Пабачце, як выглядае 200-гадовы палац у Жылічах (фота)

Палацава-паркавы ансамбль – гісторыка-культурная каштоўнасць рэспубліканскага ўзроўню. 

Палац знаходзіцца  на Магілёўшчыне ў Кіраўскім раёне. Да Магілёва — 118, а да Бабруйску — 36 кіламетраў.

Рэстаўруюць помнік архітэктуры 13 гадоў і абяцаюць працы скончыць сёлета.

Год таму палац наведала пад 6 тысяч турыстаў. Сёлета ўжо больш за 3 тысячы.

 

Палац у Жылічах узяўся ўзводзіць адзін з найбагацейшых шляхцюкоў Бабруйшчыны Ігнат Булгак. Будаўніцтвам пачалося ў 1825 годзе. У стылі класіцызму быў узведзены двухпавярховы корпус палацу. Парадны фасад упрыгожаны шасцікалонным порцікам, а бакавыя – порцікамі з чатырма калонамі. Вакол палаца гаспадар заклаў вялікі парк на 100 гектараў.

Па яго смерці Ігната Булгака маёнтак перайшоў да яго малодшага сына Эдгара, які працягнуў будаўніцтва. Палац быў пашыраны і дабудаваны. У правым крыле размясцілася карцінная галерэя і храм. Гэтага ўсяго не захавалася.

Левая частка будынку была аддадзеная пад аранжарэю і зімовы сад, дзе вырошчвалі паўднёвыя расліны і фрукты. Плошча ўсіх памяшканняў палаца тады дасягала каля 4000 квадратных метраў, што рабіла яго самым вялікім палацам у краі.

За савецкім часам у палацы месціўся дзіцячы дом, агранамічная школа. У вайну гітлераўцы разгарнулі ў ім шпіталь. З 1950-га года будынак займаў сельскагаспадарчы тэхнікум.

Мікалаеў штодня пад абстрэлам. За час вайны ў горадзе загінула 54 дзіцяці. У Каменскім рыхтуюць школы да навучальнага году, бацькі збіраюць подпісы за адмену вочнага навучання. У Клайпедзе не могуць знайсці цела патанулага ў моры беларуса

Мікалаеў, Украіна

Пабрацімства з Магілёвам замацаванае дамовай у 2009 годзе. 31 мая 2022 году мэр Мікалаева заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай. Магілёў. media працягне сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян. Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».


Ад пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расіі супраць Украіны ў Мікалаеве загінула 54 дзіцяці.

23 ліпеня ў выніку абстрэлу гораду атрымаў асколачнае раненне 16-гадовы хлопец. 17 чэрвеня быў паранены 7-гадовае хлопчык, пішуць «Микалаевские новости».

За час трывання ваенных дзеянняў ва Ўкраіне загінулі 358 дзяцей, 684 атрымалі раненні.

senkevichonline

Уначы з 24 на 25 ліпеня Мікалаеўская вобласць зазнала чарговы ракетны абстрэл. Пацярпела дзіця.

Паводле старшыні абласнога савету Ганны Замазеевай асколкамі параненая ў галаву сямігадовая дзяўчынка.

24 ліпеня горад таксама быў атакаваны ракетамі. Яны пацэлілі ў складскія памяшканні і на тэрыторыю некалькі прадпрыемстваў.

Як паведаміў 1763 мэр Аляксандр Сянкевіч разбураныя будынкі, адзін з якіх загарэўся.

gordonua.com

23 ліпеня расійскія вайскоўцы нанеслі ракетны ўдар па жылым доме ў Мікалаеве. 5 чалавек пацярпелі.

22 ліпеня, паводле старшыні абласнога савету Ганны Замазеевай, у выніку абстрэлу гораду загінула двое мірных жыхароў.


Каменскае, Украіна

Пабрацім Бабруйску ад 2000 году. Горад абласнога падпарадкавання ў Днепрапятроўскай вобласці. Насельніцтва 250 тысяч чалавек. Да вайны культурны абмен між гарадамі пабрацімамі бабруйскія чыноўнікі лічылі актыўным.


У Каменскім школы рыхтуюць да навучальнага году. Тым часам, яго жыхары 21 ліпеня пачалі збіраць подпісы пад петыцыяй аб увядзенні забароны на вочную форму школьнага навучання на час трывання ваеннага становішча. Сваю пазіцыю яны матывуюць бяспекай дзяцей.

sobitie.com.ua

Мэр Каменскага Андрэй Белавусаў кажа, што цяпер рыхтуюцца два планы пачатку новага навучальнага року – афлайн ды дыстанцыйна.

«Безумоўна, у бацькоў будзе магчымасць самастойна абіраць фармат навучання для свайго дзіцяці», – паведаміў  кіраўнік гарадской адміністрацыі ў сваім тэлеграм-канале.


Даўгаўпілс, Латвія

Горад пабрацім Бабруйску. У 2018 годзе ў Даўгаўпілсе жыло 90 399 жыхароў. У ім месціцца консульства Рэспублікі Беларусь. Дзеіць цэнтр беларускай культуры. Знаходзіцца ён у латвійскім рэгіёне Латгале, якая мяжуе з Беларуссю. Даўгаўпілс за 30 кіламетраў ад мяжы. Беларуская назва гораду Дзвінск.


У Даўгаўпілсе мясцовыя ўлады просяць абмежаваць экспарт шчапы. У выніку яе выкарыстаньня на новай кацельні залежнасць ад прыроднага газу знізілася на 25 працэнтаў. 

Даўгаўпілская дума заклікае аб’явіць надзвычайнае становішча ў энергетычным сектары, што дазволіць абмежаваць экспарт шчапы, неабходнай для цэнтральнага ацяплення і стрымаць рост цаны на паліва.

Найвялікшая праблема для гораду, што прадпрыемства «Daugavpils Siltumtīklem» не можа знайсці ніводнага пастаўшчыка такога паліва, адзначае выданне Delfi.

Летась горад купляў шчапу па 14 еўра за мегават-гадзіну, а цяпер цана вырасла да 45 еўра.

Старшыня Даўгаўпілскай думы Андрэй Элксніньш упэўнены, што рост кошту абумоўлены экспартам шчапы за мяжу. На ягоную думку ў Латвіі неабходна абʼявіць энергетычны крызіс, забараніць яе экспарт, ці увесці квоты на экспарт.

«Кошты растуць з-за пакупнікоў, якія купляюць латвійскую шчапу і экспартуюць яе ў Швецыю, Нямеччыну, Польшчу», – заяўляе Элксніньш.

У Даўгаўпілсе мясцовае самакіраваньне акажа фінансавую дапамогу ўладальнікам будынкаў, якія маюць статус культурнага помніка, а таксама тым, што былі ўзведзеныя да 1940 году і размешчаныя ў гістарычнай частцы гораду, ці крэпасці.

Цэнтр і Даўгаўпілская крэпасць – тэрыторыя гарадской забудовы дзяржаўнага значэння, перадае Латгальская студыя Латвійскага радыё.

wikimedia.org

«Каб захаваць культурную спадчыну і дапамагчы няшчасным уладальнікам, якія часта заціснутыя паміж законамі аб ахове помнікаў і законам аб тым, што ім самім трэба браць на сябе ўсю адказнасць за захаванне будынку».

Бізнэсоўцы могуць звярнуцца ў самакіраванне і атрымаць фінансаванне – у першую чаргу на распрацоўку дакументацыю, бо працы па аднаўленні помніка культуры пачынаюцца з гэтага, і ў далейшым будынак паступова прыводзіцца ў парадак.


Клайпеда, Літва

8 сакавіка 1997 году падпісаная дамова аб аднаўленні пабрацімскіх сувязяў літоўскага гораду з Магілёвам. Месціцца на захадзе краіны і з’яўляецца портам на Балтыйскім моры. Насельніцтва 160 тысяч чалавек.


У Клайпедзе ў моры патануў беларус. Ягонае цела не знойдзенае.

Яшчэ дваіх беларусаў, якія купаліся з тапельцам выратавалі, выцягнуўшы на пляж, паведамляе выданне Atvira Klaipeda Адзін з выратаваных быў нападпітку. Другі цвярозы.

atviraklaipeda.lt

Усе трое грамадзяне Беларусі працуюць у адной фірме, зарэгістраванай у Троках.

Трагедыя адбылася 23 ліпеня ўвечары. У гэты дзень на моры былі дужыя хвалі. Паводле выданне патанулы беларус першая сёлетняя ахвяра на клайпедскім пляжы.

 

На 2.97 працэнты павялічыцца дзяржаўная дапамога дзецям да трох гадоў

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны апублікавала памеры такой дапамогі. Яна павялічыцца на 2,97 працэнтаў. Новыя сумы будуць выплачваць ад 1 жніўня да 31 студзеня, гаворыцца на сайце ведамста  

– На першае дзіця дапамога ўзрасце з 539,56 да 556,05 рублёў.

– На другое і наступных дзяцей з 616,64 да 635,48 рублёў.

– На дзіця з інваліднасцю з 693,72 да 714,92 рублёў.

Міністэрства нагадвае, што згодна з Законам «Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей» памеры дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў пералічваюцца два разы на год: 1 лютага і 1 жніўня.

 

Дзень у гісторыі: 25 ліпеня. Нарадзіліся этнограф Юльян Крачкоўскі, кампазітар Дзмітрый Смольскі, палітык Аляксандр Мілінкевіч. Не стала класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча, паэткі Наталлі Арсенневай

1840 года нарадзіўся Юльян Крачкоўскі.

Фалькларыст, этнограф, гісторык, педагог.

Дырэктар Полацкай настаўніцкай семінарыі і Віленскага настаўніцкага інстытуту. Аўтар першага падрабязнага даследавання сямейных і каляндарна-аграрных абрадаў беларусаў і выхавання дзяцей «Нарысы быту заходнерускага селяніна».


1910 годзе нарадзіўся Генадзь Цітовіч.

Дзеяч харавога мастацтва, кампазітар, заснавальнік і кіраўнік Дзяржаўнага Акадэмічнага хору Беларусі.

Запісаў больш за 3 тысячы пераважна беларускіх песняў. У яго рэпертуары былі таксама творы на ўкраінскай, польскай, балгарскай ды іншых мовах. Зрабіў для хору шмат канцэртных апрацовак уласных запісаў. Складальнік фальклорных зборнікаў.


1937 года нарадзіўся Дзмітрый Смольскі.

Кампазітар і педагог, Народны артыст.

Аўтар сімфоніяў, опер, сярод якіх «Сівая легенда», «Францыск Скарына». Дыск з запісамі яго сімфоніяў, выдадзены брытанскай фірмай «Алімпія», быў прызнаны лепшым на конкурсе ў ЗША ў 1992 годзе.


1947 года нарадзіўся Аляксандр Мілінкевіч.

Навуковец, грамадскі дзеяч і палітык, краязнавец.

Загадваў кафедрай Сеціфскага ўніверсітэту (Алжыр), быў дацэнтам Гродзенскага ўніверсітэту. Яго кандыдатура разглядалася на пасаду рэктара Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту.

У 2006 годзе ўдзельнічаў у выбарах прэзідэнта Беларусі, як адзіны кандыдат ад дэмакратычных сіл.

Узначальваў Рух «За Свабоду».


1984 года памёр Уладзімір Караткевіч.

Класік беларускай літаратуры.

Першы беларускі пісьменнік, які звярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыву. Найбольш вядомыя яго творы: «Дзікае паляванне караля Стаха», «Каласы пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Чорны замак Альшанскі», «Зямля пад белымі крыламі».

Помнікі класіку ўстаноўлены ў Воршы, Віцебску, Мінске, Кіеве.


1997 года памерла Наталля Арсеннева.

Паэтэса, перакладчыца, драматург.

У СССР творы Наталлі Арсенневай, якая перабывала ў вымушанай эміграцыі, былі забароненыя. У 1940 годзе Наталля Арсеннева разам з сынамі была арыштавана савецкімі органамі ўнутраных спраў і без афіцыйнага абвінавачвання сасланая ў Казахстан. У вайну выехала на Захад.

З сярэдзіны 1980 гадоў творы Наталлі Арсенневай становяцца вядомымі і папулярнымі, асабліва верш «Малітва», які будучы пакладзеным на музыку кампазітарам Міколам Равенскім стаў гімнам «Магутны Божа». Ён даў назву фестывалю духоўнай музыкі ў Магілёве. У 1995 годзе песню прапаноўвалі зрабіць дзяржаўным гімнам Беларусі.


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў


 

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.


Ксёндз Андрей Вашчук

У зняволенне асуджаны на 15 дзён адміністрацыйнага арышту.

Святара затрымалі 15 ліпеня за, нібыта, парушэнне парадку арганізацыі, ці правядзення масавых мерапрыемстваў. 18-га стала вядома, што яго адправілі адбываць адміністрацыйны арышт на 15 содняў.


Юлія Чамлай

Асуджаная на два гады калоніі, паведамляюць праваабаронцы.

Яе затрымалі ў Крупках у межах крымінальнай справе, узбуджанай за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі ў мінскай кватэры супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і IT-спецыяліста Андрэя Зельцэра.

Пазней выставілі абвінавачванне ў распальванні сацыяльнай варожасці альбо варажнечы, абразе Лукашэнкі.

20 чэрвеня КДБ улучыў яе ў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці».


Аляксандр Фядута, Рыгор Кастусёў, Юры Зянковіч, Вольга Голубовіч Дзяніс Краўчук

Абвінавачаных у «змове з мэтаю захопу ўлады дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам» будуць судзіць на закрытым працэсе.

Пра тое стала вядома родным Рыгора Кастусёва.

«Унікальная, бо з беларускай моваю». Незвычайная гульнявая пляцоўка з’явілася ў Магілёве

Будынак побач з пляцоўкай для забаваў дзяцей размаляваны беларускімі словамі. Каму належыць аўтарства графіці невядома.

Беларускамоўным зроблены тарэц сцяны трансфарматарнай падстанцыі. На ёй словы: «Маці», «Жыццё», «Продкі», «Радзіма», «Краіна», «Вытокі», «Каханне», «Дабрыня», «Ласка», «Згода». Прылеглыя да пляцоўкі будынкі таксама не забылі беларусізаваць.

Цяпер дзеці не толькі будуць забаўляцца, але запамінаць родныя і важныя  для беларуса словы.

Пляцоўку з беларускай моваю ўпарадкавалі ў адным з самых аддаленых мікрараёнаў гораду, на вуліцы Крупскай, побач з інтэрнатамі мясцовага прадпрыемства «Трансмаш».


У 2017 годзе графінямі з беларускай моваю размалявалі былі цэнтр гораду. Тады выпускнікі школы Цэнтру гарадскіх ініцыятыў «Цяпліца» распісалі сцены беларускімі вершамі. Свой праект «Вершы на сценах» мастакі-пачаткоўцы задумвалі дзеля папулярызацыі беларускай мовы ды стварэння новых арт-аб’ектаў. Месцы і творы для графіці ўзгадняліся з гарадскімі ўладамі.

На магілёўскіх тады сценах зʼявіліся творы Максіма Багдановіча, Ларысы Геніюш, Алеся Разанава, Яўгеніі Янішчыц ды Віталя Рыжкова. Іхнымі вершамі ўпрыгожылі шэрыя закуткі гарадскіх вуліц у цэнтру гораду.


 

Завод «Трансмаш», ля аднаго з інтэрнатаў якога зʼявілася беларускамоўная пляцоўка, сцены іншых інтэрнатаў упрыгожыў выявамі ратушы, ільва, а таксама сакральнымі сімваламі беларускага арнаменту.

Прадпрыемства ў ліпені ўпарадкавала ля жытла работнікаў тутэйшыя гульнявыя асяродкі для дзяцей. Цяпер пляцоўкі абсталяваныя канструкцыямі для забаваў дзятвы.

У Магілёве сёлета да Міжнароднага дня абароны дзяцей адкрылася гульнявая пляцоўка на вуліцы Цыялкоўскага, у пасёлку Дачны, які на ўскрайку гораду, а таксама ў Задняпроўі на вуліцы Габраўскай.

Да чатырох гектар і нават бязмежна – вызначаны максімальныя памеры прыватных участкаў

Памеры зямельнага надзелу для будаўніцтва дому ў сельскай мясцовасці могуць сягаць да аднаго гектара.

У выпадку, калі ахвочы наважыцца пасяліцца на хутары, то абмежаванняў не будзе наогул – памеры ўчастка будуць залежыць ад мясцовых умоваў і асабістых пажаданняў уласніка.

Змены Зямельнага кодэксу, публікуе Нацыянальны прававы партал.

Паводле новых нормаў зямельнага заканадаўства максімальны памер участка для вядзення падсобнай гаспадаркі можа складаць да 4 гектар. Цяпер не патрабуецца рэгістрацыя грамадзяніна па месцы жыхарства.

Змены закранулі паўнамоцтвы мясцовых органаў улады на продаж зямельных участкаў без аўкцыёну – але, за выключэннем Мінска і абласных цэнтраў.

 

Дзень у гісторыі: 24 ліпеня. Нарадзіліся актор Генадзь Гарбук, сыграў ролю Петрака ў фільме «Знак бяды», паэт Анатоль Астрэйка, аўтар слоў песні «Ой бацька мой, Нёман», педагог Аляксандр Орса, ініцыятар адкрыцця беларускіх школ у Нью-Ёрку

3 1938 году 24 ліпеня адзначаецца Дзень нараджэння распушчальнай кавы.

Гэта дата не афіцыйная. Адзначаюць яе вытворцы і гурманы напою.

24 ліпеня 1938 вытворчасць распушчальнай кавы стала масавай. З канвеера швейцарскай кампаніі Nestle сышлі першыя ўпакоўкі новага напою.

Распушчальная кава была абавязковай у рацыёне амерыканскіх салдат падчас Другой сусветнай вайны.

Штодня ў свеце выпіваецца каля 2,4 мільярдаў кубкаў кавы, і больш за палову прыпадае на долю распушчальнай.

static.insales-cdn.com


1618 году ў Еўе (цяпер Віевіс, Літва) выдадзены першы «Буквар мовы славенскай…»

Першы ў свеце элементарны падручнік пад назвай «Буквар». Другі буквар надрукаваў магілёвец Спірыдон Собаль у 1631 годзе.

vkurier.by

1820 года нарадзіўся Люцыян Крашэўскі.

Мастак, фатограф. Прыродазнавец, краязнавец.

Рабіў замалёўкі помнікаў архітэктуры і народных тыпаў на Гродзеншчыне. Здымаў краявіды краю.

Ілюстраваў выданні сваіх братоў літаратараў і навукоўцаў Юзэфа Крашэўскага і Каятан Крашэўскага.

Дапамогаў удзельнікам паўстання 1863–1864, за што быў сасланы ў Кангур Пермскай губерні.


1896 года нарадзіўся Аляксандр Орса.

Педагог, грамадскі і культурны дзеяч.

Міністр асветы Беларускай Народнай Рэспублікі. Адзін з заснавальнікаў Беларуска-амерыканскага задзіночання, стваральнік першай парафіі Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, Беларускага інстытуту навукі і мастацтва, арганізатар першых беларускіх школ у Нью-Ёрку.


1911 года нарадзіўся Анатоль (Акім) Астрэйка.

Паэт, журналіст.

Працаваў у газетах розных гарадоў, у тым ліку ў Горках.

Аўтар тэкстаў многіх беларускіх песень: «Ой бацька мой, Нёман», «Песня пра Заслонава», «Шаўковыя травы», «Песня мінаеўцаў».


1921 года памёр Сцяпан Булат.

Палітычны дзеяч, журналіст.

Рэдактар газеты «Савецкая Беларусь», заснавальнік і рэдактар газеты «Белорусская деревня».

Адстойваў ідэю беларускай дзяржаўнасці, дамагаўся пашырэння БССР на ўсход, беларусізацыі краю, надання беларускай мове статуса дзяржаўнай.

На смерць Сцяпана Булата адгукнуліся вершамі Янка Купала, Міхась Чарот, Змітрок Бядуля.


1934 года нарадзіўся Генадзь Гарбук.

Актор тэатру і кіно. Народны артыст Беларусі.

Працаваў у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Сыграў больш за 50 роляў у тэатры і больш за 50 у кінастужках.

За ролю Петрака ў фільме Міхаіла Пташука «Знак бяды» паводле аднайменнага твора Васіля Быкава артыст атрымаў прыз за найлепшую мужчынскую ролю на Міжнародным фестывалі ў Заграбе.

Ён зняўся ў «Чорным замку Альшанскім», «Анастасіі Слуцкай».


1976 года нарадзіўся Іван Ціхан.

Атлет, кідальнік молата, трохразовы чэмпіён свету.

Сярэбраны прызёр Летніх Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанейра.

Старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі з 24 верасня 2020 года.

Падпісаў адкрыты ліст спартыўных дзеячаў краіны, якія выступаюць за дзейную ўладу пасля жорсткіх здушэння пратэстаў у 2020 годзе.


У публікацыі выкарыстаныя звесткі і рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў


 

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.


Аляксандр Жук

На волі.

Фігурант «карагоднай справы» выйшаў, адбыўшы прысуджаны тэрмін зняволення, паведамляюць праваабаронцы.

Быў затрыманы 24 сакавіка 2021 года ў межах крымінальнай справы, узбуджанай па падзеях акцыі пратэсту 13 верасня 2020 года ў Брэсце, калі пратэстоўцаў разганялі вадамётам.

«Карагодная справа» стала адной з самых масавых палітычных спраў сучаснай Беларусі. У ёй праходзяць больш за сто фігурантаў. Ужо асудзілі 114 чалавек у 11 групах.

13 верасня 2020 году людзі вадзілі вялікі карагод пад музыку, спявалі, танцавалі. Удзельнікі, гаворачы пра тыя падзеі, успамінаюць «атмасфэру свята».


Поліна Шарэнда-Панасюк

20 дзён правяла ў штрафным ізалятары.

Яе этапавалі з Гомельскага следчага ізалятару №3 у жаночую калонію, якая месціцца ў вёсцы Зарэччы, Рэчыцкага раёну.

Праваабаронцы пераказваюць словы мужа Андрэй Шарэнда, які даводзіць, што ў калоніі жонку па прыбыцці адправілі на 20 дзён у штрафны ізалятар. Увесь гэты час родныя не ведалі, дзе яна.

Грамадская актывістка з Брэста праваабарончай супольнасцю прызнаная палітвязнем. Яе затрыманая 3 студзеня 2021. Асуджаная на тры гады калоніі агульнага рэжыму за гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі, абразу прадстаўніка ўлады і прэзідэнта.


Цімафей Ярошчык

Праваабаронцы, спасылаючыся на праўладныя тэлеграм-каналы, паведамілі пра затрыманне ў Магілёве хірурга, якога абвінавачваюць, нібыта, «у зліве» асабістых дадзеных супрацоўніка МУС.

Зняволены мае 15-гадовы стаж працы ў медыцыне.

Надвор’е 24 ліпеня. Навальніцы з дужымі парывамі ветру і залевай

Абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі.

Паводле Белгідрамету на большай частцы тэрыторыі Беларусі чакаюцца навальніцы з грымотамі, залевай, градам, шквалістым узмацненнем ветру з парывамі да 15-20 мэтраў за секунду.

Сіноптыкі абяцаюць, што 24 ліпеня ў Магілёве надвор’е будзе з грымотамі і залевай. Тэмпература паветра ад 14-ці ўначы і да 28-мі ўдзень. Месцамі па вобласці слупок тэрмометру сягне – 30 градусаў.