«Унікальная, бо з беларускай моваю». Незвычайная гульнявая пляцоўка з’явілася ў Магілёве

Будынак побач з пляцоўкай для забаваў дзяцей размаляваны беларускімі словамі. Каму належыць аўтарства графіці невядома.

Беларускамоўным зроблены тарэц сцяны трансфарматарнай падстанцыі. На ёй словы: «Маці», «Жыццё», «Продкі», «Радзіма», «Краіна», «Вытокі», «Каханне», «Дабрыня», «Ласка», «Згода». Прылеглыя да пляцоўкі будынкі таксама не забылі беларусізаваць.

Цяпер дзеці не толькі будуць забаўляцца, але запамінаць родныя і важныя  для беларуса словы.

Пляцоўку з беларускай моваю ўпарадкавалі ў адным з самых аддаленых мікрараёнаў гораду, на вуліцы Крупскай, побач з інтэрнатамі мясцовага прадпрыемства «Трансмаш».


У 2017 годзе графінямі з беларускай моваю размалявалі былі цэнтр гораду. Тады выпускнікі школы Цэнтру гарадскіх ініцыятыў «Цяпліца» распісалі сцены беларускімі вершамі. Свой праект «Вершы на сценах» мастакі-пачаткоўцы задумвалі дзеля папулярызацыі беларускай мовы ды стварэння новых арт-аб’ектаў. Месцы і творы для графіці ўзгадняліся з гарадскімі ўладамі.

На магілёўскіх тады сценах зʼявіліся творы Максіма Багдановіча, Ларысы Геніюш, Алеся Разанава, Яўгеніі Янішчыц ды Віталя Рыжкова. Іхнымі вершамі ўпрыгожылі шэрыя закуткі гарадскіх вуліц у цэнтру гораду.


 

Завод «Трансмаш», ля аднаго з інтэрнатаў якога зʼявілася беларускамоўная пляцоўка, сцены іншых інтэрнатаў упрыгожыў выявамі ратушы, ільва, а таксама сакральнымі сімваламі беларускага арнаменту.

Прадпрыемства ў ліпені ўпарадкавала ля жытла работнікаў тутэйшыя гульнявыя асяродкі для дзяцей. Цяпер пляцоўкі абсталяваныя канструкцыямі для забаваў дзятвы.

У Магілёве сёлета да Міжнароднага дня абароны дзяцей адкрылася гульнявая пляцоўка на вуліцы Цыялкоўскага, у пасёлку Дачны, які на ўскрайку гораду, а таксама ў Задняпроўі на вуліцы Габраўскай.