18 ліпеня ў гісторыі. Пажар ў Рыме. Уцёкі польскага караля. Перамога Т. Касцюшкі. Путч у Іспаніі. Нараджэнне беларуса «Mr. Nyet», Intel.

64 год. У ноч з 18 на 19 ліпеня, пачаўся жудасны пажар у Рыме.

За тыдзень пажару з 14 раёнаў выгарэла ўшчэнт 4, большай часткай – 7. Мноства цудоўных храмаў, палацаў і грамадскіх збудаванняў ператварылася ў руіны, сотні гараджан загінулі, паўсюль панавала паніка.

Нарадзіліся чуткі, што Рым падпалены па загадзе імператара Нерона, які задумаў “расчысціць” сталіцу для далейшай грандыёзнай перабудовы. Сам Нерон апрануты ў тэатральны касцюм назіраў за пажарам, граў на ліры і дэкламаваў паэму аб гібелі Троі. 

Нерон абвінаваціў у пажары хрысціянскую абшчыну, справакаваўшы, такім чынам, першыя ў Рымскай імперыі ганення на хрысціян.

1574 год. Пабыўшы крыху больш за год польскім каралём і Вялікім князем ВКЛ, Генрых III Валуа ўцёк на радзіму і заняў французскі трон.

Каралём Францыі ён зрабіў занадта шмат саступак пратэстантам і праз 15 гадоў быў зарэзаны манахам-фанатыкам. Смерць нялюбага караля парыжане адсвяткавалі масавымі гуляннямі, а каталіцкія цэрквы – падзячнымі імшамі. 

1613 год. Памёр Іпацій (Адам) Пацей (1541-1613).

Царкоўны і дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, пісьменнік-палеміст, асветнік, фундатар школ.

Прамовы вёў у асноўным на беларускай мове. Абаронца царкоўнай уніі, змагар за канфесійную талерантнасць.

Першым у беларускай літаратуры сфармуляваў ідэю роўнасці грамадзянскіх і палітычных правоў для людзей свецкага і духоўнага станаў.

1792 год. Армія ВКЛ на чале з Т. Касцюшкам разбіла расійскае войска М. Кахоўскага пад Дубенкай.

Касцюшка адбіў атаку праціўніка, які колькасна пераўзыходзіў яго, умела выкарыстоўваючы перашкоды мясцовасці і палявыя ўмацаванні. Маючы толькі 5 300 жаўнераў ён перамог 25 000 рускіх. Перамога паказала геніальнасць Касцюшкі.

1903 год. У Магілёве ўрачыста закладзены Трохсвяціцельскі храм.

Храм у імя Трох Свяціцеляў праваслаўнай царквы Васіля Вялікага, Рыгора Багаслова, Іаана Залатавуста. Архітэктар П.Калнін.

Будаўніцтва было скончана ў 1914 годзе.

Храм, пабудаваны ў формах рускай архітэктуры, мае ў плане форму крыжа і ўвянчаны сямю купаламі, над уваходам – званіца.

У час знаходжання ў Магілёве Стаўкі Вярхоўнага галоўнакамандуючага сабор часта наведваў расійскі імператар Мікалай II.

З невялікімі перапынкамі царква дзейнічала да 1959 года. У 1961 годзе зачынена і апаганена, будынак быў аддадзены пад клуб завода «Строммашына». Тады ж была знесена званіца, а з будынка знялі купалы і крыжы. Амаль праз 30 гадоў будынак вярнулі вернікам, 25 снежня 1989 года храм зноў быў асвечаны і пачаў дзейнічаць.

1909 год. У в. Старыя Грамыкі Веткаўскага раёна нарадзіўся Андрэй Грамыка (1909-1989).

Савецкі дзяржаўны дзеяч, доктар эканамічных навук, дыпламат. Двойчы Герой Сацыялістычнай працы, старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР.

Ад імя СССР паставіў подпісы пры стварэнні ААН, зацвярджэнні Статута ААН. Кіраўнік дэлегацыі СССР на 22-х сесіях Генеральнай Асамблеі ААН, міністр замежных спраў СССР (1957-1985).

На Захадзе Грамыка атрымаў мянушку «Mr. Nyet» (Містар «Не») за своеасаблівы стыль вядзення перамоў. Грамыка вёў савецка-амерыканскія перамовы падчас Карыбскага крызісу, прадухіліў вайну паміж Індыяй і Пакістанам у 1966 годзе.

Памяць ўшанавана ў Гомелі (бюст, сквер), г. Ветка (вуліца, СШ № 1, помнік).

Памёр 2 ліпеня 1989 года.

1936 год. Адбыўся ваенны путч у Іспаніі. Пачалася грамадзянская вайна.

Вайна (ліпень 1936 – красавік 1939) паміж рэспубліканцамі і дыктатурай Франка. У ёй прымалі ўдзел на баку рэспубліканаў некалькі соцень беларусаў з 2 100 савецкіх “дабраахвотнікаў”.

Першымі Героямі Савецкага Саюза – беларусамі ў 1936 годзе сталі менавіта ўдзельнікі гэтай вайны Мікалай Сяліцкі і Павел Купрыянаў, першым Двойчы Героем у СССР стаў удзельнік вайны ў Іспаніі беларус Сяргей Грыцавец.

1939 год. Нарадзіўся Генадзь Шутаў (1939-2017).

Беларускі мастак-графік. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, старшыня Віцебскай суполкі мастакоў.

Яго творы знаходзяцца ў калекцыях як Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, так і самых вялікіх і прадстаўнічых сусветных музеяў, такіх як The Metropolitan Museum of Art у Нью-Ёрку, Траццякоўская галерэя ў Маскве.

1943 год. У баі з карнікамі ў Бялыніцкім раёне загінуў 17-гадовы Леанід Лорчанка (1925-1943).

Падпольшчык і партызан 600-га партызанскага атрада.

Нарадзіўся ў Магілёве.

Падарваў 2 чыгуначныя масты і варожы эшалон.

У ліпені 1943 года яго атрад адбіваў атакі карнікаў. 18 ліпеня каля в. Антонава Буда Бялыніцкага раёна група прыкрыцця, у якую быў уключаны Лорчанка, уступіла ў бой з колькасна праўзыходным праціўнікам. Пасля таго, як скончыліся боепрыпасы, пакінуты адзін у жывых Леанід з апошняй супрацьтанкавай гранатай кінуўся ў гушчу войскаў суперніка.

Герой Савецкага Саюза (1965). У яго гонар у Бялынічах названы вуліца, школа, у Магілёве ўсталявана мемарыяльная дошка.

1968 год. У ЗША зарэгістравана кампанія  “NM Electronics”.

Хутка перайменавана ў Intel. Кампанія – сусветны лідар вытворчасці працэсараў, чыпсетаў, паўправадніковых кампанентаў, сецевага абсталявання.

Кантралюе 75% рынку. Працуе больш за 110 000 чалавек. У 2022 годзе Intel набыла ізраільскага вытворцу чыпаў Tower Semiconductor.

1974 год. У польскім мястэчку Канстанцінаў уведзена ў строй самае высокае ў свеце збудаванне ХХ стагоддзя — мачта Варшаўскага радыё.  

Яе вышыня дасягла 646,38 м. Нажаль мачта вагой 420 (іншыя даныя – 550 тон) абрынулася 8 жніўня 1991 года пад час правядзення рамонтных работ пры парывах моцнага ветру. Нават на сёння толькі два збудаванні большыя за Варшаўскую мачту: Бурдж-Халіфа (828 м, Дубай) і Merdeka 118 (678,9 м, Малайзія).

1979 год. Званне Ганаровы грамадзянін Магілёва прысвоена І.Д. Краснаштанаву (1900-1983).

Савецкі военачальнік, генерал-лейтэнант. Двойчы прадстаўляўся да звання Героя Савецкага Саюза.

У 1927-1932 гадах служыў у пагранатрадах у БССР.

Камандаваў 238-й стралковай дывізіяй, якая 27 верасня 1943 года вызваліла Клімавічы, у чэрвені 1944 года прымала ўдзел у вызваленні Магілёва, Шклова, Быхава.

Удзельнік Парада Перамогі.

Дзень у гісторыі. Уцёкі манарха. Перамога Касцюшкі. Путч у Іспаніі і ўдзел беларусаў у грамадзянскай вайне

18 ліпеня 1574 года польскі кароль і Вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага Генрых III Валуа ўцёк на радзіму і заняў французскі трон.

Кіраўніком дзяржавы пабыў крыху больш за год

Праз 15 гадоў быў забіты манахам. Смерць нялюбага караля парыжане адсвяткавалі масавымі гуляннямі, а каталіцкія цэрквы – падзячнымі імшамі.


18 ліпеня 1613 года памёр Іпацій (Адам) Пацей.

Царкоўны і дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, пісьменнік-палеміст, асветнік.

Прамовы вёў пераважна на беларускай мове. Абаронца царкоўнай уніі, змагар за канфесійную талерантнасць, першым у беларускай літаратуры сфармуляваў ідэю роўнасці грамадзянскіх і палітычных правоў для людзей свецкага і духоўнага станаў.


18 ліпеня 1792 года армія ВКЛ на чале з Тадэвушам Касцюшкам разбіла расійскае войска.

Пасля бітвы кароль польскі і вялікі князь літоўскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі павысіў Тадэвуша Касцюшку да звання генерал-лейтэнанта і ўзнагародзіў яго ордэнам Белага Арла.

Навіна пра перамогу Касцюшкі разышлася ў Еўропе, і 26 жніўня ён атрымаў ганаровае грамадзянства Францыі ад заканадаўчага сходу рэвалюцыйнай Францыі.


18 ліпеня 1936 года адбыўся ваенны путч у Іспаніі.

Пачалася грамадзянская вайна паміж рэспубліканцамі і дыктатурай Франка трывала да красавіка 1939 году.

На баку рэспубліканцаў ваявалі некалькі соцень беларусаў з 2100 савецкіх «добраахвотнікаў». Першымі Героямі Савецкага Саюзу сталі беларусы: Мікалай Сяліцкі і Павел Купрыянаў, Сяргей Грыцавец.


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў