У Бабруйску патануў 14-гадовы падлетак. Купацца пайшоў з прыяцелямі

Трагедыя адбылася 24 чэрвеня на Бярэзіне. У міліцыю патэлефанавала бабуля патанулага, заклапочаная тым, што ўнук доўга не аб’яўляецца ў двары.

Падлетак у кампаніі з прыяцелямі пайшоў купацца. Адышоўшы ад берагу на 10 мэтраў, аступіўся і знік пад вадою. Як піша інфармацыйная кампанія Белта дзеці спалохаліся, спрабавалі адшукаць сябра, але марна. Выратавальнікам не паведамілі.

Пасля тэлефанавання бабулі яны прызналіся, што хлопец патануў. Ягонае цела адшукалі вадалазы за 15 метраў ад берагу на глыбіні 3 метраў. Для купання месца, дзе здарылася трагедыя, не было вызначаным.

Ад пачатку купальнага сезону ў Беларусі патанула 22 чалавекі, піша газета «СБ. Беларусь сегодня». Выданне адзначае, што міліцыяй было прадухілена больш за 5 тысяч правапарушэнняў паблізу вадаёмаў.

фота: nashkraj.by