступіўся і знік пад вадою. Як піша інфармацыйная кампанія Белта дзеці спалохаліся, спрабавалі адшукаць сябра, але марна. Выратавальнікам не паведамілі.

Пасля тэлефанавання бабулі яны прызналіся, што хлопец патануў. Ягонае цела адшукалі вадалазы за 15 метраў ад берагу на глыбіні 3 метраў. Для купання месца, дзе здарылася трагедыя, не было вызначаным.

Ад пачатку купальнага сезону ў Беларусі патанула 22 чалавекі, піша газета «СБ. Беларусь сегодня». Выданне адзначае, што міліцыяй было прадухілена больш за 5 тысяч правапарушэнняў паблізу вадаёмаў.

фота: nashkraj.by

 

У Бабруйску адкрываецца “Вянок дружбы” – калісьці прадстаўнічы фальклорны фэст

Фестываль народнай творчасці праходзіць у Бабруйску пачынаючы з 2003 года. Да пандэмічнага 2020 года ён збіраў удзельнікаў з дзясяткаў краін і розных кантынентаў. Праграма традыцыйна складаецца з канцэртных праграм, вулічных мерапрыемстваў і знаёмства з нацыянальнымі кухнямі гасцей.

фота: bobruisk.by

Сёлета фестываль будзе праходзіць з 23 па 27 чэрвеня. На ім чакаюцца госці з Расіі і Азербайджана. Праграма ўключае гала-канцэрт 24 чэрвеня на “Бабруйск-арэне”, Open-air з удзелам расійскіх і беларускіх дыджэяў і фестываль ежы 25 чэрвеня. Урачысты канцэрт-закрыццё фестываля пройдзе 26 чэрвеня таксама на “Бабруйск-арэне”. 

Больш падрабязнасцяў пра праграму сёлетняга фэсту – у афішы мерапрыемства.