Па Індэксе чалавечага развіцця Беларусь 60-я, ваюючая Украіна – 77-я

Паводле апублікаванага рэйтынгу індэксу чалавечага развіцця (ІЧР) на 2023 год, Беларусь заняла 60 радок. Гэта рэзкае падзенне: у 2014, 2021 гадах была 53-й, у 2020 – 50-й са 191 краіны. 

Развіццё чалавека ў самым агульным разуменні – гэта здольнасць чалавека, па-першае, доўга жыць, па-другое, далучацца да культурных здабыткаў чалавецтва, па-трэцяе, набываць неабходныя сродкі для выжывання.

Для параўнання: Эстонія – 31, Польшча – 34, Літва – 36, Латвія – 39, Расія – 51, Казахстан – 56, Україна – 77 (у 2010 годзе- 69, у 2020 – 74), Малдова – 81, Арменія – 85.

Індэкс чалавечага развіцця  разлічваецца  для супастаўлення краін па сацыяльна-эканамічным развіцці. 

Аб’яднаны Індэкс для кожнай краіны разлічваецца па наступных паказчыках: сярэдняя працягласць жыцця людзей (ацэньвае даўгалецце), сярэдняя колькасць гадоў, выдаткаваных на навучанне (характарыстыкі пісьменнасці насельніцтва). Сярэдні даход на душу насельніцтва па парытэце пакупніцкай здольнасці (адлюстроўвае ўзровень матэрыяльнага забеспячэння людзей).

Топ-10 краін з самым высокім індэксам чалавечага развіцця:

  1. Швейцарыя — 0,962
  2. Нарвегія — 0,961
  3. Ісландыя — 0,959
  4. Ганконг (Кітай) — 0,952
  5. Аўстралія — 0,951
  6. Данія — 0,948
  7. Швецыя — 0,947
  8. Ірландыя — 0,945
  9. Германія — 0,942
  10. Нідэрланды — 0,941

ІЧР большасці развітых краін складае 0,8 і вышэй. У гэтых краінах стабільныя ўрады, шырока распаўсюджаная даступная адукацыя і медыцынскае абслугоўванне, высокая чаканая працягласць і якасць жыцця, а таксама растучая магутная эканоміка.

«Нізкі ўзровень чалавечага развіцця» – узровень ніжэй за 0,55. У такіх краінах грамадства сутыкаецца з нестабільнымі ўрадамі, шырока распаўсюджанай галечай, адсутнасцю доступу да медыцынскага абслугоўвання і дрэннай адукацыяй. Акрамя таго, у гэтых краінах нізкі даход і нізкая чаканая працягласць жыцця ў спалучэнні з высокім узроўнем нараджальнасці.

Топ-10 краін з самым нізкім індэксам чалавечага развіцця:

  1. Паўднёвы Судан — 0,385
  2. Чад — 0,394
  3. Нігер — 0,400
  4. Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка — 0,404
  5. Бурундзі — 0,426
  6. Малі — 0,428
  7. Мазамбік — 0,446
  8. Буркіна-Фасо — 0,449
  9. Емен — 0,455
  10. Гвінея — 0,465.

Фота з адкрытых крыніц, мае ілюстрацыйны характар.

Украіна перадала Расіі беларускага наёмніка падчас абмену палоннымі

Афіцыйным Кіевам падчас абмену ваеннапалоннымі 7 сакавіка Расіі быў перадзены беларускі найміт, якога асудзілі за ўдзел у расійскай агрэсіі супраць Украіны – перадае news.pn.

Грамадзянін Беларусі Максім Зязюльчык (на фота) патрапіў у спіс 90 расійскіх вайскоўцаў, якія былі абменены на 130 украінскіх вайскоўцаў на мяжы Украіны з Белгарадскай вобласцю. 

18 студзеня ў Кіеве Зязюльчык быў прыгавораны судом да 10 гадоў пазбаўлення волі за ўдзел у якасці найміта ў баявых дзеяннях супраць Украіны. Пры гэтым суд прыняў рашэнне аб вызваленні беларуса ад адбывання пакарання ва Украіне.

Максім Зязюльчык асабіста падпісаў заяву, у якой пагадзіўся на перадачу Расіі ў абмен на палоннага вайскоўца, грамадзяніна Украіны.

Прыватная ваенная кампанія “Вагнер” прызнана транснацыянальнай злачыннай арганізацыяй

Злучаныя Штаты Амерыкі прызналі ПВК “Вагнер” злачыннай арганізацыяй і прынялі санкцыі супраць звязаных з ёй кампаній за дзеянні вагнераўцаў у Лівіі, Сірыі, Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы, Малі, а цяпер і Ўкраіне. 

BBC паведаміла, што Міністэрства фінансаў ЗША афіцыйна абвясціла прыватную расійскую кампанію “Вагнер” на чале з расійскім бізнесмэнам Яўгенам Прыгожыным транснацыянальнай злачыннай арганізацыяй і ўвяло санкцыі супраць шэрагу кампаній і асоб, звязаных з ёй. У санкцыйным спісе шэсць асобаў і 12 кампаній. 

У прэс-рэлізе міністэрства гаворыцца, што ПВК “Вагнер” на сталай аснове займаецца злачыннай дзейнасцю – “уключаючы масавыя расстрэлы, згвалтаванні, выкраданне і фізічны гвалт у Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы і Малі”.

Прадстаўнік Савета нацыянальнай бяспекі ў Белым доме Джон Кірбі заявіў што, “[ПВК “Вагнер”] здзяйсняе жорсткія злачынствы і парушае правы чалавека ва Украіне і іншых рэгіёнах. Мы нястомна будзем працаваць над ідэнтыфікацыяй, уздзеяннем і пераследам тых, хто дапамагае “Вагнер”.

Новы статус ПВК “Вагнер” дазволіць ураду ЗША прымяніць больш шырокія санкцыі супраць груп, якая ваююць ва Украіне, а таксама ў Сірыі, Лівіі і Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы.

Стварэнне прыватных ваенных кампаній для ўдзелу ва ўзброеных канфліктах не прадугледжана расійскім заканадаўствам. Так, артыкул 208 Крымінальнага кодэкса Расійскай Федэрацыі “Арганізацыя незаконнага ўзброенага фарміравання альбо ўдзелу ў ім прадугледжвае 10 – 20 гадоў пазбаўлення волі за стварэнне ўзброенага фарміравання, якое не прадугледжана федэральным законам”.

Нягледзячы на адсутнасць заканадаўчай базы, у цяперашні час толькі ва Ўкраіне ваююць каля 50 тысяч наймітаў Вагнера, з якіх каля 80% байцоў узяты з турмаў. Крымінальная па складзе кампанія цяпер афіцыйна прызнана крымінальнай і злачыннай. 

Фота з адкрытых крыніц. 

Украіна – дзяржава году, дзякуючы ўнікальным якасцям украінцаў

Украінцы паказалі, што хлусню можна выкрыць, а тэрору можна супрацьстаяць – The Economist.

У 2022 годзе толькі Украіна можа быць Дзяржавай свету – лічыць аўтарытэтная ў свеце рэдакцыя часопіса The Economist. За гераізм і супраціўленне агрэсару, часопіс прызнаў Украіну краінай года. Рэдакцыя назвала свой выбар відавочным і патлумачыла яго чатырма ключавымі якасцямі, якія праявілі ўкраінцы ў самы складаны перыяд сваёй найноўшай гісторыі.

Каманда выдання, якая штогод выбірае краіну, якая дасягнула найбольшага поспеху за 12 месяцаў, адзначае: упершыню за час існавання намінацыі выбар у 2022 годзе быў відавочным для ўсіх. Хаця звычайна  краіну года вельмі цяжка выбраць. Але ў гэтым годзе ўпершыню выбар быў безальтэрнатыўным. Гэта можа быць толькі Украіна – гаворыцца ў паведамленні.

Нягледзячы на ​​гора, боль, пакуты і выпрабаванні, якія выпалі на долю Украіны, упэўнены ў The  Economist, украінцы паказалі свае выключныя чалавечыя якасці. Асабліва рэдакцыя вылучыла чатыры ключавыя рысы ўкраінцаў.

Гераізм.

“Калі пачалося ўварванне, большасць людзей думалі, што Украіна будзе разгромлена значна большым суседам. Многія б зразумелі, калі б абаронцы Украіны ўцяклі. Пуцін відавочна чакаў, што ўкраінская армія здасца: яго войскі прыбылі ў поўным абмундзіраванні, гатовыя да параду перамогі, але практычна без ежы» – адзначаецца ў рэдакцыі.

Аднак украінцы здзівілі свет і абверглі прагнозы шматлікіх аналітыкаў і экспертаў. Прэзідэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, адхіляючы прапановы Захаду вывезці яго з Кіева, нібыта адрэзаў, што яму патрэбныя «боепрыпасы, а не транспарт». Украінцы пачалі бойку, прадэманстравалі характар і бітва за бітвай перамагалі рускіх.

Вынаходлівасць.

Другой якасцю, якую адзначыла каманда выдавецтва, стала вынаходлівасць украінцаў. 

«Яны заўважылі слабыя месцы сваіх ворагаў, падарвалі свае запасы паліва і боепрыпасаў і хутка навучыліся карыстацца новай заходняй зброяй. Яны дэлегавалі прыняцце рашэнняў палявым афіцэрам, робячы свае падраздзяленні больш спрытнымі і адаптыўнымі, чым старанныя, іерархічныя рускія. Спрытна выкарыстоўвалі дапамогу сяброўскіх спецслужбаў, асабліва амерыканскіх, у той час як іх ворагі ваявалі ўсляпую і часам здавалі свае пазіцыі…» – канстатуе выданне.

Стойкасць і трываласць.

Жорсткая вайна Расіі супраць Украіны «высветліла» трэцюю ўнікальную якасць украінскага народа: стойкасць.

«Украінцы таксама праявілі стойкасць. Калі дома няма вады ў кране, яны растапляюць снег. Калі няма электрычнасці, яны знаходзяць цяпло і святло ў кавярнях з дызельнымі генератарамі або спяць у офісах, дзе працуюць… Жахі, якія працягвае чыніць ім Пуцін, падобна, не паўплывалі на іх баявы дух» – адзначае выданне.

Чалавечнасць.

Нягледзячы на ​​жудасныя масавыя злачынствы расійскіх войскаў ва Украіне, тысячы забітых вайскоўцаў і мірных жыхароў, соцень дзяцей, чые жыцці забраў вораг, украінцы змаглі захаваць чалавечнасць і адданасць дэмакратычным каштоўнасцям, міжнародным канвенцыям і правам чалавека.

«За рэдкімі выключэннямі, яны не адказвалі ваеннымі злачынствамі на ваенныя злачынствы. Расійскія войскі рэгулярна бамбілі мірных жыхароў, катавалі палонных і рабавалі вёскі. Наадварот, расійскія ваеннапалонныя здзіўлены тым, як добра з імі абыходзяцца. Шмат у чым гэта таму, што Ўкраіна – гэта не нацысцкая дзяржава, як заяўляе Пуцін, а дэмакратыя, у якой важна жыццё чалавека, у яе ёсць свае недахопы, у першую чаргу карупцыя, але яе ўрад і народ адпрэчвалі пуцінізм яшчэ да вайны, а цяпер яшчэ мацней адмаўляюцца ад яго ” – падкрэсліваецца ў The Economist.

Уплыў на ўвесь свет.

На думку рэдакцыі, тое, што зрабілі і працягваюць рабіць украінцы, мае вялікі ўплыў на ўвесь свет.

Да ўсяго, выданне прызнае, што Украіна і ўкраінскі народ змагаюцца з агрэсарам не толькі за сябе. Сваёй мужнасцю і нязломнасцю, сваім гераізмам і самаахвярнасцю яны абараняюць не толькі Украіну, але і суседнія краіны, якія ў выпадку падзення Украіны стануць наступнымі ахвярамі апошняй «імперыі» – Расійскай Федэрацыі. 

“Многія тыраны распаўсюджваюць вялікую хлусню, каб апраўдаць свае злачынствы і навязаць сваю волю з дапамогай тэрору. Украінцы паказалі, што хлусню можна выкрыць а тэрору можна супрацьстаяць. Іх барацьба далёкая ад завяршэння. Але іх прыклад у 2022 годзе быў беспрэцэдэнтным” – заключыў рэдакцыйны артыкул The Economist.

Ілюстрацыю да гэтага артыкула стварыў украінскі ілюстратар Сяргей Майдукоў.

Зяленскі наведаў Бахмут – самую гарачую кропку на фронце

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пабяваў на перадавой і ўручыў узнагароды і падарункі байцам Узброеных сілаў Украіны – перадае выданне “Суспільне новини”.

Напярэдадні ў вячэрнім звароце Зяленскі заявіў, што Бахмут застаецца самай гарачай кропкай на ўсёй лініі фронту.

«Больш за 1300 кіламетраў актыўных баявых дзеянняў. З траўня акупанты спрабуюць зламаць наш Бахмут, але час ідзе, і Бахмут ломіць не толькі расейскую армію, але і расейскіх наймітаў, якія прыйшлі на змену страчаным арміям акупантаў» — сказаў ён у звароце.

– Бахмут — адзін з важных гарадоў Данецкай вобласці. Узяўшы Бахмут, можна закрыць этап захопу Саледара. – сказаў у інтэрвію «Суспільнаму» камандуючы войскамі, якія абараняюць Бахмут, палкоўнік Арцём Ілюхін – Адпаведна, некалькі артэрый забеспячэння ўкраінскіх падраздзяленняў будуць перакрытыя. Шэраг вышынь будзе пад кантролем расійскіх войскаў, якія могуць быць выкарыстаныя для працягу наступальных дзеянняў.

Урад спадзяецца, што замест арыштаваных Украінай беларускіх вагонаў у Магілёве зробяць новыя

Праблемы з наяўнасцю ў Беларускай чыгункі мінералавозаў прызнаў віцэ-прэм’ер Анатоль Сівак. Ён кажа, што рухомы састаў застаўся ва Украіне, таму неабходна абзавесціся новым.

Арыштаваныя ўкраінскімі ўладамі вагоны для перавозкі беларускіх калійных угнаенняў збіраецца замяніць тымі, што вырабіць Магілёўскі вагонабудаўнічы завод.

minsknews.by

Паводле Сівака, развязаннем пытання займаецца магілёўскае прадпрыемства ў межах кантракту, заключанага з «Белкаліем».

Урадовец таксама прызнае, што санкцыі стварылі пэўныя змяненні ў геаграфіі паставак. Ён, аднак, спадзяецца, што «для таго і бізнес, каб гэтыя змяненні вырашаць з карысцю ў свой бок», піша партал “Минск-новости”.

Сівак кажа: цяпер працуюць пагадненні, падпісаныя з Расіяй аб выкарыстанні партовай інфраструктуры, каб да перавозак падключаліся іншыя віды транспарту.

Паводле віцэ-прэмʼера, працэс знаходзіцца ў дынаміцы. У гэтым задзейнічаны беларускія транспартнікі і іхныя калегі з Расіі, сусветныя кампаніі, «таму будзе толькі рост перавозак», – абнадзейвае ён.

Настаўніцу гісторыі з Бабруйску звольнілі за салідарнасць з Украінай

З Ларысай Секержыцкай адміністрацыя школы не падоўжыла кантракт пасля таго, як настаўніцу асудзілі за жоўта-блакітную стужку ў прычосцы. У ёй міліцыя і суд угледзелі прыкметы «правядзення несанкцыянаванага масавага мерапрыемства». 

Секержыцкую затрымалі на працоўным месцы, а міліцыю выклікала ў школу яе адміністрацыя.

У сакавіку Ларысу Секержыцкую за салідарнасць з Украінай аштрафавалі на 70 базавых велічыняў (2240 рублёў). Бабруйскі суд прызнаў настаўніцу сярэдняй школы № 27 вінаватай у парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства. 

Паводле судовага вердыкту яна арганізавала пікетаванне для «прыцягнення ўвагі грамадзян шляхам публічнага дэманстравання стужачак сіняга і жоўтага колераў, якія сімвалізуюць нацыянальны сцяг Украіны».

Напярэдадні навучальнага году з педагогам, які мае 17-гадовы працоўны стаж, не працягнулі кантракту, бо яна мае адміністрацыйнае спагнанне.

«Увесну казалі, што працягваюць кантракт, бо па закону, калі ёсць дзеці да пяці год, нельга пазбаўляць магчымасці ўтрымліваць сям’ю. Але ў другой палове лета, я так разумею, пачалі дзейнічаць законы іншыя. Вынік – я шукаю працу», напісала Ларыса Секержыцкая ў Фэйсбуку.

Яна адзначае, што мае спецыялізацыю: гісторыя Беларусі, сусветная гісторыя і грамадазнаўства.

«Заняткі магу праводзіць онлайн на беларускай і рускай мовах, дапамагу падцягнуць веды, больш грунтоўна падрыхтавацца да экзамену, ЦТ. Буду ўдзячна за рэпост. Веру ў моц пяці поціскаў рукі. Пішыце ў прыват, калі ёсць прапановы» – адзначыла Секержыцкая са спадзевам, што ёсць ахвотныя скарыстацца з яе настаўніцкага досведу.

На Ларысу Секержыцкую за стужку ў прычосцы паскардзілася яе каляжанка. Настаўніца матэматыкі і кіраўніца вайскова-патрыятычнай класы Наталля Сіманенка разам з настаўніцай гісторыі Святланай Хутаранскай сталі патрабаваць, каб яна зняла стужкі. Секержыцкая адмаўлялася тое рабіць. Адміністрацыя навучальнай установы выклікала міліцыю і настаўніцу забралі ў аддзел, дзе склалі пратакол адміністрацыйнага правапарушэння.

фота: facebook.com

Вайна ва Ўкраіне. Расія атакавала Харкаў, шмат загінулых і параненых (абноўлена)

У выніку абстрэлаў Харкава вечарам 17 жніўня і раніцай 18 жніўня ў больніцы гораду шпіталізавана 25 дарослых, з іх адзін у рэанімацыі. Загінула больш за 10 чалавек. Пад вечар колькасць забітых павялічалася да 17, а параненых да 42.

Паводле Абласной ваеннай адміністрацыі, піша выданне «Об’ектив», у больніцах знаходзяцца 4 дзіцяці: дзяўчынка 13 гадоў і хлопчык 12 гадоў, траўмаваныя ў выніку абстрэлу ў Слабадскім раёне Харкава (хлопчык – у цяжкім стане); дзяўчынка 12 гадоў, траўмаваная ў Салтаўскім раёне; яшчэ 1 дзяўчынка 12 гадоў, што пацярпела ў Краснаградзе.

Цягам дня ратавальнікі разбіралі зруйнаваныя дамы. У завалах адшукалі целы яшчэ 7 загінулых. Такім чынам, колькасць загінулых павялічыся да 17 чалавек. Сярод іх хлопчык 2009 года нараджэння. Параненых стала 42 чалавекі.

17 жніўня познім вечарам расійская крылатая ракета «Калібр» пацэліла ў інтэрнат, дзе пражывалі людзі з парушэннямі слыху. Загінулі 7 і атрымалі раненні 20 чалавек.

У інтэрнаце жыло больш за 30 чалавек, у тым ліку пенсіянеры і дзеці. У некалькіх пад’ездах мелі пакоі людзі з парушэннямі слыху.

На досвітку абстрэл Харкава працягнуўся. У выніку загінула яшчэ 3 чалавекі і 15 аказаліся параненымі.

Паводле старшыні Харкаўскай абласной ваеннай адміністрацыі Алега Сінягубава, расіяне сталі страляць па абласному цэнтру блізу 4 гадзінаў раніцы. Ракеты цэлілі ў адно з камунальных прадпрыемстваў, але трапілі ў жылы дом. 

«Загінулі 3 чалавекі, атрымалі раненні блізу 15. Там даволі значныя разбурэнні, і цяпер на месцы працуюць падраздзяленні ратавальнікаў, экстранай медычнай дапамогі, і мы прагназуем па гэтым абʼекце павелічэнне колькасці ахвяр» – каментуе сітуацыю Алег Сінягубаў, якога цытуе https://www.unian.net/ інфармацыйнае агенцтва «УНІАН».

Ён кажа, што два ракетныя ўдары зазнала культурная інфраструктура Харкава. Паводле папярэдніх звестак, ахвяр там няма.

Сінягубаў адзначае, што за апошнія содні зафіксавана каля 8 ракетных пускаў па Харкаве і вобласці.

Паводле яго ў райцэнтры Краснаград у выніку абстрэлу загінула сямʼя, у тым ліку 12-гадовае дзіця.

Расія прызнала абстрэл Харкаўскай вобласці. Заяўляецца, што «высокадакладнай зброяй наземнага базавання знішчаны пункт часовай дыслакацыі замежных наймітаў у Харкаве. Знішчана больш за 90 баевікоў».

Фота з рэсурсу: objectiv.tv

Украіна стала кандыдатам на ўступленне ў Еўрасаюз

Еўрапейскі савет прадставіў Украіне статус кандыдата на членства ў Еўрапейскім Саюзе. 

Статус кандыдата атрымала і Малдова.

Пра тое ўвечары 23 чэрвеня паведаміў прэзідэнт Еўрасаюзу Шарль Мішель у сваім канале ў Twitter.

Палітык павіншаваў прэзідэнта Украіны Уладзімера Зяленскага і прэзідэнта Малдовы Майю Сандру, перадала інфармацыйнае агенцтва «УНІАН».

28 лютага, пасля поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну Расіі, Уладзімер Зяленскі падпісаў заява на ўступленне краіны ў Еўрасаюз.

Такі ж статус імкнуліся атрымаць Малдова і Грузія.

У чэрвені прэзідэнт Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляйен рэкамендавала Еўрасавету прадставіць Украіне статус кандыдата.

23 чэрвеня Еўрапарлямент ухваліў рэзалюцыю аб наданні ўкраінскай дзяржаве і Малдове статусу кандыдатаў на ўступленне ў Еўрасаюз. Рашэнне названае гістарычным.

фота: unian.net

 

На мяжы з Украінай сканцэнтравана восем батальённых тактычных груп беларускага войска. Заяўляецца, што групоўка мае функцыі стрымлівання

Колькасць вайскоўцаў там можа сягаць 6,5 тысяч.

Член Савету Рэспублікі, палкоўнік у адстаўцы Ігар Гедыч у інтэрв’ю тэлеканалу СТВ заявіў, што тамтэйшая вайсковая групоўка выконвае абарончыя функцыі і сабраная там на загад Лукашэнкі для ўзмацнення паўднёвага напрамку.

«Мы ведаем, што, па-мойму восем батальёнаў тактычных груп знаходзяцца на паўднёвых рубяжах беларускі. Яны там выконваюць функцыю стрымлівання, зразумела», – удакладняе ён.

Батальённая тактычная група ствараецца на аснове батальёна, зʼяўляецца часовым фармаваннем пад пэўную баявую задачу. Мотастралковы або танкавы батальён узмацняецца зенітна-ракетнымі, інжынернымі, артылерыйскімі і любымі іншымі спецыялізаванымі падраздзяленнямі неабходных для выканання задачы. Яе колькасць складае 600-800 чалавек. Такім чынам, восем БТГ – гэта 4800-6400 вайскоўцаў.

Выданне нагадвае: 21 чэрвеня, спікер Міністэрства абароны Украіны Аляксандр Матузянік заяўляў, што на мяжы з Украінай у Брэсцкай і Гомельскай абласцях засяроджана да сямі батальёнаў, што складае каля 3,5-4 тысяч салдат. Такую ж ацэнку ў Мінабароны Украіны давалі і 15 чэрвеня.

фота: pravda.com