Краіна-агрэсар ачоліла Савет бяспекі ААН

Расія з красавіка 2023 года стала старшынстваваць у Савеце бяспекі ААН. Па ўмовах ратацыі яна змяніла Мазамбік – паведамляе news.pn.

Прэзідэнт Украіны У. Зяленскі назваў гэтую навіну абсурднай і дэструктыўнай.

Савет Бяспекі ААН з’яўляецца міжнародным органам, адказным за падтрыманне міру, а Расія з’яўляецца крыніцай агрэсіі, вядзе вайну з Украінай на працягу больш за 400 дзён. 

Нагадаем, што ў склад Савета бяспекі ўваходзяць 10 ратуемых і пяць пастаянных членаў, у тым ліку Расія, Вялікабрытанія, Францыя, ЗША і Кітай, якія маюць права вета. 

Украіна выступіла супраць старшынства Расіі ў Савеце Бяспекі ААН. А вось Чэхія  пайшла далей – яна выступіла за рэфармаванне Рады бяспекі ААН. Адпаведную заяву зрабіў міністр замежных спраў Чэхіі Ян Ліпоўскі ў Twitter.

“Я згодны з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, што Савет бяспекі ААН мае патрэбу ў рэфармаванні. Апошнім доказам з’яўляецца той факт, што інстытут, які павінен забяспечваць мір, перайшоў пад кантроль дзяржавы, якая парушае Статут ААН і пагражае бяспецы ўсяго свету сваімі варварскімі паводзінамі” – напісаў ён.

Дзень у гісторыі. 30 лістапада. Захоп Магілёва Севярынам Налівайкам. Напад СССР на Фінляндыю. Упершыню метэарыт параніў чалавека. Курапаты – гісторыка-культурная каштоўнасць

Андрэй і Адвэнт (народны каляндар)

Які дзень, такая і зіма.

Калі змёрзлы лёд цёмны – да ўраджаю.

1409 год. У Берасці пачалася нарада польскага караля Ягайлы і вялікага князя літоўскага Вітаўта пра план сумесных вайсковых дзеянняў супраць Тэўтонскага ордэна.  

Перад берасцейскай нарадай, у 1408 годзе ў Новагародку Ягайла і Вітаўт ўжо абмяркоўвалі свае сумесныя дзеянні.

У Берасці за 9 дзён (да  8 снежня) быў выпрацаваны план летняй кампаніі 1410 года супраць Тэўтонскага ордэна, вызначаны час і месца збору аб’яднаных ваенных сіл. 

На сустрэчы прысутнічаў хан Джэлаладдзін, сын Тахтамыша, якому падпарадкоўвалася залатаардынская конніца, што была на службе ВКЛ. 

Саюзная армія складалася з 91 харугвы, з іх 51 рыхтавала Польшча, 40 – ВКЛ. У склад войска ВКЛ разам з літоўскімі, рускімі, украінскімі палкамі і татарскай конніцай уваходзілі Берасцейская, Віцебская, Ваўкавыская, Драгічынская, Лідская, Полацкая і іншыя харугвы, а таксама валашскія, чэшска-мараўскія, венгерскія атрады.

План, распрацаваны падчас сустрэчы, быў рэалізаваны 15 ліпеня 1410 года ў бітве пад Грунвальдам.

1427 год. Нарадзіўся Казімір Ягелончык.  

Вялікі князь літоўскі. Сын Ягайлы і Соф’і Гальшанскай, бацька 13 дзяцей.

Пры ім дзяржава “прырасла” землямі ў выніку разгрома крыжакоў у трынаццацігадовай вайне, Тэўтонскі ордэн стаў васалам, аказвалася матэрыяльная дапамога студэнтам з дзяржаўнага скарбу, выдадзены першы Судзебнік, ліквідаваны ўдзельныя княствы (1471), пакладзены пачатак палітычнага панавання шляхецкага стану.

Усе еўрапейскія каралеўскія дамы мелі, ці маюць долю крыві Гедыміна, бо паходзілі ад 13 дзяцей (6 сыноў, 7 дочак) Казіміра: Лізавета ІІ англійская каралева – ад Соф’і Казіміраўны; шведскі кароль Карл ХVІ – ад Барбары Казіміраўны; дацкая каралева Маргарыта ІІ і нарвежскі кароль Олаф V – ад Ганны Казіміраўны; бельгійскі кароль Бадуэн I – ад Уладзіслава Казіміравіча; князь Люксембурга Фрыдрых і князь Манака – Рэнье ІІІ – ад Жыгімонта Казіміравіча.

1591 год. Нарадзіўся Андрэй Баболя. 

Рэлігійны дзеяч, місіянер, каталіцкі святы.

Выхаванец Віленскіх езуіцкай і тэалагічнай акадэмій. Ксёндз. Служыў у Нясвіжы, Вільні, Бабруйску, Пінску і іншых месцах.

Праславіўся як знаўца твораў грэчаскіх айцоў царквы і здольны прамоўца, што дазваляла яму перамагаць прадстаўнікоў праваслаўя ў дыспутах і схіляць іх да каталіцызму. Празваны “душахватам”, “апосталам Піншчыны”, “апосталам Палесся”.

У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654-1667 гадоў схоплены і 16 мая 1657 года пасля працяглых катаванняў, зняцця скуры, быў забіты ў Янаве-Палескім (зараз Іванава) казакамі палкоўніка А. 3дановіча. Пасля гэтага казакі вынішчылі гараджан-каталікоў і габрэяў.

Беатыфікаваны ў 1853, кананізаваны ў 1938 годзе. 

Галоўны патрон Пінскай рымска-каталіцкай дыяцэзіі (1958).

Успамін святога Андрэя Баболі адзначаецца 16 мая. У гэты дзень ладзяцца пілігрымкі ў касцёл Св. Баболі ў Полацку. Дзень 16 мая адзначаецца і як Дзень памяці ахвяраў вайны 1654-1667 гадоў, пад час якой насельніцтва краіны паменшыла ўдвая. Гэта вайна нарадзіла на Магілёўшчыне і Смаленшчыне партызанскі рух супраць захопнікаў – рух “шышэй”.

wikimedia.org

                                                              

1595 год. Казацкі атрад Севярына Налівайкі захапіў Магілёў. 

У свой час Налівайка служыў у войску К. Астрожскага сотнікам, пакуль не здрадзіў яму ў 1594 годзе. 

Узняў паўстанне (1595-1596) на Правабярэжжы Украіны, якое перакінулася і на Беларусь, дзе казакі захапілі акрамя Магілёва, Петрыкаў, Слуцк, Давыд-Гарадок, Тураў, Лахву, Пінск.

13 снежня Магілёў быў спалены: загінула 40% забудовы, у тым ліку некалькі цэркваў. Казакі знішчылі значную колькасць гараджан.

Панамарэнка А. Налівайка ў Магілёве. 1989. Магілёўскі абласны краязнаўчы музей, wikimedia.org

1899 год. Нарадзіўся Міхась Лынькоў

Народны пісьменнік, Акадэмік АН БССР.

Працаваў у бабруйскай акруговай газеце «Камуніст», арганізатар і кіраўнік Бабруйскага філіяла «Маладняка». Працаваў старшынёй праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, дырэктарам Інстытута літаратуры, мовы і мастацтва АН БССР. 

Аўтар шматлікіх зборнікаў прозы, нататкаў, апавяданняў, нарысаў, раманаў, Збораў твораў у 4-х і ў 8 тамах.

Дзяцям вядомы па кнігах «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў», «Міколка-паравоз» і іншых.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1968) за раман «Векапомныя дні».

Яго імя носяць школа ў Лёзненскім раёне і вуліца  ў Мінску.

1939 год. Пасля правакацыі з артабстрэлам, СССР напала на Фінляндыю. Пачалася савецка-фінская вайна. 

Ваенныя дзеянні цягнуліся да 12 сакавіка 1940 года. Вайна фармальна не аб’яўлялася, але СССР афіцыйна разарваў дыпламатычныя адносіны з Фінляндыяй.

Мэта вайны для СССР – адсунуць дзяржаўную граніцу далей ад Ленінграда. Да гэтага  Фінляндыі прапаноўваўся тэрытарыяльны абмен: СССР быў гатовы аддаць удвая большую плошчу ў Карэліі.

У снежні 1939 года ў раёне баявых дзеянняў былі маразы ніжэй за 30 градусаў. Фінскае войска было значна лепш падрыхтавана да халадоў, ад якіх памерзла шмат савецкіх салдат.

Фінам дапамагалі зброяй Англія, Францыя, Швецыя і іншыя краіны. У Фінляндыю прыбылі больш за 11 тысяч замежных добраахвотнікаў. Лондан і Парыж увогуле прынялі рашэнне пачаць вайну з СССР. У Скандынавіі планавалі высадзіць англа-французскі экспедыцыйны корпус. Авіяцыя саюзнікаў павінна была нанесці авіяўдары па нафтавых промыслах СССР на Каўказе. З Сірыі войскі саюзнікаў планавалі весці наступленне на Баку.

Пасля прарыву савецкімі войскамі ў пачатку сакавіка 1940 года «Лініі Манергейма» і захопу 12 сакавіка Выбарга, у той жа дзень у Маскве быў падпісаны мірны дагавор. СССР набыў патрэбныя яму землі, адсунуў граніцу на поўнач ад Ленінграда, атрымаў у арэнду востраў Ханка з правам стварэння на ім ваенна-марской базы.

За напад на Фінляндыю СССР быў выключаны з Лігі Нацый, СССР стаў успрымацца як краіна-агрэсар. Фінляндыя адышла ад палітыкі нейтралітэту і стала саюзнікам Германіі.

СССР страціў больш за 131 тысячу чалавек супраць амаль 23 тысяч фінаў,  406 самалётаў (супраць 62 фінскіх), 653 танка (50 – фіны).

А. Твардоўскі называў кампанію як “незнаменитая война”.

За ўдзел у вайне 20 беларусам і ўраджэнцам Беларусі было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза, у тым ліку В. Кучараваму з Чэрыкава,  І. Саламонікаву з в. Трыбухі (Калінавая) Магілёўскага,  А. Целешаву з в. Калясянка Чавускага раёна. 

1943 год. Паводле аператыўнай зводкі Саўінфармбюро

Паміж рэкамі Сож і Днепр, на паўночны захад ад Гомеля, войскі Чырвонай Арміі занялі некалькі населеных пунктаў, сярод якіх Рэут, Доркі, Розаў, Ныркі, Міхалёўка, Талы. Паміж рэкамі Днепр і Бярэзіна, на поўдзень ад Жлобіна, занята некалькі населеных пунктаў.

У раёне ніжняй плыні ракі Прыпяць войскі занялі населеныя пункты Замосце, Лозкі, Крышычы, Юрэвічы, Града, Гута, Заракітнае, Кнуроўка.

1952 год. Заснаваны Дзяржаўны акадэмічны хор Беларусі імя Цітовіча. 

Створаны на аснове невялікага песеннага хору ў в. Вялікае Падлессе Брэсцкай вобласці пад кіраўніцтвам натхняльніка калектыву Генадзя Цітовіча, фалькларыста, этнографа, народнага артыста СССР.

У 1955 газета «Праўда» пісала: «…Колькі народнай мудрасці ўкладзена ў выкананне простых, даступных песень беларускага народа!… Здаецца, спяваюць дзяўчаты дзесьці ў полі, ярка ўяўляеш сабе квітнеючую Беларусь, прыгажосць яе прыроды, духоўнае багацце яе народа…»

За поспехі ў галіне харавога мастацтва, прасоўванне беларускай нацыянальнай культуры, высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства калектыву прысвоена званне «акадэмічны» (1983), імя Г. Цітовіча (1987), статус «Нацыянальны» (2002), “дзяржаўная установа культуры” (2004).

archives.gov.by

1954 год. Амерыканка Эн Элізабэт Ходжэс была параненая аскепкам метэарыта паблізу амерыканскага горада Сулакога. 

Першы задакументаваны выпадак ранення чалавека пазаземным аб’ектам. 

Метэарыт важыў 3,86 кг. Фрагмент памерам з грэйпфрут прабіў дах дома, адскочыў рыкашэтам ад корпуса радыёпрыёмніка і ўдарыў Ходжэс, пакуль яна спала на канапе. 34-гадовая жанчына атрымала моцныя ўдары рукі і сцягна. 

Ваенныя спачатку канфіскавалі метэарыт, потым вярнулі. Эн Ходжэс ахвяравала яго ў Музей натуральнай гісторыі Алабамскага ўніверсітэта.

На наступны дзень пасля падзення метэарыта, фермер Джуліус К. Мак-Кіні, які жыў непадалёк, знайшоў другі фрагмент метэарыта вагой 1,68 кг. Ён прадаў камень у Смітсанаўскі інстытут і набыў невялікую ферму і стары аўтамабіль.

tunnel.ru

1993 год. Урочышчу Курапаты нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці 1-ай катэгорыі як «Месца знішчэння ахвяр палітычных рэпрэсій 1930-1940-х гадоў. 

У Курапатах на тэрыторыі 30 га выяўлены 510 пахаванняў памерамі 2х3, 3х3, 4х4, 6х8 м і большыя, чалавечыя рэшткі, асабістыя рэчы, гільзы і кулі ад рэвальвера «Наган», пісталета «ТТ» – штатнай зброі супрацоўнікаў НКУС, пісталетаў «Браўнінг» і «Вальтэр», якімі ўзнагароджваўся кіруючы склад НКУС. 

Першае следства па факту масавых расстрэлаў скончылася ў лістападзе 1988 года і вызначыла колькасць забітых у не менш за 30 тысяч.

Курапаты наведвалі Прэзідэнты ЗША Біл Клінтан, Польшчы Лех Валенса, намеснік дзяржаўнага сакратара ЗША па палітычных пытаннях Дэвід Хэйл.

Курапаты – месца святкавання Дзядоў.

У канцы 2008 года прадстаўнікі грамадскасці накіравалі ў Адміністрацыю прэзідэнта і Савет Міністраў Беларусі ліст з прапановай унесці ўрочышча Курапаты ў Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА, але Міністэрства культуры адмовіла.

У 2008 годзе на МКАД быў усталяваны прыдарожны ўказальнік: «Месца гібелі ахвяр палітычных рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты 1930-1940 гадоў».

У 1990 годзе кампазітар Кім Цесакоў стварыў сімфонію № 4 «Курапаты»

30 ліпеня 2004 года Мінскі гарвыканкам перайменаваў вуліцу Бэзавую (Цна) у Курапацкую, але менш чым праз год гэта рашэнне было адменена.

1978 года. Заснаваны Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Шклярава. 

Пачаў сваю працу 1 лістапада 1987 года.  

У 2005 годзе музею перададзены будынак – дом купца Грошыкава (1897). 

Аснову экспазіцыі склала асабістая калекцыя Ф. Шклярава, які стаў першым дырэктарам музея. У музеі больш за 11 000 адзінак захоўвання на экспазіцыйнай плошчы ў 380 м², на 3-х паверхах асноўнага будынка.

У музеі прадстаўлены экспазіцыі “Падарожжа па гісторыі Веткі”, “Кузня”, “Майстэрня золатакавалёў”, “Народнае ткацтва”, “Чайная”, “Іканапіс” (працы майстроў Веткаўскай і Бабіцкай іканапісных школ), экспазіцыі пра мясцовыя мастацкія рамёствы і промыслы XVII- пачатку XX стагоддзяў, “Кніжная культура Веткі” (старадрукі XVI — пачатку XIX стст., П. Мсціслаўца, І. Фёдарава, В. Гарабурды і інш., манускрыпты XVI — пачатку XX стст., пеўчыя «крукавыя» рукапісы і інш.), карта «Шлях кніг на Ветку».

У Гомелі працуе філіял музея.

mogilev.media