Фотафакт. Магілёўскія пенсіянеры на танцах

Шмат год у скверы 40-гадзьдзя Перамогі збіраюцца пенсіянеры на танцы пад жывую музыку. Арганізуе вячоркі Гарадскі дом культуры.

Да тутэйшага фантану, згадаць маладосць і засведчыць, што жыццё на пенсіі не сканчаецца, прыходзіць немалая грамада пасівелых, але актыўных людзей паважнага веку.

Танцавальныя вечары ля фантана настолькі папулярныя, што наведваць іх не толькі жыхары прылеглых да цэнтральнай часткі гораду раёнаў, але, нават прыязджаюць з ускрайкаў. Сумна тут не бывае.

Гарадскія вячоркі для гараджанаў ладзяць у нядзелі, ажно да кастрычніка.

Гомель у навальніцу. Рух у горадзе паралізаваны, дарогі ператварыліся ў бурлівыя патокі.

Непагадзь да Магілёўшчыны не дабралася. Увесь патэнцыял расходавала на Гомель.

Суседні з Магілёвам абласны цэнтр перажыў небывалую залеву. Фотаздымкі з затопленымі вуліцамі і машынамі ператворанымі ў чаўны запаланілі сацыяльныя сеткі.

За няпоўную гадзіну на горад вылілася практычна месячная норма ападкаў.

Дождж з градам абрынуўся на Гомель апоўдні. Залева суправаджаецца грымотамі. Рух у горадзе быў паралізаваны, дарогі сталі бурлівымі патокамі. Людзей з затопленых аўтобусаў і вуліц ратавальнікі вывозілі на гумавых чаўнах.

«Рэйсавы аўтобус, які накіроўваўся з Зяброўкі, апынуўся наўпрост пасярэдзіне ўтворанага возера», – апісвалі сітуацыю на гарадзкіх вуліцаў відавочцы.

«Узровень вады амаль па грудзі ратавальнікам. І чалавек з нізкім ростам практычна па шыю можа апынуцца ў вадзе», – каментаваў убачанае гараджанін у сацыяльных сетках.

Самымі небяспечнымі для аўтамабілістаў аказаліся ўчасткі дарог на праспекце Леніна, вуліцах Інтэрнацыянальнай, Жаркоўскага, Бочкіна, Багдана Хмяльніцкага, Барыкіна, Палескай, піша   выданне «Белка».

З 11-38 да 12-29 у Гомелі, паводле звестак метэаролагаў, выпала 7,6 мм ападкаў. Сярэднемесячная норма складае 9,1 мм.

У Магілёве ўпарадкавалі дзіцячую пляцоўку для забаў. Не абышлося без ваеннай тэматыкі

На месцы ўрачыстага адкрыцця пляцоўкі паставілі тантамарэску савецкага салдата Другой сусветнай вайны. Пабыць вайскоўцам з пісталетам на дзязе давалі магчымасць усім ахвотным.

Тэма вайны не ад’емная частка мерапрыемстваў з удзелам чыноўнікаў. Яна прысутнічаў ува ўсіх магчымых праяўленнях – ад прамоў службоўцаў да антуражу. Так адбылося і на імпрэзе ў адным з двароў на вуліцы Габраўскай.

Сюды на адкрыццё дзіцячай комплекснай спартова-гульнявой пляцоўкі прыехаў кіраўнік Кастрычніцкага раёну Пётр Салаўёў, піша “Веснік Магілёва”.

«Гэта вялізарная радасць нашым дзецям, ім ёсць чым тут заняцца, дзе пагуляць. І бацькі задаволены. Хочацца, каб рабяты збераглі тое, што маюць, займаліся спортам, які прыдасца ім у будучыні», – казаў прадстаўнік уладнай вертыкалі на адкрыцці дваровай забаўкі.

На яе ўпарадкаванне скінуліся 5 арганізацыяў. Ім уручылі лісты падзякі.

 

“Каб беларускіх артыстаў не выразалі з расійскага эфіру”, мара спявачкі Дарафеевай

На няправільныя паводзіны расіян паскардзілася Ірына Дарафеева на «Славянскім базары» падчас прэсавай канферэнцыі прызёраў розных гадоў конкурсу маладых выканаўцаў.

«У мяне ёсць адна мара, – казала яна, – каб беларускіх артыстаў не выразалі з расійскага эфіру. Мы ж, людзі мастацтва, заўсёды за кансалідацыю. У рамках Саюзнай дзяржавы рэалізавана мноства праектаў ва ўсіх сферах, але чамусьці культуры ўдзяляецца менш увагі. А гэта сапраўды тое, што нас аб’ядноўвае, што застанецца. Вядома, праца артыста незаўважанай не застаецца, але хочацца, каб яе ацаніла як мага больш людзей», – напісана на сайце газеты «СБ. Беларусь сегодня».

Хто такая Ірына Дарафеева.

Спявачка, заслужаны артыстка Рэспублікі Беларусь (2007), дацэнт кафедры мастацтва эстрады Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту культуры і мастацтва, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі VI склікання.

Ірына Дарафеева – дэпутат мае падзяку ад Лукашэнкі.

Паводле прэсы ў 2007 годзе Дарафеева стала аб’ектам пільнай увагі кіраўніка дзяржавы і яго ўдзелу ў ейным лёсе.

На дзень нараджэння Лукашэнкі яна яму падарыла песню: ««Ангел мой несравненный, неземной и нереальный»». У адказ на гэта кіраўнік дзяржавы публічна павіншаваў спявачку ў дзень яе нараджэння з экрана тэлевізара.

фото: mk.ru

«Улетку пыльная, а ўвесну і восень разбітая». Жыхары прыгараднай магілёўскай вёскі не адзін год чакаюць рамонту дарогі

Дарога ў выбоінах, а аўтамабілістам даводзіцца лавіраваць паміж імі, каб начынне машыны засталося ў ёй, а не на разбітым бальшаку.

Узбочына таксама ў неналежным стане. Паколькі на вясковай дарозе не прадугледжаныя тратуары, то пешаходы, ідучы ўздоўж разбітай праезнай часткі, апынаюцца ў небяспечным становішчы. Машынам даводзіцца выязджаюць на броўку, а людзям саскокваць пад адхон.

Так, выглядае дарога да вёскі Ракузаўка. Па словах мясцовай жыхаркі праезную частку пашкодзіла сельскагаспадарчая тэхніка.

Як адзначаюць вяскоўцы колькі год таму дарогу часткова былі адрамантавалі, але гэтага аказалася недастаткова.

«З кожным днём ямінаў на дарозе становіцца больш», скардзяцца жыхары Ракузаўкі.

Дарога да яе знаходзіцца на балансе прадпрыемства ДРБУ №128. Адтуль вяскоўцам адпісалі што ў 2022 годзе яе рамантаваць не будуць, бо яна не ўключана ў пералік аб’ектаў бягучага рамонту мясцовых аўтамабільных дарог, напісана на сайце газеты «Прыдняпроўская ніва».

Ракузаўка – родная вёска журналіста Аляксандра Ўліцёнка. У 2003 годзе пра паселішча ён пісаў:

«У маёй роднай вёсцы Ракузаўка, што на Магілёўшчыне, калісьці былі тры футбольныя палі, дзве валейбольныя пляцоўкі, а сотня двароў, усе тры вуліцы літаральна патыналі ў зелені… Адна бяда – дарога: улетку пыльная, увесну ды ўвосень разбітая».

Вёска Ракузаўка за пяць кіламетраў ад Магілёва. Да чыгуначнага прыпынку Цішоўка – 2 кіламетры. Насельніцтва – 100 чалавек. Вядомая з канца 19 стагоддзя, як хутар. У 1897 годзе ў ім было 6 сядзібаў з 44 жыхарамі.

У 1990 годзе вёска налічвала 66 прыватных гаспадарак і 182 жыхары. Адносілася да калгаса «Маяк камунізму». Тут былі вытворчая брыгада, кароўнік і свінарнік, а таксама магазін ды клуб.

фота: pniva.by

«Фотаальбом Магілёў.media». Багацце ліпеньскага лесу

Сваімі ўражаннямі ад наведвання ліпеньскага лесу падзяліўся жыхар вёскі Расна, што ў Дрыбінскім раёне. Аўтар ліста захоплены прыродаю і абураны безгаспадарлівасцю.

Вясковец даслаў серыю фотаздымкаў з тым, на што багаты лес у ліпеньскую пару і што яго ў ім засмуціла. Ягоныя творы папоўнілі «Фотаальбом Магілёў.media».


У фотаальбоме Магілёў.media – сабраныя фотаздымкі, дасыланыя чытачамі. Іх аўтары суправаджаюць свае работы невялікімі допісамі. У асноўным тлумачаць, чаму вырашылі сфатаграфаваць той, ці іншы ўпадабаны вобраз. Як і раней, чакайма фотаздымкай і допісаў да іх у паштовай скрынцы [email protected].


Чытач прызнаецца, што вырашыў «збегчы ў лес», каб адпачыць ад вясковай працы, якой багата ў гаспадарцы заўжды.

Падарожжа да лесу вясковец пачаў апісваць з таго, што: «з поля выскачыў заяц-русак, а за ім прабеглі дзве казулі».

А, як зайшоў у бор, то адчуў водар суніц. «Люблю, піша ён, ласавацца сочывам з гэтай ягады».

Па ягоных словах невялікая паляна была ўсыпаная чырвонымі ягадкамі.

Далей, праз колькі дзясяткаў метраў, «маленькія хмызочкі абсыпаныя даволі буйнымі чарніцамі».

«Хутка набраў амаль літр», – пахваліўся вясковец.

Блукаючы глянуў на гадзіннік і зразумеў, піша далей ён, што адпачынак зацягваецца, трэба вяртацца да гаспадаркі, але лес не адпускаў, хоць і заела жамяра.

«Сярод паваленых дрэў і галля натрапіў на зарасці маліны», – адзначае падарожнік.

«Збор маліны ўпадабаў больш, чым клопат з суніцамі і чарніцамі, – працягвае ён. – Ягада буйная, сакавітая, хутка бярэцца і напаўняецца вядзерка».

Ля малінніку чытач угледзеў ляшчыну. Набраў арэхаў.

На ўзбочынах лясной дарогі назбіраў сыраежак на суп, а на гарбату зёлак.

«Чыстае паветра, лясныя пахі, спевы птушак, ягады, расліны, грыбы, жывёлы – лясная прырода радуе», – піша вясковец у канцы свайго ліста.

«Засмучае негаспадарлівасць лясных службаў, – абураецца ён, падсумоўваючы. – Шмат у лесе непрыбраных дрэў, пнёў, нявывезенага ламачча, разбітыя лесавозамі лясныя дарогі. Усё гэта ляжыць і гніе. А паспрабуй вынесці напаўгнілое бервяно, знойдуць і аштрафуюць».

 

 

Дзень у гісторыі. Нарадзіліся празаік Барыс Пятровіч, паэтэса Вольга Русілка. Памерла Эдзі Агняцвет. У савецкай Беларусі ўведзенае новае адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне

17 ліпеня 1924 года ў савецкай Беларусі ўведзена новае адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне – акругі з раёнамі.

Рэкамендаваў географ Аркадзь Смоліч.

Утвораны 10 акруг: Аршанская, Бабруйская, Барысаўская, Віцебская, Калінінская /Клімавіцкая/, Магілёўская, Мазырская, Мінская, Полацкая, Слуцкая, а таксама 100 раёнаў.


17 ліпеня 1959 года нарадзіўся Барыс Пятровіч (Барыс Сачанка)

Пісьменнік, празаік.

Заснавальнік і галоўны рэдактар часопісу «Дзеяслоў», вакол якога аб’ядналіся пісьменнікі, перспектыўныя маладыя аўтары, што дало магчымасць паўнавартасна адлюстроўваць сучасны літаратурны працэс.

Старшыня Рады ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў».

У творчай дзейнасці Барыса Пятровіча лічаць яскравым прадстаўніком экзістэнцыялізму ў сучаснай беларускай літаратуры, які ў творчасці спалучае адданасць класічнай літаратурнай традыцыі з дакладна выверанымі назіраннямі за рэаліямі.


17 ліпеня 1959 года нарадзілася Вольга Русілка.

Паэтэса, літаратуразнавец.

Суаўтар падручніка «Родная літаратура» для 7 класа школ, метадычных дапаможнікаў.


17 ліпеня 1998 года памёр Сяргей Сідор.

Географ, доктар педагагічных навук, прафесар, грамадскі дзеяч.

Працаваў на геаграфічных факультэтах Магілёўскага педінстытуту (цяпер, універсітэт імя Куляшова), Беларускім дзяржаўным універсітэце.

Суарганізатар школьнай алімпіяды па геаграфіі.

Заклаў асновы сучаснай беларускай сацыяльна-эканамічнай геаграфіі, навуковай геаграфічнай тэрміналогіі. Працягваў справу Аркадзя Смоліча, стварыў першы ў Беларусі паўнавартасны беларускамоўны падручнік па геаграфіі Беларусі.


17 ліпеня 2000 года памерла Эдзі Агняцвет (Эдзіт Каган).

Паэтэса, перакладчыца.

Пісала пераважна для дзяцей. Выдала 26 кніг паэзіі, паэм, лібрэта, кнігу для чытання ў 4 класе «Роднае слова».

Перакладала на беларускую мову творы рускіх, украінскіх, французскіх і іншых класікаў. Узнагароджана міжнародным Ганаровым дыпломам імя Ганса Крысціяна Андэрсэна.


17 ліпеня 2008 года памёр Віталь Шкраба.

Прафесійны баксёр.

Двухразовы чэмпіён Беларусі ў суперцяжкай вазе (97 кг).

Бокса займаўся лёгкай, цяжкай атлетыкай, плаваннем. Загінуў пры цьмяных абставінах.


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў


 

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.


Вольга Ялцэвіч

Прысудзілі 2 гады калоніі за аплачванне штрафаў і паслугаў адваката затрыманым пратэстоўцам.

Суд Маскоўскага раёну Брэста 15 ліпеня юрыстку з Докшыцаў прызнаў вінаватай у «фінансаванні дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

Ялцэвіч затрымалі 16 снежня 2021 году. 18 студзеня 2022 году праваабарончыя арганізацыі абвясцілі яе палітзняволенай.

Зняволеная мае юрыдычную адукацыю і да затрымання аказвала юрыдычныя паслугі як прыватны прадпрымальнік.


Масавыя затрыманні ў Драгічыне

У руках сілавікоў апынулася больш за два дзясяткі чалавек.

Пра аблаву на мясцовых жыхароў дазналіся праваабаронцы і журналісты.

На працягу некалькіх дзён у райцэнтры забіралі людзей. Большасць затрыманых былі прадпрымальнікамі. Судзілі за непадпарадкаванне і прызначалі штрафы.

Зняволенні ажыццяўляла не мясцовая міліцыя, а сілавікі са сталіцы, настойваюць жыхары райцэнтру.

Сярод затрыманых аказаўся былы намеснік начальніка Іванаўскага РАУС Андрэй Беленькі. З міліцыі ён звольніўся да пратэстаў 2020 году. Яго зямлячак Тамару Падымаку аштрафавалі 30 базавымі велічынямі, а Марына Кіявец атрымала 29.

Вядома, што адну з затрыманых пасадзілі на 15 дзён за непадпарадкаванне міліцыі.

Пра лёс Алены Пуцыковіч, якая адбывае «хатнюю хімію» за два рэпосты з інфармацыяй пра міліцыянтаў невядома.

Журналісты пачаткоўцы з Латвіі пагутарылі на «Славянскім базары» з Лукашэнкам. МЗС Латвіі лічыць, што яны парушылі рэкамендацыі аб бяспецы

У Латвіі разбіраюцца, чаму дзіцячая ўстанова наведала Беларусь, ігнаруючы рэкамендацыі аб бяспецы падарожжаў і ўдзелу ў інфармацыйнай вайне.

На факт удзелу Рыжскай дзіцячай акадэміі радыё і тэлебачання «Academy KidsTV» на фестывалі ў Беларусі звярнула ўвагу Міністэрства замежных спраў. Яго кіраўнік звярнецца ў адказныя інстанцыі, каб тыя далі прававую ацэнку паездцы, піша выданне Jauns.lv.

«Адкрытае ігнараванне рэкамендацый МЗС у пытаннях бяспекі перамяшчэння і ўдзелу ў інфармацыйнай вайне такіх арганізацыяў недапушчальнае і мае быць спыненае», – напісаў міністр Эдгарс Рынкевіч у сваім твітары.



Рыжская дзіцячая акадэмія радыё і тэлебачання «Academy KidsTV» паехала ў Віцебск на фестываль « Славянскі базар».

У Акадэміі заяўляюць: гэта «прыгожы дзіцячы конкурс, у якім удзельнічаюць 23 краіны», таму не ўбачылі прычынаў, каб не наведаць суседнюю краіну. Арганізацыя дадае, што раней яе гадаванцы ездзілі ў Іспанію, Літву і плануюць у Македонію.

«Шмат розных дзіцячых заняткаў, нам было вельмі цікава. Мы хадзілі фатаграфавацца, адпрацоўваць інтэрв’ю на розных мовах. У асноўным нашы дзеці размаўляюць па-англійску», – расказалі ў дзіцячай арганізацыі.

Праўладны тэлеграм-канал «Пул первого» не прамінуў адзначыць удзел латышоў на фэстывалі. Ён напісаў, што «перад сцэнаю Першага падлавілі журналісты рыжскай дзіцячай Акадэміі Радыё і тэлебачання».

На апублікаваным фота падлетак з мікрафонам стаіць побач з Лукашэнкам. У каментары да яго напісана:

«Упэўненыя, што ў дадзенай сітуацыі ў свеце, гэта будзе пазітыўнай падзеяй у грамадскіх адносінах».

У Міністэрстве замежных спраў Латвіі ўказваюць, што «рэжым Лукашэнкі па-ранейшаму падтрымлівае ваенную агрэсію Расіі супраць Украіны, супраць яго накіраваныя сурʼёзныя міжнародныя санкцыі».

Акрамя таго ў міністэрстве звяртаюць увагу, што спецслужбы Латвіі, так і іншых краін НАТА публічна папярэдзілі аб разведвальна-вярбовачнай дзейнасці расійскіх і беларускіх спецслужбаў.

У Магілёве аднаўляюць помнік ахвярам Халакосту. Як тое робіцца, выклікае здзіўленне

Мармуровая стэла развалілася на часткі, калі на яе падчас навальніцы абрынулася дрэва. Тое адбылося 29 чэрвеня.

Амаль увесь прамінулы час фрагменты помніка заставаліся на зямлі. Пляцоўку падмялі, а дрэва вывезлі. Цяпер узяліся за аднаўленне.

Ім займаецца, як удалося высветліць, будаўнічае ўпраўленне пры гарвыканкаме. Кантралююць хаду прац мясцовыя ідэолагі і пракуратура.

Для таго, каб паставіць на пастамент цяжкую з мармуру стэлу камунальнікі выкарыстоўваюць круглякі з парэзаных дрэў.

У наведнікаў яўрэйскіх могілак, дзе стаіць помнік, такі метад яго аднаўлення выклікае саркастычныя ўсмешкі. Паводле іх, у 21 стагоддзі існуе вялікі выбар тэхнічных сродкаў для гэтага. Наведнікі адзначаюць: узгрувашчванне на круглякі цяжкога фрагменту помніка небяспечнае для работнікаў.

У магіле пад помнікам пахаваныя парэшткі забітых у 1941 годзе нацыстамі нявольнікаў, створанага імі ж, гета. На выгравіраваным у мармуры надпісу няма згадкі пра нацыянальнасць пахаваных. Адзначана толькі, што тут спачываюць 2 тысячы загінулых «савецкіх грамадзян».

Пасля таго, як улада распачала кампанію збірання звестак і пошуку ахвяраў генацыду беларускага народу ля помніка сталі праводзіць пафасныя імпрэзы з удзелам школьнікаў і службоўцаў. Фотаздымкі з такіх мерапрыемстваў тыражавалі праўладныя медыі. У каментарах да іх не згадвалі Халакост і нацыянальнасць забітых.